Найбольш кантрастаў — у лёсе гістарычных цэнтраў двух гарадоў. Сусветна вядомыя кранальныя фотаздымкі жыхароў Варшавы, якія разбіраюць цагляныя завалы на руінах знішчанага Старога горада. Гэтыя цагліны будуць старанна ачышчаныя і нанава складзеныя ў муры адбудаванай Старуўкі — гістарычнага сэрца польскай сталіцы, зараз уключанай у спіс Сусветнай спадчыны
ЮНЕСКА як «выбітны прыклад амаль поўнага аднаўлення гарадскога аблічча, сфармаванага ў перыяд з XIII па XX стагоддзі». Працоўны запал мінчан на пасляваенных руінах сталіцы таксама захаваны на тагачасных фота. Аднак цагліны (пераважна бабруйскі «Разенберг»), жалеза і іншыя прыдатныя да выкарыстання рэчы ніколі больш не стануць часткай гістарычнай забудовы, а паслужаць матэрыялам для ўзвядзення новых дамоў. У палімпсесце цела Мінска ягоны самы плённы аўтэнтычны пласт будзе старанна сцёрты і заменены шырынёй вуліц, зелянінай паркаў і «сталінскім ампірам» архітэктуры. Цэнтр губернскага Менска будзе захаваны толькі фрагментарна — там, дзе аскепкі былой велічы можна было інтэграваць у новую забудову. Парадаксальна, але мінскі праспект Незалежнасці, які пахаваў пад сабою гістарычны горад, нядаўна ўключаны ў нацыянальны спіс на атрыманне статусу аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — у якасці «ўнікальнага архітэктурнага ансамбля, спраектаванага ў адзіным стылі».
У адрозненне ад мінскіх калегаў, якія намагаюцца не рэфлексаваць наконт назаўжды змянілых іх сталіцу драматычных падзей сярэдзіны мінулага стагоддзя, варшаўскія супольнасці мастакоў, гісторыкаў і архітэктараў аддаюць перавагу дыскусіям. Сёмы па ліку фестываль «Варшава ў будове», зладжаны сумесна варшаўскім Музеем сучаснага мастацтва і Музеем Варшавы, быў цалкам прысвечаны калізіям паваеннай рэстаўрацыі.
Асноўная выстава фестывалю мела назву «Спрэчка аб рэканструкцыі» і месцілася ў пустым будынку былой сярэдняй школы, прызначаным да зносу з нагоды перадачы інвестарам пад будаўніцтва хмарачоса. Сярод звычайнай энтрапіі закінутасці — стылёва экспанаваныя гістарычныя дакументы: фатаграфіі, малюнкі і планы, уперамешку з творамі сучасных мастакоў. Выстава дае ўяўленне пра маштабы разбурэнняў — а яны праз сваю ўсвядомленасць і мэтанакіраванасць з боку акупантаў былі настолькі значнымі, што ўлады сур’ёзна абмяркоўвалі прапанову не адбудоўваць горад, а, перанёсшы сталіцу ў Лодзь, пакінуць руіны нашчадкам у якасці антываеннага помніка. Уласна экспазіцыя «Спрэчкі» складаецца з дзвюх частак. Першая прысвечана «Бюро адбудовы сталіцы» — архітэктурнай майстэрні, што з 1945 па 1956 год займалася адраджэннем Варшавы. Мы робімся сведкамі непрымірымай сутычкі «кансерватараў», якія намагаліся, наколькі гэта магчыма, дакладна рэканструяваць архітэктурную спадчыну, і «мадэрнізатараў» — прыхільнікаў будаўніцтва «ўзорнага сацыялістычнага горада» наноў. Выстава дае магчымасць пабачыць альтэрнатыўныя версіі адбудовы і параўнаць іх з наяўнымі яе вынікамі.
Агульны пасыл куратараў — відавочна левы, бо падае пасляваенную рэканструкцыю ў якасці сродку пераадолення крызісу Варшавы даваеннай. Насуперак сучаснаму сентыментальнаму міфу аб страце ідэалізаванага «Парыжа Усходу» першай паловы ХХ стагоддзя, выстава паказвае нам працэс адбудовы як няпросты вынік сапраўдных і прафесійных спрэчак, якія «не былі ні капрызам камуністычных уладаў, ні выразам эмоцый, але метадам планавання, што глыбока караніўся ў дыскусіях гарадскіх планаўшчыкоў да разбурэння горада ў 1944». Супрацоўнікі Варшаўскага бюро змаглі выкарыстаць свой гістарычны шанец: замест цеснага, перанаселенага, з нястачай адпаведнай інфраструктуры і зеляніны горада — закласці сучасны мегаполіс, які не толькі эфектыўна выконвае функцыі сталіцы, але змог паспяхова аднавіць і прымножыць сваё насельніцтва, атрымаць новае архітэктурнае аблічча і стаць па-сапраўднаму зялёным. Пры гэтым пераканаўча рэканструяваўшы ключавыя архітэктурныя аб’екты нацыянальнай спадчыны.
