Інтэрпрэтацыя рэчаіснасці

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбыўся 6-ы Міжнародны тэматычны выставачны праект «Падарожныя нататкі. Еўропа». Галоўным арганізатарам мерапрыемства выступіў Інстытут імя Гётэ ў Мінску, да падрыхтоўкі праекта спрычыніліся Польскі інстытут у Мінску, Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Шведскі інстытут і Мінскае аддзяленне Пасольства Швецыі ў Маскве. Упершыню ў такой буйной міжнароднай акцыі не было арганізатара з беларускага боку. Але гэта не перашкодзіла ўдзелу айчынных мастакоў -- графікаў Юрыя Алісевіча і Аляксандра Вахрамеева.

 /i/content/pi/mast/7/165/Interpretacyja1.jpg

Т.Будрыс (Літва). З серыі «Падарожнік». Лічбавае фота. 2006.

На жаль, у Беларусі няма досведу правядзення біенале ці трыенале сучаснага мастацтва. А выставы замежных творцаў, як правіла, прэзентуюцца з дапамогай прадстаўніцтваў еўрапейскіх краін, акрэдытаваных у Беларусі, і ладзяцца ў Мінску. Міжнародныя тэматычныя выставачныя праекты -- ледзьве не адзіная магчымасць спалучыць у межах супольнай акцыі творцаў розных нацыянальнасцей, светапоглядаў, мастацкіх прыхільнасцей.
Праект «Падарожныя нататкі. Еўропа» адразу планаваўся як вандроўная выстава, якая на працягу года будзе дэманстравацца ў многіх гарадах Беларусі. Менавіта таму з усіх відаў мастацтва былі абраны толькі фатаграфія і графіка як найбольш зручныя ў транспарціроўцы. Улічваліся таксама магчымасці экспазіцыйных плошчаў партнёраў, каб усе 107 работ без складанасцей размясціць як у аб'ёмных прасторах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Полацкай карціннай галерэі, Магілёўскага мастацкага музея імя П.Масленікава, так і ў сціплых памяшканнях Гомельскай карціннай галерэі Г.Вашчанкі і Брэсцкага музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці».
Ідэя «Падарожных нататак» натуральна абапіралася на вынікі мінулагодняга праекта «Прыпынак Еўропа», калі некаторыя з яго ўдзельнікаў восенню 2006 г. падчас воркшопу тыдзень працавалі ў Беларусі. Работы фатографаў Марціна Росварга (Германія), Томаса Будрыса (Літва), графіка Аляксандра Вахрамеева (Беларусь) леглі ў аснову новай выставы. Астатнія ўдзельнікі (па два ад краіны) адбіраліся адпаведна заяўленай тэме. Іх работы выявілі пэўныя характэрныя тэндэнцыі сучаснага еўрапейскага мастацтва, асаблівасць поглядаў на жыццё згодна з менталітэтам кожнага з народаў.
Традыцыя апісання падарожжаў існуе спрадвеку. На змену пажоўклым паштоўкам, скамечаным, з загнутымі краямі малюнкам, замалёўкам прыйшлі кнігі з ілюстрацыямі, альбомы фотаздымкаў. Пасля шырокага прыходу ва ўжытак «лічбы», кішэнных дыгітальных фотаапаратаў кадры сталі тысячамі «заганяцца» ў памяць хатняга камп'ютэра. Паскоранае развіццё тэхналогій непазбежна вядзе да паскарэння жыцця. Шлях, які некалі займаў тыдзень, цяпер пераадольваецца за дзень на машыне, за дзве
/i/content/pi/mast/7/165/Interpretacyja3.jpg
 А.Вахрамееў (Беларусь). З серыі «Падарожныя нататкі». Папера, змешаная тэхніка. 2007.
гадзіны -- самалётам. І мала каму прыйдзе ў галаву думка спыніцца на колькі хвілін, каб замаляваць ці зняць нешта незвычайнае і цікавае.
