Значную частку свайго жыцця я працавала ў музычнай рэдакцыі Беларускага радыё. Вядома, за гэты час было зроблена багата перадач, запісана шмат інтэрв’ю з рознымі кампазітарамі і выканаўцамі. Але сярод іх меліся адзінкі, за творчасцю якіх хацелася сачыць пастаянна і пільна, бо яны вызначаліся моцным арыгінальным талентам, ні да чаго не падобнымі мастацкімі праявамі. Да ліку такіх прывабных для мяне асоб належаў Уладзімір Мулявін. З 1979 па 1984 гады час ад часу мне даводзілася размаўляць з Уладзімірам Георгіевічам — то з прычыны выхаду новай праграмы ансамбля «Песняры», то ў сувязі з пэўнай урачыстай датай. Тэксты гэтых запісаных на плёнку і расшыфраваных інтэрв’ю захаваліся ў маім архіве, і сёлетні 75-гадовы юбілей з дня нараджэння выдатнага музыканта дае нагоду ўспомніць некаторыя фрагменты тых, цяпер ужо гістарычных, дакументальных запісаў.
Што мяне, музыказнаўцу з кансерваторскай адукацыяй, штурхала да такой быццам бы эстраднай з’явы? Вядома, не папулярнасць ансамбля, а цікавасць да арыгінальных, сур’ёзных творчых пошукаў калектыву і найперш яго лідара, якія адкрывалі новыя музычныя далягляды. Гэтыя пошукі не змяшчаліся ў межах поп- і рок-музыкі, уражвалі незвычайнымі для эстрады знаходкамі новых форм гармоній і аранжыроўкі. Амаль на самым пачатку мастацкага жыцця Мулявін імкнуўся да стварэння складаных кампазіцый. Менавіта на некаторых з іх мне хочацца зрабіць акцэнт. Адной з першых падобных работ была песня «Ванька-встанька» на вершы Яўгена Еўтушэнкі. Вось што пра яе расказваў Мулявін у інтэрв’ю, запісаным мной у 1979 годзе.
Уладзімір Георгіевіч, ваша кампазітарскае развіццё паступова ішло ад апрацовак беларускіх народных песень да балад, пасля якіх з’явіліся буйныя кампазіцыі накшталт «Ваньки-встаньки». Як бы вы вызначылі яе жанр?
— Мяркую, гэта балада з музычнымі ілюстрацыямі. Я ствараў яе пад уплывам музыкі Мадэста Мусаргскага, Мікалая Рымскага-Корсакава.
А чаму вы яе больш не выконваеце?
— Па-першае, у нас змяніўся склад калектыву, па-другое, мы пачалі працаваць над буйной праграмай «Песня пра долю» паводле Янкі Купалы. А даваць у першым аддзяленні твор накшталт оперы, а ў другім яшчэ і 20-хвілінную кампазіцыю мы не маглі. Людзі прыйшлі на наш канцэрт слухаць «Вологду», «Беловежскую пущу», «Беларусь» Аляксандры Пахмутавай — і не паважаць публіку, якая ведае і любіць нас па песнях, прымушаць яе слухаць мае разгорнутыя балады не маю права.
На жаль, Уладзімір Мулявін і далей быў вымушаны, так бы мовіць, «наступаць на горла ўласнай песні». На мой погляд, яго творчы лёс даволі драматычны, бо маштаб, глыбіня таленту і постаці значна пераўзыходзілі межы эстраднага жанру, у якім працаваў ансамбль «Песняры». Азіраючыся назад, відавочна, што менавіта ў сур’ёзных, значных, разгорнутых кампазіцыях і праграмах ён мог выказаць сябе як кампазітар і асоба, якую хвалююць праблемы, важныя ў жыцці грамадства і чалавека. Згаданая песня «Ванька-встанька» напісана ў сярэдзіне 1970-х гадоў, яна пераконвае, што Мулявін ужо тады імкнуўся да яркай тэатральнасці музыкі. Тут быццам існуюць некалькі дзейных асоб, хор, які каментуе дзеянне, надзвычай красамоўныя інструментальныя эпізоды. Далей такі накірунак знайшоў развіццё ў складаных драматычных работах «Песня пра долю» з музыкай Уладзіміра Мулявіна і «Курган» («Гусляр»). Музыкай апошняй належала Ігару Лучанку, а аранжыроўкі — Мулявіну.
