Сем мі­фаў пра Ха­іма Су­ці­на

№ 1 (394) 01.01.2016 - 31.01.2016 г

У 2012 го­дзе для кар­па­ра­тыў­най ка­лек­цыі «Бел­газ­прам­бан­ка» бы­ла на­бы­тая пер­шая ў Бе­ла­ру­сі кар­ці­на Ха­іма Су­ці­на «Вя­лі­кія лу­гі ў Шар­тры». У маі 2013-га ў гэ­тую ж ка­лек­цыю за 1 мі­ль­ён 700 ты­сяч до­ла­раў куп­ле­на яшчэ ад­на яго пра­ца — «Ева». З’яў­лен­не двух ары­гі­на­лаў Су­ці­на на ра­дзі­ме вы­клі­ка­ла ці­ка­васць да вы­ву­чэн­ня бе­ла­рус­ка­га пе­ры­яду жыц­ця зна­ка­мі­та­га мас­та­ка Па­рыж­скай шко­лы, звес­ткі пра які грун­ту­юцца на ле­ген­дах, не­ка­ль­кіх ліс­тах ад род­ных, зной­дзе­ных у май­стэр­ні твор­цы па­сля яго смер­ці.

Сам Су­цін ні­ко­лі не пі­саў ні пра сва­іх род­ных, ні пра стаў­лен­не да ра­дзі­мы, на­адва­рот, кан­чат­ко­ва за­блы­таў да­след­чы­каў, рас­па­вя­да­ючы, што на­ра­дзіў­ся ў Ві­ль­ні, бо па­тлу­ма­чыць, дзе зна­хо­дзяц­ца Смі­ла­ві­чы, бы­ло цяж­ка. Доў­гі час існа­ва­ла мер­ка­ван­не, што Су­цін, з’е­хаў­шы ў Па­рыж, абарваў усе су­вя­зі з ра­дзі­май: ні­ко­лі не ўва­­сабляў Смі­ла­ві­чы, не вёў пе­ра­піс­кі са сва­яка­мі, не лю­біў згад­ваць дзі­ця­чыя га­ды.

Мі­фа­ла­гі­за­цыя дзя­цін­ства Су­ці­на рас­па­ча­ла­ся яшчэ пры яго жыц­ці: за­над­та пры­ваб­лі­ва­ла фран­цуз­скіх да­след­чы­каў маг­чы­масць пад­крэс­ліць кан­трас­ты лё­су — га­ле­чу і га­нен­ні, не­пры­няц­це ся­м’і і сус­вет­ную сла­ву ў Па­ры­жы. Та­кой схе­мы жыц­ця «не­зра­зу­ме­ла­га на ра­дзі­ме ге­нія» час­та пры­трым­лі­ва­лі­ся жур­на­ліс­ты і твор­цы, якія ве­да­лі Ха­іма Су­ці­на аса­біс­та. Ума­ца­ва­ла­ся гэ­тая вер­сія і ў кні­зе Ма­рыі Сця­бе­льс­кай-Ва­ра­б’ё­вай (Ма­рэў­ны), мас­тач­ка кан­так­та­ва­ла з Су­ці­нам у 1930-я. У 1974-м яна на­пі­са­ла кні­гу ўспа­мі­наў «Маё жыц­цё з мас­та­ка­мі “Вул­ля”». Шрай­га Цар­фін (1900—1975), сам ро­дам са Смі­ла­віч, быў адзі­ным, хто апі­саў мес­цаз­на­хо­джан­не ба­ць­коў­ска­га до­ма Су­ці­на.

Но­выя да­дзе­ныя, саб­ра­ныя ў апош­нія га­ды архі­віс­та­мі, кра­язнаў­ца­мі і мас­тац­тваз­наў­ца­мі, раз­ве­ялі не­ка­ль­кі мі­фаў і ле­генд, які­мі на­поў­не­на ран­няя бі­ягра­фія Ха­іма Су­ці­на.

Міф пер­шы: Смі­ла­ві­чы — глу­хое лі­тоў­скае мяс­тэч­ка, адзі­най сла­ву­тас­цю яко­га бы­ла па­жар­ная ве­жа.

