Аднак яе апрацаваныя варыянты не стасаваліся з сучаснымі вымогамі — грувасткія, шматслоўныя. Сяргей Кулікоўскі, галоўны рэжысёр тэатра, сустрэў прапанову з запалам, прыцягнуў да працы калегу з літаратурным дарам, узяўся за пастаноўку — і твор «...Чуваць хіба гучанне паланэзу» аўтарства Ігара Соніна неўзабаве далучыўся да рэпертуарнай афішы.
Паланэз Міхала Агінскага «Развітанне з Радзімай» вядомы ва ўсім свеце. Для Сяргея Кулікоўскага гэты паланэз — музыка дзяцінства і спадарожнік жыцця. У яго пастановачнай практыцы часцяком бывала так, што спачатку з’яўлялася асноўная музычная тэма, а потым ужо задума ўсёй пастаноўкі. На гэты раз такім самым чынам злучыліся знакаміты паланэз і гісторыі кахання, дзеля якога не страшна памерці, прага ўлады, узбагачэння, помсты ды... памкнення захаваць народную памяць, мову і нацыянальную самасвядомасць.
Прафесійная асаблівасць рэжысёра Сяргея Кулікоўскага ў тым, што ён ніколі не паўтарае жанр сваіх пастановак. Іх аб’ядноўваюць ансамблевасць, узаемадзеянне артыстаў, танальнасць і сугучча сцэнічных падзей, адмысловы спосаб акцёрскага існавання.
Рыхтык як у оперы, кожны персанаж меладрамы мае сольную партыю і падчас яе выканання робіцца галоўнай дзейнай асобай. Вылучыць кагосьці з ансамблевага суладдзя немагчыма. Праз выкананне Аляксея Верашчакі граф Міхал Шэмет, асноўны пацярпелы ад страшнай легенды, паўстае рамантычным, але з моцным, выбуховым характарам. Ён, далікатны закаханы і бясстрашны патрыёт, рашуча прымае страшны лёс, але гатовы паверыць у сваё шчасце і змагацца за яго. У Вадзіма Гайдукоўскага Шэмет больш стрыманы, нават нясмелы, але лірычнасць і чысціня даюць надзею на развіццё ролі.
Адважная і нават адчайная дзяўчына — упадабанка графа Юлія Івінская ў разуменні актрысы Кацярыны Ермаловіч. За намаганнем радавацца жыццю хаваецца асуджанасць ды прадчуванне бяды, што ў значнай ступені апраўдвае вольнасць яе паводзін і разважанняў. Весялосць, гуллівасць, дзявоцкую безабароннасць вылучае ў гэтай ролі Надзея Анціповіч. Старэйшая сястра Юліі, Марыя, у актрысы Аляксандры Некрыш выдае сур’ёзнасць і клапатлівасць, а ў Вольгі Раік праглядаюцца нерашучасць, трывога, боязь. Але для абедзвюх артыстак Марыя — захавальніца памяці свайго роду і сямейнага гонару.
Нельга не адзначыць Таццяну Папову ў ролі яркай станістай пані Аўгусты Даўгелы, цётачкі сясцёр Івінскіх, гаспадыні вытанчанага салона. Яна прымае рускіх вайскоўцаў, каб захаваць спакой і дабрабыт сям’і, — генерала Растоўцава ў адметным выкананні Валерыя Агаяна і штабс-капітана Апалона Зуева (Арцём Пінчук і Эрык Абрамовіч), бяздумнага, нахабнага, абаяльнага, для якога артысты прыдумалі мноства пацешных і хвацкіх трукаў.
Злога генія сямейства Шэметаў, доктара Яна Брэдзіса, выканаўцы Валерый Глазкоў і Вячаслаў Шакаліда робяць значным і небяспечным. Асаблівай ухвалы вымагае Юрый Шаланкоў праз ролю Каспара Вітэнбаха, пастара, які прыехаў у аддаленыя мясціны вывучыць тамтэйшую гаворку ліцвінаў, каб перакласці і выдаць на ёй Катэхізіс. Чалавек навукі, адданы ідэі захавання роднай мовы і не схільны інтрыгаваць, ён апынаецца хіба не ў цэнтры сцэнічнага аповеду. Артыст працуе глыбока, праўдзіва, выклікае давер, асабліва праз параду не ўскладаць на волю Госпада адказнасці за чалавечыя ўчынкі. Трактаванне ролі асобы, якая стаіць на варце моўнай і нацыянальнай ідэнтычнасці, цалкам сугучнае настроям і клопатам нашага стагоддзя.
Сціплымі сродкамі рэжысёр разам з Марынай Шуста (сцэнографка) і Таццянай Кудзінавай (мастачка па святле) утвараюць змрочную карціну старога замка ягамосці графа, яркі, поўны святла і кветак модны салон свецкай дамы, пляц хуткаплыннай вясельнай імпрэзы і, нарэшце, трагічны фінал. Варта адзначыць работу Марыны Баранавай, рэжысёркі па пластыцы, якая дала персанажам харэаграфічныя характарыстыкі, паспрыяла сфармаваць вобраз спектакля і ў паваротны момант патрапіла замяніць прамовы танцамі. Асаблівы ўнёсак педагога па вакале Ларысы Чаранок надаў містычнай меладраме шчымлівую годнасць легенды: знакаміты паланэз загучаў трапяткімі акцёрскімі галасамі...
Ірына Травіна