Другая частка выставы — аб праблемах, якія Мінск пакуль шчасліва пазбягае. Яны персаналізаваныя выявамі дзвюх асобаў. Адна — алеем на шматлікіх сацрэалістычных палотнах, у рамах за шклом, сярод іншых экспанатаў; другая — неонам, у манументальным памеры, наўпрост на сцяне выставачнага будынку. Гэта Баляслаў Берут і Іаланта Бжэска. Першы — камуністычны кіраўнік Польшчы, імем якога, дарэчы, названая адна з мінскіх вуліц, і грамадская актывістка, трагічна загінулая пры нявысветленых абставінах у 2011 годзе. Сучасныя канфлікты з’яўляюцца прамымі наступствамі так званага дэкрэта Берута, што быў прыняты савецкім кіраўніцтвам Польшчы ў кастрычніку 1945 года, паводле якога ўся зямля ў даваенных межах Варшавы была нацыяналізаваная. З аднаго боку, развязаўшы рукі будаўнікам, гэты спрэчны дэкрэт зрабіў магчымым аднаўленне сталіцы. З іншага — парушыўшы канстытуцыйнае права ўласнасці, падрыхтаваў глебу для будучых судовых іскаў з боку былых уладальнікаў і іх спадчыннікаў. Працэс рэпрыватызацыі варшаўскай нерухомасці, які з кожным годам набірае абароты ды тычыцца многіх тэрыторый і будынкаў грамадскага і жылога прызначэння, стаў вельмі траўматычным як для грамадскай тканіны горада, так і для гараджан — прыватных арандатараў рэпрэватызаванага жылля. Відэаінсталяцыі разам з рэальнымі ўлёткамі, банерамі, фотакопіямі афіцыйных лістоў і зваротаў і нават мэбляй з кватэр выселеных людзей ілюструюць барацьбу за правы жыхароў, якую вяла і іконай якой стала спаленая Бжэска.
Наступная выстава ў межах фестывалю, прадстаўленая ў выставачным павільёне факультэта архітэктуры Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта, завецца «Радыкальная педагогіка: рэканструюючы архітэктурную адукацыю». Яна прысвечана новым падыходам у выкладанні архітэктуры і гарадскога планавання і, па словах куратараў, «заклікае нас даследаваць працэс падрыхтоўкі спецыялістаў, якія — гэтак жа, як і іх папярэднікі перыяду аднаўлення, — будуць мець значны ўплыў на форму нашага горада». Тут дэманстравалася каля васьмідзесяці эксперыментаў у галіне архітэктурнай педагогікі, падрыхтаваных навукоўцамі з усяго свету.
Зразумела, не менш значнымі за экспазіцыйны складнік «Радыкальнай педагогікі» сталі сустрэчы і семінары з аўтарамі выставы — міжнароднай групай архітэктараў, горадабудаўнікоў і тэарэтыкаў архітэктуры.
Гэта яшчэ не ўсё, бо фестываль суправаджала вельмі насычаная праграма падзей, прысвечаных заяўленай тэме, — лекцыі, дыскусіі, дзіцячыя варкшопы. Арганізатары добра папрацавалі не толькі з архівамі, архітэктарамі і мастакамі, але і з медыя. Як вынік — вялікая прэса, шмат узгадванняў у Сеціве, сапраўдныя слоўныя баталіі ў заангажаваных супольнасцях маркіравалі грамадскую ўвагу і цікавасць да праекта.
Так ёсць у Варшаве, а што з Мінскам? Якія факты і меркаванні патэнцыйна падлягаюць дыскусіям і спрэчкам? Заслугоўваюць нечага падобнага варшаўскім падзеям?
