Такая велізарная экспазіцыя — першая ў яго біяграфіі. Атрымалася шырокая панарама творчага жыцця народнага мастака, пачынаючы ад студэнцкіх прац 1950-х і заканчваючы шматфігурнымі палотнамі апошніх часоў. Без перабольшання скажу, што сярод усіх нашых жывапісцаў Данцыг, мабыць, застаўся адзіным эпічным «карціншчыкам», тым, хто лічыць гэты жанр асноватворным і нават сацыяльна важным.
Сам мастак прызнаецца: «Я сумую па мастацтве для душы і сэрца, па мастацтве суперажывання і судатычнасці. Хоць, па вялікім рахунку, мы, беларусы, ужо даўно даказалі, што не лыкам шытыя, што мы, пры жаданні, можам стварыць эталон заходняга складу. Але няўжо гэта мэта творчасці? Мы сёння сталі менш патрабавальнымі да сябе, да сваёй працы, ці не таму знікла “вялікая карціна”? Я не заклікаю пісаць карціну, як пісалі, скажам, Сурыкаў ці Курбэ, Аляксандр Іванаў ці Веласкес. Не! Але ты знайдзі сваю форму, падымі на свае плечы цяжкую ношу, каб яна стала сімфоніяй у мастацтве! А мы задаволіліся ці то “салонам”, які можна павесіць у спальні абывацеля або, у лепшым выпадку, у офісе, ці то другарадным і трэцярадным так званым авангардам.... Мастакі еўрапейскага ўзроўню ёсць і ў нас. Калі як след прыгледзецца да беларускага мастацтва, дык можна спакойна выводзіць яго на сусветную арэну. Але ў цэлым — шмат праблем, звязаных і з незапатрабаванасцю мастацтва дзяржавай, і з паніжэннем сацыяльнага ўзроўню жыцця мастакоў і педагогаў, і з адсутнасцю дзяржаўных замоў, і раз’яднанасцю ўнутры самога мастакоўскага калектыву. Я ўжо не кажу пра тое, што, перш чым карціна будзе карміць цябе, трэба пакарміць карціну. Бо калі падлічыць, колькі сёння сталі каштаваць матэрыялы… У маладосці быў час, калі ў мяне не было трох капеек на трамвай, але фарбы на палітры меў заўжды».
У 1976 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшла мая манаграфічная кніжка пра жыццё і творчасць Мая Данцыга — першая ў яго біяграфіі. З той пары мы сустракаемся хоць і не вельмі часта, але паспяваем пагаварыць пра самае надзённае, што нас хвалюе ў сучасных мастацкіх працэсах. Апошняя такая размова адбылася непасрэдна на яго выставе. Шмат чаго ўспомнілася.
Май Данцыг — з легендарнага пакалення шасцідзясятнікаў, якія ўтрапёна і дзёрзка перавярнулі наша мастацтва, адкінуўшы, здавалася б, непарушныя афіцыйныя каноны. Ён з шасцідзясятнікаў і ў той жа час — сам па сабе, арыгінальны і непаўторны. Свабода вобразных абагульненняў, каларыстычнае бунтарства, сакавітыя, яркія і ёмістыя фарбы, велічнасць сюжэтаў і глыбокае духоўна-маральнае іх асэнсаванне — вось асноўныя рысы яго выяўленча-выразнай канцэпцыі. Так, гэта — ад шасцідзясятнікаў. Але таксама — і лепшыя традыцыі сусветнай класікі: ад Тыцыяна, Рафаэля, Рубенса, Сурбарана — да Дайнэкі і Канчалоўскага, ад Джота і Веранезэ — да Дэлакруа і Гутуза, Брулова і Сурыкава...
На выставе я спытаў Мая Вольфавіча, што ён адчувае на гэтым жыццёвым парозе — 85 гадоў.