Гэ­тая сен­тэн­цыя ван­друе з кніг у арты­ку­лы за­ход­ніх ды рас­ійскіх да­след­чы­каў і жур­на­ліс­таў. Гіс­то­рыю Смі­ла­ві­чаў (ад бал­цка­га «smilga» — за­ліў­ныя лу­гі) мож­на пра­са­чыць з ХVІ ста­год­дзя. Та­ды яно на­ле­жа­ла маг­на­там Агін­скім, якія па­бу­да­ва­лі тут ве­ліч­ны кас­цёл мі­сі­яне­раў, за­фік­са­ва­ны На­па­ле­онам Ордам. У 1860-я бу­ды­нак быў пе­ра­асве­ча­ны ў пра­вас­лаў­ную Тра­ецкую цар­кву, што пра­ста­яла не­кра­ну­тай амаль да кан­ца 1920-х. Па­сля фа­ль­ва­рак пе­ра­йшоў да дзе­да зна­ка­мі­та­га кам­па­зі­та­ра Ста­ніс­ла­ва Ма­нюш­кі, а на­пры­кан­цы ХІХ ста­год­дзя ў якас­ці па­са­гу жон­кі — да ро­ду Ва­нь­ко­ві­чаў. Апош­ні гас­па­дар ся­дзі­бы, Ле­он Да­мі­нік, ці Леў Льво­віч Вань­­ко­віч, быў пра­ктыч­ным і энер­гіч­ным ча­ла­ве­кам. Ма­ёнтак пры ім рас­квіт­неў і пры­но­сіў ня­дрэн­ны пры­бы­так — 3000 руб­лёў срэб­рам. Су­цін час­та ма­ля­ваў на ву­лі­цах мяс­тэч­ка і ў па­рку, улад­ка­ваў­шы­ся пад вер­ба­мі. Ле­ген­да ка­жа, што Леў Льво­віч, уба­чыў­шы ма­ле­нь­ка­га мас­та­ка, даў яму гро­шай на фар­бы.

Кас­цёл і бу­дын­кі ся­дзі­бы ў сты­лі псеў­да­го­ты­кі, ато­ча­най цу­доў­ным па­ркам, по­ўным рэ­дкіх дрэў і кве­так, і фрук­то­вым са­дам, бы­лі га­лоў­най сла­ву­тас­цю Смі­ла­ві­чаў. Ве­ліч­ная архі­тэк­ту­ра не маг­ла не па­ўплы­ваць на ўраз­лі­вую ду­шу юна­га твор­цы, які пі­саў эцю­ды ў па­рку на бе­ра­зе Вол­мы.

Міф дру­гі: Смі­ла­ві­чы — ты­по­вае бо­гам за­бы­тае яўрэй­скае мяс­тэч­ка ў ры­се асе­лас­ці ў Літ­ве.

Гэ­та так ад­но збо­ль­ша­га. Сап­раў­ды, ужо з XVІІІ ста­год­дзя, у ча­сы Рэ­чы Па­спа­лі­тай, Смі­ла­ві­чы бы­лі важ­ным цэн­трам яўрэй­скай рэ­лі­гій­най ку­ль­ту­ры: тут бы­ла рэ­зі­дэн­цыя Вер­хняй акру­гі гру­пы яўрэй­скіх ка­га­лаў. У 1847 го­дзе тут пра­жы­ва­лі 1053 яўрэі. У дзя­цін­стве Су­ці­на там на­ліч­ва­ла­ся 3133 жы­ха­ры, ся­род якіх пе­ра­важ­ная бо­ль­шасць — 2094 — бы­лі яўрэ­ямі. І ўсё ж Смі­ла­ві­чы ад­роз­ні­ва­лі­ся ад іншых мяс­тэ­чак ры­сы асе­лас­ці: тут зна­хо­дзі­ла­ся са­бор­ная мя­чэць — дру­гая па­сля Мін­скай. На­зва «Та­тар­ская сла­ба­да», дзе кам­пак­тна жы­лі та­та­ры, бы­туе ў мяс­тэч­ку і да­гэ­туль. Там друж­на жы­лі лю­дзі роз­ных на­цы­яна­ль­нас­цяў і ве­ра­выз­нан­няў: па­ля­кі, бе­ла­ру­сы, та­та­ры, яўрэі, рус­кія. У Смі­ла­ві­чах бы­лі тры сі­на­го­гі, 12 ма­лі­тоў­ных да­моў, мнос­тва хе­дэ­раў, у ад­ным з якіх ву­чыў­ся Су­цін, і, акра­мя мя­чэ­ці, дзве цар­квы і кас­цёл.

