Прыход у кіно гуку напрыканцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя прывёў да ўзнікнення жанру мюзікла, зрабіў кінематограф больш акцёрскім, але і больш тэатральным, адарваў ад першапачатковай візуальнай прыроды. Канкурэнцыя з боку тэлебачання ў пяцідзясятыя паслужыла штуршком да развіцця каляровага, шырокафарматнага кіно. Шасцідзясятыя з іх бурнымі палітычнымі пераўтварэннямі і тэхналагічнай рэвалюцыяй выклікалі да жыцця феномен «новай хвалі», які выявіўся практычна ва ўсіх без выключэння нацыянальных кінематаграфіях Еўропы. Эканамічны крызіс 1970-х прывёў у кіно маладое пакаленне амерыканскіх кінатворцаў, якія заснавалі «Новы Галівуд».
Свае змены ўносілі і з’яўленне аб’ёмнага гуку, і развіццё камп’ютарнай графікі, і глабалізацыя сусветнай эканомікі. І яшчэ шмат іншых фактараў. Але ўсе яны зараз выглядаюць нязначнымі на фоне тых пераменаў, якія прынёс у кіно пераход на бясстужкавыя лічбавыя тэхналогіі.
Спецыялісты яшчэ доўга будуць абмяркоўваць феномен «безбюджэтнага» кіно. Яно ўзнікла заканамерна ў сувязі са з’яўленнем даступнай тэхнікі для непрафесіяналаў і дыгіталізацыяй кінапрацэсу, і, калі так пойдзе далей, хутка можа абазначаць любое кіно ў прынцыпе. Вялікая колькасць саматужных «фільммэйкераў» ніяк не звязаная з існуючай індустрыяй. Але, нечакана, менавіта гэтыя аўтары цяпер знаходзяцца ў цэнтры ўвагі як у нашай краіне, так і па ўсім свеце. Бо поўны пераход кінапракату на «лічбу» дазволіў паказваць «безбюджэтнае» ў кінатэатрах нароўні са стужкамі самых буйных кінакампаній.
З партызан у Гадары
Будучыня аказалася значна бліжэй, чым думалі беларускія кінематаграфісты яшчэ ў 2001 годзе. Менавіта тады Андрэй Кудзіненка і яго каманда энтузіястаў знялі на лічбавую відэакамеру першую ігравую кароткаметражку «Партызанская містэрыя». Праз тры гады яе атрымалася пашырыць да паўнавартаснай поўнаметражнай карціны, якая ўвайшла ў гісторыю нацыянальнага кіно як «Акупацыя. Містэрыі». Яе ж можна лічыць і адной з самых удалых ігравых беларускіх карцін двухтысячных — фільм быў паказаны (праўда, пасля пераводу на традыцыйную плёнку) на Ратэрдамскім і Маскоўскім кінафестывалях, выпушчаны ў кінапракат і на ліцэнзійных дысках... Але самае галоўнае, што адрознівае працу Андрэя Кудзіненкі, — фільм быў створаны па-за студыйнай сістэмай «Беларусьфільма» і з вельмі невялікім бюджэтам, у разы меншым за бюджэт тагачасных студыйных навінак.
Уласна, з 2004 года і можна пачаць адлік беларускага «безбюджэтнага» кіно. Хоць паняцце гэтае ўмоўнае. Дакладней будзе называць такія фільмы «створанымі па-за межамі кінаіндустрыі» — без удзелу афіцыйных кінакампаній, дыстрыбутараў, а толькі за кошт высілкаў непрафесійнай здымачнай групы. Тое, зрэшты, не перашкаджае некаторым замежным аўтарам з лёгкасцю пераходзіць з шэрагу «безбюджэтнікаў» спачатку ў «незалежныя», а потым у «індустрыяльныя» прафесіяналы. Так, галівудская сістэма традыцыйна з радасцю прымае самых таленавітых аўтараў, якія пачыналі як аматары. Калі казаць пра больш блізкія нам прыклады, то можна прыгадаць казахстанскага фільммэйкера Адзільхана Ержанава, які самастойна спрадусаваў і зняў поўнаметражны фільм «Гаспадары». Стужка трапіла ў паралельную праграму Канскага кінафестывалю. Дэманстраваліся «Гаспадары» і на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад».
Любы, нават самы сціплы фільм мае пэўныя выдаткі, уключаючы рэсурсы часу стваральнікаў, якія таксама каштуюць грошай. Але на фоне шматмільённых бюджэтаў твораў, знятых на вялікіх кінастудыях «класічным» спосабам, выдаткі на «безбюджэтнае» сапраўды выглядаюць больш чым сціпла.
Чакана сціпла, зрэшты, выглядаюць і самі фільмы.
Калі постмадэрнісцкая канцэпцыя карціны Андрэя Кудзіненкі прыцягвала ўвагу гледача дасціпным сцэнаром Аляксандра Качана і дэканструкцыяй штампаў умоўнага «Партызанфільма», то сучасныя аўтары-безбюджэтнікі мысляць куды больш разнастайна. Хоць выразна вызначыць рамкі мастацкае прасторы «безбюджэтнага» пакуль немагчыма. Яно можа мець зусім розныя абліччы: ад вядомага па французскай «новай хвалі» знакамітага прынцыпа «сінема верытэ» да яркіх кліпавых калажаў у стылі MTV. Але кірунак на рэалізм усё ж пераважае.