Уладзімір Георгіевіч, як вы прыйшлі да падобнага складанага, маштабнага палатна?
— У нас з Ігарам Лучанком такая ідэя ўзнікла даўно — пасля таго як ён паказаў мне гэты твор. Калі мы з ім гастралявалі ў ЗША, у нас з сабой аказаўся зборнік Купалы, пачалі яго перачытваць, успамінаць раней напісаную Ігарам музыку — кантату «Курган», абмяркоўвалі, як яе можна зрабіць для «Песняроў». Калі вярнуліся дадому, перагледзелі ўвесь матэрыял кантаты, яго не хапала на аддзяленне канцэрта. Мы вырашылі дапрацаваць яе, адказна падысці да тэмы і сур’ёзна вырашыць яе. На той час у ансамблі для такой складанай работы не хапала музыкантаў — у Лучанка кантата напісана для вялікага аркестра і хору. Таму трэба было годна аранжыраваць яго музыку, каб форма падачы адпавядала эстраднаму канцэрту і ў той жа час не была прымітыўная. Каля года мы з Ігарам працавалі над «Курганам», ён дапісаў шмат фрагментаў, я ўсё аранжыраваў, і «Песняры» з задавальненнем выконвалі гэту кампазіцыю. Падобны эксперымент можна было рабіць, але не надоўга. Для такіх разгорнутых, сур’ёзных работ існуюць оперныя тэатры, сімфанічныя аркестры, харавыя капэлы, цудоўныя выканаўцы. Іншымі словамі, мы сталі ўкліньвацца не ў свой жанр. Годна працаваць у ім мы маглі, аднак доўга заставацца — не. Мы адчулі, што ў гэтым накірунку перамудрылі, занадта ўскладнілі наша канцэртнае выступленне, трэба было шукаць інакшыя формы. Можа быць і такое, але не як сістэма. Два гады мы выконвалі «Курган», а асноўная частка нашай публікі мала што там зразумела. Калі яны прыходзілі за кулісы дзякаваць нам за канцэрт і мы пыталіся слухачоў-гледачоў, пра што гэты твор, яны адказвалі: штосьці пра партызан. Уяўляеце?! Людзі не разумелі, пра што мы спяваем, хоць у гэтай кампазіцыі я сур’ёзна дабіваўся, каб тэкст гучаў ясна, а перад выкананнем на канцэрце было ўступнае слова. Аказваецца, нічога з гэтага гледачу не трэба, ён слухае музыку — і ўсё. А ёсць жа яшчэ Купалава слова! Мы не дзеля музыкі бралі яго паэзію, а каб данесці яе змест! Таму перагледзелі свае пазіцыі і вырашылі крыху змяніць форму. І наша кампазіцыя «Я не паэта» на вершы Янкі Купалы не скажу што прасцей, не, там музычная мова вельмі няпростая, але па форме яна ўспрымаецца лягчэй, бо складаецца з завершаных рознахарактарных нумароў, без адзінай сюжэтнай лініі. Гэта ўжо эстраднае вырашэнне.
Мора паэзіі Купалы бяздоннае. Напэўна, нялёгка знайсці ў яго малавядомыя тэксты, убачыць творчасць паэта па-новаму. Які ў вас быў падыход да праграмы, чаму вы спыніліся менавіта на гэтых, пераважна дарэвалюцыйных вершах?
