Гар­та­ючы ся­мей­ны аль­бом

№ 2 (395) 01.02.2016 - 28.02.2016 г

З гіс­то­рыі хо­ру На­цы­яна­ль­на­га тэ­атра опе­ры і ба­ле­та
Ня­даў­на я пе­ра­гля­да­ла ся­мей­ны фо­та­аль­бом і тра­пі­ла на здым­кі, якія, мне зда­ецца, ма­юць не сто­ль­кі пры­ват­нае, ко­ль­кі гра­мад­ска-ку­ль­тур­нае зна­чэн­не, бо звя­за­ны з ад­мет­ны­мі для бе­ла­рус­ка­га му­зыч­на­га мас­тац­тва падзе­ямі і асо­ба­мі. Гэ­тыя фо­та­здым­кі, па­зна­ча­ныя пе­ра­важ­на 1950-мі га­да­мі, да­юць маг­чы­масць успом­ніць сла­ву­тых і ад­даць на­леж­нае за­бы­тым, але ве­ль­мі знач­ным дзея­чам на­ша­га опер­на­га тэ­атра. Пе­рад­усім, мяр­кую, трэ­ба па­тлу­ма­чыць, ча­му ў ся­мей­ным архі­ве Мі­ль­то так шмат пад­обных свед­чан­няў. .

...Мае ба­ць­кі пры­еха­лі ў Мінск у 1944 го­дзе па­сля яго вы­зва­лен­ня ад фа­шыс­таў, каб пра­ца­ваць у хо­ры Бе­ла­рус­ка­га тэ­атра опе­ры і ба­ле­та. Ад­бы­ло­ся гэ­та дзя­ку­ючы вя­до­ма­му ба­ры­то­ну, на­род­на­му артыс­ту БССР Мі­ха­ілу Дзя­ні­са­ву. Са­мі ба­ць­кі з Ярас­лаў­ля, пад­час Вя­лі­кай Айчын­най апы­ну­лі­ся ў Ерэ­ва­не, дзе пра­ца­ва­лі артыс­та­мі хо­ру опер­на­га тэ­атра імя Аляк­сан­дра Спен­дзі­яра­ва. Там яны па­зна­ёмі­лі­ся і па­сяб­ра­ва­лі з Мі­ха­ілам Іва­на­ві­чам. На­га­даю, што Мі­ха­іл Дзя­ні­саў, вя­ду­чы ба­ры­тон бе­ла­рус­кай тру­пы, ста­яў ля яе вы­то­каў, дэ­бю­та­ваў у 1932 го­дзе ў опе­ры Бі­зэ «Кар­мэн» і да па­чат­ку вай­ны быў ужо пры­зна­ным май­страм, улю­бён­цам пуб­лі­кі. Ва­еннае лі­ха­лец­це рас­кі­да­ла артыс­таў Бе­ла­рус­ка­га опер­на­га па роз­ных мясц­інах, бо­ль­шая час­тка тру­пы знай­шла пры­ту­лак спяр­ша ў Гор­кім, по­тым у Каў­ро­ве, а Дзя­ні­са­ва лёс за­кі­нуў у Ерэ­ван­скі тэ­атр опе­ры і ба­ле­та, дзе ён так­са­ма стаў ба­ры­то­нам-прэ­м’е­рам. Там жа ён знай­шоў ка­хан­не і ажа­ніў­ся з га­лоў­ным кан­цэр­тмай­страм Ерэ­ван­скай опе­ры Та­ма­рай Мі­янса­ра­вай (не блы­таць з вя­до­май эстрад­най спя­вач­кай, якая бы­ла яе ня­вес­ткай).

Ка­лі Дзя­ні­саў да­ве­даў­ся, што Мінск вы­зва­ле­ны, то па­чаў ірвац­ца ў род­ны тэ­атр і ўга­ва­рыў май­го ба­ць­ку ехаць раз­ам з ім. На­ту­ра­ль­на, спя­вак уз­яў з са­бой так­са­ма жон­ку Та­ма­ру Вар­та­наў­ну. Так у Мін­ску з’я­ві­ла­ся вы­дат­ная пі­яніс­тка, кан­цэр­тмай­стар Та­ма­ра Мі­янса­ра­ва. Усе яны з 1944 го­да па­ча­лі пра­ца­ваць у Бе­ла­рус­кім тэ­атры опе­ры і ба­ле­та.

