«ZBOR. Канструюючы архіў» у Беластоку

№ 11 (392) 01.11.2015 - 01.01.2005 г

Зборная канструкцыя
Вынікі і наступствы «ZBOR. Канструюючы архіў» для айчыннага сучаснага мастацтва таксама выключныя — арт-цаліна краіны пачынае набываць форму і структуру, улоўныя не толькі экспертам, але любому зацікаўленаму.

 

На жаль, мерапрыемства было мала асветлена ў СМІ, а крытычныя артыкулы ўвогуле складана адшукаць. Прычынай гэтаму, без сумневаў, лакалізацыя экспазіцыі (Беласток, Польшча) і глыбокая насычанасць праекта тэарэтычнымі дадзенымі: падрабязнымі апісаннямі, эсэ і публіцыстычнымі тэкстамі, аўтарамі якіх сталі ці не ўсе мастацтвазнаўцы і крытыкі Беларусі. Таму напісаць пра «ZBOR» больш дакладна, чым гэта зроблена самімі арганізатарамі, — надзвычай складаная справа. Але мы паспрабуем акрэсліць галоўныя рысы праекта, вызначыць характарыстыкі і асэнсаваць, чаму «абэнцыклапедычванне» інфармацыі становіцца ў беларускай сі­туа­цыі неабходным крокам для развіцця.

Выстава «ZBOR. Канструюючы архіў» уяўляе з сябе вынік дзейнасці даследчай платформы сучаснага беларускага мастацтва «KALEKTAR». У пачатку 2015-га на партале
kalektar.org запрацаваў рэсурс «ZBOR» — архіў аб праграмных творах айчынных мастакоў, калектывах і інстытуцыях, а таксама значных з'явах сучаснага арт-поля Беларусі. Пад кіраўніцтвам Сяргея Шабохіна і Сяргея Кірушчанкі, ку­ра­тарскі дуэт якіх ужо не аднойчы даволі трапна сябе праяўляў, і пры ўдзеле экспертнай групы, у якую ўвай­шлі аўтарытэтныя дзеячы мастацтва, праект «ZBOR» распра­цаваў аўтарскую энцыклапедыю айчыннага сучаснага арту, прадэманстраваўшы стратэгіі некалькіх пакаленняў мастакоў і ключавыя культурныя падзеі Беларусі. Праект складаецца з сарака работ, створаных з 1980 па 2014-ы, а таксама іх кароткага апісання і рэпрадукцый.

Паводле планаў арганізатараў, выстава ў Беластоку — адзін з першых выхадаў «ZBORа» ў свет. Праект рэалізоўваецца як серыя экспазіцый, выданняў і прэзентацый, далей — гастролі ў Беларусі і за яе межамі, друк каталога ды іншыя суправаджальныя мерапрыемствы. Адбор удзельнікаў, вы­значэнне падставовых з’яў, фармаванне структуры ўзаема­сувязяў былі арганізаваныя экспертнай групай — усе выбраныя творы з'яўляюцца аднымі з ключавых выказванняў, якія ў той ці іншай ступені вызначылі развіццё розных напрамкаў беларускага сучаснага мастацтва.

Абраны адрэзак часу даволі ўмоўны: ад перабудовы, пера­менаў ва ўсіх структурах СССР, набыцця Беларуссю неза­леж­насці — да сённяшняга дня. Найбольшую цікавасць выклікаюць працы, якія праяўляюць менавіта той час, 1980-90-я, бо інфармацыя пра іх прадстаўлена фрагментарна, яны не былі паказаны шырокай публіцы, а блізкае мінулае айчыннага арту ўжо не заўсёды лёгка аднавіць. І няма ніякага сумневу, што дэфрагментаванне таго перыяду, знішчэнне прабелаў і спроба захавання, асэнсавання і аднаўлення найноўшай гісторыі мастацтва Беларусі мае вялікую патрэбу ў такіх праектах, як «ZBOR».

Сучаснае арт-поле выглядае настолькі праблемнай прасторай таму, што з’яўляецца абсалютна жывой і зменлівай субстанцыяй. Яно ўрываецца ў нашу паўсядзённасць у выглядзе падзей і твораў, праблематызуючы самыя розныя пытанні. Мы ўсе, незалежна ад нашага назапашанага прафесійнага і будзённага вопыту, інтэнцый і інтарэсаў, датычныя да арт-асяроддзя, з’яўляемся далучанымі да мастацкіх практык і нейкім чынам нават вымушаныя падзяляць адказнасць за іх напаўненне. У такой сітуацыі ёсць неабходнасць правесці якасны аналіз найноўшага арту, што ў сваю чаргу выклікае гарачыя спрэчкі пра яго прыроду. Аднак пры назіранні за прафесійнымі дыскусіямі на гэты конт нара­джаецца несуцяшальны вынік: звесці мастацкія практыкі, што ўвесь час знаходзяцца ў стане трансфармавання, да нейкіх вызначаных абазначэнняў практычна немажліва. Але ніхто нам не забараняе браць на сябе адказнасць за дакументацыю, фіксацыю і вылучэнне характэрных рысаў жыцця, якое ўжо адбылося. Відавочная неразрыўнасць гіс­то­рыі сучаснага беларускага мастацтва, пераймальнасць, размеркаванне роляў, структурызаванасць падачы інфар­мацыі, функцыя­нальнасць інтэрнэт-пляцоўкі выста­вы, ахап­ляльны спіс удзельнікаў і з боку практыкаў, і з боку тэарэтыкаў — адна­значныя паказнікі якаснай працы над запаўненнем прабелаў тэрміналогіі і перыядызацыі най­ноўшага айчыннага арту.