Мяс­тэч­ка цяж­ка на­зваць за­кі­ну­тым: тут пра­ца­ва­лі су­кон­ная фаб­ры­ка і не­ка­ль­кі гар­бар­ных арце­ляў, бы­лі свая па­жар­ная дру­жы­на і па­жар­ная ка­лан­ча. Па пят­ні­цах жы­ха­ры па­во­ль­на шпа­цы­ра­ва­лі па вуз­кіх вяс­ко­вых ву­лі­цах, дзе бы­ло мнос­тва ма­ле­нь­кіх кра­маў. З ра­ні­цы жыц­цё ві­ра­ва­ла на кір­ма­шы, тра­ды­цый­на раз­меш­ча­ным на рын­ка­вай плош­чы, па ве­ча­рах — у шын­ках. Жы­ха­ры лі­чы­лі Смі­ла­ві­чы рай­скім кут­ком з іды­ліч­ны­мі кра­яві­да­мі.

Міф трэ­ці: Су­цін па­хо­дзіў з ве­ль­мі бед­най ся­м’і, у якой ямуцяж­ка жы­ло­ся. Ся­м’я не пад­трым­лі­ва­ла яго за­хап­лен­не жы­ва­пі­сам.

Су­ці­ны (Су­чы­ны) з XVIII ста­год­дзя бы­лі пры­пі­са­ны да Пу­ха­віц­ка­га ка­га­лу, і ме­на­ві­та та­му гэ­ты род архі­віс­ты доў­га не маг­лі знай­сці ся­род смі­ла­віц­кіх яўрэ­яў. Ба­ць­ка Су­ці­на, на­зы­ва­ны то Бо­ру­хам, то Са­ла­мо­нам, апіс­ва­ецца як бед­ны што­па­льш­чык, які ла­таў воп­рат­ку. Але ста­ра­жы­лы ў сва­іх успа­мі­нах за­пэў­ні­ва­юць, што За­лман Май­се­евіч, на­ро­джа­ны ў 1858 го­дзе, быў жа­но­чым краў­цом, аб­шы­ваў мясц­овую шлях­ту. Лю­біў пры­га­вор­ваць: «У ма­ёй су­кен­цы пан­енку і ў тру­ну па­кла­дуць, зно­су не бу­дзе».

