Аўтарскія імпрэзы — з’ява адметная. Зваблівая, у нечым падступная. Пра яе марыць, да яе імкнецца кожны творца. Бо гэта вынік пэўнага адмежку пошукаў, магчымасць прадставіць на суд грамадскасці вынік уласных намаганняў. Але ёсць шмат тлумачэнняў таго, што падобных вечарын зараз ладзіцца непараўнальна менш, калі параўноўваць сітуацыю цяперашнюю і 10-гадовай, нават 20-гадовай даўнасці. Сама філармонія, асноўны калектыў, які рыхтуе праект, а больш за ўсё аўтар турбуюцца і непакояцца: ці будзе зала поўнай? Калі няма трох чвэрцей прададзеных квіткоў, акцыя папросту адмяняецца. Няхай у праграме і геніяльныя творы. Так, усюды рынкавыя адносіны, а ці павінен далікатны майстар, што, як кажуць, чуе музыку нябесных сфер, мець яшчэ і талент бойкага, настырнага гандляра, здатнага прадаць залу? Жадаючых ладзіць аўтарскія праекты багата, але суровая неабходнасць распаўсюджвання квіткоў досыць часта спыняе і славалюбцаў, і будучых трыумфатараў. Што да згаданых праектаў, дык кожны раз у зале назіраўся аншлаг.
Такім чынам, імя першае — Сяргей Бугасаў. Кампазітар нарадзіўся ва Украіне, там атрымаў музычную адукацыю, але чатыры дзесяцігоддзі выкладае ў Лідскай музычнай вучэльні. Яго прафесійныя інтарэсы сканцэнтраваны на жанрах харавой музыкі. Сяргей Іванавіч — аўтар больш ста харавых твораў, некаторыя выдадзеныя. Іх інтэрпрэтавалі вядомыя дырыжоры — Віктар Роўда, Наталля Міхайлава, Вольга Янум, Андрэй Саўрыцкі — і вядомыя калектывы. Цяпер дайшла чарга і да Дзяржаўнай харавой капэлы імя Шырмы, якая падрыхтавала амаль дзвюхгадзінную праграму пад назвай «Душе моя».
Вядома, музыканту, які жыве далёка ад Мінска, нагадваць пра ўласныя сачыненні больш складана, чым жыхару сталіцы. Творчыя ідэі ўзнікаюць і рэалізуюцца ў стасунках з дырыжорамі, у размовах на фестывалях і прэм’ерах. Дый кампазітарскую дзейнасць Сяргей Бугасаў распачаў пазней, чым равеснікі (у 45 гадоў напісаў першы опус), таму «Душе моя» — па сутнасці, яго першая аўтарская вечарына.
У першай частцы праекта, падрыхтаванай дырыжорам Паўлам Сопатам, пераважалі творы, напісаныя на кананічныя тэксты. Яны прасякнутыя глыбокім рэлігійным пачуццём. Узнёсласцю і ўрачыстасцю вызначалася выкананне кампазіцыі «Псалом 66»; экспрэсіўнасцю гучання ўразіў хор «Ля крыжа». Празрыстыя фарбы, яркія выяўленчыя сродкі дамінавалі ў сачыненні «Жница». Кульмінацыяй першай часткі вечарыны падаўся твор «Девушка пела в церковном хоре», напісаны на верш Блока. Музыка ў поўнай ступені адпавядала глыбока драматычнаму настрою, увасобленаму паэтам.
У другой частцы канцэрта, калі за дырыжорскім пультам стаяў Дзмітрый Хлявіч, пераважалі свецкія сачыненні. І тут пачуццёвы дыяпазон кампазіцый атрымаўся нават больш разнастайным. Вабіла багацце беларускамоўных тэкстаў. Як рэквіем воінам, што загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне, прагучаў хор «Белыя бярозы». У сачыненнях «Зімовы лес», «Лясная песня» ўдала перададзена настраёвасць. Моцнае ўражанне пакінулі «Рекрута» (словы Ясеніна) і асабліва «Ноч» (словы Грахоўскага) — з яе багатай шматгалоснасцю і перапляценнем вакальных ліній. У Сяргея Бугасава амаль няма мініяцюр, замалёвак. Пераважаюць разгорнутыя сачыненні, складаная драматургія, разнастайнасць прыёмаў гукавядзення і вакалізацыі. Вядома, да такой імпрэзы Бугасаў ішоў шмат гадоў. Але плён дзейнасці аўтара пераконвае: гэта сур’ёзны ўзровень, без усякіх скідак на несталічнасць. Перад намі творы сталага кампазітара, якога турбуюць глыбокія, філасофскія пытанні — сэнсу жыцця, веры, пошуку духоўнага апірышча.