«Асабіста я гэты парог не вельмі адчуваю, бо ён не асэнсоўваецца як нейкі Рубікон. Рубеж быў для мяне тады, калі абрынулася дзяржава... Тады, у 1991-м, усё змянілася ў грамадстве. Спатрэбіўся час, каб азірнуцца назад, падумаць і рашыць для сябе: што чакае мяне наперадзе, як трансфармаваліся мае пазіцыі, погляд, канцэпцыі. Давялося многае пераасэнсаваць. У выніку ў аснове сваёй мае творчыя і жыццёвыя канцэпцыі, галоўныя духоўныя і пластычныя арыенціры не пацярпелі сур’ёзных зменаў, бо жаданне рабіць сапраўднае мастацтва, рэалізаваць вялікія творчыя ідэі, якія рухаюць гэтае мастацтва, засталіся ранейшымі. Хоць, можа быць, нешта і перамянілася ў адносінах да формы... Калі згадваю сваё творчае жыццё, яно, як правіла, для мяне звязана з перыядамі працы над тым ці іншым палатном. Згадваю і гады студэнцтва ў Маскве. Памятаю, калі ў 1952 годзе паступіў у Сурыкаўскі інстытут і пасяліўся ў інтэрнаце, я ў першую чаргу пайшоў у бібліятэку, узяў альбом пра жывапіс Валянціна Сярова. Сяроў мяне так уразіў, што я нават гэты альбом клаў на ноч пад падушку, над чым кпіў мой сябра Эрнст Неізвесны, з якім мы пражылі ў адным пакоі цэлы год. Але я асабліва ў тыя гады сябраваў з Віктарам Папковым, а наш Міша Савіцкі, з якім я вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, быў на курс вышэй. У яго галоўнымі настаўнікамі былі Дзмітрый Мачальскі і Фёдар Мадораў, у мяне — Пётр Пакаржэўскі, Віктар Цыплакоў, Міхаіл Курылка, Фёдар Рашэтнікаў — моцныя педагогі. У інстытуце захапляўся і французамі, і старымі іспанцамі з галандцамі, і сезаністым “Бубновым валетам”... Канешне, Траццякоўка. З сучаснікаў — паважаў жывапіс Рэната Гутуза і Аляксандра Дайнэкі, які некаторы час выкладаў і ў мяне. Не так даўно ў Іспаніі мяне ўразіў жывапіс Хаакіна Саролья-і-Бастыды. Ён лічыцца выдатным імпрэсіяністам на іспанскай глебе, але, на мой погляд, гэты творца далёка выходзіць за рамкі імпрэсіянізму.
Мае дзяцінства і юнацтва прыйшліся на перыяд вайны. Тое, што давялося перажыць, — было страшна. Калі Мінск пачалі бамбіць, мы цудам паспелі з яго вырвацца. Дый ва Ульянаўску, куды мы эвакуяваліся, жыццё было несалодкім: холад, голад, пабытовая неўладкаванасць. У дванаццацігадовым узросце атрымаў там першы ганарар — бохан хлеба за тое, што намаляваў алейнымі фарбамі шыльду “Ларёк № 93” на хлебнай краме. І калі ў 1944-м пачулі па радыё, што Мінск вызвалены, адразу ж вярнуліся на радзіму. А праз тры гады адкрылася мастацкае вучылішча, і я адразу ж паступіў туды. Да гэтага я з задавальненнем наведваў студыю вялікага педагога Сяргея Пятровіча Каткова (пазней я прысвяціў яму карціну “Сонечны кантынент”) і трошкі правучыўся ў архітэктурным тэхнікуме. Ну а пасля вучылішча паехаў заваёўваць Маскву».
Дыпломная карціна «Насустрач жыццю» зрабіла глыбокае ўражанне на членаў экзаменацыйнай камісіі свежасцю настрою, рамантычнай узнёсласцю, і нават цяпер палатно гэтае глядзіцца як гімн юнацтву, мары. З таго часу тэма сучаснасці, асабліва тэма роднага Мінска, стала галоўнай у творчасці Данцыга. Яго карціны «Мой Мінск» і «Мінск старажытны і малады» — мабыць, найлепшыя жывапісныя песні пра нашу сталіцу.