Direct cinema як адпраўны пункт
Ярчэй за ўсё самы крайні полюс г.зв. direct cinema ўяўляе з сябе малады мінскі аўтар, які посціць у YouTube свае творы пад псеўданімам «Валацуга Фішай». Яго дакументальныя, груба змантаваныя падарожжы — натуралістычныя экзерсісы на тэму свету гарадскіх нізоў, знятыя на аб’ектыў тыпу «fish-eye» (адсюль і аўтарскі псеўданім). Немудрагелістая зымправізаванасць здымак суправаджаецца аўтарскімі каментарамі і ад гэтага набывае сюжэтны характар. Змешчаныя аўтарам у Інтэрнэт і абсалютна даступныя любому карыстальніку відэападарожжы — менавіта той варыянт «прамога кіно», пра які марыў у свой час Жан-Люк Гадар і яго калегі па тэарэтычным часопісе «новай хвалі» «Les Cahiers du cinema».
Карціны такога ж маладога (не сказаць — юнага) Мікіты Лаўрэцкага вельмі нагадваюць творчасць Валацугі Фішая. Але, па сутнасці, з’яўляюцца поўнай іх супрацьлегласцю. У адрозненне ад вышэйзгаданага прадстаўніка «сінема верытэ», рэжысёр Лаўрэцкі вельмі старанна прадумвае кожны свой фільм. У няпоўныя 22 гады Мікіта зняў адну поўнаметражную і некалькі кароткаметражных стужак, якія ў 2015 годзе былі адабраныя ў праграму нацыянальнага конкурсу Мінскага міжнароднага кінафестывалю.
Поўнаметражны «Беларускі псіхапат» (прыз за лепшы мастацкі фільм нацыянальнага конкурсу «Лістападу») з першага погляду выглядае як яшчэ адзін падлеткавы відэадзённік. Але насамрэч аказваецца таленавітай стылізацыяй. Аўтар гадзіннага «Беларускага псіхапата» жорстка трымаўся ўласнага, старанна прапрацаванага сцэнара. Рухомая камера такога ж маладога аператара і непрафесійныя інтанацыі сяброў-акцёраў апынуліся выдатнымі выразнымі сродкамі — безбюджэтны фільм Мікіты Лаўрэцкага глядзіцца на адным дыханні.
Уладар выразнага рэжысёрскага таленту, Лаўрэцкі выкарыстоўвае для фільмаў натуральнае асяроддзе сваіх герояў — прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай моладзі. Дзеянне ў яго карцінах разгортваецца на вуліцах і ў кватэрах «сталінска-ампірнага» Мінска, на фоне дызайну сацсетак і вокнаў «Скайпу». Творца не баіцца доўгіх планаў і прыемна здзіўляе сваім натуральным пачуццём навакольнага свету. Яго ігравыя фільмы «Паэзія», «Дзень нараджэння ў Мінску», «Амерыкан бой» з’яўляюцца выдатнымі дакументальнымі сведчаннямі нашага часу.
«Безбюджэтная» літаратура
Ураджэнец Магілёва Уладзімір Казлоў, зрэшты, аддае перавагу азначэнню «мікрабюджэтныя стужкі». Сваё кіно (а Уладзімір — аўтар дзвюх поўнаметражных карцін і здымае трэцюю) рэжысёр, які жыве ў Маскве, таксама стварае па ўласных літаратурных асновах. Сцэнары Уладзіміра Казлова тэматычна і па форме вельмі падобныя да яго напісаных лапідарным, натуралістычным складам раманаў, якія атрымалі вядомасць на пачатку двухтысячных. Як і ў сваіх кнігах, аўтар у карцінах «Дзясятка» (2013) і «Скура» (2015) апісвае свет простага постсавецкага чалавека. Знятыя на годным прафесійным і якасным тэхнічным узроўнях, гэтыя фільмы з’яўляюцца экзістэнцыйнымі драмамі, дзеянне ў якіх разгортваецца на фоне рускамоўнай правінцыі.
Калі Мікіта Лаўрэцкі прынцыпова не хоча гуляць па правілах вялікага кіно, то Уладзімір Казлоў, а разам з ім пераважная большасць безбюджэтных творцаў, усё ж такі імкнецца быць заўважаным індустрыяй. Іншая справа, што нехта з аўтараў арыентуецца на фестывальную кар’еру рэжысёра арт-хаўсу, а нехта марыць аб галівудскіх маштабах.
Герц Франк, адзін з заснавальнікаў сучаснай дакументалістыкі, незадоўга да свайго зыходу адзначаў, што, у адрозненне ад літаратуры, мастацтва кіно вельмі страціла ў якасці ад тэхнічнага прагрэсу. І насамрэч, пераход на лічбавае відэа моцна змяніў саму мову кіно. Змяніў так, што кожны аўтар вымушаны шукаць уласную кінамову. І хтосьці, як згаданыя вышэй рэжысёры, вырашае праблему пошуку арыгінальным чынам, а хтосьці — і такіх пераважная большасць — выкарыстоўвае ўбачаныя раней клішэ і штампы.
Парадаксальна, але «безбюджэтнікі», у тым ліку і беларусы, маюць пэўныя перавагі перад «індустрыяльным» кінематографам, які занадта залежыць ад тэхналогій вытворчасці спецэфектаў і маркетынгавых абмежаванняў. Безбюджэтнае на дадзены момант азначае свабоднае, а творчая свабода — галоўная ўмова прагрэсу. І не толькі ў мастацтве.
Антон СІДАРЭНКА