У сучасным беларускім грамадстве няма адназначнай ацэнкі жорсткай паваеннай адбудовы сталіцы. Афіцыйная рыторыка, заснаваная на савецкіх гістарычных міфах, вітае аднаўленне Мінска, бо новы горад на месцы «руінаў і попелу, пакінутых нямецкімі акупантамі», стаў лепшым, больш сучасным і зручным для жыхароў. Слушныя пярэчанні апанентаў постсавецкай трактоўкі пасляваеннай трагедыі Мінска зводзяцца да таго, што гістарычная забудова не была канчаткова разбураная. Трэба было аднаўляць горад, але «прыхадні» — расійскія архітэктары — вырашылі, выкарыстаўшы зручную нагоду, знішчыць гістарычны Менск і пабудаваць новы горад «з чыстага аркуша».
Абодва бакі маюць рацыю, кожны ў сваёй парадыгме эстэтычных і, найперш, этычных каардынатаў. Ці мае сэнс дыскутаваць з такіх палярных пазіцый, разважаючы, ці добра было рабіць так/гэтак і ці прыдатны ўмоўны лад у дачыненні да гісторыі архітэктуры?
Але будзем прытрымлівацца фактаў. І спачатку пра страты. Нягледзячы на тое, што знакавыя мінская будынкі патэнцыйна падлягалі аднаўленню, у найгоршых выпадках гэта былі «каробкі» (муры з выпаленымі дахам і драўляным начыннем) — падчас пасляваеннай рэканструкцыі была знішчана пераважная большасць гістарычных лэндмаркаў Мінска. Палац графа Чапскага, мінская кірха, забудова раёна Замчышча, Дамініканскі сабор у ліку астатняй вуліцы Савецкай (былой Захар’еўскай), Мінская гарадская вежа на плошчы Свабоды — гэты трагічны спіс можна доўжыць і доўжыць. Аддзел аховы помнікаў, створаны ў складзе Упраўлення па справах архітэктуры пры Саўнаркаме БССР, быў няздольны эфектыўна абараніць архітэктурную спадчыну і часцяком папросту каталізаваў годныя памкненні горадабудаўнікоў на нішто. Напрыклад, аб’яўлены аддзелам у 1949 годзе адкрыты конкурс на складанне эскізнага праекта рэстаўрацыі і рэканструкцыі згаданай Мінскай вежы так і не адбыўся, а сама вежа была зруйнаваная.
Цікава, але камісія масцітых савецкіх архітэктараў (камісія Камітэта па справах архітэктуры пры СНК СССР), запрошаных у 1944-м, сярод іншага вызначала Мінск як горад еўрапейскага тыпу і, высока ацэньваючы яго архітэктурныя помнікі, раіла іх захаваць. Распрацаваны камісіяй «Эскіз планіроўкі Мінска», якога прытрымліваліся два гады — да зацвярджэння генеральнага плана, — нават прадугледжваў пракладку цэнтральнага праспекта не праз руйнаванне вуліцы Савецкай, а па паралельнай і параўнальна свабоднай ад забудовы вуліцы Кірава. Сляды плана 1944 года нясе слынная «брама Мінска» — адзінаццаціпавярховыя гмахі-блізняты насупраць Цэнтральнага вакзала. Гэта брама ў нікуды — бо за ёй павінна была пачынацца галоўная мінская магістраль, а засталася толькі невялікая вулачка.
Ігнаруючы рэкамендацыі экспертаў, датычныя захавання гістарычнага характару забудовы сталіцы, распрацоўшчыкі генеральнага плана 1946 года засяродзіліся на больш радыкальных прапановах «Эскіза», які гэтыя радыкальнасці легітымізаваў. Так, артаганальная гістарычная планіроўка Мінска ператваралася ў радыяльна-кальцавую. Цэнтр сталіцы сфармавала моцнае скрыжаванне двух перпендыкулярных дыяметраў — водна-зялёнага і галоўнага праспекта. Пры гэтым апошні ствараў сістэму паркаў — зялёных зонаў і рэзервуараў чыстага паветра, так бы мовіць — дыхальны калідор, праз які ветравыя плыні вентылююць горад.
