Творы Канстанціна Яськова гучалі на міжнародных фестывалях у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Нідэрландах, ЗША, на такіх прэстыжных форумах, як «Варшаўская восень» і фестываль Юрыя Башмета.
Канстанцін, даўно і з захапленнем назіраю за вашай творчасцю. Давайце пачнём размову з фундаментальнага пытання: што сёння ёсць музыка і што для вас значыць прафесія кампазітара?
— Музыка ўяўляе з сябе любы гукавы матэрыял, арганізаваны ў часе з дапамогай нейкага сінтаксісу і аформлены ў кампазіцыйны тэкст. Гэта таксама і кантэкст, у якім з’яўляецца твор, а затым адбываецца яго артыкуляванне і ўспрыманне. Я паслядоўнік і класічнага, і постмадэрнісцкага разумення таго, што звязана з прафесіяй. Аўтар прадстаўляе свае мастацкія назіранні за тым, што дзеецца ў свеце, паглыбляе нас у своеасаблівую антрапалагічную лабараторыю, раскрывае нам уласнае бачанне музычна-гістарычнага працэсу. Асабіста я ў творчасці пазіцыяную сябе назіральнікам за навакольным культурным кантэкстам. Мяне цікавіць працэс уласнага дыялогу з рознымі прасторамі музычнай культуры, спрабую зафіксаваць такі досвед.
Каму вы адрасуеце свае опусы?
— Кожнаму, хто слухае і ўслухоўваецца ў тое, што гучыць.
Вы ўжо вызначылі для сябе індывідуальныя асаблівасці паняційна-тэхналагічнага слоўніка, уласную мову музычных кантактаў?
— Шукаю новыя межы і платформы, спрабую вызначыць адпаведную моўную нішу. Свядома сыходжу ад авангардных тэндэнцый, імкнуся стварыць уласны эстэтычна-музычны свет. Пры гэтым мова стасункаў становіцца простай і нават спрошчанай, але менавіта ў гэтым хаваецца мая выразнасць.
Раскажыце пра сваіх настаўнікаў.
— Мае бацькі, Яўген Васільевіч і Ніна Вікенцьеўна, — выкладчыкі музыкі. Абодва працавалі ў гарадскім пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна, дзе і прайшла значная частка майго дзяцінства. Тое асяроддзе вызначалася неверагоднай таварыскасцю і добрасуседствам. 99 адсоткаў людзей, якія мяне атачалі, размаўлялі па-польску, і я рос у двухмоўным свеце, што, думаю, і зрабілася фундаментам майго цяперашняга плюралізму, гатоўнасці лёгка ўспрымаць і паглыбляцца ў штосьці іншае. Адтуль мая любоў да прыроды, адкрытай прасторы, натуральнасці і нелюбоў да горада з яго ўрбаністычнымі рытмамі. Напэўна, там склалася разуменне музыкі: яна павінна быць простай і ў той жа час максімальна эфектыўна ўздзейнічаць на слухача, валодаць такімі якасцямі, якія чапляюць і застаюцца ў памяці.
Настаўнікамі ў прафесіі сталі выкладчыкі Гродзенскага музычнага вучылішча — піяніст Брунон Тэрмён, па яго парадзе я і пачаў вывучаць музыку «знутры» ў Віталя Радзівонава, кампазітара, які выхаваў не адно пакаленне беларускіх творцаў. У Акадэміі музыкі я вучыўся ў класе прафесара Віктара Войціка, ён даў мне ўвесь прафесійны падмурак. Вялікі ўплыў аказалі заняткі па дырыжыраванню дацэнта Мікалая Калядкі, там я пачаў разумець логіку аркестравага мыслення і прынцыпы сімфанічнага развіцця.
Чаму вы памянялі прафесію піяніста на кампазітара?
— Я інтраверт і, прызнацца, вельмі балюча ўспрымаю ўсё, што звязана з публічным абмеркаваннем уласнай персоны. Перадусім гэта адбілася на амаль панічным пачуцці, якое ўзнікала перад канцэртнымі выступленнямі, і менавіта страх перад сцэнай падштурхнуў мяне да мадуляцыйнай змены піяністычнае кар’еры.
Чым запомніліся гады вучобы ў Акадэміі?
