З павелічэннем канкурэнцыі з боку іншых медыя спрэчкі, што павінна быць галоўным у кіно, толькі ўзмацніліся. Кіно больш не валодае манаполіяй на «лепш адзін раз убачыць». Але, у адрозненне ад тэлебачання, дае магчымасць адчуць.
Творчы і сямейны дуэт Віктар Аслюк — Вольга Дашук, безумоўна, самы цікавы прыклад у айчынным кінамастацтве з пачатку двухтысячных. Менавіта ён прэзентуе мастацкі кірунак у беларускай кінадакументалістыцы на сур’ёзным міжнародным узроўні. І, хоць здымаюць яны фармальна паасобку, творчы почырк у іх вельмі падобны. У аснове кіно Віктара Аслюка і Вольгі Дашук ляжыць метад назірання. Іх фільмы пазбаўленыя аўтарскай рэфлексіі ў выглядзе закадравага тэксту і такіх эмацыйных «мыліц», як адмысловае музычнае суправаджэнне або сінхронныя інтэрв’ю, якімі часта карыстаюцца іншыя аўтары. Дакументалістыка Віктара Аслюка і Вольгі Дашук — кінематограф у чыстым выглядзе, мастацтва станаў і адчуванняў — гэта значыць, менавіта таго, што не можа перадаць ні тэлежурналістыка, ні востраактуальныя спосабы камунікацыі ў выглядзе сацыяльных сетак і мэсэнджараў.
Дайце ім мужчын
Новы фільм Віктара Аслюка (Вольга Дашук заяўлена ў ім як аўтарка сцэнарыя) нарадзіўся менавіта з інтэрнэт-блога. Спачатку пра «Альманах філолага» (edutopia.by) даведаліся журналісты і зрабілі некалькі рэпартажаў пра яго стваральнікаў — Сяргея Бародзіча і Дзмітрыя Макарчука. Потым гісторыяй пра двух сяброў — маладых спецыялістаў, якія свядома паехалі пасля ўніверсітэта працаваць у правінцыйную школу, зацікавіліся дакументалісты. Праект пра маладых настаўнікаў, што спрабуюць працаваць з дзецьмі па інавацыйнай методыцы, не распаўсюджанай у беларускіх школах, абяцаў быць нешараговым.
Характэрна, што сам Віктар Аслюк скончыў філфак БДУ і, перад тым як прыняць рашэнне стаць рэжысёрам, працаваў менавіта настаўнікам. Магчыма, гэтая акалічнасць натхніла яго на стварэнне «Педагагічнай паэмы». Адзначым, гэты фільм — адзін з двух 52-хвілінных дакументальных кінапраектаў, абраных летась дзяржавай на адпаведным адкрытым рэспубліканскім конкурсе. Ідэя зняць кіно пра педагогаў-наватараў была падтрымана і ў профільным ведамстве — міністэрстве адукацыі.
Дарэчы, сам «Альманах філолага» — чытанне па-свойму цікавае і захапляльнае. І жадаючых даведацца пра гісторыю Сяргея Бародзіча і Дзмітрыя Макарчука падрабязней адсылаем менавіта да яго. Але «Педагагічная паэма» — гэта дакументальнае кіно ў сучасным разуменні, не публіцыстыка і не тое, што разумеюць пад дакументалістыкай на тэлебачанні. Менш за ўсё тут спрацаваў і прапагандысцкі эфект, на які, магчыма, разлічвалі спонсары: пасля такога кіно абітурыенты наўрад ці будуць штурмаваць дзверы прыёмных камісій профільных ВНУ.
Каштоўнасць «Педагагічнай паэмы» ў іншым.
«Сяргей Сяргеевіч» і «Дзмітрый Маратавіч»
У сваім блогу героі карціны адвялі здымкам цэлы раздзел. Вось як апісваецца праца групы Віктара Аслюка: «Хлопцы з каманды студыі “Летапіс” здымалі, што называецца, “струменевае” відэа: камера стаяла ў калідоры, да нас заходзілі на ўрокі, запіс вёўся ў спартзале, у сталовай — увогуле ўсюды. Кіношнікі паставілі нам задачу як мага хутчэй прывыкнуць да прысутнасці камеры і перастаць звяртаць на яе ўвагу (усё ж такі многія дзеці пры выглядзе аб’ектыва на першым часе бянтэжыліся). Зрэшты, як тут не разгубіцца: ясі ты, напрыклад, у сталовай рыбу, а ўсюдыіснае вока апаратуры наездам глядзіць табе прама ў рот. Нават мы з калегам, хоць і вельмі лаяльна ставімся да здымак і ўжо даўно ніяк не пужаемся камеры, адчувалі сябе няёмка. Міша з восьмага класа аднойчы ў сталовай нахіліўся да мяне і шэптам спытаў: “Сяргей Сяргеевіч, а калі я ў туалет пайду, яны таксама за мной?”»