Генеральны план 1946 года, што перадвызначыў лёс Мінска на далейшыя дзесяцігоддзі (да 1963-га, калі быў распрацаваны наступны генеральны план) і працягвае ўплываць на сталічную штодзённасць, нёс Мінску татальную перапланіроўку і пераразмеркаванне гарадскіх функцый. Ідэальны савецкі горад паўставаў на месцы старога — рэгулярная сістэма забудовы новага сацыялістычнага Мінска была цалкам процілеглай гістарычна складзенаму хаатычнаму характару забудовы Мінска былога, капіталістычнага. Дальнабачныя горадабудаўнічыя вырашэнні 1946 года прадугледжвалі закладзеныя на будучыню шырокія вуліцы; шчыльнасць жылой забудовы, узгодненую са шчыльнасцю насельніцтва; функцыянальнае занаванне гарадской прасторы, дзе камбінацыя грамадскай і жылой зонаў займае геаграфічны цэнтр, у той час як індустрыяльныя сектары з нададзенай ім аўтаномнай жылой забудовай размяшчаюцца ў перыферыйных раёнах. Дарэчы, пабудаваныя пасля вайны ў межах Мінска моцныя прамысловыя вузлы не толькі спрыялі ягонаму хуткаму эканамічнаму і папуляцыйнаму росту, але і сталі асновай сучаснага моцнага індустрыяльнага патэнцыялу.
Савецкія дойліды, нанава ствараючы горад, кіраваліся горадабудаўнічымі ідэямі савецкага ж мадэрнізму, але гэта быў «мадэрнізм з таталітарным фасадам» — па ўдалым вызначэнні ўрбаністкі Аляксандры Смірновай. Бо акрамя структурных зменаў, адпаведных эканамічным і сацыяльным патрабаванням, Мінск атрымаў цэльны ансамбль гарадскога цэнтра, які сімвалічна рэпрэзентаваў патрабаванні ідэалагічныя. На прасторах тагачаснага СССР у якасці афіцыйнага стылю панавалі разнапланавыя дэвіяцыі класіцызму, яны пазней будуць умоўна абагуленыя тэрмінам «сталінскі ампір». Менавіта ў такой класіцызуючай таталітарнай стылістыцы вырашана цэнтральная кампазіцыйная вось Мінска — сучасны праспект Незалежнасці. Ягоны ўрачысты характар, манументальны маштаб, а таксама геаграфічная накіраванасць на восі Брэст—Масква даюць падставы канцэптуалізаваць яго як узорна-паказальную «браму ў Савецкі Саюз». Першынство такой інтэрпрэтацыі належыць архітэктару-рэстаўратару Вадзіму Глінніку, навуковаму кіраўніку архітэктурнага ансамбля праспекта Незалежнасці. Праспект быў прызваны наяўна дэманстраваць перавагі сацыялістычнага строю падарожніку з Захаду на шляху да цэнтру сацыялістычнай імперыі — Масквы. Транзітнасць успрыняцця і нават пэўная сімвалічнасць праспекта паказальныя ў кантрасце арнаменталізаванай параднасці і рэпрэзентатыўнасці фасадаў з поўнай адсутнасцю дэкаратыўных упрыгожанняў на дваравых паверхнях тых жа самых будынкаў.
Адчуванне Мінска як грандыёзнай дэкарацыі агучыў у сваім канцэпце «Горада СОНца» мастак Артур Клінаў. Галоўная магістраль горада, на вось якой паслядоўна «нанізаныя» гіганцкія плошчы і ўздоўж якой пашыхтаваліся рады дамоў-палацаў, бачыцца Клінаву сімулятыўнай мадэллю Ідэальнага Горада Вялікай Камуністычнай Утопіі. Гэтая ўражальная і велічная мадэль не магла быць рэалізаваная ў Маскве ці Ленінградзе, бо вымагала поўнага ачышчэння пляцоўкі пад сваю будоўлю — а гэта значыць знішчэнне горада гістарычнага, сапраўднага.
Горад — лакалізаваная ў прасторы і часе арэна барацьбы паміж рознымі супольнасцямі. Сляды гэтай барацьбы адлюстроўваюцца ў яго зменах, часцяком даволі брутальных. У саракавыя-пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя сацыяльна-палітычныя абставіны склаліся такім чынам, што новая, штучна сфармаваная нават не супольнасць, а сацыялістычная фармацыя атрымала магчымасць радыкальна перамагчы былую, капіталістычную, сляды якой захоўваў гістарычны Мінск. Шанцаў на адбудову гістарычнай спадчыны не засталося — носьбіты нацыянальнага дыскурсу былі старанна вынішчаны падчас сталінскіх чыстак. Сярод дойлідаў, датычных да аднаўлення Мінска, толькі адзінкі былі тутэйшымі — і тыя не на самых першых ролях. Увогуле нацыяналізм знаходзіўся пад ідэалагічным прыгнётам — прытрымлівацца нацыянальна арыентаваных ідэяў было папросту небяспечна. Панцеляймон Панамарэнка — этнічны ўкраінец і партыйны функцыянер — узначальваў ЦК КП БССР да 1947-га, фактычна быў уладаром рэспублікі, паўнамоцтвы якога абмяжоўваліся адно вышэйшай маскоўскай партыйнай уладай. І лідарам той самай пазанацыянальнай супольнасці, што была заангажаваная ў знішчэнні старой і пабудове новай сацыялістычнай сталіцы. З яго словаў: «Создавая новый Минск, мы в первую очередь заботимся об удобствах жизни трудящихся в нем». І далей — «Мы понимаем нашу громадную ответственность перед будущим поколением. Каким мы построим Минск сейчас, таким он войдет в века и будет рассказывать нашим правнукам о героике сталинской эпохи построения коммунизма».
