IFMC і Віцебск: два дзесяцігоддзі разам

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Напрыканцы 2007 года ў 20-ы раз прайшоў Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, прафесійны ўзровень якога прызнаны спецыялістамі многіх краін свету. Сваёй галоўнай мэтай гэты праект лічыць выяўленне і развіццё творчага патэнцыялу Беларусі ў галіне сучаснага танца і пластыкі, магчымасць асэнсаваць сябе ў шырокай прасторы сучаснага мастацтва. Удзел у IFMC-2007 прынялі майстры з Кітая, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі, Эстоніі.

 /i/content/pi/mast/7/167/IFMC1.jpg
 "Фабрыка і дзяўчынка", "ТАД" (Гродно).
Фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску споўнілася роўна 20 год. У 1987-м у самім паветры адчуваўся подых змен у грамадстве і ў мастацтве. Памятаю, той год у Віцебску стаўся асаблівым. Вясной узнікла творчае аб’яднанне мастакоў «Квадрат», якое адным з першых у горадзе пачало адраджаць сувязь са знакамітым культурным мінулым. У той жа самы час выявілася і цікавасць да найбольш актуальнага сучаснага мастацтва. На гэтай хвалі ўзнікла і жаданне спасцігнуць новыя накірункі танца, у тым ліку -- і самыя дзёрзкія. Агляд новай пластычнай маладзёжнай культуры пачаўся з падачы надзвычай крэатыўнага чалавека -- рэжысёра Марыны Раманоўскай. У буклеце, падрыхтаваным да 20-га юбілейнага фестывалю, сказана: «На тое ён і Віцебск, каб межы любога культурнага праекта ў ім рабіліся супрэматычнымі -- зменлівымі, рухомымі, жывымі». Вядома, у навуковым сэнсе такое сцвярджэнне досыць спрэчнае, бо, скажам, да брэйк-данса супрэматызм дачынення не мае. А вось да сутыкнення энергій -- сапраўды, можа і дапасавацца. Больш за тое, крэатыўнасць УНОВІСа, магчыма, да сённяшняга часу ўздзейнічае на выбуховы тэмперамент горада. І тое, што пры шматлікіх і шматгранных зменах, якія зведалі соцыум, мастацтва і карціна свету, ён,
IFMC, застаецца жывой, вельмі дынамічнай сістэмай, таксама з’яўляецца доказам крэатыўнай энергіі горада.
Напрыканцы 80-х М.Раманоўская распачала праект, які з цягам часу меў розныя назвы
 /i/content/pi/mast/7/167/IFMC2.jpg

 "Шчаўкунок" П.Чайкоўскага. Нацыянальны
тэатр балета.

