Спроба падалася настолькі ўдалай, што сёлета фэст ператварыўся ў міжнародны, прыкметна ўзрасла колькасць удзельнікаў, іх узровень і мастацкая якасць спектакляў.
Нягледзячы на аматарскі статус фэсту, у прафесійнасці многіх калектываў сумневу не было. Напрыклад, выступленні тэатраў «Вандроўная батлейка» і «Душагрэі» з Масквы зрабіліся сапраўднымі майстар-класамі для фестывальцаў і пераканалі скептыкаў у тым, што батлейка — жывое мастацтва, здольнае захапляць нават сучаснага спакушанага гледача. Захапленне — важны крок да галоўнай мэты «Нябёсаў»: развіцця традыцыйнага беларускага батлеечнага мастацтва ў агульным кантэксце лялечнага. Пра тое, што традыцыі батлейкі выкарыстоўваюцца, аднаўляюцца і пераасэнсоўваюцца, засведчыла бальшыня тэатраў фэсту.
Удзельнікі выкарыстоўвалі батлеечныя скрыні ў розных варыяцыях альбо дэкарацыі, пабудаваныя па ўзоры скрыні ці яе імітацыі. Народны лялечны тэатр «Батлейка» з Міра альбо «Вандроўная батлейка» з Масквы дэманстравалі скрыні-рэканструкцыі, а Батлеечны тэатр Гарадокскага Дома рамёстваў і фальклору і народны тэатр лялек «КапялюШ» (Наваполацк) здзівілі манументальнымі пабудовамі, якія хіба з выгляду нагадвалі архітэктуру батлейкавай скрыні. Пераважная частка калектываў карысталася двух’яруснай батлеечнай скрыняй, прыдатнай для самых розных паказаў. Пры гэтым падзел на ярусы, якія традыцыйна абазначалі свет горны і дольны, увасаблялі хлеў ці пячору, дзе нарадзіўся Ісус, ды, адпаведна, палац Ірада, страчваў свой традыцыйны сэнс. У спектаклях «Нябесны госць» батлейкі Свята-Елісавецінскага манастыра, «Цуд для Насты» тэатра «Расінка» (Гродна), «Прыпавесцях Хрыстовых» тэатра-батлейкі праваслаўных скаўтаў «Няміга» (Мінск) батлеечныя ярусы выкарыстоўваліся як дэкарацыя розных месцаў дзеяння.
Адрознівалася таксама афармленне скрыняў, у якім адлюстраваліся і народныя традыцыі, і багацце фантазіі калектываў. Стрыманая па каларыце, аздобленая саломкай батлейка докшыцкага тэатра (Докшыцкая батлейка Патупчыка) суседнічала з яркай скрыняй батлеечнага тэатра «Вертаград» (Пушчына), распісанай выявамі анёлаў, грыфонаў ды іншых.
Незалежна ад тэматыкі спектакляў, пераважная бальшыня калектываў карысталася шпянёвымі лялькамі не толькі ў паказах каляднай драмы і традыцыйных персанажаў кшталту Ірада, Вешчуноў, Рахілі. Шпень ператвараў у лялек зусім не тэатральныя цацкі пастановак тэатра «Расінка». Нават батлеечныя персанажы, арыентаваныя на вядомую іканаграфію, мелі адрозненні ў вобразным вырашэнні. Напрыклад, д’ябал, якога звычайна прадстаўляе лялька-чорт, у спектаклі тэатра «Вертаград» быў заменены на пальчаткавую ляльку-змея, а ў Докшыцкай батлейцы Патупчыка чорта пафарбавалі напалову ў чорны, напалову ў чырвоны колеры. Варыятыўнасць назіралася ў вырашэнні лялькі Ірадава воіна і самога цара, які мог з’явіцца ў абліччы кесара альбо ўсходняга тырана. Асобныя трупы выкарыстоўвалі і шпянёвыя марыянеткі (паны Кубліцкі і Заблоцкі народнага тэатра лялек «КапялюШ»), што засведчыла дастатковую абазнанасць аматараў у лялечнай справе.