Па свед­чан­ні тых, хто яго ве­даў, Па­вел Міль­­то быў не то­ль­кі доб­рым артыс­там хо­ру, але і вы­дат­ным пра­фса­юзным дзея­чам. У Ерэ­ван­скім опер­ным тэ­атры ў цяж­кія ва­енныя га­ды ён арга­ні­зоў­ваў кан­цэр­ты ў шпі­та­лях, звяз­ваў­ся з кал­га­са­мі, каб зда­быць прад­укты для артыс­таў. Усё гэ­та ве­даў Дзя­ні­саў, і, ка­лі пры­йшоў час вяр­тац­ца ў Бе­ла­русь, ён па­клі­каў Па­ўла Мі­ль­то з са­бой. На­пэў­на, не па­мы­ліў­ся ў вы­ба­ры, бо лі­та­ра­ль­на з пер­шых дзён зна­хо­джан­ня ў Мін­ску і за­лі­чэн­ня ў тру­пу опер­на­га тэ­атра ба­ць­ка за­няў­ся арга­ні­за­цый­най пра­цай. Бу­ды­нак тэ­атра быў раз­бу­ра­ны, раз­ра­ба­ва­ны не­мца­мі, не ха­па­ла дэ­ка­ра­цый, кас­цю­маў — і та­та ездзіў па Бе­ла­ру­сі, шу­ка­ючы тка­ні­ны, ма­тэ­ры­ялы для рэ­кві­зі­ту, уз­на­ча­ль­ваў ва­енна-шэф­скую ра­бо­ту.

Раз­ам з іншы­мі артыс­та­мі хо­ру вы­сту­паў у роз­ных кан­цэр­тных бры­га­дах. У на­шым ся­мей­ным архі­ве за­хоў­ва­ецца афі­ша та­ко­га вы­сту­пу, які ад­быў­ся ў 1946-м у ад­ным з мін­скіх Да­моў ку­ль­ту­ры. Яго пра­гра­ма ўклю­ча­ла як арыі, ду­эты з опер, па­пу­ляр­ныя пес­ні, так і мас­тац­кае чы­тан­не. У гэ­тым кан­цэр­це ўдзе­ль­ні­чаў яшчэ адзін артыст опер­на­га хо­ру — Па­вел Ліп­ніц­кі. Зда­ва­ла­ся, ад­па­чын­ку яны не ве­да­лі: то са­джа­лі дрэ­вы ва­кол тэ­атра — ця­пер мы ба­чым гэ­ты ўту­ль­ны парк, то ўлет­ку пад­час ва­ка­цы­яў вы­праў­ля­лі­ся не­вя­лі­кай кан­цэр­тнай бры­га­дай па Кры­ме. Пры­чым усё ра­бі­ла­ся не па за­га­дах кі­раў­ніц­тва, а па аса­біс­тай іні­цы­яты­ве, пе­ра­важ­на бяс­плат­на.

Усё гэ­та я ве­даю са слоў ма­ці, якая так­са­ма пры­еха­ла ў Мінск у 1944 го­дзе, але па­ча­ла спя­ваць у хо­ры Бе­ла­рус­ка­га тэ­атра опе­ры і ба­ле­та кры­ху па­зней. Уво­гу­ле іх па­ка­лен­не бы­ло ўні­ка­ль­нае: актыў­нае, ня­ўрым­слі­вае, ня­стом­нае. Здзіў­ля­ешся, як ім на ўсё ха­па­ла мо­цы і ча­су. По­мню, як мая ма­ма ў свой адзі­ны вы­хад­ны, на­пра­ца­ваў­шы­ся на да­чным ага­ро­дзе, 5 кі­ла­мет­раў ішла на аўто­бус, каб па­спець на рэ­пе­ты­цыю эстрад­на­га квар­тэ­та. Та­ды, на па­чат­ку 1960-х, у СССР эстрад­ны рух то­ль­кі на­бі­раў сі­лу, і артыс­ткі хо­ру Тэ­атра опе­ры і ба­ле­та Фры­да Смял­коў­ская, Акса­на Буч­коў­ская, Ва­лян­ці­на Мі­ль­то (про­звіш­ча чац­вёр­тай удзе­ль­ні­цы, на жаль, не по­мню), за­ці­ка­віў­шы­ся но­вай з’я­вай, арга­ні­за­ва­лі эстрад­ны ва­ка­ль­ны квар­тэт. На пры­ве­дзе­ным здым­ку яны раз­мяш­ча­юцца спра­ва на­ле­ва, за фар­тэ­пі­яна — кан­цэр­тмай­стар тэ­атра, за­слу­жа­ная артыс­тка рэ­спуб­лі­кі Ні­на Раж­но­ва.