— Калі шчыра, то для мяне гэта быў складаны перыяд ломкі стэрэатыпаў. Я сам сабе нагадваў неачэсаны шар у наждачнай машыне. Да паступлення ў Акадэмію ў мяне хапала рамантычнага пафасу ў дачыненні да прафесіі кампазітара, мне здавалася, што аўтар музыкі павінен выконваць высокую місію.
А гэта не так?
— Так, але пасля навучання напаўненне гэтай місіі стала больш рэалістычным. Сапраўдны кампазітар павінен быць па натуры адзіночкай, самадастатковым, памятаць пра ўласны шлях і ўмець спалучаць інтравертнасць і экстравертнасць. Інакш ёсць рызыка страціць сябе, апынуцца ў залежнасці ад знешніх фактараў і ўвайсці ў так званы фармат. То-бок калі я не напішу музыку ў дадзеным фармаце, то мяне не выканаюць, ці я не выйграю конкурс, ці не траплю на фестываль, — з такімі думкамі трэба развітацца. Чым раней малады аўтар пра гэта даведаецца, тым лепш.
З кім з замежных калег вы сёння падтрымліваеце творчыя кантакты?
— У Польшчы гэта Дарыюш Пшыбыльскі, таленавіты і вельмі запатрабаваны малады аўтар. Сябрую з украінскімі кампазітарамі Золтанам Алмашы і Аляксеем Шмураком. Імпануе іх энтузіязм. Большую частку ўласных праектаў, у тым ліку і значных міжнародных фестываляў, яны арганізуюць практычна на нулявым бюджэце. Прыцягваюць валанцёраў, прыдумляюць сістэму бонусаў для выканаўцаў.
Адкуль нараджаецца імпульс для стварэння новага сачынення? Ці праца пачынаецца з чыстага ліста?
— Для мяне ў першую чаргу важна, што выказвае сама музыка. Я супраць таго, каб ідэя-канцэпцыя, цытаты, іншасказанні замянялі ўнутраную падзейнасць самога тэксту. Музыка — гэта гукі, арганізаваныя ў часе, таму ў структуры неабходна закладваць увесь паняційны сэнс праз семантыку інтанацый, драматургію развіцця тэм. Музыка можа і павінна казаць сама за сябе. Для мяне ў гэтым кантэксце ідэалам з’яўляецца спадчына эпохі класіцызму — «сухі бляск розуму», дзе няма лішніх слоў і гукаў. Але ўжо пасля стварэння музычнай партытуры магу даць сачыненню нейкую назву, якая дапаўняе ўсю вертыкаль сэнсаў.
У працэсе напісання опуса ўяўляеце, як будзе яго ўспрымаць аўдыторыя?
— Унутраны дыялог ідзе ўвесь час. Сам і цэнзар, і першы слухач...
Існуе шмат сучасных тэхнік кампазіцыі. Ці вылучаеце з іх якія-небудзь?
— Тэхналагічна мне блізкія мінімалізм і эстэтыка новай простасці. Ідэя твора мусіць быць простай, нават часам плакатнай. Галоўнае — прыдумаць, як будзе развівацца сам матэрыял, скласці ў архітэктоніку яго канструкцыю ад пачатку да канца, а потым ужо дадумваць дэталі. Для мяне цяпер актуальныя лічбавыя прапорцыі, у іх бачыцца аб’ектыўны пачатак, але кожная лічба павінна прагучаць эмацыйна. Шукаю які-небудзь матэматычны закон для развіцця матэрыялу і напаўняю яго семантычным сэнсамі.
Раскажыце пра сваю сувязь з народнымі музычнымі традыцыямі.
— Нацыянальная платформа — тое, што нас выгадна адрознівае. У мяне ёсць «фальклорныя» творы, у якія ўключаны народныя тэмы і матывы. Напрыклад, «Гуканне вясны» для віяланчэлі, кантата «За рэхам далягляду», у аснове якой — апрацоўкі народных песень. Паспрабаваў знайсці законы развіцця матэрыялу ў ім самім. У Беларусі ёсць уласная фанасфера, яркая, самабытная, а велізарны патэнцыял фальклору яшчэ не раскрыты, у тым ліку на тэхналагічным узроўні. Мы пакуль не да канца ўяўляем магчымасці гэтай неверагодна багатай гукавой прасторы.