Імя другое — Ірына Пяткевіч. Магчыма, знаўцам айчыннай музыкі яе прозвішча і сачыненні яшчэ не надта вядомыя. Ірына толькі пяць гадоў таму скончыла нашу Акадэмію музыкі. Але біяграфія яе ўражвае — не толькі кампазітар, але піяністка, арганістка. У дадатак летась скончыла аспірантуру як навукоўца.
У разнастайнасці кампазітарскіх інтарэсаў Пяткевіч пераконвала і яе аўтарская вечарына «Снежнае святло», прэзентаваная ў Зале імя Шырмы. Імпрэза сталася заключным канцэртам форуму «Галасы стагоддзя», які ўжо адзінаццаты раз ладзіць Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 19 Мінска.
Ірына працуе там піяністкай. Шматлікія калектывы школы (хары «Вясёлка», «Спеўныя званочкі», вакальны ансамбль «Farfallini») з радасцю бяруць у рэпертуар яе сачыненні. Але ж і выступіць на сцэне філармоніі для іх вялікая адказнасць і гонар. Таму ў зале хапала ўсхваляваных бацькоў, дзяцей, бабуль — і ўсе з букетамі. Лепшы сродак далучэння дарослых да высокага мастацтва — менавіта праз уласных дзяцей. Многія опусы былі ўвасоблены студэнтамі Акадэміі музыкі, якія навучаюцца ў класах Ірыны Галачкінай і Галіны Асмалоўскай.
Чым здзівіла імпрэза «Снежнае святло», у якой пераважалі камерна-інструментальныя і харавыя сачыненні? Разнастайнасцю жанраў. Шэрагам харавых твораў, напісаных на вершы кампазітаркі. Арыгінальнасцю задум і назваў, што сведчаць пра багацце фантазіі і музычнага мыслення. «Летняя сюіта» для віяланчэлі і фартэпіяна мела дзве часткі — «Белая ружа і салаўі», «Дразды і вінаград». Дасціпна, сакавіта. У дадатак элементы тэатралізацыі забяспечвалі яркую вобразнасць. Ірыну вабяць нечаканыя тэмбравыя супастаўленні і фарбы. Гэта выявілася ў сачыненнях для домры і фартэпіяна. «Аліўкавы ўзлесак» кранаў пачуццём ранішняй свежасці, а «Месяцовы камень» — празрыстасцю і загадкавасцю.
У інструментальнай музыцы ёсць вялікая патрэба ў опусах камедыйных. Менавіта такім падаўся твор «6 станаў» для фагота сола. Віртуознымі, хоць рознымі па настроях, тэмпарытмах, успрымаліся п’есы «Пралескі» і «На ровары». У першым юныя піяністкі Дар’я Татарнікава і Марыя Бохан здолелі ўвасобіць кранальную паэзію вясны, у другім — дынамічнасць і гарэзлівы настрой. Такія творы могуць упрыгожыць піяністычны конкурс. Або гучаць на ім у якасці абавязковых.
Зразумела, без падтрымкі такой колькасці выканаўцаў падобная вечарына не адбылася б. Але ж і арганізаваць яе дарагога каштуе (гэты цяжар звычайна кладзецца на плечы аўтара). Цудоўна, што ў зале сабралося шмат педагогаў Акадэміі (Галіна Гарэлава, Калерыя Сцепанцэвіч, Галіна Асмалоўская). Адзінае шкадаванне: музычнай імпрэзе відавочна не хапала годнай рэкламы, атмасферы лёгкага ажыятажу. Каб камеры тэлебачання, журналісты з мікрафонамі! Мастацкі вынік таго патрабаваў. Суцяшэнне, што падобная прэзентацыя творчасці для Ірыны Пяткевіч першая, ды не апошняя.
Імя трэцяе, якое ў прынцыпе не патрабуе ніякіх прадстаўленняў і тлумачэнняў, — Эдуард Зарыцкі. Народны артыст Беларусі, лаўрэат шматлікіх прэмій, старшыня журы рэспубліканскіх і міжнародных эстрадных конкурсаў. Дасціпны чалавек з сучасным мысленнем, творца з зайздроснай прадуктыўнасцю. Амаль класік. Як сведчыць апошні па часе даведнік «Композиторы Беларуси», Эдуард Барысавіч — аўтар больш як паўтары тысячы песень. Як уявіць гэтыя стосы нот і безліч аўдыятрэкаў? Песні Зарыцкага спяваюць ці не ўсе нашы лепшыя эстрадныя выканаўцы. У іх заўжды прысутнічае адметны, пазнавальны почырк аўтара — запамінальная мелодыя, кранальна-пяшчотная ці магутная, моцная энергетыка, адмысловая аранжыроўка.