У яго творчасці не ўсё ішло гладка, напрыклад, бліскучая карціна «Навасёлы» была адхілена выставачным камітэтам па патрабаванні вышэйстаячага начальства: «Хто дзе бачыў, каб маладыя савецкія людзі, навасельцы, сядзелі на падлозе басанож, ды яшчэ без усякіх рэчаў?» Данцыг за ноч дапісаў пару жаночых лакіраваных туфлікаў на падлозе і паказаў «суддзям». Тыя ўтаймаваліся і прапусцілі твор. Аднак мастак перад самым вернісажам ухітрыўся прыбраць з палатна гэтыя самыя туфлікі.
Падобны лёс напаткаў карціну «Партызанская балада», дзе творца звярнуўся да сюжэту рубенсаўскага палатна «Бацькалюбства рымлянкі», у якім расказвалася, як рымскі патрыцый Кімон быў асуджаны сенатам на галодную смерць, але яго выратавала дачка Пера, што пад строгай забаронай не прыносіць ежу прыходзіла да яго ў турму і карміла старога бацьку малаком са сваіх грудзей. І ўратавала яго ад смерці. Данцыг перанёс гэты сюжэт на нашу нацыянальную глебу: дзяўчына-партызанка такім жа чынам выратоўвае цяжка параненага байца.
Чаму Май Вольфавіч раптам звярнуўся да ваеннай тэмы? Здавалася, на фронце не быў па ўзросце, у партызанах — таксама... «Гэта адбылося не раптам і не выпадкова. У 1960-я прыйшоў час угледзецца ў падзеі Вялікай Айчыннай, у яе героіку і драму з далёкіх дыстанцый. Усвядоміць тую ж партызанскую тэму па-філасофску, больш сканцэнтравана, глыбока, абагульніць яе з высокіх грамадзянскіх пазіцый таго часу, бо ўжо тады было яўна недастаткова адлюстроўваць толькі асобныя дакументальныя эпізоды вайны па законах літаратурна-бытавога жанру, як гэта рабілі мае старэйшыя калегі».
А мо новае мастацтва так званага суровага стылю патрабавала новых падыходаў да вобразна-пластычнага асэнсавання нашай далёкай і нядаўняй гісторыі?
«Ты маеш рацыю. Вось прыкладна так я пачынаў разважаць, калі ў 1966-м узяўся за першую шматфігурную кампазіцыю пра партызанскую Беларусь. Я так і назваў карціну — “Беларусь — маці партызанская”. Імкнуўся перадаць незабыўны час усенароднага супраціўлення. Але гэты час для мяне не проста старонкі гісторыі, а і маё жыццё. І ўсе мы, колькі б ні было нам гадоў, маем дачыненне да адзінай вялікай біяграфіі — біяграфіі нашай краіны, біяграфіі нашых бацькоў і сваякоў, сяброў і проста знаёмых, хто са зброяй у руках пайшоў у лес, каб насмерць змагацца з ворагам...»
Іншае знакамітае палатно «Партызанскае вяселле» ў свой час выклікала шмат спрэчак: маўляў, такіх вяселляў быць не магло ў партызанскім жыцці. У кіна-, фота- і фонаархівах Данцыг не знайшоў дакументальнага адлюстравання падобных падзей. І, тым не менш, так было. Калі б мастак проста перанёс на палатно вобраз маладой пары, якую бласлаўляе камандзір, глядач убачыў бы толькі канкрэтны факт. Але Данцыг здолеў узняць мо і не такі ўжо прыватны выпадак да ступені вялікага вобраза, ператварыўшы сваіх герояў у жывапісны манумент подзвігу і кахання.