Адна з нядаўніх вашых прэм’ер у Вялікай зале філармоніі — харавая фолк-ф’южн сімфонія «Вясна» для народнага хору і эстрадна-сімфанічнага аркестра. У пастаноўцы Людмілы Ражковай былі заняты тры калектывы — «Валачобнікі», «Беларуская песня», «Грамніцы» Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У адзінай гукавай і драматургічнай прасторы з’яднаныя больш за 30 вясновых песень. Якое пасланне слухачу (а ў зале быў аншлаг) вы закадавалі ў гэтым опусе?
— Больш за ўсё «Вясна» па гучанні нагадвае масава-харавыя сцэны з рок-оперы. Упершыню паспрабаваў напісаць сімфанічны твор у неакадэмічнай манеры, і слова «сімфонія» тут найлепш паказвае сутнасць праекта — сугучча, стройнае гучанне, — адлюстроўвае сімбіёз усіх візуальных і музычных кампанентаў дзейства.
У нашай краіне вельмі мала прафесійных кампазітараў займаецца электроннай музыкай, згадаем сачыненні Сяргея Бельцюкова і Аляксандра Літвіноўскага. Але сёння ў вэб-прасторы па выніках рэйтынгу асаблівай увагай карыстаюцца вашы сумесныя праекты з Аляксандрам Цурко, праграмістам, гукарэжысёрам, аўтарам электроннай і электраакустычнай музыкі. У іх відавочныя пошукі, даследаванні межаў цішыні і гуку, свабода імправізацыі, медытатыўнае сузіранне сімвалаў і знакаў культуры. Што яшчэ вабіць у гэтай галіне?
— Электронная музыка — асобная сфера майго дыялогу з іншымі культурамі. Гэта асаблівы свет, у аснове музычнага формаўтварэння пакладзены інтуітыўны падыход, а арганізацыя матэрыялу звязаная з канкрэтнай тэхнікай. Праект-імправізацыя «Ludus mobilis» грунтуецца на ідэі даследавання сферы вопыту суб’ектыўнага кампазітарскага «я», як прасторы сэнсаў, кодаў, знакаў і катэгорый музыкі, эстэтыкі і філасофіі. Каталог «Зона opus posth, ці ...», крыніцай натхнення якога стала кніга кампазітара Уладзіміра Мартынава, — постмадэрнісцкі канцэптуальны праект, што існуе ў анлайн-версіі: інтэрактыўная інтэрнэт-старонка становіцца віртуальным інструментам, на якім генеруецца музыка. Праект мультыфункцыянальны і прадугледжвае незлічоную колькасць трактовак. Яго можна экспанаваць як цыкл нотна-графічных прац, выконваць на фартэпіяна як сюіту, змешванне аўдыяльных і графічных кампанентаў з інтэрнэт-эпіграфамі можа служыць канвой для разнастайных мастацкіх акцыі (перформансаў, флэшмобаў). А вось імправізацыйны праект «Poltishiny» — сфера маіх уласных канцэптуальных захапленняў, своеасаблівы клуб «знаходжання ў музыцы» для самога сябе.
Каб мець магчымасць эксперыментаваць, сёння кампазітару трэба быць больш чым матэрыяльна забяспечаным чалавекам. А вы працуеце па замове?
— Так, гэта нашмат лягчэй і ў дачыненні да планавання свайго часу, і адносна таго, што опус будзе выкананы, а тое, пагадзіцеся, вельмі актуальна ў сучасных рэаліях. У інтэрпрэтацыі Дзяржаўнага камернага аркестра (дырыжор Яўген Бушкоў) і баяніста Фрыдрыха Ліпса прагучаў «Гімн Афрадыце». Аркестр «Салісты Масквы» Юрыя Башмета і цымбалістка Вераніка Прадзед увасобілі прэм’еру сачынення «Сны замкавай гары». Шэраг опусаў быў створаны па ініцыятыве маіх сяброў — кампазітаркі і арганісткі Вольгі Падгайскай і дырыжора Аляксандра Хумалы.
