У якім узросце ты пачаў маляваць асэнсавана?
— Маляваў я ад самога дзяцінства. Як усе дзеці малююць, так і я. За адным выключэннем: я адразу пачаў маляваць партрэты. Не любіў пейзажы. Аднак аніякай мастацкай адукацыі ў мяне няма. Пэўны час, праўда, хадзіў у Палац піянераў на заняткі ў Сяргея Пятровіча Каткова. Аднак як вучань я быў яму нецікавы: ну што можна зрабіць з хлопчыкам, які малюе толькі партрэты вядомых артыстаў, паклаўшы перад сабой іх фотаздымкі? Тлумачылася гэта тым, што ў маёй маці была знаёмая — дырэктарка кінатэатра. Туды я хадзіў і набіраў рэкламкі з фотаздымкамі кінаартыстаў, якія потым і перамалёўваў.
Гэта, відаць, часткова і тлумачыць тое, што ты не пайшоў вучыцца па мастацкай лініі, а абраў філфак…
— Ды мяне б нікуды не прынялі, нават у мастацкае вучылішча! Да таго ж я марыў быць артыстам. Таму праз увесь час мяне кідала то да малюнкаў, то да тэатра. Я наведваў той жа Палац піянераў, браў удзел у пастаноўках Тэатра юнацкай творчасці. Потым быў народны тэатр Палаца культуры МТЗ. І недзе ў восьмым класе маляванне закінуў, думаў толькі пра акцёрскую будучыню. Ну як закінуў... Мне ж у школе сумна было, настаўнікаў я не слухаўся. Яны мае малюнкі забіралі, але я пачаў маляваць на прамакатках, якія адбіраць было нельга, бо тады карысталіся атрамантам. Аднак мая кар’ера як артыста не склалася: я паступаў на акцёрскае ў Тэатральна-мастацкі інстытут, калі курс набіралі Уладзімір Маланкін і Барыс Луцэнка. Прайшоў два туры, а на трэцім Барыс Іванавіч мяне «заваліў», за што я яму цяпер вельмі ўдзячны. І што ж мне было рабіць потым? Хлопчык жа нічога не ўмеў, нічога не ведаў: у школе меў пяцёрку толькі па чарчэнні, рэшта — чацвёркі ды тройкі. Таму тэхнічныя ВНУ адпадалі, заставаўся філфак. Ну яшчэ гістарычны факультэт.
Кажуць, падчас навучання на філфаку ты здаваў экзамены дзякуючы не адказам на пытанні білетаў, а таму, што маляваў шаржы на выкладчыкаў…
— Чыстая праўда! Бо вучыцца я не мог наогул. І маляваць шаржы пачаў менавіта на філфаку. Хадзіў на лекцыі, на якіх мне было сумна. Таму сядзеў і маляваў.
Твой беларускі перыяд быў адзначаны супрацоўніцтвам з Рыгорам Барадуліным. З кім з паэтаў ты яшчэ супрацоўнічаў, колькі было выдадзена кніг з тваімі шаржамі?
— З Рыгорам Іванавічам у мяне склаліся вельмі сяброўскія адносіны. Пачалося ўсё з таго, што я маляваў выкладчыкаў філфака, сярод якіх было шмат пісьменнікаў. Аднойчы ў кніжнай краме трапілася на вочы кніжка шаржаў Міхаіла Лісоўскага з вершамі Рыгора Барадуліна «Няўрокам кажучы». Кніжка мне вельмі спадабалася, хоць нікога, апрача класікаў беларускай літаратуры, я не ведаў. Аднак тым, што рабіў Лісоўскі, літаральна захварэў. На той час мастак ужо памёр, я пазнаёміўся з яго ўдавой Грэтай Станіславаўнай, якая паказала мне ўвесь ягоны архіў. Вельмі ўважліва вывучыў ягоныя працы. І цяпер магу казаць, што мае шаржы выйшлі з даробку Лісоўскага, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця. Потым мне параілі аднесці малюнкі ў «ЛіМ», дзе тады працаваў Алег Белавусаў. Такім чынам шаржы з’явіліся ў гэтай газеце. І недзе ў 1973-м Рыгор Барадулін пад мае замалёўкі напісаў эпіграмы. З таго часу ўсё і закруцілася. У выніку з’явіўся зборнік шаржаў і эпіграм «Абразы без абразы», потым мы друкаваліся ў альманахах «Дзень паэзіі», «Братэрства». Так што філфак запомніўся мне не вучобай, а ўдзелам у мастацкай самадзейнасці і выйсцем у мастакоўскую творчасць.
Што было прычынай твайго ад’езду ў Маскву?