Нататкі -- спосаб перадачы аўтарскіх адчуванняў. Прыступаць да іх трэба адразу ж, пакуль жывыя непасрэдныя ўражанні, ці, наадварот, праз значны адрэзак часу, калі адсеецца дробязнае, нявартае ўвагі і памяць захавае толькі тое, што не забываецца.
Падарожжа -- больш чым акт руху. Гэта новыя ўражанні, іншая фонавая музыка, незнаёмыя пейзажы. Гэта памяць пра рэзкія цені на белым вапняку, пра сонца, якое заходзіць за круглым лясным возерам, пра шоргаты лесу, пра спаўзанне стрэлкі спідометра направа на роўным палатне аўтабана...
Падарожныя нататкі, створаныя мастаком, -- заўсёды інтэрпрэтацыя рэчаіснасці. Прычым не абавязкова аб'ектыўная. Здаецца, што можа быць больш аб'ектыўным за фатаграфію? Але насамрэч кожнае мастацкае фотаадлюстраванне суб'ектыўнае. Як суб'ектыўнае і даследаванне графічнае, нават калі яно зроблена з натуры. Той момант, калі мастак націскае кнопку фотаапарата ці праводзіць лінію ў альбоме, больш не паўторыцца. Таму прадстаўленыя на выставе работы -- перш за ўсё знак эмацыянальны, і толькі потым інфарматыўны. Індывідуальнае ўспрыманне ўбачанага перадаецца пры дапамозе вольнай кампазіцыі і неабмежаванасці тэматыкі. Уражанні аўтара -- гэта знакі прыпынку ў тэксце, які неабходна скласці так, каб ён быў зразумелы гледачу.
 /i/content/pi/mast/7/165/Interpretacyja4.jpg
Ю.Алісевіч (Беларусь). Помнік Леніну ў цэнтры Бешанковіч, запамінальны дужа кароткімі ножкамі правадыра. Плошча багата засаджана кветкамі. За будынкамі і скверам -- Іллінская царква. Папера, гелевая ручка. 2006 -- 2007.
Нямецкія ўдзельнікі праекта Марцін Росваг і Томас Маер прадстаўляюць тыповую высакаякасную еўрапейскую фатаграфію. Агульная уніфікаванасць яе вобразаў не залежыць ад таго, дзе адбываецца фотасесія -- у Германіі або Беларусі.
Т.Маер звяртае ўвагу на штучнасць новай архітэктуры на ўсходненямецкіх землях, знівеліраванай эстэтыкай амерыканскага паходжання. Аўтар пераканаўча дакументуе плошчы і пабудовы, але іх абязлічаны пафас бянтэжыць гледача. Іронія змешваецца з настальгіяй. Інтэр’еры беларускіх мястэчак у фотаздымках М.Росвага гэтаксама бязлюдныя і выпусташаныя. Ідэальнасць здымкаў даведзена да механічнага абсурду, да ўзроўню інсталяцыі. Тут няма месца ні рамантыцы, ні іроніі, тут валадарыць толькі разумовы пачатак -- цалкам нехарактэрны пры ўспрыманні наваколля для беларускіх фотамастакоў.
Кястуціс Стошкус і Томас Будрыс -- прадстаўнікі літоўскай школы фатаграфіі з характэрнай для яе пачуццёвасцю і ўвагай да рамантычных дэталей. Але агульныя карані ні ў якім разе не азначаюць аднастайнасць. Серыя К.Стошкуса выканана з вялікай любоўю да Вільні. Фотаздымкі знарок чорна-белыя, яны нібы адмаўляюць эмацыянальнасць колеру, адлюстроўваюць абстрактную, стрыманую прыгажосць і сілу. Асноўныя дзейныя асобы цыкла -- знакі часу на сценах дамоў, што ператвараюцца ў дэталі абстрактнага палатна, дзе, як у лініях на далоні, прачытваецца лёс горада і чалавека ў ім. Работы Т.Будрыса -- гэта рэпартажныя здымкі маленькіх беларускіх гарадоў, кожнае фотаадлюстраванне суправаджаецца невялікім тэкстам-апісаннем. Магчыма, рэпартаж -- не самы ўдалы для мастака жанр, але з яго дапамогай раскрываецца ўразлівасць і рамантычная скіраванасць аўтара, які здольны адчуваць прыгажосць нават у самых сціплых яе праявах.