За­лман Су­цін быў ве­ль­мі рэ­лі­гій­ным ча­ла­ве­кам, па не­ка­то­рых успа­мі­нах — на­ват па­моч­ні­кам ра­бі­на. Шмат ча­су пра­во­дзіў у чы­тан­ні Тал­му­да і ў гу­тар­ках з іншы­мі знаў­ца­мі То­ры. У ад­каз на апа­вя­дан­ні эман­сі­па­ва­на­га су­се­да, ба­ць­кі Цар­фі­на, за­хоп­ле­на­га но­вы­мі імё­на­мі рус­кай лі­та­ра­ту­ры — Куп­ры­ным, Чэ­ха­вым і Тал­стым, «час­та­ваў яго гіс­то­ры­ямі з Тал­му­да». Ма­ці Су­ці­на, Са­ра Хла­маў­на, бы­ла за­ня­тая кло­па­та­мі аб вя­лі­кай ся­м’і. У пе­ра­на­се­ле­ных Смі­ла­ві­чах пра­цы ўсім не ха­па­ла. Ста­рэй­шыя дзе­ці хут­ка сы­хо­дзі­лі на свой хлеб: сёс­тры вы­хо­дзі­лі за­муж, бра­ты з’яз­джа­лі ў іншыя мяс­тэч­кі, а то і ў Аме­ры­ку. Так, раз­ам з му­жам у ЗША ад­пра­ві­ла­ся ста­рэй­шая сяс­тра Мэ­ры (Мет­ка). Ха­ім ня­доў­га пра­жыў у ба­ць­коў­скай ха­це, ужо ва ўзрос­це 10 га­доў ба­ць­ка ад­даў яго ў на­ву­чан­не да ад­на­го са ста­рэй­шых бра­тоў — краў­ца, у ха­це яко­га бу­ду­чы слын­ны мас­так пра­жыў тры га­ды, не вы­явіў­шы ні­якай ці­ка­вас­ці да кра­вец­ка­га май­стэр­ства. Су­цін бяс­кон­ца ма­ля­ваў — ся­бе, сва­іх сяс­цёр, ма­ці, ра­бі­на. Гэ­та не за­ахвоч­ва­ла­ся ў рэ­лі­гій­ных се­м’ях яўрэ­яў, і Ха­ім зве­даў шмат не­пры­емнас­цяў, звя­за­ных са сва­ім да­рам. У роз­ных кры­ні­цах пе­ра­каз­ва­ецца ле­ген­да аб тым, як пля­мен­нік ра­бі­на збіў яго за парт­рэт дзядзь­­кі. Ба­ць­ка — арта­дак­са­ль­ны яўрэй — тым не менш аб­ара­ніў сы­на: звяр­нуў­ся ў ка­га­ль­ны суд, які пры­му­сіў крыў­дзі­це­ля спла­ціць кам­пен­са­цыю ў 25 руб­лёў — не­ма­лыя та­ды гро­шы, на іх, ні­бы­та, мас­так ад­пра­віў­ся ў Ві­ль­ню. На­сам­рэч гэ­тая гіс­то­рыя вы­гля­дае бо­льш пра­ўда­па­доб­най у пе­ра­ка­зе Шрай­гі Цар­фі­на. Сы­ны 85-га­до­ва­га ста­ро­га, парт­рэт яко­га пі­саў Су­цін, схлу­сіў­шы, што ро­бяць гэ­та па ўка­зан­ні пры­ста­ва, моц­на па­бі­лі Ха­іма кі­ямі. Ба­ць­ка Су­ці­на пад­аў на іх скар­гу. Мі­ра­вы суд­дзя, вы­со­ка­аду­ка­ва­ны не­мец, пры­су­дзіў ві­на­ва­тых да вы­пла­ты штра­фу ў 15 руб­лёў. Су­цін быў у за­хап­лен­ні, бо гэ­та да­зво­лі­ла ку­піць па­лот­ны і фар­бы, а так­са­ма за­пла­ціць за не­вя­лі­кі па­кой­чык, які ён зды­маў у мяс­тэч­ку пад май­стэр­ню.

Ба­ць­ка не пе­ра­шка­джаў 15-га­до­ва­му Ха­іму на­ву­чац­ца ў мас­тац­кай шко­ле Янке­ля Кру­ге­ра ў Мін­ску. З да­па­мо­гай аб­шчы­ны Су­ці­ну ўда­ло­ся знай­сці мес­ца па­моч­ні­ка рэ­ту­шо­ра, і ён мог за­раб­ляць на ся­бе сам, на­ват ад­па­чы­ваў «на Бал­ты­цы». Ка­ле­гі па шко­ле Трут­не­ва ўспа­мі­на­лі яго­ны за­ўсё­ды чыс­ты і аку­рат­ны мун­дзір.

У па­чат­ку 1930-х, ка­лі да Смі­ла­ві­чаў да­йшлі чут­кі пра по­спе­хі Ха­іма ў Па­ры­жы, ба­ць­ка пе­рад­аў яму праз Сэ­ма Цар­фі­на ліст, у якім пры­зна­ваў, што біў Ха­іма, але, ві­даць, гэ­та па­йшло яму на ка­рысць — ён стаў пан­ам. Ба­ць­ка ра­іў не тран­жы­рыць, а збі­раць гро­шы, пры­ехаць і да­па­маг­чы ся­м’і, ку­піць лод­ку, ад­ра­ман­та­ваць дом. Ха­ім не­ка­ль­кі раз­оў вы­сы­лаў гро­шы ся­м’і, але так і не пры­ехаў на ра­дзі­му праз страх быць не вы­пуш­ча­ным на­зад. Ся­м’я за­хоў­ва­ла ра­бо­ты Ха­іма: да­ва­енны аўта­пар­трэт, парт­рэ­ты ма­ці і сяс­тры Мэ­ры ў пен­снэ ві­се­лі ў ха­це ма­лод­шай сяс­тры Этэ­лі, у ся­м’і якой у 1930-я да­жы­ва­ла свой век Са­ра — ма­ці. У лі­та­ра­ту­ры згад­ва­юцца ліс­ты Су­ці­на на ідыш з Ві­ль­ні да ся­м’і, дзе ён скар­дзіц­ца на на­цы­яна­ль­ны пры­гнёт у шко­ле Трут­не­ва. Ха­ім Су­цін вёў пе­ра­піс­ку з ма­ці, ма­лод­шай і ста­рэй­шай сёс­тра­мі. Кэ­нет Гро­гер, унук Мэ­ры, на­ве­даў Смі­ла­ві­чы і ўспа­мі­наў, што ба­бу­ля не­адклад­на па­сла­ла яму за­пра­шэн­не ў ЗША, ка­лі па­ча­ла­ся аку­па­цыя Па­ры­жа. Су­цін ад­мо­віў­ся ад эміг­ра­цыі.