Велізарнае палатно «Паядынак. Легенда Пабла Пікаса» — адно з апошніх па часе стварэння. У аснову карціны пакладзены гістарычны факт. У 1940 годзе ў майстэрні мастака нечакана з’явіліся нацысты. На стале яны ўбачылі фотарэпрадукцыю яго знакамітай карціны «Герніка». (Праўда, Данцыг пераасэнсаваў дакументальны факт, паказаўшы на сваім палатне саму карціну «Герніка», перад якой стаіць аўтар, а не яе рэпрадукцыю, што, канешне, вельмі ўзмацніла канцэптуальную задуму мастака.) «Гэта вы зрабілі?» — спытаў нямецкі афіцэр гаспадара майстэрні, паказваючы на «Герніку». «Не, — адказаў Пікаса, — гэта зрабілі вы...» А зрабілі яны вось што: 26 красавіка 1937 года, калі ў Іспаніі ішла Грамадзянская вайна, легіён люфтвафэ «Кандор» скінуў на баскскі гарадок Герніку 22 тоны бомб, у выніку чаго ён быў знішчаны. «Герніку» Пікаса напісаў за вельмі кароткі тэрмін, літаральна за месяц. У 1939-м яна была перавезена ў Нью-Ёрк, толькі ў 1981 годзе вярнулася ў Іспанію. Май Данцыг пабачыў яе ў Музеі каралевы Сафіі ў Мадрыдзе, і менавіта там у яго і нарадзілася ідэя палатна «Паядынак. Легенда Пабла Пікаса»: паядынак паміж злом і дабром, паміж цемрай і святлом; пра тое, што Мастацтва — вельмі магутная зброя ў барацьбе за гуманістычныя ідэалы. Новая карціна «Малы Трасцянец. Урочышча Благаўшчына. Тут памяццю людзей узведзены помнік» таксама рэч алегарычная. Адлюстраваны лес, што насупраць Малога Трасцянца, дзе не так даўно з’явіўся доўгачаканы мемарыял, — не проста лес: дрэвы гэтыя стаяць на месцы, дзе былі знішчаны тысячы бязвінных грамадзян Беларусі і тыя, каго прывезлі на смерць з Германіі і іншых краін. Панаклейваныя на дрэвах журботна-пранізлівыя надпісы (мастак тут выкарыстаў калаж) — таксама даніна памяці загінулым, помнік сусветнай чалавечай трагедыі.
Адзін з маіх любімых твораў Данцыга — «Аб Вялікай Айчыннай...». Стол, друкарка з чыстым аркушам паперы, попельніца, поўная акуркаў, наручны гадзіннік, раскрыты пачак цыгарэт, гільза ад артылерыйскага снарада з гронкай чырвонай рабіны, спісаныя, скамечаныя лісты паперы на падлозе. Усё гэта мовай жывапіснага пэндзля, напружанасцю каларыстычнага ладу распавядае пра неспакойнага чалавека, журналіста ці пісьменніка, якога зараз няма, мы яго не бачым, ён адышоў кудысьці на хвіліну.
Лепшыя нацюрморты Данцыга — гэта своеасаблівы жанр, дзе глядач не толькі сузіральнік, але і актыўны ўдзельнік стварэння вобраза карціны, бо менавіта да яго ўспрымання і апелюе жывапісец, які праз рэчы расказвае пра людзей.
І яшчэ. Прафесар Май Вольфавіч Данцыг больш за паўстагоддзя прапрацаваў у БДТМІ — БДАМ і выхаваў некалькі пакаленняў мастакоў, ён змог прышчапіць гадаванцам самае галоўнае ў мастацтве — прафесіяналізм і ўменне самастойна ды незалежна мысліць, разважаць фарбамі на палатне. Май Данцыг з вялікім натхненнем правёў на сваёй выставе сустрэчу з гледачамі, на якой расказаў не толькі «пра час і пра сябе», але і адказаў на шматлікія пытанні. Данцыг не здольны закрывацца ў якім-небудзь пасіўным і бяздзейсным сузіранні, бо яму як паветра неабходна пастаянная і непасрэдная сувязь з людзьмі, з іх работай, з іх радасцямі і няўдачамі. На тым і стаіць...
Барыс КРЭПАК