Нягледзячы на словы галоўных герояў, камера ў «Педагагічнай паэме» літаральна растае ў паветры. Звычайная для дакументальнага кіно сітуацыя, калі героі падладжваюцца пад камеру ці вядуць сябе ненатуральна ў кадры, тут адсутнічае. Шмат у чым дзякуючы пастаянным спадарожнікам Віктара Аслюка на здымачнай пляцоўцы — аператару Анатолю Казазаеву і гукааператару Уладзіміру Мірашнічэнку — прафесіяналам вельмі высокага ўзроўню. Ну а самае галоўнае, дзякуючы той дакладна ўзятай інтанацыі, якая дазволіла аб’яднаць разрозненыя фрагменты рэальнасці ў адзінае цэлае.
«Педагагічная паэма» расказвае аб двух перыядах жыцця настаўнікаў і іх школы — травеньскім тыдні перад «Апошнім званком» і вераснёвым пачатку навучальнага года. Дзеянне разгортваецца ў класах, школьных калідорах, настаўніцкай, на вуліцах гарадскога пасёлка, у пазасталай без гаспадароў вясковай хаце, дзе прадастаўлена жыллё для маладых спецыялістаў. Трэба адзначыць: для сваёй карціны дакументалісты абралі цікавых герояў. Зрэшты, Віктар Аслюк любіць паўтараць, што герояў для дакументальнай стужкі трэба падбіраць кінагенічных — і не менш адказна, чым акцёраў для стужкі ігравой.
Настаўнікі Сяргей Сяргеевіч (руская мова і літаратура) і Дзмітрый Маратавіч (беларуская мова і літаратура) — сапраўдныя энтузіясты сваёй справы. Маладыя харызматыкі, яны з запалам праводзяць свае сапраўды вельмі незвычайныя для нашай (тым больш для сельскай) школы заняткі: не выстаўляючы адзнак, матывуюць вучняў цікавасцю да ведаў, а не лічбай у класным журнале. Яны валодаюць абсалютным аўтарытэтам сярод дзяцей, а пра канфлікты з дарослымі (якія маюць месца за кадрам) можна здагадацца. Хоць сутыкненні паміж людзьмі тут не галоўнае. Асноўны канфлікт і драматургія фільма выказаны ў дотыку да рэчаіснасці, у якую героі ўступаюць з аптымізмам і запалам маладосці.
Сцэны добра перадаюць той самы праславуты «нацыянальны характар» — спакойны, удумлівы, але ўчэпісты, з праявамі нонканфармізму ў самых адказных момантах. Ён добра акрэслены ў стаўленні герояў да сваёй працы — у правінцыю Сяргей Сяргеевіч і Дзмітрый Маратавіч адназначна прыйшлі, каб змяніць школу да лепшага. Зрэшты, не толькі школу.
Здымачны перыяд фільма быў малы — тыдзень вясной і тыдзень ранняй восенню. Паводле самога рэжысёра, усё задуманае ўвасобіць так і не ўдалося. Тым не менш у «Педагагічнай паэме» ёсць асноўнае, дзеля чаго і здымаюць дакументальнае кіно: стужка Віктара Аслюка і Вольгі Дашук перадае адчуванне часу і месца. У «Педагагічнай паэме» галоўнае нават не педагогіка, а імгненны зрэз грамадства, які ўяўляе з сябе школа. Мы бачым на экране калектыўны партрэт сучасных беларусаў, якія рэдка, будзем шчырыя, трапляюць у аб’ектыў у натуральных асяроддзі і выглядзе. Мы бачым дзяцей з розных сем’яў, самі сем’і, педагогаў. Бачым гаваркія дэталі побыту і абстаноўкі.
Самае галоўнае: у «Педагагічнай паэме» няма ніякіх маральных арыенціраў або ўстановак — толькі эмацыйныя сведчанні. Глядач не ведае, чым дрэнны або добры той ці іншы персанаж, яму прадастаўлена рабіць высновы самастойна. Або зусім не рабіць. Карціна каштоўная менавіта сваім натуралізмам, і, як ні высакамоўна гэта гучыць, яна дае магчымасць адчуць подых быцця.
Тупік Кеслёўскага
У адным са сваіх інтэрв’ю Віктар Аслюк працытаваў польскага кінарэжысёра Кшыштафа Кеслёўскага: «У дакументальнага кіно ёсць натуральная мяжа — яно не можа паказаць мноства сюжэтаў, гісторый, якое здольна выказаць толькі кіно ігравое».
Як падаецца сёння, Віктар Аслюк і Вольга Дашук сваімі фільмамі межы дакументалістыкі ўсё ж пашыраюць — калі не да бясконцасці, то да таго ўзроўню, на якім можна казаць пра яе поўную мастацкую сталасць. Кіно рэжысёрскага тандэму дакументальнае, але мастацкае, пабудаванае на вобразах — візуальных, гукавых, інтанацыйных. Іх метад працы патрабуе нават не столькі грошай, колькі часу — на здымкі, мантаж. Верагодна, праз брак здымачнага часу ў «Педагагічнай паэме» вобразы максімальна канцэнтраваныя, перадаюць самую сутнасць. Абдумваць іх пачынаеш пазней, пасля фінальных цітраў. І разумееш, што «тупік Кеслёўскага» — не такая ўжо і неадольная перашкода. Нават у жорсткіх умовах недахопу часу і фінансаў.
Антон Сідарэнка