Шведы -- фатограф Енц Ластхейн і графік Ені Ольсан -- захапляюцца найперш стварэннем формы. Асабліва яскрава бачна гэта ў панарамных адлюстраваннях Е.Ластхейна, зробленых на ўсходніх межах Еўрасаюза, у Румыніі, Расіі, Беларусі, Украіне. Е.Ольсан належыць да маладога пакалення шведскіх графікаў з вельмі самабытнай выяўленчай мовай. Аўтар спалучае фотапалімер з тэхнікай сухой іголкі ў вольнай і гарэзлівай манеры. Умела сфатаграфаваныя прадметы, будынкі, краявіды становяцца адпраўным пунктам для далейшых каментарыяў у форме кароткіх нататак і фрагментаў наверсе здымка.
Работы польскіх творцаў -- Лукаша Левандоўскага і Рышарда Карчмарскага --
 /i/content/pi/mast/7/165/Interpretacyja2.jpg
 Л.Левандоўскі (Польшча). Брама. Лінарыт. 2007.
прасякнуты добрым гумарам. Героі лінарытаў і тэкстаў-каментарыяў Л.Левандоўскага -- жыхары невялікага горада Буковіц -- становяцца канфідэнцыяльнымі субяседнікамі гледача. Р.Карчмарскі здымае камерай-абскурай. Выбар інструмента прадвызначае вынік работы. Доўгая экспазіцыя, неабходная для фотаздымкаў такога кшталту, стварае эфект руху. Тэхніка згладжвае нестыкоўкі, ураўноўвае эпізоды часу і імгненні жыцця.
Беларускія мастакі, у адрозненне ад іншых удзельнікаў праекта, падарожнічаюць у асноўным па роднай зямлі, у ёй адшукваюць для сваіх нататак як бытавыя, дробныя, так і містычныя матывы. 9 графічных лістоў з серыі «Скульптуры Бешанковіч і раёна» Юрыя Алісевіча -- падрабязныя хуткія замалёўкі гелевай ручкай на паперы з дакладнымі подпісамі --указаннямі расфарбоўкі дамоў, помнікаў, агароджаў, машын і г.д. Ю.Алісевіч -- сур’ёзны мастак з выдатным пачуццём гумару. Вытанчанасць ліній, мноства дробных дэталей выяўляюць сюжэт і адначасова дэманструюць пастаянны пошук аўтара, які не спыняе эксперыментаў з лініяй і формай. Кожны малюнак -- гэта гарманічны свет, дасканаласць якога не выклікае сумненняў, а насычанасць элементамі можна параўнаць са складанасцю структуры ДНК. Лісты не перагружаны, кампазіцыі мяккія, ненавязлівыя, пазбаўлены афектацыі. Маштабнае бачанне агульнай структуры ліста, ускладнёная прамалёўка ліній, тонкі эмацыянальны падтэкст -- характэрныя рысы яго работ. Дробныя дэталі надаюць яго творам рэалістычнасць.
У сучаснай культуры, як, зрэшты, у культурах усіх часоў, існуе мноства міфаў. Чым, як не праявай веры ў іх, з'яўляецца захапленне бытавым містыцызмам, астралогіяй, варажбой? Але сярод усяго гэтага суцяшальнага шалупіння асобна жывуць міфы, прыдуманыя Аляксандрам Вахрамеевым. Яго серыя з 10 работ «Падарожныя нататкі» -- гэта пошукі сховішча ад нядобразычлівага свету. У графічных працах, фармальна пісьменных і гарманічных, змястоўнае ўсё: пачуццё, думка, настрой. Тут прыдуманае і рэальнае змешваюцца так, што адно становіцца немагчымым без другога. На банальнасць штодзённага мастак рэагуе гратэскам, ствараючы ўласную тэатралізаваную гульню пры дапамозе паперы і змешанай тэхнікі. Дзякуючы міфам мастак адыходзіць ад рэчаіснасці, паглыбляецца ў выратавальную ўнутраную міграцыю думак і пачуццяў.
6-ы Міжнародны выставачны праект пераконвае: «Адзінства ў разнастайнасці». Гэты дэвіз ЕС у поўнай меры можна аднесці і да падарожных нататак па супольнай Еўропе. 

Кацярына Кенігсберг