Праграмная «Філадэльфія»
Стужкай адкрыцця фестывалю стала знакамітая «Філадэльфія» — гісторыя аднаго судовага разбору. Фільм, у якім прынцыповае значэнне мае месца падзей (менавіта ў Філадэльфіі былі прынятыя Дэкларацыя незалежнасці і Канстытуцыя ЗША).
Коратка: юрыст Эндру Бэкет (Том Хэнкс атрымаў за гэтую ролю свой першы «Оскар») пачынае цяжбу з працадаўцамі, якія незаконна звольнілі яго як гомасэксуала, хворага на СНІД. Эндру мае падтрымку ад партнёра, сям’і. Суд выйграны, але герой памірае.
Драматургічна ў фільме 1993 года ўсё вельмі проста, і ўсё ж ёсць у гэтай простасці нешта асаблівае. У фабуле выразна агучаны страхі грамадства («ён прынёс СНІД у наш офіс, у наша кафэ, у нашу саўну»), лагічна даведзены ўсе калізіі, няма ніводнага прахаднога кадра. А «кіно», вядома, у акцёрскай гульні, у глыбінным гуманістычным пасыле, што ўздзейнічае незалежна ад стаўлення гледача да гомасэксуалізму і зносінам з ВІЧ-станоўчымі калегамі. У ходзе судовага працэсу супраць фірмы, якая дапусціла дыскрымінацыю, мы бачым не малапрыемных юрыстаў, а саміх сябе — з нашымі фобіямі, балючай зачыненасцю, нежаданнем мяняць статус кво. Гэта Амерыка, але гэта і наша грамадства таксама.
Непрадказальныя магчымасці
Фільм «А ў душы я танчу» Дэміена О’Донала быў бы дэкларацыяй, калі б не дуэт Джэймса Макэвоя і Стывена Робертсана (Роры і Майкла). Менавіта бунтар Роры разумее мыканне вывернутага цэрэбральным паралюшам Майкла і выдатна даносіць яго разумныя, пераканаўчыя нават для бюракратаў думкі. Як гэта атрымліваецца, зразумець немагчыма — ірацыянальны момант, сітуацыя мастацтва, а не кампанент сацыяльнага праекта. Такі праект, дарэчы, паспяхова выбудаваны ў прафесійных памочнікаў у пансіянаце, дзе Майкла не чулі, хоць спрабавалі і наогул вельмі стараліся, але гэта не было паўнавартасным жыццём, а толькі дапамогай хвораму.
Два бездапаможныя сябры-вазочнікі... Дзіўна, што лідар у гэтым дуэце менавіта Роры, які хоча танчыць, жыць у асобнай кватэры, спаборнічаць у хуткасці з хлапчукамі на самакатах, насіць панкаўскую стрыжку. Праўда, актыўны ў яго толькі твар, усе астатнія цягліцы атрафаваныя, і для Роры прагназуюць вельмі кароткае жыццё.
Але ён паспявае «выцягнуць» Майкла — той нават закохваецца і годна прымае адмову. У канцы фільма новы памочнік пытаецца, чаму Майкл не вучыцца ў каледжы. Нагадаю: гаворка ідзе пра чалавека, які ў пачатку гісторыі не мог растлумачыць, што трэба падняць дрот з падлогі, проста падняць прадмет. Мабыць, гэты фільм — маё адкрыццё, мой выбар у праграме: па энергетыцы, спантаннасці, супярэчнасцям візуальнага і кантэкстнага шэрагаў.
У канцэпцыі штодзённасці
У мак’юментары «Manpower» Ноама Каплана 4 героі — 4 схемы, набор сітуацый з афрыканскімі мігрантамі ў Ізраілі. Іх гісторыі не маюць адназначных фіналаў, бо ізраільскае грамадства не знайшло для іх дакладных рашэнняў. У фільме няма звыклага воку сонечнага, жыццесцвярджальнага Ізраіля: карцінка зводзіць нас у бедныя вуліцы, вечную трывогу-заклапочанасць іх насельнікаў і так, дэмакратызм, які на працоўных мігрантаў распаўсюджваецца таксама. Гэтага ўжо не адняць.