Яны вы­кон­ва­лі па­пу­ляр­ныя та­га­час­ныя шля­ге­ры: «Лан­ды­шы» з рэ­пер­ту­ару Ге­ле­ны Ве­лі­ка­на­вай, «Чыр­во­ны аўто­бус», што спя­ва­ла Эдзі­та П’е­ха. Эстрад­ныя аран­жы­роў­кі для іх ра­біў вя­до­мы бе­ла­рус­кі му­зы­кант, кі­раў­нік ка­мер­на-інстру­мен­та­ль­на­га ансам­бля Бе­ла­рус­ка­га ра­дыё і тэ­ле­ба­чан­ня, за­слу­жа­ны артыст рэ­спуб­лі­кі Ле­анід Смял­коў­скі. Па­ко­ль­кі ў той час пад­обных груп бы­ло ма­ла, зга­да­ны квар­тэт артыс­так хо­ру Опер­на­га меў по­спех у пуб­лі­кі, іх за­пра­ша­лі вы­сту­паць у роз­ных кан­цэр­тах, на­ват ура­да­вых, за­піс­ва­лі на тэ­ле­ба­чан­ні. Ад­на з та­кіх пра­грам за­фік­са­ва­на на апуб­лі­ка­ва­ным фо­та­здым­ку. Але бо­ль­шасць кар­так на­ша­га ся­мей­на­га архі­ва звя­за­на, па­ўта­ру­ся, з 50-мі га­да­мі мі­ну­ла­га ста­год­дзя, та­му пра­па­ную пе­ра­нес­ці­ся ў тыя да­лё­кія ча­сы...

Мой ба­ць­ка ве­ль­мі лю­біў Бе­ла­рус­кі тэ­атр опе­ры і ба­ле­та, пра­во­дзіў там амаль увесь час, быў па­ста­янным чле­нам цэх­ка­ма хо­ру, мясц­ова­га ка­мі­тэ­та ўся­го тэ­атра, ру­піў­ся пра яго лёс, збі­раў і за­хоў­ваў фо­та­здым­кі, звя­за­ныя з яго гіс­то­ры­яй, аку­рат­на пад­піс­ваў іх, дзя­ку­ючы ча­му мы ця­пер мо­жам да­клад­на, па да­тах згад­ваць тыя ці іншыя знач­ныя падзеі мас­тац­ка­га жыц­ця хо­ру опер­най тру­пы і тэ­атра ўво­гу­ле. На­прык­лад, не­ка­ль­кі фо­та вы­дат­на­га бе­ла­рус­ка­га ба­ры­то­на, на­род­на­га артыс­та БССР Мі­ка­лая Вор­ву­ле­ва вы­клі­ка­лі ў ма­ёй па­мя­ці сі­ту­ацыю да­лё­ка­га 1957 го­да, ка­лі спя­вак па­кі­даў Мінск і пе­ра­язджаў пра­ца­ваць у Кі­еўскую опе­ру. Мае ба­ць­кі моц­на пе­ра­жы­ва­лі праз гэ­та, бо ве­ль­мі сім­па­ты­за­ва­лі Вор­ву­ле­ву і як ча­ла­ве­ку, і як артыс­ту, што быў упры­го­жан­нем бе­ла­рус­кай опер­най сцэ­ны. Лі­чы­лі яго ад’­езд стра­тай для на­ша­га тэ­атра­ль­на­га мас­тац­тва.