Куратары паспрабавалі правесці сувязі між ключавымі вузламі беларускага мастацтва, і нам падаецца, што ў іх гэта атрымалася: ад мадэрністычных традыцый Ізраіля Басава, эйфарыі канца 1980-х, якая пакарыла публічныя прасторы сталіцы пасля застою і кватэрнага, амаль падпольнага фармату выстаў, праз актывізацыю мастакоў у Віцебску ў 1990-х і неверагодна прадуктыўную суполку творцаў у Мінску (дуэт Маскалёва і Шахлевіч, група «Беларускі клі­мат», Саўчанка, Сазыкіна і іншыя) да пераломнага моманту сярэдзіны 1990-х (Русава, Цішын) і чарговага сыходу ў «партызанскі» арт-рух. Тады ж адбылася хваля эміграцыі — 
шматлікія творцы з’ехалі за мяжу, дзе працуюць дагэтуль і вызначаюць сябе як прадстаўнікоў Беларусі. У 2002-м Артур Клінаў пачаў выпускаць альманах пра айчынную сучасную культуру — «pARTisan». Той жа перыяд можна акрэсліць як час, калі сталі распрацоўвацца самыя розныя арт-стратэгіі, жыла вера ў магчымасць стварэння беларускага мастацкага рынку і фармаваліся выдатныя майстры. Выбухныя творы аўтараў, якія пакінулі Беларусь (праект групы «Revision», лічбавая опера Тымінько і Шутава, хэпенінг Кашкарава), прагучалі за мяжой і прайшлі амаль незаўважанымі ў нас. Мастакі-эмігранты ўсцешылі беларускі арт міждысцыплінарнымі праявамі (Домніч і Гелфонд, Мітрычэнка), перфарматыўнасцю і адмовай ад аўтар­ства (група «Бергамот»), постмінімалістычнымі экспе­рыментамі з формай і тэхналогіямі (Сакалова, Грак), працай з канцэптуальным відэа (Чорны), мастацкімі дасле­да­­ваннямі (Камароў) ды шмат чым яшчэ. Па гэты бок мяжы мацней выяўлялася сувязь з лакальным кантэкстам. Тым не менш многія прадстаўнікі мастацкага асяроддзя адчувалі нулявыя застойнымі, крызіснымі гадамі. Пераломны
2009-ы прынёс арт-супольнасці краіны пладавітую галерэю «Ў», актывізавалася мастацкае поле, утварыўся відавочны касцяк заўзятараў. У 2010-м запрацаваў партал «Art Aktivist», маніфестуючы неабходнасць пераходу ад партызанскіх стратэгій да адкрытага актывізму, стаў відавочны ўздым хвалі маладога мастацтва. Новая генерацыя хоць і ўвайшла ў праект часткова (Гладко, Шабохін, Лянкевіч), але спрыяе таму, што ён будзе развівацца і папаўняцца імёнамі, вартымі фіксавання.

Азнаёміцца з экспертнай групай, складам удзельнікаў і суправаджальнымі тэкстамі можна на сайце kalektar.org, бо ніводзін артыкул не здольны цалкам пералічыць усе часткі праекта «ZBOR. Канструюючы архіў». Але мы лёгка можам сабе ўявіць тоўсценькі каляровы каталог з прыемнымі на дотык старонкамі і якасным друкам, у якім праекту хапае месца і які можна набыць ва ўсіх кнігарнях нашай краіны. І будзем спадзявацца, што праект даедзе да Беларусі і ўспрымецца роднай публікай так, як таго заслугоўвае.

У рамках фестывалю Wschód Kultury / Inny Wymiar у верасні-кастрычніку бягучага года з боку польскай мяжы адбылася выстава, маштабнасць якой цяжка пераацаніць. Дастаткова адно зірнуць на спіс удзельнікаў, што складаецца з больш чым сарака імёнаў, ды ўсвядоміць грандыёзнасць задумы, дасканаласць яе выканання і перспектывы развіцця праекта.