Міф чац­вёр­ты: Су­цін — ля­даш­чы эпі­леп­тык з па­шко­джа­ным во­кам.

Су­цін быў дзя­ся­тым з адзі­нац­ца­ці дзя­цей шаў­ца — дзіў­ны і не па­д­об­ны да іншых ужо з дзя­цін­ства. Увесь час уця­каў з до­му ў ля­сы, не быў пры­ста­са­ва­ны да ра­мес­ніц­кай пра­цы. Гэ­та пры­зна­юць усе, хто яго ве­даў. Цар­фін ка­заў, што «ён быў за­над­та не­звы­чай­ны на­ват для Па­ры­жа». Час­та яго апіс­ва­юць як ма­ле­нь­ка­га вы­рад­ка — з па­шко­джа­ным ле­вым во­кам, хліп­ка­га, кво­ла­га і хво­ра­га, схі­ль­на­га да не­выт­лу­ма­ча­ль­ных пры­пад­каў, «з ва­чы­ма за­цка­ва­на­га зве­ра», як вы­ка­заў­ся Ілля Эрэн­бург. Не­ка­ль­кі ран­ніх гра­тэс­ка­вых аўта­пар­трэ­таў Су­ці­на свед­чаць пра не­за­да­во­ле­насць ім сва­ёй знеш­нас­цю. Парт­рэ­ты Су­ці­на пэн­дзляў Ма­дзі­ль­яні, Кі­ко­іна, Ма­рэў­ны, Крэ­ме­ня і фа­таг­ра­фіі 1920-х фік­су­юць іншае: пры­са­дзіс­тую моц­ную по­стаць, зу­сім не се­міц­кую знеш­насць, зграб­ныя ру­кі з тон­кі­мі па­ль­ца­мі, жы­выя, вя­сё­лыя, пра­нік­лі­выя во­чы. Ні за­цка­ва­на­га вы­гля­ду, ні па­шко­джан­ня во­ка на гэтых партрэтах не ві­даць, хоць сап­раў­ды, па ўспа­мі­нах, у Су­ці­на быў не­рво­вы цік ле­ва­га во­ка. Ён, без­умоў­на, быў ча­ла­ве­кам ба­ге­мы, але з аб­ая­ль­най знеш­нас­цю. Мно­гія адзна­ча­юць Ха­іма­ву са­рам­лі­васць, якая су­мяш­ча­ла­ся з ха­рыз­ма­тыч­нас­цю і ўмен­нем да­ма­гац­ца свай­го: па­сля пра­ва­лу на ўступ­ных іспы­тах ён здо­леў атры­маць дру­гі ша­нец і па­сту­піць у шко­лу Трут­не­ва, са сля­за­мі мо­ля­чы вы­клад­чы­ка Іва­на Ры­ба­ко­ва аб пе­ра­зда­чы іспы­ту. Пра яго аб­ая­ль­насць свед­чыць і ўва­га не­­каль­­кіх не­арды­нар­ных жан­чын; у ад­да­ных і ба­га­тых сяб­ро­вак у яго не бы­ло не­да­хо­пу, на­ват ка­лі ён быў бед­ны. А ка­лі ён стаў ба­га­ты і за­вёў ква­тэ­ры ў Па­ры­жы, якія па­ста­янна мя­няў, аўта­ма­біль з кі­роў­цам, прэ­тэн­дэн­так на яго­нае сэр­ца бы­ло да­стат­ко­ва. Су­цін, не­ка­ль­кі раз­оў ад­прэ­ча­ны ў юнац­кас­ці, не ажа­ніў­ся, бо мер­ка­ваў, што не мо­жа мець дзя­цей. Ад­нак ад­на з яго ка­ха­нак — Дэ­бо­ра Мель­­нік — на­ра­дзі­ла яму да­чку Эмэ, якую ён так і не пры­знаў. То­ль­кі страх пе­ра­сле­ду пад­час Дру­гой сус­вет­най вай­ны і аб­вас­трэн­не язвы змя­ні­лі яго ха­рак­тар і знеш­насць да гор­ша­га, але ж у той час яму бы­ло ўжо амаль 50 га­доў.