— Сапраўды, у паэзіі Купалы трэба было разабрацца, таму што практычна ўсе вершы ў яго цудоўныя, але неабходна, каб яны падышлі нашаму ансамблю і прагучалі сучасна. Я напісаў песень у два-тры разы болей, а спыніліся мы менавіта на тых, якія вы чулі ў канцэрце. Гэта нейкая этапная для мяне работа, яна мяне натхняе. Я зараз на ўздыме, хочацца пісаць музыку, працаваць і працаваць... Мы ўвогуле да творчасці Купалы ставімся вельмі адказна, асцярожна, любім яго, і з самага пачатку дзейнасці ў нас заўсёды гучала паэзія выдатнага беларускага песняра, пачынаючы з песень Ігара Лучанка «Спадчына», «Явар і каліна» Юрыя Семянякі, пасля пайшлі больш маштабныя кампазіцыі. Мяркую, мы і далей будзем не раз звяртацца да Купалы, бо ў яго ўсе вершы музыкальныя, гэта абсалютна блізкі нам творца, таму праграма «Я не паэта» прайшла добра, яе прыняў глядач.
У 1982 годзе мне давялося пабываць на адным з прэм’ерных паказаў гэтай праграмы ў мінскім Палацы спорту. Велізарная зала была поўная, прычым пераважала моладзь. Тое, як яна ўспрымала няпростыя, зусім не забаўляльныя кампазіцыі Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры», па-добраму здзівіла і парадавала. Яны ж прыйшлі на эстрадны канцэрт сучаснага папулярнага ансамбля і, напэўна, не чакалі пачуць падобнае. Але талент Мулявіна-кампазітара, майстэрства аранжыроўшчыкаў, усіх музыкантаў ансамбля, іх шчырая закаханасць у паэзію Купалы, эмацыйнае выкананне захапілі і маладых слухачоў, і ўсіх, хто быў у зале. На мой погляд, творчая асоба Мулявіна выявілася тут па-новаму. Чым далей у сваім развіцці ён рухаўся наперад, тым усё больш сур’ёзныя задачы ставіў і вырашаў. Наперад і вышэй — так можна вызначыць гэты рух. У праграме «Я не паэта», акрамя гарэзлівай «Людкі», астатнія нумары песнямі назваць цяжка. Гэта разгорнутыя, пачуццёва і музычна насычаныя кампазіцыі. Кожная з іх вырашана па-свойму — у адпаведнасці са зместам вершаў Купалы: «Марыся» і «Не глядзі» ўяўляюць з сябе лірыка-драматычныя балады, з’едлівая сатырычная замалёўка «Ну, як тут не смяяцца» і вострасацыяльны маналог «Разлад» увогуле не ведаеш, да якога жанру аднесці. Ды гэта і няважна — галоўнае, які моцны эмацыйны зарад яны нясуць слухачу. Са спадчыны Купалы Уладзімір Мулявін абраў малавядомыя, «незапетыя», няпростыя па змесце і стылі вершы. У гэтым выбары праявіліся не толькі яго арыгінальны кампазітарскі пошук, літаратурны густ, але і чалавечая, грамадзянская пазіцыя, імкненне заклікаць слухача да роздуму, суперажывання. Далей усё тое Мулявін развіў у сваіх значных праграмах «Во весь голос» (на вершы Уладзіміра Маякоўскага) і «Праз усю вайну». На апошняй хочацца спыніцца асобна, бо, на мой погляд, гэта недаацэнены шэдэўр выдатнага музыканта.