(скажам, фестываль брэйк-данса «Белы сабака»), каб у рэшце рэшт перарасці ў
IFMC.
Пра сучасны танец напісана шмат. Галоўнае ў ім тое, што радыкальна адрознівае яго ад класічнага мастацтва: дысгармонія, дыспрапорцыя, асіметрыя, што акурат адпавядае і спрыяе выяўленню ўсіх супярэчлівасцей чалавека і ягонай складанай падсвядомасці. За савецкім часам нас вучылі, і мы верылі, што нашы веды і памкненні здольныя адкрыць тайны свету і яго прыгажосць, што творчая энергія мастака спасцігае не толькі каталептычнасць саміх асноў быцця і ягоную абсурднасць. Сёння, на жаль, глядач імкнецца забыцца на гэта, паглыбляючыся ў камерцыйна-масавую культуру, штодня перамолваючы дробязі вячэрніх серыялаў ці «высокія» жарсці «Ледавіковага перыяду».
Што ж, зразумела... Надзвычай чароўны спектакль знакамітай Т.Баганавай «Кляновы сад» (фестываль 99-га года) -- выразны, створаны гармоніяй чорнага і вохрыстага колераў, з карункамі крон дрэў і жорсткімі лініямі рухаў танцоўшчыкаў, які праз вонкавую прыгажосць нёс дысгармонію духу чалавека, -- і сёння трывожыць маю памяць чымсьці жудасным. Гэтак жа, як і А.Пяпяляеў з яго «Кінетычным тэатрам» (спектаклі «Спіс ілюзій», «З чацвярга на пятніцу», «Што такое марская капуста?»), які спалучаў харэаграфію і драматычны тэатр. Ці С.Смірноў з харэаграфічнай кампаніяй «Эксцэнтрык-балет» з Екацярынбурга (спектакль «Анучны кут» сінтэзаваў вонкавую ўражальнасць з гранічнай геаметрычнасцю харэаграфічнага малюнка). Гэта ўсё -- спектаклі наскрозь экзістэнцыяльныя. Харэограф Я.Панфілаў акцэнтаваў увагу на іншым і, далёкі ад працэсаў выяўлення дысгармоніі і хаосу, быў даволі традыцыйным і метафарычным. Памяць пра яго шануюць і зберагаюць на фестывалі ў Віцебску. Для тэатра «Балет Яўгенія Панфілава» Віцебск таксама з’яўляецца дарагім, і калектыў штогод вяртаецца сюды.
 /i/content/pi/mast/7/167/IFMC3.jpg
 "Горад крокаў". Тэатр "Балет Яўгенія Панфілава" (Перм).
Як хутка змяняецца мастацкая форма, як хутка, на жаль, знікае тое, што сёння лічыцца адкрыццём, якое кароткае жыццё ў мастацтве… За свае дваццаць гадоў
IFMC перабраў шмат накірункаў і канцэпцый і сам зрабіўся летапісам пошукаў у мастацтве. Па яго праграмках можна сёння ўзнаўляць творчую біяграфію мадэрн-харэографаў.
У рамках IFMC існуе і нацыянальны конкурс беларускай сучаснай харэаграфіі, і гэта стымулюе мастацкія пошукі Д.Юрчанка, А.Махавай, Д.Куракулава, Л.Сімаковіч, С.Гуткоўскай, В.Лабоўкінай, І.Стамінскай, А.Цебянькова... Летась, з-за юбілею, нацыянальны конкурс не ладзіўся: быў праведзены «Вечар беларускай сучаснай харэаграфіі», які сабраў усе знаёмыя віцебскаму гледачу, адзначаныя шматлікімі прызамі нумары. І ўсе яны зноў былі прыхільна ўспрыняты залай. Асабліва апладзіравала яна мініяцюрам Д.Куракулава -- заўзятым, дынамічным, прасякнутым гумарам, каляровым, блізкім да вячэрняга шоу і вельмі бадзёрым. Папулярнасцю карыстаўся і калектыў «D.O.Z.S.K.I».
Вечар прэм’ер падарыў новую сустрэчу з даўнімі сябрамі фестывалю. «Vytis Jankauskas dance company» з Вільні прывёз сур’ёзную, складаную кампазіцыю «Пасланне», дзе целы танцоўшчыкаў былі падобныя на іерогліфы, а сам танец з’яўляўся цэласным тэкстам. Тэхнічна дасканалы, твор не меў ніводнага скачка, гэта былі толькі рухі, арабескі і пружыністыя звівы. Больш за тое, у спектаклі значную ролю адыгрывала святло -- на мяжы залатога і блакітнага. Здавалася, рухі выканаўцаў нібы ўзнікалі і знікалі ў вадзе, якая стрымлівала дынаміку, хавала ў сабе чалавечыя жарсці, ператварала любы рух у рапід. Час ад часу целы танцоўшчыкаў зліваліся ў адно, нагадваючы андрагіна -- істоту, якая яднае мужчынскі пачатак з жаночым.
Харэаграфічны нумар «Фігляр» А.Колбіна ў пастаноўцы Я.Панфілава парадаваў зноў, хоць і быў, здавалася б, знаёмым да самай маленькай дэталі. М.Агрызкаў са сваёй «Школай сучаснага танца» прапанаваў кампазіцыю па матывах работ 1990-х гадоў, са спевамі: адна дзяўчынка пачынае, іншыя падхопліваюць... Сінхроннасць, мудрагелістасць, карагоднасць -- усё было ў гэтай групе, дзе адлюстроўвалася рэтраспектыва пластычнага пошуку. Пастаноўшчык выявіў усе характары і даў іх у лінейнай паслядоўнасці разгортвання па лініі рампы. Уражвала скаардынаванасць складаных індывідуальных рухаў. Вытанчаны малюнак танца нагадваў роспісы антычных амфар. А магчыма, у нашым уяўленні ўзнікалі маленькія жвавыя русалкі?..«Балет Яўгенія Панфілава» цяпер супрацоўнічае з харэографам С.Смірновым, вынік чаго -- кампазіцыя «Горад крокаў» -- быў паказаны ў Віцебску. Імкненне да сюжэтнасці, адчувальная псіхалагічная драма, «чаплініяда», пластылін рухомай масы, абавязковы цэнтральны персанаж, які вылучаны з натоўпу, маргінальнасць чалавека ў свеце, «стоп-кадры» і тэхнічная складанасць выканання -- усе гэтыя рысы смірноўскага творчага почырку спалучыліся з мяккасцю пачуцця і вышынёй духоўных памкненняў панфілаўскага калектыву.
Не менш моцна любяць у Віцебску групу з Таліна «Fine Five». Халаднаватыя, строгія, інтэлектуальна насычаныя, еўрапейскага кшталту кампазіцыі надоўга запаміналіся гледачам. «Падарожнікі», нібы пакінутыя ў насычаным арганным гучаннем сусвеце, -- твор тонкі, з намёкам на даасізм, ягоная мяккасць ліній спалучалася з паглыбленасцю духу. Больш за тое, рух танцоўшчыкаў нагадваў танцы дэрвішаў, якія метафарычна адлюстроўваюць танцы планет і зорак у Галактыцы.
У праграме фестывалю з’явіўся і «Шчаўкунок» -- калядная казка ў пастаноўцы класіка беларускага балета Валянціна Елізар’ева. Гэтым фестываль аддаў даніну павагі і любові слыннаму балетмайстру з нагоды яго 60-годдзя. В.Елізар’еў амаль увесь час існавання IFMC быў старшынёй журы, перажываў разам з аргкамітэтам спады і ўзлёты, сябраваў, спрачаўся, настойваў на асабістай ацэнцы, дапамагаў фестывалю быць.
У межах фестывалю адбылося шмат майстар-класаў, якія ладзілі ўсе пастаноўшчыкі. Майстар-клас правялі таксама крытыкі Віта Мазурайтэ і Ларыса Барыкіна. Мастацтвазнаўца з Вільні распавяла пра стан сучаснай харэаграфіі ў Літве: журналісты і ўдзельнікі даведаліся пра тэатр «Аўра» Б.Лятукайтэ, пра калектыў папулярнага танца А.Холінай, пра эксперыменты Л.Ёткайтэ з яе унікальнай пластыкай і унікальным духоўным зместам. Наша Л.Барыкіна зазначыла, што сучасны танец у Беларусі не займае пакуль такога месца, як на Захадзе, што ў нас гэта -- толькі поле эксперыментаў. Тым самым канстатуючы, што няма сфарміраванага і выхаванага глядацкага асяродка, няма і мастацкага рынку.
Аднак адным мы можам ганарыцца: у Віцебску за дваццаць гадоў не знікла аўра мастацкага авангарда.

Таццяна КАТОВІЧ