Пе­рад раз­ві­тан­нем Мі­ка­лай Дзміт­ры­евіч пад­ара­ваў ім сваё фо­та з над­пі­сам: «До­ро­гим дру­зь­ям и кол­ле­гам по ра­бо­те в те­атре опе­ры и ба­ле­та г.Мин­ска». Гэ­ты да­во­лі вя­до­мы па­ра­дны зды­мак спе­ва­ка над­ру­ка­ва­ны на па­штоў­цы — у тыя ча­сы та­кія парт­рэ­ты зо­рак не то­ль­кі кі­но, але і опе­ры бы­лі ве­ль­мі па­пу­ляр­ныя. Мі­ну­ла ня­ма­ла ча­су — і ў 1964-м Вор­ву­леў пры­ехаў у Мінск, каб вы­сту­піць у опе­ры Рым­ска­га-Кор­са­ка­ва «Цар­ская ня­вес­та». Та­ды ад­бы­ла­ся ра­дас­ная сус­трэ­ча з сяб­ра­мі і ка­ле­га­мі, та­ды ж ён пад­ара­ваў май­му баць­­ку сваё фо­та зу­сім інша­га ха­рак­та­ру — не артыс­тыч­нае па­ра­днае, а сум­на­ва­тае і ча­ла­веч­нае, як і над­піс, што ён па­кі­нуў: «На доб­рую па­мять дру­гу Па­влу­ше от Н.Вор­ву­ле­ва, 29.ІХ.64 г.».

І яшчэ адзін зды­мак звя­за­ны з та­га­час­ным вы­сту­пам спе­ва­ка на бе­ла­рус­кай сцэ­не ў опе­ры «Цар­ская ня­вес­та» — ён сфа­та­г­ра­фа­ваў­ся за ку­лі­са­мі з артыс­та­мі хо­ру Ге­на­дзем Пят­ро­ві­чам і Па­ўлам Мі­ль­то. Вор­ву­леў у кас­цю­ме Граз­но­га, а ха­рыс­ты ў кас­цю­мах апрыч­ні­каў.

Ця­пер звер­нем­ся да ўлас­на ха­ра­вых фо­та. Пер­шы шмат­фі­гур­ны зды­мак 1950-х, які пра­па­ну­ецца ва­шай ува­зе, зроб­ле­ны 24 ве­рас­ня 1952 го­да па­сля вы­ступ­лен­ня сла­ву­та­га тэ­на­ра Вя­лі­ка­га тэ­атра Са­юза ССР Сяр­гея Якаў­ле­ві­ча Ле­ме­ша­ва ў бе­ла­рус­кім спек­так­лі «Яўген Ане­гін». Яго аб­ая­ль­нае аб­ліч­ча ў цэн­тры трэ­ця­га ра­да па­зна­ецца ад­ра­зу, а вось астат­ніх, на­пэў­на, трэ­ба на­зваць — гэ­та ад­мет­ныя асо­бы на­ша­га опер­на­га мас­тац­тва. Ні­жэй пад Сяр­ге­ем Якаў­ле­ві­чам ся­дзіць вя­до­мы бе­ла­рус­кі тэ­нар Ісі­дар Ба­ло­цін, спра­ва ад Ле­ме­ша­ва — сла­ву­тая спя­вач­ка Ла­ры­са Алек­сан­дроў­ская, зле­ва — та­га­час­ны га­лоў­ны ды­ры­жор Бе­ла­рус­ка­га тэ­атра опе­ры і ба­ле­та Леў Лю­бі­маў. Ма­гут­ная яскра­вая фі­гу­ра спра­ва (на фо­не пано) — вы­дат­ны бе­ла­рус­кі бас Мі­ха­іл Зю­ва­наў, што вы­кон­ваў парт­ыю Грэ­мі­на. Ва­кол артыс­ты хо­ру, іншыя пер­са­на­жы. Па­мя­таю, у якім за­хап­лен­ні бы­ла мая ма­ма, усе артыс­ткі хо­ру ад Сяр­гея Ле­ме­ша­ва — не то­ль­кі як спе­ва­ка і кра­на­ль­на­га Лен­ска­га, але і як ча­ла­ве­ка. Ён усіх уз­яў у па­лон шчы­рас­цю, ад­кры­тас­цю, пра­ста­той. Спя­вак не шка­да­ваў ся­бе, свой го­лас на рэ­пе­ты­цыі і, на­ту­ра­ль­на, на спек­так­лі, увесь ад­да­ваў­ся му­зы­цы. Да­рэ­чы, у на­шым ся­мей­ным аль­бо­ме ёсць кар­тка, на якой ба­ць­кі сфа­таг­ра­фа­ныя ў кас­цю­мах з та­го «Яўге­на Ане­гі­на».