Асобны кірунак працы па замове — аркестроўкі і аранжыроўкі (у тым ліку для калектыву «Санорус», для салістаў і аркестра Акадэміі музыкі). З самых буйных работ у гэтай сферы перааркестроўка — з вялікага сімфанічнага аркестра на камерны ансамбль — оперы Франсіса Пуленка «Чалавечы голас» для Тэатра оперы і балета Беларусі.
Адной з цікавейшых лічу працу ў жанрах прыкладной музыкі. Я стварыў музычны кантэкст да фільмаў айчыннага рэжысёра-дакументаліста Кацярыны Махавай «Пацалунак», «Напярэдадні», «Хлопчык і дэльфін» (студыя «Летапіс»). У Тэатры беларускай драматургіі ўжо некалькі гадоў ідзе даволі папулярны спектакль па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў».
Акрамя гэтага, вы яшчэ і добры арганізатар.
— Разам з Асацыяцый маладых беларускіх кампазітараў ажыццявіліся вельмі прыкметныя ў нашай культурнай прасторы праекты: фестываль «Кінемо», які прыцягвае маладых аўтараў і музыкантаў да агучвання старых нямых фільмаў. Запомнілася і выкананне Баха музыкамі-прафесіяналамі ў мінскіх пераходах, яно было прысвечана 330-годдзю кампазітара.
Вы пішаце ноты ад рукі ці набіраеце на камп’ютары?
— На дадзеным этапе ствараю партытуру адразу на камп’ютары.
Цяжка будзе вывучаць у далейшым вашу спадчыну, бо электронны тэкст не дае магчымасці зазірнуць у таямніцы творчага працэсу, вывучыць чарнавікі кампазітара, убачыць яго пошукі...
— Мы зноў вярнуліся да праблемы тэксту (смяецца). На жаль, гэта аб’ектыўная дадзенасць нашага часу. Дарэчы, у пісьменнікаў такая ж праблема. Але я заўсёды імкнуся візуалізаваць свае праекты. У кампазіцыі грунтуюся на трох кітах: на логіцы, графіцы партытуры і эмацыйным сігнале.
Што яшчэ, акрамя музыкі, захапляе кампазітара Канстанціна Яськова?
— Я кінаман. Люблю глядзець фільмы, якія маюць арыгінальныя канцэпцыі, розных рэжысёраў, аўтарскае кіно. Нядаўна захапіўся працамі амерыканскага рэжысёра Уэса Андэрсана і перагледзеў усе яго стужкі. Люблю падарожнічаць, выязджаць на прыроду. Купіў ровар і здзяйсняю «наезды» на бліжэйшыя вёскі, папярэдне імкнуся знайсці дадатковую гісторыка-культурную інфармацыю пра гэтыя месцы. Аказваецца, літаральна за мінскай кальцавой адкрываюцца цэлыя гістарычныя пласты. Але вольнага часу мала, і таму выкарыстоўваю кожную хвіліну. Дарэчы, па дарозе на працу пастаянна слухаю аўдыякніжкі і аўдыяспектаклі, сёння выбар у гэтых жанрах вельмі разнастайны.
У свой час мяне натхніла думка, выказаная тэлевядучым Андрэем Максімавым: «Калі кожны раскажа пра кнігу, якая зрабіла на яго асаблівае ўражанне, — грамадства кардынальна зменіцца». А якую кнігу вы параіце прачытаць?
— Раіць — надта вялікая адказнасць. Магу распавесці, што я прачытаў з апошняга: «Энцыклапедыя адноснага і абсалютнага ведання» Бернара Вербера. Мне падабаецца фантастыка: Станіслаў Лем, Роберт Шэклі. Прыцягваюць парадаксальныя рэчы, можа таму асабліва блізкі Віктар Пялевін, самы містычны для мяне пісьменнік. Дарэчы, не ў першы раз заўважаю, што ў маім жыцці пачынаюць паўтарацца сітуацыі, якія адбываліся з героямі яго кніг.
Напрыканцы нашай размовы акрэсліце ўласныя культурна-каштоўнасныя арыенціры.
— Мне блізкая думка, што культура — гэта канструктар, а творчасць — гульня ў той канструктар. Таму на сённяшні момант адзін з галоўных арыенціраў — спрошчанасць мыслення і пошук музыкі ў кантэксце штодзённасці.
Наталля ГАНУЛ