У сюжэце ёсць некалькі момантаў, калі рэй вядуць эмоцыі і ўяўленне. Напрыклад, чарнаскуры прыбіральнік пачынае настаўляць гаспадыню, што прыбраць трэба ў першую чаргу пакой сына, а не каморку. Ён жа раптам кажа жонцы, што гэта не жыццё, калі трэба хавацца... Нічога не мяняецца ў абставінах, але акцэнт знянацку перастаўлены на светаадчуванне і самаацэнку гэтых людзей. Рэжысёр адступае ад «гульні» сацыяльных умоў і малых заробкаў і робіць крок да чалавека.
Непазбежная непаліткарэктнасць
«Белы матэрыял» Клэр Дэні палітычна не лаяльны, і ўжо гэтым прыцягвае ўвагу. Гераіня, белая варона, у выкананні Ізабэль Юпэр валодае невялікай кававай плантацыяй у афрыканскай краіне. Жанчына працуе цяжка і імкнецца рацыянальна ўладкаваць жыццё вакол, г.зн. умела кіруе гаспадаркай, плаціць рабочым, дапамагае ім з лячэннем, вучобай дзяцей. Ёй здаецца, што ўпартасцю, сумленнасцю і ўласным прыкладам, ды яшчэ на працягу жыцця двух пакаленняў сям’і, можна выбудаваць разумную мадэль існавання. Але не, яна ж «белы матэрыял», дакладней — адна з «гэтых брудных белых». «Развітайцеся з аперытыўчыкам на тэрасе», — правакуе да беспарадкаў радыё. Гэта фільм пра чорны расізм плюс абыякавасць чарнаскурага насельніцтва да каштоўнасцей заходняга грамадства. Нежаданне працаваць і няўменне выбудоўваць грамадскія адносіны. Непавагу да тых, хто дапамагае. І нясцерпнае жаданне ўлады, шлях да якой ляжыць праз гвалт. Вайна ўсіх супраць усіх, страляючыя людзі ўздоўж дарог, на ферме, у школе і аптэцы... Пакуль што гэтае насельніцтва не стала грамадствам, і ніякая дапамога ў духу добрага і вечнага не дае плёну.
Вельмі блізкая па атмасферы нецярпімасці, па жаночым супрацьстаянні — цэламу свету! — «Чужая» Феа Аладаг.
...Цалкам відавочна, што мігранты ўспрымаюць мультыкультуралізм вельмі прымітыўна, дакладней — па-спажывецку. Навошта ім чужая культура, навошта чужыя каштоўнасці, калі ёсць свае? Так, з рукапрыкладствам і прыярытэтам волі мужчыны. Так, з забойствам дзіцяці, калі яго нельга забраць ад «няправільнай» маці і аддаць бацьку. Ніякія сваяцкія пачуцці не ратуюць турчанку Умай ад таго, каб быць выгнанай з вяселля сястры і адпрэчанай бацькам у дзень нацыянальнага свята. Браты, якіх яна гадавала, кідаюцца да яе адзін з пісталетам, а другі з нажом — і ўсё таму, што яна асмелілася сысці ад мужа да бацькоў, і ад іх таксама вымушана была бегчы. Чужая — адпрэчаная і пакараная сваімі, на гэтым робіць акцэнт рэжысёрка. Каб кабета не шукала дапамогі мультыкультурных немцаў, а вярнулася ў патрыярхальную сям’ю — і гэта рух назад, ад Еўропы далей, вось толькі ўзяць ад яе трэба паспець пабольш...
Напластаванне праблем інтэграцыі, ды яшчэ з гендарнай тэмай у цэнтры, робіць фільм нечым больш складаным, чым ілюстрацыяй навіннай стужкі апошніх месяцаў. Позва дня відавочная.