Два фо­та­здым­кі звя­за­ныя з пры­ездам у Мінск уні­ка­ль­на­га рус­ка­га ба­са, са­ліс­та Вя­лі­ка­га тэ­атра Са­юза ССР Мак­сі­ма Да­рмі­дон­та­ві­ча Мі­хай­ла­ва. Яму та­ды споў­ні­ла­ся 60 га­доў, і ён вы­ка­наў ро­лю Іва­на Су­са­ні­на ў ад­на­ймен­най опе­ры Глін­кі. Пер­шае фо­та за­фік­са­ва­ла фраг­мент спек­так­ля. Як на­пі­са­на на ад­ва­рот­ным ба­ку, гэ­та сцэ­на з пер­ша­га акта, у якой удзе­ль­ні­ча­лі Мі­хай­лаў — Су­са­нін, Мі­ка­лай Ла­за­раў — Са­бі­нін, Та­ма­ра Па­сту­ні­на — Анта­ні­да, на­род — артыс­ты хо­ру Па­вел Мі­ль­то, Ісі­дар Баб­роў, Акса­на Буч­коў­ская, Аляў­ці­на Урба­но­віч ды іншыя. Па­ста­ноў­ка ад­бы­ла­ся на сцэ­не тэ­атра 8 кра­са­ві­ка 1953 го­да. Дру­гі зды­мак з удзе­лам Мі­хай­ла­ва зроб­ле­ны, ві­даць, за ку­лі­са­мі — з мас­коў­скім гос­цем па­зі­ру­юць са­ліс­ткі бе­ла­рус­кай опе­ры Та­ма­ра Па­сту­ні­на ў ро­лі Анта­ні­ды і Ра­іса Асі­пен­ка ў ро­лі Ва­ні.

Уво­гу­ле ў са­вец­кія ча­сы твор­чыя су­вя­зі вы­дат­ных дзея­чаў му­зыч­на-тэ­атра­ль­на­га мас­тац­тва з Мас­квы і Бе­ла­рус­ка­га опер­на­га бы­лі цес­ныя і тры­ва­лыя. У на­шым тэ­атры пра­ца­ва­лі та­кія май­стры, як ды­ры­жо­ры Мі­ка­лай Га­ла­ва­наў, Ула­дзі­мір Пі­ра­даў, Ані­сім Брон, рэ­жы­сёр Ба­рыс Па­кроў­скі, на бе­ла­рус­кай сцэ­не рэ­гу­ляр­на вы­сту­па­лі леп­шыя са­ліс­ты Вя­лі­ка­га тэ­атра Са­вец­ка­га Са­юза. 16 чэр­ве­ня 1953 го­да ў на­шым Тэ­атры опе­ры і ба­ле­та ад­быў­ся кан­цэрт яшчэ ад­на­го сла­ву­та­га тэ­на­ра Вя­лі­ка­га тэ­атра Са­юза ССР Іва­на Ся­мё­на­ві­ча Каз­лоў­ска­га. З ім та­ды дзя­лі­лі сцэ­ну вы­дат­ныя са­вец­кія му­зы­кан­ты, пі­яніст На­вум Ва­ль­тэр і гі­та­рыст Аляк­сандр Іва­ноў-Крам­ской. Мяр­ку­ючы па здым­ку, у тым кан­цэр­це так­са­ма бра­лі ўдзел аркестр і муж­чын­ская гру­па хо­ру на­ша­га Опер­на­га. Апош­няя, ві­даць, вы­сту­пі­ла ня­бла­га, бо вя­лі­кі бу­кет кве­так ля­жыць на ка­ле­нах на­ват не Каз­лоў­ска­га, а та­га­час­на­га га­лоў­на­га хор­май­стра тэ­атра Мі­ка­лая Пры­сёл­ка­ва.