Творчы вечар кампазітара, прымеркаваны да 70-годдзя, адбыўся ў Вялікай зале філармоніі і меў назву «Беларусь — ты мой сон велікодны». Гэта радок з верша Рыгора Барадуліна. Канцэрт меў азначэнне «прэм’ера» і быў прэзентаваны ў праграме харавой сябрыны «Край ясназоры — 2016». Прадстаўнічыя фэсты штогод ладзяцца Міжнародным грамадскім харавым аб’яднаннем «Камертон». Дарэчы, назву сябрыне даў верш Якуба Коласа (і аднайменны твор Зарыцкага).
Міжволі ўзнікае пытанне: якая сувязь паміж вядомым кампазітарам-песеннікам, засяроджаным на эстрадных жанрах, і харавым канцэртам? Простая. Як прызнаўся са сцэны юбіляр, некалькі гадоў таму вядомы дырыжор Уладзімір Лой, што шмат гадоў і ладзіць «Край ясназоры», заахвоціў Эдуарда Барысавіча напісаць праграму харавой музыкі на вершы розных аўтараў, якую мы ў рэшце рэшт і пачулі.
Ідэя выдатная, але каб за два-тры гады ўзнікла такая колькасць першакласных твораў?! Даступных па музычнай мове, зразумелых дзецям і падлеткам, але не спрошчаных. Разлічаных на самы розны ўзрост. Інтэнсіўнасць працы — таксама паказчык таленту і яго маштабу.
Пра што думалася на музычнай імпрэзе, калі ў двух аддзяленнях гучала амаль трыццаць сачыненняў? Пра тое, што «народны артыст» — гэта той, які піша «на роднай мове». Невыпадкова ў адным інтэрв’ю Зарыцкі прызнаваўся, маўляў, ён «сапсаваны» высакакласнай паэзіяй. Сапраўды, у праграме ядналіся творы паводле Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы і Адама Русака, Рыгора Барадуліна і Васіля Жуковіча, Адама Міцкевіча і Леаніда Дранько-Майсюка, Паўла Марціновіча і Раісы Баравіковай. Музыка — лепшы сродак вярнуць слухачу прыгожае, глыбокае, яскравае беларускае слова.
Дадам: вершы далёка не ўсіх згаданых паэтаў лічацца прыдатнымі для спеваў. Памятаю, колькі гадоў таму рабіла для «Мастацтва» артыкул пра дзве новыя праграмы песень на творы Караткевіча і Коласа, якія артысты Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга прэзентавалі ў Клубе імя Дзяржынскага, і амаль усе выканаўцы наракалі ў кулуарах, што спяваць складана, няпроста, існуюць пэўныя псіхалагічныя (і арфаэпічныя) перашкоды. Тым не менш у харавой інтэрпрэтацыі ніводнага разу, прынамсі ў мяне, не ўзнікла адчуванне каструбаватасці радкоў або няспеўнасці сказу.
Падобныя маштабныя праекты былі б немагчымыя, калі б у музычных і агульнаадукацыйных школах сталіцы не існавала — насуперак розным складанасцям і перашкодам — столькі харавых калектываў. Чалавек, хоць крыху знаёмы з рэаліямі выкладання музычных прадметаў, ведае, што дырыжоры харавых калектываў (часцей гэта жанчыны) — вялікія энтузіясты сваёй справы. Тыя, хто любяць грошы і камерцыйны поспех, сюды не прыходзяць і тут не застаюцца. Харамі займаюцца тыя, хто любяць музыку і дзяцей. Ды імкнуцца паяднаць гэтыя пачуцці ў працэсе засваення новых твораў і іх паказу. Часам дырыжоры Таццяна Валошына, Ірына Разанава, Эла Старажук, Вольга Емельянава, Уладзімір Лой паўставалі менавіта перад сваімі калектывамі, часам змяняліся перад аб’яднаным хорам.
Што можа лепей за музыку паўплываць на фармаванне асобы? Што можа так незаўважна выхаваць чуласць да сваёй і чужой інтанацыі, адчуванне ансамбля? Напэўна, больш магутнага сродку і не знойдзеш.