Акрамя новых буйнафарматных работ, на выставе было паказана відэа — майстар-клас ад творцы, у якім ён прадэманстраваў усе тэхналагічныя прыёмы, скарыстаныя ў працах. Фільм пра заманлівы мастацкі працэс захапляе подыхам колеравых напластаванняў, ператварэннем чыстага палатна ў завершаную працу.
Аляксандр Канавалаў — жывапісец, які выкарыстоўвае ў сваіх работах рознафактурныя матэрыялы. З іх дапамогай ён дамагаецца эстэтычнага эфекту дотыку, аснова карціны ўзбагачаецца праз фактуру фрагментаў тканіны, сеткі, бляск фольгі, ззянне золата, украпванне прадметаў ужытку (манеты, этыкеткі і гэтак далей).
У мастацтва жывапісу калажныя элементы ўпершыню былі ўведзеныя Жоржам Бракам і Паблам Пікаса ў 1910—1912 гадах. Мастакі стваралі авангардныя работы, прыўносячы фрагменты штодзённасці непасрэдна на карцінную плоскасць. Тэхніка атрымала самастойнае жыццё і выступіла ў ролі стратэгічнага пасылу ў творчасці многіх аўтараў.
Мастацтвазнаўца і арт-крытык Павел Вайніцкі ў сваім артыкуле «Без падману: жывапісныя паверхні Аляксандра Канавалава» разважае пра ілюзіі «трохмернай прасторы на двухмернай плоскасці карціны, што загадзя з’яўляецца ашуканствам, хай і асвечаным традыцыяй». Ён прыводзіць меркаванне ідэолага амерыканскага абстракцыянізму Клімента Грынберга: «Жывапісец-рэаліст, змагаючыся з непазбежнай плоскаснасцю выявы і “руйнуючы” яе неіснуючым аб’ёмам, стараецца схаваць асноватворныя кампаненты карціны як матэрыяльнага аб’екта — плоскую паверхню, форму падрамніка і ўласцівасці пігментаў».
«Выкарыстоўваючы прынцып калажу як стратэгію, — працягвае Вайніцкі, — Канавалаў акумулюе на плоскасці карціны мноства дадатковых міні-плоскасцей і фактур. Сярод яго працоўных матэрыялаў не толькі звычайныя для калажнай тэхнікі абрэзкі газет і запаковак, але і кавалкі фольгі і тканіны ці знойдзеныя фрагменты, паходжанне якіх цяжкавызначальнае. Асноўнае ва ўсіх пералічаных элементах — здольнасць выразна “трымаць” свае ўласныя маленькія рознафактурныя і рознаматэрыяльныя прасторы, якія разам з жывапіснымі плямамі, напоўненымі альбо неданапоўненымі пігментам, напластоўваюцца, ствараючы інтэнсіўную жывапісна-пластычную паверхню. У асобных творах мастака складанасастаўная гіперплоскасць атрымлівае дзіўную глыбіню. Але гэтая глыбіня не імітуе фальшывыя аб’ём ці перспектыву, яна — часавая, абумоўленая тэхналагічнай паслядоўнасцю слаёў, і адлюстроўвае палімпсестнасць будавання выявы».
Такім чынам, мастак стварае эстэтычны аб’ект, новую этычную форму. Яна ў большасці выпадкаў мае абстрактную абумоўленасць, над якой дамінуе аўтарская тэма. Гэта толькі на першы погляд працы Канавалава ўспрымаюцца як стыхійныя кампазіцыі. Кожная з іх нясе сэнсавую нагрузку, і ўсе яны маюць канкрэтныя назвы, што дапамагаюць гледачу ў распазнанні творчай задумы. Яны адсылаюць да колера-фізічнага перажывання, пагружаючы яго ў эстэтыка-псіхалагічны стан, у гледача з’яўляюцца асацыятыўныя эмоцыі, а сузіранне выяўленчых элементаў дапамагае пранікненню ў сюжэт карціны. Так адбываецца асэнсаванне тэмы, ідэі мастака.
У размовах адзін з адным мы выразна ўяўляем рэч, пра якую расказваем, — вырабленая яна з дрэва, каменя, пакрытая мехам альбо шчаціннем. Мастак, уводзячы фрагменты гэтых фактур, прымушае гледача не толькі эмацыйна рэагаваць на вобраз, але і пранікаць у аўтарскую задуму, прачытваць тое, пра што разважаў творца.
Аляксандр Канавалаў ужо больш за 15 гадоў працягвае серыю пад назвай «Фамільнае срэбра». Яна задумвалася як развагі на тэму каштоўнасцей жыццёвага багажу. Тэхніка калажа як найлепш выказвае ідэю задуманага. Тыя фрагменты, кавалачкі рэальнага свету, выкарыстаныя ў працах, валодаюць тактыльнай інфармацыяй. Яны адсылаюць гледача ў свет мінулага, у свет перажытых, прачутых эмоцый і падзей. Але калаж у работах Канавалава дазваляе не толькі фіксаваць наша візуальна-тактыльнае ўспрыманне свету, ён дазваляе мастаку ствараць новыя эстэтычныя нормы. Глядач, узіраючыся ў такую карціну, павінен умець атрымліваць асалоду ад каларыту, які пранікае ў эмацыйную сферу чалавека, прыводзячы нервовую сістэму ў пэўны стан. Павінен умець разглядаць формаўтваральныя лініі, рытмы, закладзеныя ў працу, якія выклікаюць у памяці асацыяцыі з пазнаваннем раней бачанага, што дазваляе перайсці да разважання. Плюс ценеўтваральная фактурная паверхня пры рознай асветленасці карціны надае ёй дадатковыя асацыятыўныя трактоўкі, якія залежаць ужо ад позірку кожнага асобнага гледача.
У многіх выпадках такі жывапіс можна назваць нямой паэзіяй, таму што на палотнах людзі, прадметы, ландшафты паўстаюць у выглядзе лініі, колеру, рытму, формы. Карціны маўклівыя. Праз колер чуюцца гукі, праз лініі адгадваюцца прадметы, праз формы адбываецца наша нябачная прысутнасць у створанай мастаком кампазіцыі. У яго калажах з’яўляецца яшчэ адна грань пазнання.
Ларыса ЛЫСЕНКА