Міф пя­ты: Су­цін не атры­маў пры­стой­най мас­тац­кай ад­ука­цыі на ра­дзі­ме і сфар­ма­ваў­ся як мас­так у Па­ры­жы.

Су­цін пры­ехаў у Па­рыж па­сля ча­ты­рох га­доў сіс­тэ­ма­тыч­на­га на­ву­чан­ня. Гэ­та, ка­жу­чы су­час­най мо­вай, ся­рэд­няя мас­тац­кая ад­ука­цыя — на ўзроў­ні ву­чы­ліш­ча. Шко­ла Кру­ге­ра ў Мін­ску, у якой Ха­ім пра­ву­чыў­ся ўся­го не­ка­ль­кі ме­ся­цаў, ме­ла на мэ­це пад­рых­тоў­ку да па­ступ­лен­ня ў Ака­дэ­мію мас­тац­тваў у Пе­цяр­бур­гу. Мас­тац­кая шко­ла ака­дэ­мі­ка Іва­на Трут­не­ва да­ва­ла ўро­кі моц­на­га рэ­аліс­тыч­на­га жы­ва­пі­су. Су­цін быў ад­ным з леп­шых вуч­няў гэ­тай шко­лы. Ран­нія пра­цы Ха­іма Су­ці­на (да 1915 го­да) не­вя­до­мыя. На аўкцыё­нах у Па­ры­жы бы­лі вы­стаў­ле­ныя не­ка­то­рыя ран­нія тво­ры, вы­ка­на­ныя ў ду­ху Ка­ро, у мяк­кай жы­ва­піс­най ма­не­ры. Спра­ба­ваў Су­цін пі­саць кар­ці­ны на яўрэй­скую тэ­ма­ты­ку, пра што рас­каз­ваў Кі­ко­ін, які па­зі­ра­ваў яму ў якас­ці мер­цвя­ка на бе­лых пра­сці­нах. Вя­лі­кую ро­лю ад­ыграў дух ста­ро­га го­ра­да, ку­ды Су­цін тра­піў пас­ля Мін­ска і дзе пра­жыў 4 га­ды. Ві­ль­ня ўраж­ва­ла яго не то­ль­кі ба­роч­ным аб­ліч­чам шмат­лі­кіх са­бо­раў і вуз­кіх ву­ла­чак, але і вы­ста­ва­мі мас­та­коў роз­ных на­прам­каў, перш за ўсё сім­ва­ліс­таў і «мі­ріс­кус­ні­каў»-рэ­трас­пек­ты­віс­таў. У 1911-м ад­бы­ла­ся па­смя­рот­ная вы­ста­ва Мі­ка­лая Чур­лё­ні­са, у 1909-м — Мсціс­ла­ва Да­бу­жын­ска­га. Су­цін быў за­ўсёд­ні­кам га­лёр­кі тэ­атра, веч­на за­ка­ха­ным у акцё­рак і спя­ва­чак. Так што ку­ль­тур­ны шок, які быц­цам бы пе­ра­жыў мас­так з-за пе­ра­езду ў Па­рыж з бо­гам за­бы­тых Смі­ла­ві­чаў, моц­на пе­ра­бо­ль­ша­ны.

Бяс­кон­цае на­вед­ван­не Луў­ра ў Па­ры­жы, пры­ват­ныя ака­дэ­міі, уплыў бо­льш пад­рых­та­ва­ных сяб­роў і атмас­фе­ра сва­бо­ды (яе час­та апіс­ва­юць як «не­ба Па­ры­жа») за­вяр­шы­лі жы­ва­піс­ную аду­ка­цыю Су­ці­на.

Міф шос­ты: усе сва­які Су­ці­на за­гі­ну­лі ў яўрэй­скім ге­та ў па­чат­ку вай­ны.