Па змесце сярод фестывальных твораў можна было вылучыць рэканструкцыі традыцыйнай каляднай драмы, пастаноўкі паводле сучаснай драматургіі і спектаклі паводле казак, паданняў, прыпавесцей. Амаль палова калектываў прадставіла «Цара Ірада», які фігураваў у праграме фэсту пад рознымі назвамі; удзельнікі ў асноўным карысталіся аднолькавымі запісамі тэксту каляднай драмы. Адрозненні назіраліся ў ступені адаптацыі і колькасці купюр. У «Батлейцы» тэатра «ТрыЛіка» (Масква) захавалі сцэну выгнання Адама і Евы з раю (яе не было ў паказах іншых калектываў і яна ўвогуле не шырока распаўсюджаная). І «Батлейка», і «Смерць цара Ірада» (тэатр «Вандроўная батлейка»), і «Калядная батлейка» (тэатр «Душагрэі») уяўлялі з сябе спробы рэканструкцыі батлеечных прадстаўленняў з імкненнем да максімальнай аўтэнтычнасці. Іх нават гралі з натуральным асвятленнем: лялькі (панамар у тэатры «ТрыЛіка», манах у «Вандроўнай батлейцы») запальвалі свечкі, лампадкі, калядную зорку (у спектаклі тэатра «Душагрэі»). У пастаноўцы «Вандроўнай батлейкі» ўвагу прыцягвала пекла: звычайна ягоны ўваход умоўна асталяваны ў правым куце ніжняга яруса і мог абазначацца цмокавай пысай. У маскоўскай пастаноўцы гэтая пыса з’яўлялася пасля смерці Ірада з-пад ніжняга яруса і эфектна выплёўвала полымя. Прыём няможна назваць традыцыйным, аднак падобныя цікавосткі ператваралі паказы з музейна-замшэлых у сучасныя і запамінальныя.
Своеасаблівасці спектаклям надавала і жывое музычнае суправаджэнне. Асабліва парадавалі расійскія калектывы, якія выкарыстоўвалі вялікую колькасць музычных інструментаў і разам з калядкамі выконвалі літургічныя тэксты. Гэтыя тэксты фактычна вярталі батлейцы першапачатковае прызначэнне.
Праз фестывальную скіраванасць паказы каляднай драмы практычна пазбыліся камедыйнасці. Пабытовыя сцэнкі засталіся толькі ў «пацешнай» частцы прадстаўлення тэатра «ТрыЛіка»: з Антонам і казой, доктарам і барыняй, казаком, а лялька-панамар нават збірала «грошыкі».
Сярод самых адметных вызначыўся спектакль батлейкі з Міру «Салдат ды чорт». Тэкст прадстаўлення, якое ігралася яшчэ на пачатку ХХ ст. (і не толькі на Каляды), рэканструяваны калектывам пад кіраўніцтвам Канстанціна Петрымана. Батлеечнае дзейства, чыя рэлігійная скіраванасць шчыльна аплялася маральна-этычнай праблематыкай, выявілася найцікавейшым прыкладам народнай тэатральнай творчасці, дзе адбіліся арыенціры грамадства, яго стан і гісторыя.
Да рэлігійнай і маральнай праблематыкі частка калектываў звярнулася праз сучасную драматургію, паспрабаваўшы пераасэнсаваць традыцыі батлейкі. Драматургічнай падставай спектакля «Каляды паноў Кубліцкага і Заблоцкага» тэатра «КапялюШ» зрабілася перапрацаваная п’еса Сяргея Кавалёва і Пятра Васючэнкі. У пастаноўцы «Цудоўнае святло Раства» лідскага калектыву «Вера. Надзея. Любоў» п’еса Сяргея Кавалёва «Шлях да Батлеему» злучалася з фрагментамі «Цара Ірада». Народны тэатр лялек «Батлейка» з Залесся прадставіў спектакль паводле п’есы нямецкага драматурга Ульрыха Хуба «Каля каўчэга ў восем». Удалай можна назваць толькі работу тэатра «КапялюШ», дзе пэўныя адсылкі да традыцый батлеечных прадстаўленняў былі заўважнымі. Рэжысёр Андрэй Рэцікаў змясціў персанажаў камічнай часткі ў сцэну «сну» паноў, якая разыгрывалася на другім ярусе дэкарацыі — імітацыі скрыні. Калектывы з Залесся і Ліды, на жаль, не патрапілі засвоіць абраную драматургію.
На глыбінным узроўні, незалежна ад таго, увасаблялася калядная драма ці сучасная п’еса, усіх удзельнікаў аб’ядноўвала імкненне размаўляць з гледачамі пра маральныя каштоўнасці, веру, надзею, любоў на мове тэатральнага мастацтва, праз зварот да традыцыі народнага тэатра. Зразумела, параўноўваць пастаноўкі сямейнага тэатра «Батлейка» ці энтузіястаў-выхавацеляў з гродзенскага дзіцячага садка з работамі Аляксандра Грэфа («Вандроўная батлейка») ці Віктара Драгуна («ТрыЛіка») не выпадае, але тое, што гэтыя калектывы сабраліся пад «Нябёсамі», сведчыць: батлейка існуе, яна цікавая і здольная жывіць як аматарскае, так і прафесійнае тэатральнае мастацтва.
Кацярына ЯРОМІНА