Мядзведзі, гукі паланэзу і рамантычныя злачынцы апанавалі сцэну на вуліцы Лізы Чайкінай. Мэрымэ з’яднаўся з Луначарскім.
З гледзішча драматургічнай абазнанасці — дыхтоўна. У ролі цёткі Аўгусты раскашуе Таццяна Папова, рускі генерал моцна абавязаны асобе Валерыя Агаяна, а графскі слуга Юргіс (аднастайныя рэплікі з максімумам разумення) — Ігара Нікалаева (усе — гартаваныя гвардзейцы аўтарскага тэатра Мікалая Трухана «Дзе-Я?», на чыіх падмостках паўстаў Новы тэатр). Сімпатыі да маладога графа Шэмета (Аляксей Верашчака) вызначыла яго падрабязнае душэўнае змаганне (ад Луначарскага герой велягурыць і «дольняй» душамі), да пастара Вітэнбаха (Юрый Шаланкоў) — даследчая філалагічная ўтрапёнасць, да паненак Юліі (Кацярына Ермаловіч) і Марыі (Аляксандра Некрыш) — вабны кантраст характараў. Рэжысёр Сяргей Кулікоўскі вывеў на сцэну траха не ўсю трупу, і супраца артыстаў маладых з дасведчанымі й сталымі гэтыя сімпатыі ўмацавала. Містычная асуджанасць прыгажуна-графа на крыважэрства (свайго роду «Прыгажуня ды пачвара» на левы бок) сплыла разам з літаратурнымі фіналамі загрызання нявесты. Дакладней, пайшла дымам або згарэла гарам, бо развязанне тэатральнай гісторыі забяспечылі падпальшчыкі. Прак-
тычна, не рамантычна. Бачыце, у сцэнічным расповедзе фігураваў тэстамент графа Шэмета. Вось ягоныя пункты і пераніцавалі справядлівасць сацыяльнага пратэсту доктара Брэдзіса, ператварылі яе ў злачынства, у асабістую помсту-пажар, затое Валерыю Глазкову вызначылі развіццё ролі.
Новаму тэатру настолькі рупіць адметны рэпертуар, што калі ён не знаходзіцца, дык ствараецца. А гэта складнік прафесійнай маентнасці. Уразлівыя і дзейсныя драматургічныя лініі папярэднікаў Ігар Сонін апрацаваў як мае быць. Свае ўласныя вылучыў дарэчна, падбаў пра цікавосткі для шараговага глядацкага вуха (зачапіў згадкамі пра вайскоўца Лермантава і дуэлянта Пушкіна). І хацеў як лепей, але, мабыць (тутэйшыя асаблівасці!), скарыстаўся не з тых крыніц, праз якія літоўцы пераблыталіся з ліцвінамі, а руская мова анахранічна адмяніла французскую. Ажно да камічнага эфекту. Падставы для непаразуменняў з перакладамі Вітэнбаха вызначыў сам Мэрымэ (прускаму пастару рупіць пераклад Катэхізіса, які на час жыцця Лермантава ўжо здзейснены), але там, дзе класік будаваў літаратурны сюжэт, нам варта ведаць сюжэт эпохі: яго бязлітасна вызначаюць гукі паланэзу ля мінор. Іх на пачатку першага акту выдае нават дзеўка Міхаліна, сядзелка звар’яцелай графіні (альбо шмат разоў чула, альбо ўразіла свежая мелодыя). На пачатку другога акту паланэз спяваюць паненкі і ягамосць граф, ды так, што праца педагога па вакале Ларысы Чаранок заслугоўвае ўдзячнага захаплення. Паланэз рассоўвае сюжэтныя межы, звяртаецца наўпрост да глядацкай уразлівасці і вызначае сацыякультурны кантэкст: абыходжанне шляхетнае ды імперскае, фасоны сукенак і мэблі, дамскія рукатворы, старажытныя замкавыя муры, якія не абмінула Касцюшкава паўстанне… Яно і знакаміты паланэз датаваныя 1794 годам. Лермантаў загінуў у 1841-м. Мэрымэ апісвае падзеі нібыта 1866-га. Пад прэсам тэатра неверагоднае паўстае відавочным…
Сяргей Кулікоўскі не дужа дбае пра цырымоніі ў духу гістарычных апісанняў, і гэта, мабыць, справядліва. Рэжысёр вызначае спектакль як містычную меладраму, вымагае пераканаўчай атмасферы і асяроддзя, чым міжволі ладзіць сапраўдны іспыт для мастака. Мовім шчыра: іспыт не вытрыманы. Тое, чаго дасягае рэжысёр з артыстамі, прыблізнае мастакоўскае вырашэнне падтрымаць не ў стане. Мацуе спектакль дэтэктыўная лінія. Яна досыць куртатая і празрыстая, але адпавядае і праўдзе жыцця, і праўдзе мастацтва: часам самы цвярозы разлік і нават пачуццё самазахавання скасоўвае прага самасцвярджэння. І не дай ёй Божа спазнацца з патрыятызмам ды хваравітай нацыянальнай самасвядомасцю.