Няслушна ўяўляць будаўнікоў новага Мінска гэткімі крыважэрнымі да гістарычнай спадчыны знішчальнікамі Мінску. Яны былі найперш стваральнікамі, а знішчэнне — пабочнае неабходнае наступства. У тагачаснай вельмі спецыфічнай сітуацыі перабудова гістарычнага цэнтра стала свядомым рашэннем кіраўніцтва рэспублікі. Відавочна, значна прасцей было б выкарыстаць захаваныя муры дамоў — дахі, перакрыцці, шкло — і жылы фонд быў бы адноўлены ў самыя сціслыя тэрміны. Але кіруючая воля павяла Мінск іншым, складаным і амбіцыйным шляхам... Да гэтага ж большасць капітальнай забудовы даваеннага цэнтра Мінска складалі даходныя дамы другой паловы дзевятнаццатага стагоддзя, якія на час знішчэння не падпадалі пад вызначэнне гістарычных каштоўнасцяў. Асобныя будынкі, вартыя захавання, уключылі ў забудову цэнтральнага праспекта — і вельмі хочацца верыць, што гэта была не высокапрафесійная гульня кшталту тэтрыса: як удала прыстасаваць рэшткі старых дамоў да новых. Зразумела, было яшчэ вельмі далёка да сучасных уяўленняў аб захаванні і рэстаўрацыі архітэктурных каштоўнасцяў, Другая сусветная вайна стала каталізатарам іх дыскутавання і асэнсавання. Няма сумневаў, што вядучыя савецкія архітэктары сапраўды — сумленна — будавалі ідэальны горад.
Больш за тое, яны нават намагаліся штучна надаць забудове цэнтральнай часткі Мінска нацыянальныя расы. Але фактычна атрымлівалася «ўяўнае беларускае» — у вузкіх межах дазволенага пануючай класіцызуючай стылістыкай. Беларускасць пасляваеннай айчыннай архітэктуры — там, дзе яна субтыльна прысутнічае, — спрошчаная да фальклорнасці: напрыклад, у арнаментах асобных будынкаў і аздабленні асвятляльных мачтаў праспекта. І гэта не дзіўна, бо яе выдумлялі прадстаўнікі іншых нацыянальных культур, выпускнікі архітэктурных школ Масквы і Ленінграда.
Вернемся да цэнтральнага праспекта Мінска. Становіцца зразумелай амбівалентнасць яго ацэнак у незалежнай цяпер Беларусі. З аднаго боку, гэта дзейсны напамін пра сталінскую палітыку і яе катастрафічныя наступствы — пра нацыянальную эліту і гістарычную спадчыну, што падзялілі гвалтоўны лёс беларускай сталіцы. З другога — цэльны высакакласны архітэктурны помнік сваёй эпохі, створаны лепшымі савецкімі дойлідамі таго часу, які працягвае годна выконваць ролю функцыянальнага і рэпрэзентатыўнага цэнтра сучаснага Мінска.
У рэшце рэшт адбылася шараговая — за тысячагадовую гісторыю існавання — страта Мінскам свайго архітэктурнага аблічча. І шараговае ж яго абнаўленне.
Нядаўна (19 лiстапада — 12 снежня 2015) у Мінску адбылася фактаграфічная рэпрэзентацыя ваеннага і паваеннага перыядаў суседняй сталіцы — фотавыстава «Як Фенікс з попелу. Разбурэнне і аднаўленне Варшавы 1939—1955». У сценах Гарадской мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва яна была арганізавана Польскім Інстытутам у Мінску сумесна з варшаўскім «Домам сустрэч з гісторыяй». Ці зробім мы нешта падобнае, прысвечанае нашай сталіцы, ці здольныя будзем гэта абмеркаваць? Без палітычных ангажаванасцяў і міфабудоўлі. Здаецца, нам гэта сёння патрэбна.