«Арфея і Эўрыдыку» Крыстофа Вілібальда Глюка ўвасобілі на сцэне Нацыянальнай літоўскай оперы (2007). Мастакоўскае вырашэнне твора зроблена па ўзоры авангарднага аўтарскага тэатра, дзе ўладараць моцныя пачуцці і кідкія колеры. Дзеянне, падставай для якога зрабіўся старажытны грэчаскі міф, адбываецца і ў свеце жывых людзей, і ў падземным царстве, куды спускаецца Арфей ратаваць Эўрыдыку. Касцюмы прывідных персанажаў падзямелля — духаў, дэманаў і фурый — распрацаваны ў адной колеравай гаме, спалучаюцца дэталямі, матэрыялам і экстравагантнымі аксесуарамі. Царства памерлых ахоўвае Цэрбер — пачвара з вялікай галавой і куртатымі чырвонымі ножкамі. На адной з выяў музычнага спектакля прадстаўлены выканаўцы ў доўгіх чырвона-чорных накідках і аднолькавых стылізаваных масках; франтальную мізансцэну ажыўляюць сполахі яркага святла. Анджэя Струмілу перадусім цікавіць тое, што персанажы хаваюць глыбока ў душы, іх пачуцці. Невыпадкова зграбныя, далікатныя постаці Арфея і Эўрыдыкі на адным з эскізаў фіксуюцца мастаком на высокім подыуме і светлым фоне акна — іх размовы ды прызнанні застаюцца загадкай, іх высокія пачуцці недасяжныя для натоўпу людзей-пачвар на сцэнічным планшэце. Зямны свет і таямнічы Аід-Пекла нібы знітоўваюцца ў адзінай плоскасці, а мастак у накідах дэманструе іх фантастычны зрэз.
Невялікімі эскізамі касцюмаў і палотнамі ад столі да падлогі (работу мастака можна разгледзець у дэталях) прадстаўлены спектакль «Птушкі» паводле Арыстафана, пастаўлены ў Драматычным тэатры імя Аляксандра Вянгеркі ў Беластоку (1998). Праз фантастычныя строі паўстае свет загадкавы і паэтычны, над якім уладараць недасягальныя багі. Ірыда, іх вястунка, падобная і да птушкі з чорна-белым крылом, і да таямнічай жанчыны; у складках яе доўгай сукенкі схаваны рукі-крылы, але праз ядваб ды шыфон вабіць прыгожае цела. Пазнавальны строй Пасейдона адметны маляўнічым выкананнем і сімвалізуе магутную стыхію чароўнай вады; апранахі нагадваюць сінія, блакітныя хвалі. Варварскага бога Трыбала мастак пазбавіў твару, рук, ног і чалавечага падабенства; гэтая істота з іншага сусвету. У адзенні пераважае чырвоны колер крыві няспынных войнаў, плашч абсаджаны металічнымі бляшкамі-ўзнагародамі, а карона сканструявана з вострых мячоў. На эскізе адзенне Трыбала дапаўняе доўгае чырвонае крыло, таксама свайго роду зброя. Геракл са звярынымі галавой і вачыма, у майстэрскім тыгровым футры са скураным панцырам толькі нагадвае чалавека — ён, хутчэй, таксама прышлы з іншага свету. Зусім не палымяным ідэальным героем уяўляецца мастаку Праметэй. Па задуме Струмілы персанаж захутаны ў доўгі шэра-чорны плашч з капюшонам: пад змрочнаю апранахай разам з цяжкімі ланцугамі схавана разарванае чырвонае сэрца. Наўрад ці яно здолее каго-небудзь сагрэць альбо асветліць шлях у невядомую будучыню.
Эскізы касцюмаў да «Вішнёвага саду» Антона Чэхава (Драматычны тэатр імя Аляксандра Вянгеркі, 2006) падтрымліваюць традыцыйнае ўяўленне аб чэхаўскіх персанажах, захоўваюць стылі моднага адзення часу напісання п’есы, вызначаюцца спакоем ды элегантнасцю, засяроджваюць увагу на фізічнай прыгажосці выканаўцаў і вытанчанасці персанажаў. Пра вобраз спектакля сведчыць эскіз акна дваранскага маёнтка з карункавым малюнкам вішнёвай квецені на расчыненых аканіцах — згадка пра былую раскошу, вялікую сям’ю і нейкую дарагую неўсвядомленую страту галоўнай гераіні.
Калекцыя шкіцаў касцюмаў і дэкарацый Струмілы захоўваецца і ў Варшаўскім студэнцкім тэатры сатырыкаў. Работы, якія трапілі адтуль у Мінск, выконваліся для сцэны даўно, але засталіся цікавымі як для прафесійнікаў, так і для сучасных гледачоў. Невялікая выстава «Тэатралія» дала выключнае ўяўленне пра маштаб мастакоўскай асобы Анджэя Струмілы.
Вераніка Ермалінская