— Фактычна я паехаў да сваёй жонкі. Але на той час мае працы ўжо з’яўляліся ў часопісе «Крокодил», я стаў сябрам Саюза мастакоў СССР, ілюстраваў гумарыстычныя і навукова-папулярныя кніжкі беларускіх пісьменнікаў. З 1983 года быў ужо свабодным мастаком, і пасля «Беларусьфільма», Дома кіно, Палаца піянераў, «Советской Белоруссии» нідзе ў штаце не працаваў. Першае месца ў Маскве — рэдакцыя газеты «Известия», я займаў пасаду галоўнага мастака. Там плацілі мала, таму перайшоў у «Moscow Times». Потым быў шэраг іншых выданняў, сярод якіх «Коммерсантъ», дзе я і працую па гэты час мастаком-ілюстратарам.
Што, на тваю думку, неабходна мастаку, каб паспяхова працаваць у жанры шаржа?
— Шчыра кажучы, не ведаю. Калі б мяне папрасілі навучыць рабоце ў гэтым жанры, я нічога ўцямнага не параіў бы. У мяне ўсё робіцца неяк падсвядома.
Як называецца тэхніка, у якой ты працуеш?
— Раней я ўжываў проста лінеарнае маляванне. Цяпер працую ў тэхніцы «кросхэтчынг», перакрыжаваныя штрыхі. Свае працы раблю рапідографам, карыстаюся таксама капілярнымі асадкамі, наогул любымі інструментамі, прыдатнымі для малявання. Агулам жа кажучы, гэта пер’явая тэхніка, якая ўжываецца і ў, напрыклад, металагравюры і існуе ўжо ці не стагоддзі. Так што анічога новага я не прыдумаў. У тэхніцы «кросхэтчынг» працуе шмат мастакоў.
Ці выпрацаваліся ў цябе нейкія асабістыя прыёмы?
— Прызнацца, я шмат разоў мяняў тэхніку, нават у межах таго ж лінеарнага малюнка. Працаваў і металічным пяром, і гусіным, і трысняговым, ужываў пэндзлі. Што да агульных прынцыпаў, дык у мяне галоўны такі: каб не было штампаў. Таму мне, відаць, вельмі пашанцавала ў тым, што за 40 гадоў творчасці штампаў я так і не напрацаваў. Гэта мяне і выратоўвае. Пры тэхніцы «кросхэтчынга» кожны тыпаж вымагае абсалютна ўласнага вырашэння, якое даводзіцца часам карпатліва шукаць. Канешне ж, застаюцца і нейкія агульныя прынцыпы прыёмаў, але іх галава і рука стасуюць самі. Праўда, нешта падобнае да сакрэту ўсё ж ёсць. Я спрабую прайграць той персанаж, які малюю. Па сутнасці, гэта тая ж акцёрская праца, адно што вынік не на сцэне ці экране, а на паперы.
Колькі, цікава, ты робіш эскізаў, рыхтуючы чарговы шарж?
— Даволі шмат. Справа ў тым, што гэта залежыць ад часу, які маю на падрыхтоўку. Калі працаваў у газетах, дык даводзілася штодня маляваць чарговую карыкатуру. І, зразумела, багата часу на падрыхтоўку не было. Цяпер жа над эскізамі магу працаваць і дзень, і два.
Табе дастаткова фотаздымкаў ці неабходна, каб нехта пазіраваў?
— Калі я працаваў для «Крокодила», калі маляваў беларускіх пісьменнікаў, дык карыстаўся непасрэдным кантактам з чалавекам. Дамаўляўся, ехаў, сустракаўся. Але ўжо вельмі даўно не малюю з натуры. Магу, безумоўна, ды не бачу ў тым сэнсу. Фота хапае, прычым не абмяжоўваюся нейкім адным.
Ці здаралася так, што некаму твая праца рэзка не падабалася і на той глебе ўзнікалі скандалы?
— У Мінску такое здаралася. У Маскве — ніколі. У Мінску мяне чамусьці лічылі вельмі злым карыкатурыстам. Таму і ў «ЛіМе» друкавалі рэдка. Неяк намаляваў Кастуся Кірэенку, і той шарж выйшаў у «Вячэрнім Мінску». Паэт раззлаваўся настолькі, што хацеў у суд падаваць. Праўда, нехта разумны патлумачыў яму, што гэткім чынам ён зробіць мастаку рэкламу. Жахліва пакрыўдзіўся Караткевіч. Тэлефанаваў, крычаў, што праломіць мне галаву… А вось Іван Чыгрынаў мае шаржы вельмі любіў.
Хто з вядомых мастакоў свету, якія працуюць у гэтым жа жанры, выклікае ў цябе найбольшую павагу?
— Я іх усіх ведаю! У Амерыцы з многімі пазнаёміўся асабіста. Дзякуючы «Фэйсбуку» кантактую з усімі найвялікшымі асобамі сусветнай карыкатуры. Але найбольшую павагу выклікае найперш Жан Мулацье, хоць яшчэ раз паўтару, што на пачатку вельмі моцны ўплыў на мяне зрабіў Міхаіл Лісоўскі. Пазней адкрыў для сябе і Кукрыніксаў, і Ігіна, Радлава, Антаноўскага. Яшчэ назаву прадстаўнікоў амерыканскай карыкатуры: Эла Хіршфельда, Дэвіда Левіна. Наогул на сённяшні дзень самай магутнай я лічу французскую карыкатуру.