Доў­гі час лі­чы­ла­ся, што ся­м’я Су­ці­на за­гі­ну­ла ў Смі­ла­віц­кім ге­та ў 1941 го­дзе. Апо­ве­ды пра тое ван­дру­юць па бе­ла­рус­кіх яўрэй­скіх вы­дан­нях. Гэ­та не так. Па­вод­ле да­ку­мен­таў з ся­мей­на­га архі­ва род­най пля­мен­ні­цы мас­та­ка Ні­ны Фе­ра­пон­та­вай, да­чкі ма­лод­шай сяс­тры Этэль, ба­ць­ка май­стра па­мёр у 1932 го­дзе, праз не­ка­ль­кі га­доў — ста­рэй­шы брат Янкель. Ма­ці Су­ці­на па­сля смер­ці му­жа жы­ла ў до­ме Этэль, дзе і па­мер­ла ў 1938-м, на два га­ды пе­ра­жыў­шы сваю да­чку. Усе чац­вё­ра па­ха­ва­ныя на яўрэй­скіх Смі­ла­віц­кіх мо­гіл­ках. Ся­род аца­ле­лых над­ма­гіл­ляў 1930-х га­доў ва­лан­цё­рам з Кі­ева ўда­ло­ся знай­сці ма­гі­лу За­лма­на Су­ці­на і дзве без­ымен­ныя по­бач, маг­чы­ма, яго жон­кі і ма­лод­шай да­чкі.

Іншыя сёс­тры і бра­ты Су­ці­на і іх дзе­ці, якія жы­лі ў Смі­ла­ві­чах, здо­ле­лі сво­еча­со­ва эва­ку­явац­ца дзя­ку­ючы му­жу ма­лод­шай сяс­тры Су­ці­на Ша­ло­му Цу­кер­ма­ну. Ён пра­ца­ваў у сель­са­ве­це і здо­леў зда­быць пад­во­ды з ко­нь­мі ўжо ў пер­шыя дні па­чат­ку вай­ны. Ён і вы­вез сва­якоў жон­кі са Смі­ла­ві­чаў у Таш­кент. У Ха­іма Су­ці­на му­сі­ла быць ка­ля двац­ца­ці пля­мен­ні­каў. Сум­неў­на, каб ён ве­даў імё­ны ўсіх. Лёс рас­кі­даў іх па ўсім све­це.

Міф сё­мы і апош­ні: у жы­ва­пі­се Су­ці­на, у ад­роз­нен­не ад твораў Ша­га­ла, не ўтрым­лі­ва­ецца зга­дак пра ра­дзі­му.

Гэ­ты міф аб­вер­гнуць ця­жэй за ўсё: ся­род на­зваў кар­цін Су­ці­на, сап­раў­ды, ні разу не сус­тра­ка­юцца ні Смі­ла­ві­чы, ні іншыя ге­агра­фіч­ныя мес­цы Бе­ла­ру­сі. Кан­траст з Ша­га­лам, які да кан­ца дзён за­хоў­ваў у па­мя­ці род­ны Ві­цебск і на­тхняў­ся дзі­ця­чы­мі і юнац­кі­мі ўспа­мі­на­мі (не па­жа­даў­шы, аднак, на­ве­даць па­сля­ва­енны Ві­цебск і ма­гі­лы род­ных, каб па­збег­нуць стрэ­су), ві­да­воч­ны. У Су­ці­на і не маг­ло быць кар­цін з ад­сыл­ка­мі на ра­дзі­му: ён меў іншую, чым у Ша­га­ла, мас­та­коў­скую мен­та­ль­насць. Ён умеў пі­саць і пі­саў то­ль­кі з на­ту­ры. Але на яго­ных кар­ці­нах рэ­аль­насць на­сто­ль­кі тран­сфар­ма­ва­ная, што на­гад­вае гра­тэск. Та­лент Су­ці­на грун­та­ваў­ся «на во­ку», а не на ўяў­лен­ні. Фан­тас­тыч­ны, дзіў­ны па на­сы­ча­нас­ці су­ці­наў­скі ко­лер ішоў вы­ключ­на ад асаб­лі­ва­га ба­чан­ня на­ту­ры, ня­хай тое бу­дуць гла­ды­ёлу­сы, аўта­пар­трэт, па­моч­нік ку­ха­ра ці бы­чы­ная ту­ша.

