Форма часам кіруе мной. Яна мае неацэннае значэнне, яна «лепіць змест, кліча змест», і я ўпадаю за момантам, калі ідэя спектакля пачынае жыць самастойна, хіба крыху дапамагаю. Далікатна. Каб не было, як колісь пісалі, «вось тут ідэя, а вось тут — яе пластычнае ўвасабленне», хоць сямейнага гвалту, хоць фемінізму. Ідэя — файна. Але важна і тое, якія формы яна пакліча да жыцця, бо тэатр — гэта ж усё-ткі гульня, а не лекцыя. Мне важна, што з чаго вынікае і куды потым кіруецца. Мне важны тэатр з сэнсам. І няхай ён не знікае з сучаснага танца і пластычных формаў, няхай жывуць складнікі драматычнага тэатра — падзейны шэраг, кульмінацыя, развіццё і нават характары. Мае артысты добра ведаюць, што такое ацэнка, бо я па-ранейшаму працую паводле драматычнай школы, гадую спектакль, а не толькі вынаходжу эфектныя прыёмы.
У нас прыжылося добрае вызначэнне таго, чым я займаюся, — пластычны тэатр, і гэта няможна перакласці, напрыклад, на англійскую мову як «plastic theatre». У адным з першых тэкстаў пра «ПлаSтформу» я прачытаў: «Пластычны тэатр прыдумаў Тэнесі Уільямс...» Але ж праўда! Ён увёў тэрмін! Толькі зусім з іншае нагоды, прапанаваўшы ў драме канцэпцыю новага, пластычнага тэатра, «які мусіць змяніць вычарпаныя сродкі вонкавага праў-
дападабенства». Па-англійску слушна будзе казаць «physical theatrе». Затое на «пластычны тэатр» адразу рэагуе наша публіка: нехта будзе куляцца, хтосьці — танчыць, а можна прычакаць і відэа, і феерверку.
З чаго пачаўся форум «ПлаSтформа»? З асэнсавання неабходнасці руху. Нашая справа не з хуткіх. Мне складана — а я трыццаць пяць гадоў гэтым займаюся і часам не ведаю, што са сваімі спектаклямі рабіць, — дык што тады казаць пра людзей, якія толькі пачалі? Дзе ім здабыць залы і гледачоў?
Чатыры гады таму Аляксандр Цебянькоў з гродзенскага танц-тэатра «Галерэя» ды Іна Асламава з гомельскага гурта «Квадра» запрасілі мяне на сустрэчу, каб зладзіць беларускую платформу сучаснага танца. Мяне! Танца?!
Між тым для Еўропы я танцоўнік ды харэограф, бо любы арганізаваны рух — гэта перадусім харэаграфія. Таму мы мусілі адразу ўдакладніць, што робім: адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў Беларусі.
Кожнае слова мае значэнне, а націск робіцца на тое, што адбываецца ў нас, у Беларусі. Штогод мы мусім даваць магчымасць пачынальнікам, дэбютантам — рупліўцам нашай справы — абвясціць пра сябе і выступіць у сталіцы. Адбор ёсць, але ён мінімальны. Вядома, да форуму далучыліся адукацыйныя праграмы, варштаты, эксперыменты. Цела з формай злучылі нават у лагатыпе: лацінскую літару «S», выгнутую, як чалавечая пастава, я прапанаваў скарыстаць у назве праекта, такім чынам і атрымалася «ПлаSтформа».
Аднак чатыры форумныя гады ўсе выступы пачынаюцца з прапановы пагаварыць пра сучасны танец. Вядома, амаль усё, што сёлета прывозілі з Польшчы, бліжэй да сучаснага танца, хоць там займаюцца і фігуратыўным тэатрам, і тэатрам аб’ектаў... Але сучасная перфарматыўная практыка, акцыянізм, а ўслед за імі часам і драматычны тэатр перадусім вылучаюць праблему і сваё стаўленне да яе альбо сваю пазіцыю і важнасць сябе, артыста, як чалавека, як носьбіта цела. А іншыя тэатральныя складнікі — сюжэт, шчыльнае дзеянне, развіццё, думкі, нарэшце? Гэта з’ява рэдкая, і чым далей, тым радзейшая...
Пластычны спектакль мецьме максімальную матываванасць. Яму шмат чаго падуладна. Якое права я маю падымацца на сцэну, калі не маю што сказаць?
Верагодна, яшчэ і праз гэтыя акалічнасці мы не патрапілі канчаткова вызначыцца са сваёй структурай, арганізацыяй і, галоўнае, мастацкай нішай. Форум яшчэ не пабыў пад колам і ў мяле формы. Магчымасць руху ў нас ёсць, важна ўсвядоміць неабходнасць рухацца.
Вячаслаў ІНАЗЕМЦАЎ