Без экалогіі сёння нельга
Вось не сказала б, што «Стралок» (рэжысёрка Анэт К. Олесэн) — агітка ў абарону Грэнландыі, хоць менавіта тут хочуць распрацаваць нафтавую свідравіну дацкая і амерыканская кампаніі. І яшчэ адно пытанне застаецца адкрытым: што рабіць з палітыкамі, якія на словах абараняюць навакольнае асяроддзе, а на справе прымаюць пакетныя пагадненні з зусім іншымі прыярытэтамі? Усё гэта сыходзіць на другі план дзякуючы акцёрскаму выкананню, аператарскай працы Расмуса Відэбака і рэжысуры. У цэнтры іх увагі — чалавечыя гісторыі. Не прапагандысцкія, а драматычныя сюжэты: журналістка Мія Мосберг павінна заняцца ўсынаўленнем дзіцяці, але вымушаная кантактаваць з расчараваным у дэмакратыі геафізікам-стралком. Геафізік — алімпійскі чэмпіён па стральбе, прыгожы і задуменны чалавек, пакідае пакаёвыя кветкі пад апеку суседкі і планамерна дамагаецца адмены несумленнага пагаднення, абвясціўшы ўласны ўзброены канфлікт з уладай. Нарэшце, міністр, які прымае выніковае рашэнне, што выклікала беспарадкі ў горадзе, перастае быць паважаным чалавекам і прыяцелем журналісткі, бо падмануў выбаршчыкаў. Усе гэтыя перыпетыі паказаны ў скандынаўскім стылі: крыху павольна, крыху змрочна, без экспрэсіі, але з глыбокім перажываннем адзіноты кожнага героя.
Нагадаю: я зараз спрабую аналізаваць фільмы сацыяльна арыентаванай праграмы з пункту гледжання суадносін мастацтва, праўды вобразаў і грамадска-значнай праблемы. У «Стралку» кіно перамагае, так што смела рэкамендую прагляд у сетцы — у камерцыйным пракаце ў фільма шанцаў няшмат.
«Дзіпан» — імя назоўнае
Гэта імя вайны, але і імя сям’і, свету. Яно кладзецца на слых і ў памяць, ператвараецца ў знак. Трагедыя ў тым, што падобных імёнаў можа быць шмат, яны і гучаць у фільме: Юсуф, Саід...
Людзі з багажом вайны — усіх колераў скуры, усе небяспечныя — трапляюць у крымінальны асяродак. У іх дэфармаваная псіхіка, а пра нормы іх жыцця нам лепш не ведаць... Але на пабытовым узроўні адаптавацца можна: Дзіпан добра працуе, уладкоўваецца дома і на службе. Праўда, ён усяго толькі дворнік, але яму ёсць дзе жыць (у парыжскім прыгарадзе), дзіцяці — вучыцца, жонцы — працаваць. Сям’я з фіктыўнай ператвараецца ў звычайную: «тамільскі тыгр» вайну скончыў, спакой ён ужо выпакутаваў. У фільме Жака Адзьяра нават не паказана, як зладжана сістэма сацыялізацыі: проста ў гэтай краіне ўсё для бежанцаў ужо прадумана і пастаўлена на рэйкі. Напрыклад, вялікія абшчына са Шры-Ланкі паспела не толькі скласціся, але і абзавесціся храмам і звычкай да нядзельных пікнікоў. А з Парыжа, дзе аказалася небяспечна, яны потым перабяруцца ў Лондан. Толькі не трэба чакаць ад тых людзей праўды аб мінулым і правільных дакументаў — гэта ўсё іншая, еўрапейская гісторыя пра законы. Там, адкуль яны збеглі, ёсць вайна, і гэта выключае нашу логіку.
Думаю, ад плаката стужку аддзяляе вельмі арганічная ігра акцёраў. І адводзіць праца мастака, які візуальна распавёў гісторыю ў асобах, пейзажах і зданях вайны, гісторыю ў страхах далікатнага свету. Упэўненая: аператару і мастаку фільма належыць немалая заслуга ў здабыцці «Дзіпанам» Пальмавай галінкі ў Канах летась.
Такой была карціна закрыцця фестывалю. «Чалавечая годнасць» атрымалася насычанай па праблематыцы, але стала зразумела, што сучасны кінематограф, які валодае шматлікімі тэхналогіямі, цікавы толькі там, дзе ёсць асоба мастака — яна робіць ідэі жывымі, а канцэпцыі — душэўнымі і высокімі. І тады любы сацыяльны пасыл мае шанцы быць пачутым.
Любоў ГАЎРЫЛЮК