П’еса «Белы анёл з чорнымі крыламі» ў свой час здабыла вядомасць, перажыла больш за дваццаць сцэнічных увасабленняў, ператварылася ў кінасцэнар, але да здымак пакуль справа не дайшла. Хоць, паводле аўтара, гісторыя калісьці спадабалася самой Кіры Муратавай — Кіра Георгіеўна назвала яе выдатнай.
Дзіяну Балыка заўсёды вылучаў яркі вобраз і адвага ў меркаваннях. Літаратурную кар’еру яна пачала шумна, ствараючы вакол сябе атмасферу калі не скандалу, дык сапраўднай падзеі. Яе вершы ў духу салоннай паэзіі балансавалі на мяжы эратычнага кітчу, дзве самыя папулярныя п’есы — «Белы анёл з чорнымі крыламі» і «Псіхааналітык для псіхааналітыка» — напісаны задзірліва, з выклікам. Рэжысёраў Сяргея Кулікоўскага і Венядзікта Растрыжэнкава яны скарылі гумарам на мяжы фолу, пукатасцю характараў, рэзкасцю рэплік. Балыка не шукала стоеных экзістэнцыйных глыбінь праз пабытовыя падрабязнасці, як Людміла Петрушэўская. Не спавядала містычнае адчуванне жыцця, на чым пабудаваны шматлікія п’есы Ніны Садур. Трэба аддаць нашай суайчынніцы належнае — яна не спрабавала правакаваць, як асобныя тэксты «новай драмы» ці п’есы Паўла Пражко. Калі і сустракаўся які «перчык» у сюжэце, дык выключна ў якасці прыправы (сюжэт на ім не будаваўся). Балыка пісала, як адчувала. Яе тэксты самадастатковыя і добра адбіваюць аўтарскае светаадчуванне. Сёння Дзіяна прызнаецца, што развіталася з максімалізмам, атрымлівае задавальненне ад жыцця як ад працэсу і, цалкам верагодна, больш не стане пісаць п’ес.
Магчыма, мае месца збег акалічнасцей, але тэма сям’і і сямейных сувязей зрабілася пануючай у спектаклях Валерыя Анісенкі «Афінскія вечары» і «Пахавайце мяне за плінтусам». У «Белым анёле...» яна таксама гучыць на поўны голас.
Нагадаем, што галоўнай гераіні Ніне Віч дваццаць пяць гадоў — значыць, яна ўжо мае нейкі эмацыйны досвед. Гераіня віцебскага спектакля ў выкананні артысткі Святланы Сухадолавай выглядае зусім дзяўчынкай, мала не падлеткам. Таму градус і напал падзей крыху зніжаны. Ставішся да Ніны як да распешчанага дзіцяці.
Таленавіты мастак Андрэй Жыгур узмацніў трагізм п’есы кратамі, ланцугамі, бясценевымі бальнічнымі лямпамі — з імі робіцца няўтульна. Рэжысёр прызнаваўся, што хацеў дамагчыся ад акцёраў халоднага і адцягненага выканання, каб глядач адчуў шок праз тое, якімі чэрствымі ды абыякавымі мы часам бываем. Каб спектакль чымсьці нагадаў пастаноўку нямецкага тэатра «Шаўбюнэ» «Вораг народа» Томаса Остэрмаера па п’есе Генрыка Ібсена. Аднак перамагла рэжысёрская звычка працаваць паводле Станіслаўскага, на разрыў аорты. Артысты шчыра спрабуюць абжыцца ў прапанаваных абставінах і прысабечыць персанажаў; бабуля ў выкананні Тамары Скварцовай — абсалютна рэалістычная і зразумелая, адзіная, хто спрабуе хоць неяк дапамагчы Ніне.
Нягледзячы на змрочны фінал і агульнае панурае ўражанне ад сцэнічнага расповеду, «Белы анёл...» — спектакль карысны і сацыяльна важны. Ён пра моладзь, праблемы адзіноты і наркатычную залежнасць. Цешыць, што гэта наш нацыянальны прадукт — ад задумы да ўвасаблення, ад тэксту да пастаноўкі. Але п’еса, створаная дзесяць гадоў таму, набыла яшчэ большай актуальнасці. Таму дыдактычны запал спектакля хацелася б зменшыць, прыцішыць. Не ўсе вартыя словы трэба казаць у вочы.
А мо рэжысёр і мае рацыю? Калі інтэлектуалы ў зале засумуюць, гэта іх праблемы: сёлетняя віцебская прэм’ера адрасавана не ім, а тым, хто, карыстаючыся выразам савецкай перыёдыкі, толькі ўваходзіць у жыццё.
Валянцін ПЕПЯЛЯЕЎ