У Пецярбургу, Лос-Анжэлесе, Мінску...

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

У прасторы балетнага і опернага жанраў у вялікім свеце і ў асобна ўзятай Беларусі адбываецца шмат надзвычай цікавых падзей, прэм’ер і дэбютаў. Прыгадаем самыя яркія і адметныя з іх -- сцісла, у канспектыўна-тэлеграфным стылі, уласцівым акурат дзённікам.

 /i/content/pi/mast/7/164/U-Pecyarburgu1.jpg
А.Краўчанка (Спартак), Л.Кудраўцава (Фрыгія). «Спартак» А.Хачатурана.
У апошні дзень мінулага года ў Марыінскім тэатры адбылася першая прэм'ера сезона -- опера В.А.Моцарта «Чарадзейная флейта». Унікальны тэатральны праект арыентаваны на сямейны прагляд. Рэжысёр спектакля -- Ален Маратра, які раней паставіў у Марыінцы «Падарожжа ў Рэймс» Д.Расіні і «Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева. Прэм’ерай дырыжыраваў В.Гергіеў.
Напрыканцы студзеня 2008 года ў гістарычным будынку Хофбурга ў Вене адбыўся Рускі баль, які ладзіцца пры падтрымцы і асабістым удзеле славутага маэстра В.Гергіева. (Цікава, у якой краіне свету мог бы адбыцца Беларускі баль?). Заўважу, што два альбомы, запісаныя пры ўдзеле аркестра Марыінскага тэатра пад кіраўніцтвам усё таго ж В.Гергіева, вылучаны на прэстыжную прэмію «Грэмі». Адзін з іх -- «Рускі альбом» з Ганнай Нятрэбка -- у катэгорыі «Лепшае выкананне вакальнай класічнай музыкі».
Зорка Марыінскага тэатра знакамітая балерына Дзіяна Вішнева задоўга наперад ведае расклад спектакляў, у якіх танцуе вядучыя партыі і якія адбываюцца ў розных краінах і на розных кантынентах. Напрыканцы мінулага года, у снежні, яна тройчы станцавала балет «Шчаўкунок» у Токіо. Гэтая харэаграфічная казка карыстаецца незвычайнай папулярнасцю ў дарослых і дзяцей падчас Калядаў. У студзені 2008-га Д.Вішнева танцавала «Баядэрку» на сцэне Кенэдзі-Цэнтра ў Вашынгтоне, а 12 лютага ў Лос-Анжэлесе ўдзельнічала ў прэм’еры балета «Beauty in Motion».
А цяпер -- пра навіны айчыннага балетнага мастацтва. Падчас свайго візіту ў Беларусь у снежні 2007-га Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У.Пуцін уручыў мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага тэатра балета В.Елізар’еву медаль Пушкіна. Ганаровая ўзнагарода Расіі прысуджана «за заслугі ў галіне культуры і вялікі ўнёсак у захаванне культурнай
 /i/content/pi/mast/7/164/U-Pecyarburgu2.jpg
Ю.Дзятко (Жызэль), К.Кузняцоў (Альберт).
«Жызэль» А.Адана.
спадчыны». Грунт для ўзаемаразумення відавочны. Пуцін -- «піцерскі». Але ж і Елізар’еў вучыўся менавіта там, у Ленінградскай кансерваторыі, а таму традыцыі пецярбургскай школы дастаткова плённа ўкараняе на беларускай глебе. Ён неаднойчы запрашаў з Меккі балетнага мастацтва ў якасці пастаноўшчыкаў славутых артыстаў, напрыклад, І.Калпакову і М.Далгушына, а таксама сцэнографа В.Окунева.
Напрыканцы снежня ў цікавую творчую вандроўку выправіліся Людміла Кудраўцава і Антон Краўчанка. Па запрашэнні ўрада Масквы і Маскоўскай гарадской думы В.Елізар’еў і гэтыя салісты прымалі ўдзел у канцэрце «Народныя артысты СССР -- ветэранам вайны і працы». Канцэрт ладзіўся ў Калоннай зале Дома Саюзаў, а выконвалі нашы артысты фрагменты са «Спартака» ў харэаграфіі В.Елізар’ева.Не менш цікавае падарожжа чакала творчы дуэт Вольгі Гайко і Мікалая Радзюша. Яны надзвычай паспяхова выступілі на XXI фестывалі «Болдзінская восень», які ладзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе на сцэне Тэатра оперы і балета імя А.Пушкіна. Танцавалі партыі Адэты-Адыліі і прынца Зігфрыда ў «Лебядзіным возеры» і прымалі ўдзел у заключным канцэрце фестывалю, дзе выконвалі адажыо з «Кармэн-сюіты» ў харэаграфіі В. Елізар’ева.
Першая палова бягучага тэатральнага сезона была надзвычай багатай на дэбюты і ўводы. Так, партыю Уладзіміра ў «Страсцях» упершыню станцаваў эфектны і выразны А.Краўчанка, які мае выключныя фізічныя даныя і пераканаўча выконвае ролі як герояў (Адам, Спартак), так і нягоднікаў -- у апошняй якасці нярэдка паўстае Уладзімір. Партыю Ганны, якая прыязджае з Візантыі з місіянерскай мэтай ахрысціць Русь, упершыню выканала маладая Алена Шкатула.
Паступова засвойваюць усё новыя вядучыя партыі салісты І. і А.Яромкіны. Ірына паспяхова станцавала Джульету ў харэаграфічнай версіі шэкспіраўскай трагедыі, Алег -- графа Альберта ў рамантычнай «Жызэлі», а раней -- Зігфрыда ў «Лебядзіным возеры».
На пачатку студзеня ў галоўных партыях балета «Шчаўкунок» дэбютавалі Юлія Дзятко (Маша) і Канстанцін Кузняцоў (Прынц). Салісты, якія перайшлі ў Нацыянальны балет з Дзяржаўнага музычнага тэатра, паслядоўна і мэтанакіравана авалодваюць новым для сябе рэпертуарам. Лірычна-казачная атмасфера «Шчаўкунка» надзіва ўдала адпавядала індывідуальнасці артыстаў. Імя Ю.Кавалёва ўсё часцей згадваюць беларускія аматары балета. Юрый з вялікім імпэтам і цікавасцю паглыбляецца ў стылістыку самых розных вобразаў. Асабліва натуральна і пераканаўча выглядаюць у яго камедыйныя і лірыка-камедыйныя героі. Менавіта такім -- гарэзным, жыццярадасным, схільным да самых розных і нечаканых жарцікаў і розыгрышаў -- выглядаў ягоны Базіль у «Дон-Кіхоце».
Якія ж новыя прэм’еры і дэбюты рыхтуе нам працяг тэатральнага сезона?..