Мне пашчасціла трапіць на прэм’еру праграмы, якая прэзентавалася ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яна была прымеркавана да 40-годдзя вызвалення Мінска ад фашысцкіх захопнікаў. Помню, я ішла на канцэрт без ахвоты, не чакаючы нічога асаблівага, бо столькі ўжо песень напісана пра Вялікую Айчынную вайну, што, здавалася, усё пра яе сказана. Але выключны талент Мулявіна, захопленасць яго сутворцаў зрабілі неверагоднае, разбурылі ўсе мае меркаванні. Гэта сапраўднае ўзрушэнне, цяжка было стрымаць слёзы, ад драматычных маналогаў Мулявіна сціскала горла. Вы б бачылі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх запрасілі на прэм’еру... З якімі ўсхваляванымі тварамі яны ўзнімаліся на сцэну, каб сардэчна падзякаваць і ўручыць кветкі музыкантам. Дый увогуле ўся зала ў канцы канцэрта ўзнялася ў адзіным парыве, доўга стоячы апладзіравала, не адпускала «Песняроў» са сцэны. Мяне тады здзівіла, як даволі маладыя музыканты і іх лідар здолелі так глыбока, сэрцам адчуць увесь трагізм, складанасць тых гістарычных падзей, быццам яны самі былі і ў партызанах, і ў баі на перадавой. Аб працы над гэтай праграмай мне давялося паразмаўляць з Уладзімірам Мулявіным у 1984 годзе, неўзабаве пасля яе прэм’еры.
— Праграму мы прысвяцілі 40-годдзю вызвалення Беларусі, Мінска. Кожная сур’ёзная работа ў ансамбля — этап, прыступка, на якую мы абапіраемся і крочым далей. Такая этапная праграма, якую мы ўсе вельмі любім, — «Праз усю вайну».
Як у вас ішла праца над ёй?
— Прыкладна паўгода заняў пошук вершаў і сцэнарнае вырашэнне, таму што асабіста ў мяне музычная задума такой праграмы з’явілася даўно. Пачаліся размовы з людзьмі, якія добра ведалі вайну і вершы пра яе. Хацелася паказаць паэзію добрую і ў той жа час даступную, каб слухач яе разумеў з першага разу, паколькі публіка прыходзіць на канцэрт звычайна толькі адзін раз. У якасці сцэнарыста запрасілі вядомага беларускага паэта Валянціна Тараса, які спецыяльна для гэтай праграмы напісаў некалькі вершаў, іх дапоўнілі творы савецкіх паэтаў Аляксандра Твардоўскага, Міхаіла Кульчыцкага, Сямёна Гудзенкі, а таксама беларускіх Янкі Купалы, Эдзі Агняцвет, Рыгора Барадуліна, Навума Кісліка. Вядома, з Валянцінам Тарасам у нас здараліся творчыя спрэчкі, але працаваць з ім было прыемна — ён добра ведаў вайну, цікава расказваў пра яе і натхняў нас у працы. Я вельмі рады, што пазнаёміўся з ім і што мы асілілі гэту праграму.
Калі я ў 1984 годзе рыхтавала радыёперадачу, прысвечаную праграме «Праз усю вайну», то запрасіла прыняць удзел у ёй Валянціна Тараса. Захацелася пачуць яго ацэнку гэтай работы «Песняроў». Тым больш Валянцін Яфімавіч — былы партызан, яго баявая біяграфія пачалася ў 13 гадоў! Вось што ён тады расказаў:
— Я належу да ваеннага пакалення пісьменнікаў і паэтаў, таму калі Уладзімір Мулявін прапанаваў разам распачаць новую вялікую работу «Песняроў», якая цалкам будзе прысвечана тэме гэтай вайны, я адразу згадзіўся і ў той жа час здзівіўся. Здзівіўся, што эстрадны калектыў збіраецца выконваць цэлы музычны спектакль, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Але потым успомніў гісторыю «Песняроў», успомніў, як яны спявалі беларускія каляндарна-абрадавыя песні, праграму «Я не паэта» на вершы Янкі Купалы, што не з’яўляецца той эстрадай, якую мы звычайна ўяўляем пад гэтым словам. Таму я падумаў: а чаму б сапраўды не зрабіць сур’ёзны, праўдзівы музычны спектакль для моладзевай аўдыторыі, якая вайну не ведае. Мулявін адразу сказаў, што гаворка тут мусіць быць вельмі суровая, часам нават жорсткая, як сама вайна. Але павінна застацца месца і лірыцы, і гумару, бо жыццё і ў тыя цяжкія гады не абмяжоўвалася толькі ваеннымі падзеямі.