Пры­зна­юся, ме­на­ві­та яго асо­ба пад­штур­хну­ла мя­не на­пі­саць да­дзе­ныя ўспа­мі­ны, каб ад­даць на­леж­нае гэ­та­му не­зас­лу­жа­на за­бы­та­му му­зы­кан­ту і дзея­чу. Яго про­звіш­ча вы не зной­дзе­це ў энцык­ла­пе­ды­ях, бо ён не меў га­на­ро­ва­га зван­ня — Пры­сёл­каў не­йкі час быў рэ­ген­там цар­коў­на­га хо­ру. (Да­рэ­чы, маю ма­ці ледзь не зво­ль­ні­лі за тое, што яна спя­ва­ла ў цар­коў­ным хо­ры, бо не ха­па­ла гро­шай на жыц­цё). У са­вец­кія ча­сы та­кая ака­ліч­насць успры­ма­ла­ся як чор­ная пля­ма ў бі­ягра­фіі. А між тым у да­сле­да­ван­нях, пры­све­ча­ных гіс­то­рыі Бе­ла­рус­ка­га тэ­атра опе­ры і ба­ле­та, Мі­ка­лай Пры­сёл­каў згад­ва­ецца не­адной­чы, і яго твор­чая дзей­насць мае вы­со­кія ацэн­кі. На­прык­лад, у збор­ні­ку «Му­зыч­ны тэ­атр Бе­ла­ру­сі. 1917—1959 гг.» чы­та­ем: «...У па­чат­ку 50-х га­доў вя­лі­кае зна­чэн­не для тэ­атра ме­ла дзей­насць Л.Алек­сан­дроў­скай як па­ста­ноў­шчы­ка і мас­тац­ка­га кі­раў­ні­ка тэ­атра. Ад­на­ча­со­ва на па­са­дзе га­лоў­на­га ды­ры­жо­ра па­чы­нае сваю ра­бо­ту Л.Лю­бі­маў, хор­май­стар М.Пры­сёл­каў. Іх дзей­насць у тэ­атры ад­роз­ні­ва­ецца сап­раў­днай твор­чай сад­руж­нас­цю. У 50-я га­ды на сцэ­не Бе­ла­рус­ка­га дзяр­жаў­на­га тэ­атра опе­ры і ба­ле­та імі ство­ра­ны шэ­раг спек­так­ляў, якія ўзба­га­ці­лі рэ­пер­ту­ар тэ­атра». Та­кой бы­ла, у пры­ват­нас­ці, па­ста­ноў­ка опе­ры Му­сар­гска­га «Ба­рыс Га­ду­ноў» (1954). У тым жа збор­ні­ку пра яе на­пі­са­на: «Гэ­ты шэ­дэўр рус­кай кла­сі­кі, які ўяў­ляе са­бой най­больш да­ска­на­лы ўзор на­род­най му­зыч­най дра­мы, па­тра­ба­ваў ад па­ста­ноў­шчы­каў мак­сі­ма­ль­на­га ўзае­ма­дзе­яння ўсіх кам­па­нен­таў опер­на­га сін­тэ­зу... Ка­лек­тыў тэ­атра опе­ры і ба­ле­та з гэ­тай за­да­чай спра­віў­ся». І да­лей: «Спек­такль прад­эман­стра­ваў знач­на ўзрос­шую ха­ра­вую ку­ль­ту­ру вы­ка­нан­ня (хор­май­стар М.Пры­сёл­каў). Твор­чай уда­чай па­ста­ноў­шчы­каў з’я­ві­ла­ся сцэ­на ка­ля са­бо­ра Ва­сі­ля Бла­жэн­на­га. Ха­ра­вая ма­са як бы “ды­ха­ла” ўнут­ра­ным жыц­цём і пры­цяг­ва­ла ўва­гу гле­да­чоў».

Пры­вя­ду яшчэ ад­ну цы­та­ту, у якой да­ецца ацэн­ка дзей­нас­ці Пры­сёл­ка­ва. Яна ты­чыц­ца па­ста­ноў­кі на сцэ­не тэ­атра опе­ры «Сад­ко» Рым­ска­га-Кор­са­ка­ва (1957): «Скла­да­ную за­да­чу як у мас­тац­кіх, так і ў тэх­ніч­ных ад­но­сі­нах ўяў­ля­ла са­бой ды­ры­жор­скае вы­ка­нан­не гэ­та­га маш­таб­на­га эпіч­на­га тво­ра з мнос­твам ма­са­вых ха­ра­вых сцэн і тан­ца­ва­ль­на-ігра­вых эпі­зо­даў. Ды­ры­жор Л.Лю­бі­маў і хор­май­стар М.Пры­сёл­каў па-май­стэр­ску спра­ві­лі­ся са сва­ёй за­да­чай. Спек­такль ад­роз­ні­ваў­ся вы­со­кай аркес­тра­ва-ха­ра­вой ку­ль­ту­рай».