У цябе былі персанальныя выставы?
— Так, шмат. Але ўжо даўнавата. З простай прычыны: цяпер вельмі дорага іх ладзіць. І бэссэнсоўна. Я ўжо дваццаць гадоў у Маскве, і тут за гэты час меў толькі адну выставу, калі яшчэ быў сябрам Саюза мастакоў СССР. Потым перавёўся ў МОСХ.
Ведаю, што ў Беларусі адбываецца шмат праектаў, з некаторыі мастакамі знаёмы асабіста: з Рыгорам Несцеравым, Сяргеем Стальмашонкам, Валодзем Цэслерам. У Беларусі заўсёды былі цікавыя, адметныя творцы.
Колькі ж каштуе замовіць у цябе шарж?
— Дорага. Але тут суму не буду агучваць.
Гэта значыць, што і твая даўняя праца — шарж на мяне і Марылю Радовіч — каштуе нямала... А вось адносна ўзнагарод: твой талент неяк адзначылі?
— Што да шаржаў, дык мяне аднойчы прызналі лаўрэатам часопіса «Крокодил». Што да карыкатур, дык быў адзначаны Габраўскімі срэбранымі каралямі.
Ці можаш ты вызначыць, колькі ж людзей за ўсе гэтыя гады трапілі пад твой мастакоўскі прыцэл?
— Не магу, не скажу нават вельмі прыблізна. Цікава, што я сустракаў мастакоў, здольных назваць дакладныя лічбы. Адзін казаў: я намаляваў дзесяць тысяч чалавек, другі — дваццаць. А вось я не ведаю! Ніколі не лічыў.
Мы згадалі працу на замову. Ці можна казаць, што заказных работ у цябе больш за тых, якія ты ствараеш на ўласнае жаданне?
— Не, не, аніяк! Цяпер прыватных заказаў няма. Усе, так бы мовіць, аб’екты зрабіліся вельмі пафаснымі. За савецкім часам у Доме кіно ці на якім кінафестывалі прайсці не было як: усе прасілі, каб іх намалявалі. Гэта лічылася прэстыжным. Цяпер на парадку дня — дзікі пафас. Адзін мастак мне распавядаў, што перамалёўваў партрэт знанай асобы восем разоў! То нос таму не падабаўся, то яшчэ нешта. А тут яшчэ і новыя тэхналогіі сваё слова сказалі. З уласнага досведу: мне трэба было намаляваць Вінакура. Палез у Інтэрнэт, каб сабраць ягоныя фотаздымкі. І што ў выніку? Усе здымкі, якія я пабачыў, былі перафоташопленыя! Усе такія гладзенькія і прыгожанькія!
Фотаздымкі гэтых зорак эстрады ў Сеціве — суцэльны фоташоп, быццам яны самі рэдагуюць, самі вырашаюць, як ім выглядаць. І гэта ж не толькі жанчыны — мужчыны таксама! А таму і зачапіцца за нейкую індывідуальную рысу твару няма як, з такімі фота працаваць немагчыма. Хоць мяне гэта асабліва і не хвалюе: цяперашнюю расійскую эстраду, зорак кіно я не кранаю. Мне гэта проста нецікава.
Вось і я заўважыў, што апошнім часам аб’ектамі тваёй увагі зрабіліся дзеячы замежнай культуры...
— Тлумачу: справа не ў тым, што яны замежныя. Карцінку рабіць — доўга і моташна. А таму марнаваць час на тых, каго практычна ніхто не ведае, мне нудна. Вось і малюю тое, што можна называць класікай. Малюю тых, каго ведаюць усе.
Цікава, як ты сёння вызначаеш уласны статус: ты расійскі мастак, які нарадзіўся ў Беларусі, ці лічыш сябе ўсё ж прадстаўніком беларускай культуры?
— Спрачацца з тым, што я нарадзіўся ў Мінску, не выпадае. Наколькі я расійскі мастак? Мяркуй сам: я сябра МОСХа, значыць, мастак расійскі. Хоць казаць гэтак пра сябе мне таксама дзіўнавата. Я неяк свой для ўсіх. Прыкладам, у Амерыцы мяне лічылі сваім, у Францыі — сваім. Вось Мікола Селяшчук дакладна быў беларускім творцам, Валодзя Савіч — таксама беларускі. Калі ў працах прысутнічаюць адметныя рысы, іх нацыянальную прыналежнасць можна вызначыць дакладна. А ў мяне нічога такога няма! Таму магу называць сябе касмапалітычным мастаком. Сувязь з Мінскам трымаю цяпер дзякуючы тэлефанаванням праз Інтэрнэт: у Мінску жыве мая дачка. Недзе да 1993-га я яшчэ афармляў беларускія кніжкі. Але зараз кантактаў няма.