Мне здаецца ўжо як слухачу, што Мулявін знайшоў у гэтай праграме патрэбную інтанацыю, адчуваецца, што ён добра ведае песні тых гадоў, іх настрой і мелодыку. Яго разуменне Вялікай Айчыннай вайны, успрыняцце лёсаў людзей, пра якіх мы расказваем у спектаклі «Праз усю вайну», усё гэта жыло ў ім, калі ён пісаў музыку. Праграма, безумоўна, музычная: калі яе проста прачытаць як паэтычны сцэнарый, яна такога ўражання не робіць, як гэта адбываецца ў спектаклі «Песняроў», калі вершы падмацаваны музыкай. І ў гэтым, я падкрэсліваю, вялікая заслуга Уладзіміра Мулявіна.
Пачэсна атрымаць такую ацэнку ад удзельніка вайны. Сапраўды, праграма «Праз усю вайну» бярэ за сэрца, узрушае шчырасцю, глыбінёй пранікнення. Цікава было даведацца, адкуль у «Песняроў» і іх лідара такое глыбіннае адчуванне тых гістарычных падзей. З інтэрв’ю 1984 года:
Уладзімір Георгіевіч, ці помніце вы вайну? Мяркуючы па гэтай праграме, здаецца, што вы яе самі прайшлі.
— Вайну я, вядома, не помню, памятаю толькі палонных, песні тых гадоў і тое, як яны выконваліся. Яны ўсе ў мяне на слыху. Чаго цяпер, магчыма, не хапае сучасным выканаўцам, дык гэта той шчырасці, з якой людзі тады спявалі. Не тое што сучасныя спевакі горшыя — не. Але няма цеплыні, што адчувалася ў тыя часы. Я чую нейкую напышлівасць, фальш у выказванні пачуццяў. Не тое хацелася б бачыць пры выкананні такіх песень. Таму пры напісанні праграмы «Праз усю вайну» імкнуўся наблізіцца да тых узораў.
А што вам хацелася данесці да слухачоў, асабліва маладых?
— Мне здаецца, што цяпер моладзь неяк аддалілася ад разумення гэтай тэмы. Наша пакаленне яшчэ помніць, ведае горыч вайны. Мы на сабе спазналі ўвесь цяжар тых гадоў. Помню, цяжка было жыць пасля вайны — у маці нас было трое, і жудасныя пасляваенныя гады мы адчулі на ўласнай скуры. Я ўжо не кажу пра тых людзей, якія ваявалі, працавалі ў тыле — ім было нашмат цяжэй. І не схіліць галаву перад іх подзвігам, выпрабаваннямі мы проста не маглі. Трэба было аддаць сябе цалкам пры напісанні і выкананні гэтай праграмы за ўсе тыя ахвяры, за ўсе пасляваенныя пакуты. Мы лічылі сваім абавязкам зрабіць такую праграму, проста не маглі яе не зрабіць.
Вельмі шкада, што зараз гэтая ўнікальная праграма амаль не гучыць, як і іншыя значныя работы Мулявіна-кампазітара, дзе, на маю думку, найбольш поўна раскрыўся яго шматгранны талент. Лічу ўдачай у сваім жыцці, што мне пашчасціла назіраць за яго найцікавейшым развіццём, быць сведкай арыгінальных творчых пошукаў і адкрыццяў гэтага залатога самародка, для якога такой урадлівай аказалася беларуская глеба. Грунтоўнае ж вывучэнне спадчыны Уладзіміра Мулявіна, спадзяюся, наперадзе.
Ірына МІЛЬТО