Гэ­тае ба­чан­не на­ту­ры і ўспры­ман­не ко­ле­ру на­бы­ва­ецца ў дзя­цін­стве ці да­дзе­на ад пры­ро­ды? Усмок­тва­ецца з пер­шы­мі ўра­жан­ня­мі — у драў­ля­ным до­ме ся­род ля­соў і па­лёў. Псі­ха­ана­лі­ты­кі не­здар­ма шу­ка­юць дзі­ця­чыя траў­мы ў не­звы­чай­ных па­во­дзі­нах да­рос­ла­га ча­ла­ве­ка. Ча­му вы­дат­ныя ка­ла­рыс­ты — Ша­гал і Су­цін — вы­рас­лі ся­род бе­ла­рус­кай пры­ро­ды, дзе па­ўго­да зі­мы і ўсё за­ме­ша­на на шэ­ра­нь­кіх ахра­ма­тыч­ныя то­нах? Рэ­акцыя на шэ­ры — пра­га актыў­на­га ярка­га ко­ле­ру?

Час­та цы­та­ва­ныя гіс­то­рыі з пра­тух­лы­мі акры­ваў­ле­ны­мі ту­ша­мі ў май­стэр­ні, якія мас­так не да­зва­ляў вы­кі­даць, ня­гле­дзя­чы на сму­род, зра­зу­ме­лыя. Ён быў моц­на пры­вя­за­ны да на­ту­ры, да яе пло­ці. З та­ко­га пун­кту по­гля­ду, як ні дзіў­на, Ха­ім Су­цін па­вод­ле ме­та­ду — рэ­аліст-арта­докс.

У Су­ці­на ня­ма кам­па­зі­цый і сю­жэт­ных кар­цін у агу­ль­нап­ры­ня­тым сэн­се гэ­та­га сло­ва, а ёсць то­ль­кі по­ста­ці, парт­рэ­ты і пры­ро­да як пад­ста­ва для эма­цый­най ко­ле­ра­вай жы­ва­піс­най раз­рад­кі — фан­тас­тыч­най па энер­ге­ты­цы. Мно­гія ма­ты­вы яго­ных кар­цін — суб­лі­ма­ва­ныя ўспа­мі­ны дзя­цін­ства пра бед­ны дом і рас­кош­ны па­лац з па­ркам дзе­сь­ці по­бач: гла­ды­ёлу­сы, па­ла­цы, дзе­ці, што бя­гуць ад на­ва­ль­ні­цы... А га­лоў­нае — дрэ­вы, на якіх, па­вод­ле ўспа­мі­наў, ён улад­коў­ваў­ся ў дзя­цін­стве, уця­ка­ючы з ха­ты. Яны як жы­выя істо­ты. Ха­іма Су­ці­на на­зы­ва­юць экс­прэ­сі­яніс­там («экс­прэ­сія» — бур­ны рух) праз за­ві­руш­ны бур­лі­вы жы­ва­піс, ды­на­міч­ны ма­зок, то-бок ды­на­мі­ку пра­цы пэн­дзля.

Рэ­пра­дук­цыя не пе­рад­ае эфек­ту ко­ле­ру кар­цін Су­ці­на. Іх трэ­ба ба­чыць жыў­цом, у па­ўцём­най му­зей­най пра­сто­ры, асвет­ле­най скі­ра­ва­ным свят­лом. Ка­жуць, у за­ле, дзе ра­бо­ты Ха­іма Су­ці­на ві­сяць ся­род прац іншых мас­та­коў, да яго па­лот­наў цяг­не як маг­ні­там.

Су­цін — твор­ца скла­да­ны для раз­умен­ня. Яго­ныя кар­ці­ны не ра­ду­юць, хут­чэй ураж­ва­юць. Шчас­ны фі­нал ка­р’е­ры жы­ва­піс­ца і тра­гіч­ная гі­бель ад хва­ро­бы ў аку­па­ва­ным фа­шыс­та­мі Па­ры­жы ў рос­кві­це мас­тац­кіх сі­лаў, ба­гем­ны стыль па­во­дзі­наў спа­ра­дзі­лі шмат ле­генд ад су­час­ні­каў. Са­мо жыц­цё ста­ла ле­ген­дай. Дэ­мі­фа­ла­гі­за­цыя бі­ягра­фіі Су­ці­на, асаб­лі­ва ран­няй, по­шук но­вых да­ку­мен­таў і свед­чан­няў — важ­ная за­да­ча да­след­чы­каў.

Надзея УСАВА