Адзна­ча­на бы­ла пра­ца га­лоў­на­га хор­май­стра і па­сля ад­каз­ных вы­ступ­лен­няў ка­лек­ты­ву на Дру­гой дэ­ка­дзе бе­ла­рус­кай лі­та­ра­ту­ры і мас­тац­тва ў 1955 го­дзе ў Мас­кве, дзе хор спя­ваў на сцэ­не Вя­лі­ка­га тэ­атра Са­юза ССР не то­ль­кі ў опер­ных спек­так­лях «Яўген Ане­гін», «Страш­ны двор», «Дзяў­чы­на з Па­лес­ся», але і ў за­ключ­ным кан­цэр­це. Фо­та­зды­мак апош­ня­га за­ха­ваў­ся ў на­шым ся­мей­ным аль­бо­ме. Ён ці­ка­вы і ты­ту­ль­ным, і ад­ва­рот­ным ба­ка­мі. Там ру­кой ба­ць­кі на­пі­са­на: «Вы­ступ­ле­ние свод­но­го хо­ра в Бо­ль­шом те­атре Со­юза ССР на за­клю­чи­те­ль­ном кон­цер­те Де­ка­ды бе­ло­рус­ской ли­те­ра­ту­ры и ис­кус­ства в Мос­кве 21 фев­ра­ля 1955 го­да. Хор со­сто­ял из 500 че­ло­век: хор опер­но­го те­атра, хор Шир­мы, хор Ци­то­ви­ча, хор БВО, хор Мо­ло­деч­но, Ту­ров­ский хор, дет­ский хор Спец­иа­ль­ной му­зы­ка­ль­ной шко­лы-де­ся­ти­лет­ки».

У той Дэ­ка­дзе ўдзе­ль­ні­ча­ла ўся на­ша ся­м’я: ма­ма і та­та ў скла­дзе опер­на­га хо­ру, а мой ста­рэй­шы брат Са­ша — у хо­ры шко­лы-дзе­ся­ці­год­кі. Усіх іх уз­на­га­ро­дзі­лі: ба­ць­кам да­лі гра­шо­вую прэ­мію, на якую яны на­бы­лі ра­дыё­пры­ёмнік «Рэ­корд», а школь­­ні­кам пад­ара­ва­лі грун­тоў­ныя фа­лі­янты «Ору­жей­ная па­ла­та Мос­ков­ско­го Крем­ля», та­кі да­гэ­туль за­хоў­ва­ецца ў біб­лі­ятэ­цы бра­та.

Не­ўза­ба­ве па­сля Дэ­ка­ды ў Мін­ску ад­бы­ла­ся прэ­м’е­ра опе­ры «Мі­хась Пад­гор­ны» бе­ла­рус­ка­га кам­па­зі­та­ра Яўге­на Ці­коц­ка­га. Фо­та­зды­мак за­фік­са­ваў удзе­ль­ні­каў прэ­м’е­ры. У цэн­тры ба­чым са­мо­га кам­па­зі­та­ра, рэ­жы­сё­ра Ла­ры­су Алек­сан­дроў­скую, ды­ры­жо­ра Ані­сі­ма Бро­на, вы­ка­наў­цаў га­лоў­ных ро­ляў Та­ма­ру Шым­ко, Ба­ры­са Ні­ко­льс­ка­га, а так­са­ма артыс­таў хо­ру. Як звы­чай­на, не­дзе збо­ку, на дру­гім пла­не, га­лоў­ны хор­май­стар Мі­ка­лай Пры­сёл­каў — у аку­ля­рах, са стро­гім, не­прыс­туп­ным тва­рам.

На­сам­рэч гэ­та быў аб­ая­ль­ны, усмеш­лі­вы, доб­ры ча­ла­век. Мае ба­ць­кі сяб­ра­ва­лі з Мі­ка­ла­ем Дзміт­ры­еві­чам і яго жон­кай Во­ль­гай Іва­наў­най Брат­ча­вай — так­са­ма артыс­ткай опер­на­га хо­ру, час­та бы­ва­лі ў іх у гас­цях, ку­ды бра­лі і нас, дзя­цей. Па­мя­таю іх уту­ль­ны, хле­ба­со­ль­ны дом, дзе мы ўпер­шы­ню па­каш­та­ва­лі сап­раў­дны ўзбек­скі плоў, іншыя экза­тыч­ныя пры­сма­кі (Пры­сёл­ка­вы пры­еха­лі ў Мінск з Таш­кен­та, ад­туль атрым­лі­ва­лі не­вя­до­мыя нам та­ды спе­цыі).

Мі­ка­лай Дзміт­ры­евіч ве­ль­мі су­р’ёз­на, ад­каз­на ста­віў­ся да сва­ёй спра­вы, за­хоп­ле­на за­ймаў­ся з опер­ным хо­рам, моц­на лю­біў му­зы­ку ўво­гу­ле. На жаль, з-за свай­го юна­га ўзрос­ту та­ды я не маг­ла аца­ніць гэ­та­га ў по­ўнай ме­ры, але по­мню, як ба­ць­кі пас­ля рэ­пе­ты­цый і спек­так­ляў го­ра­ча, за­ці­каў­ле­на аб­мяр­коў­ва­лі пра­цу хо­ру, з па­ва­гай і сім­па­ты­яй га­ва­ры­лі пра дзей­насць свай­го га­лоў­на­га хор­май­стра, ад­да­ва­лі на­леж­нае яго вы­со­ка­му пра­фе­сі­яна­ліз­му, па­тра­ба­­валь­­нас­ці, ад­да­на­му слу­жэн­ню му­зы­цы. Ад­но з не­вя­лі­кіх да­ку­мен­та­ль­ных свед­чан­няў ска­за­на­га — яго ра­бо­чы кла­вір опе­ры Вер­дзі «Аі­да». Ша­ноў­ны Мі­ка­лай Дзмі­т­рые­віч пад­ара­ваў яго мне, ка­лі я ву­чы­ла­ся ў кан­сер­ва­то­рыі. Ён ве­даў, што я так­са­ма ве­ль­мі люб­лю му­зы­ку, люб­лю іграць опер­ныя кла­ві­ры, і на дзень на­ра­джэн­ня зра­біў мне та­кі каш­тоў­ны пад­ару­нак з цёп­лым над­пі­сам. Гэ­ты кла­вір хоць бы кры­ху рас­кры­вае «кух­ню» яго ўдум­лі­вай пра­цы над опер­ным тво­рам. Усе ста­рон­кі ма­юць па­зна­кі ды­ры­жо­ра, яны свед­чаць, што пад­час рэ­пе­ты­цый ён ду­маў не то­ль­кі пра хор, але і пра ўсю скла­да­ную парт­ыту­ру тво­ра. Пры­сёл­каў удзе­ль­ні­чаў у па­ста­ноў­цы «Аі­ды» на па­чат­ку 1950-х, па ацэн­цы кры­ты­кі па­ста­ноў­ка бы­ла ўда­лая, вы­зна­ча­ла­ся вы­со­кай сцэ­ніч­най ку­ль­ту­рай і яркай тэ­ат­раль­­най фор­май. А ў 1973-м, ка­лі Мі­ка­лай Дзміт­ры­евіч пад­арыў мне гэ­ты кла­вір, ён быў ужо на пен­сіі. Пра яго хут­ка за­бы­лі, жыц­цё па­йшло да­лей...

Ця­пер хор На­цы­яна­ль­на­га тэ­атра опе­ры і ба­ле­та — вя­до­мы ка­лек­тыў, яго вы­со­кі вы­ка­наў­чы ўзро­вень адзна­ча­ны і ў на­шай кра­іне, і за яе меж­амі, уз­на­ча­ль­вае яго на­род­ная артыс­тка Бе­ла­ру­сі Ні­на Ла­ма­но­віч. Але та­кі ўзлёт уз­нік не на пус­тым мес­цы: грун­тоў­ны пад­му­рак для яго за­кла­лі вы­дат­ныя му­зы­кан­ты, якія пра­ца­ва­лі ў хо­ры па­сля Вя­лі­кай Айчын­най вай­ны, — Гео­ргій Пят­роў (1944—1950 гг.), яко­га змя­ніў Мі­ка­лай Пры­сёл­каў, по­тым Аляк­сей Ка­га­дзе­еў. Хо­чац­ца па­жа­даць, каб іх імё­ны ўспа­мі­на­лі­ся з вя­лі­кай удзяч­нас­цю за тое, што яны зра­бі­лі для бе­ла­рус­ка­га опер­на­га мас­тац­тва.

Ірына МІЛЬТО