Так, 23 экспазіцыі, 11 пляцовак, уключаючы непрадказальны ангар «ЦЭХа», майстар-класы і творчыя сустрэчы. Як заўжды, ахапіць «усё» не атрымалася…
Фатаграфія з гісторыяй ці гісторыя з фатаграфіяй
У той час, як заходнія куратары дзівяцца, што гістарычныя тэмы ў нас прысутнічаюць у сучасных праграмах (у іх, трэба разумець, яны не сінтэзуюцца з актуальнымі тэндэнцыямі), мы прымаем гэта як належнае. І самыя моцныя праекты ў нас рэтраспектыўныя: Васільеў, Салавейчык, Аўгусцiс, Вiткацы.
Узнікае пытанне: даніна традыцыі — гэта назаўжды? Калі гістарычных ведаў і пераемнасці няма — людзі нібы непісьменныя. Калі ёсць — надакучае імгненна і здаецца, што мінулае ў нас, як звычайна, наперадзе. Яшчэ можа быць такое выйсце: праверка часам, дыстанцыя, якая высвечвае якасць. Выяўляе новае, знаходзіць іншыя канатацыі. У нашым выпадку асабліва цікавыя аўтары: у фатаграфіі, як і паўсюль, персона мастака — самае галоўнае. Так, фатаграфія, у адрозненне ад многіх іншых відаў мастацтва, трымае кантакт з аб’ектыўнай рэальнасцю ды на гэтым кантакце, уласна, і працуе. Але ўсё астатняе можа быць ці не, а вось асобу ніякая «стратэгія праекта» не заменіць.
Выставы «Служыць фатаграфii», «Пачатак і канец эпохi», «Фатаграфii» якраз такія.
Адна з лепшых у «ЦЭХу» — экспазіцыя-зварот Андрэя Лянкевіча да Юрыя Васільева, зварот да чалавека, фатографа, арганізатара, аднаго з самых паважаных чальцоў творчай супольнасці яшчэ савецкай і ўжо незалежнай Беларусі. Лянкевіч робіць з калекцыі адбіткаў 1970—1990-х экспазіцыю сучаснага мастацтва, дадаўшы ў яе дыпломы, прызы, сцэнар тэлеперадачы «Фотопанорама», якую Юрый Сяргеевіч вёў 4 гады, афішу «Фатаграфікі» 1981 года, фотаапарат, віншавальную тэлеграму Станіслава Шушкевіча «аб прысваенні звання заслужанага работніка культуры». Усё гэта складае такі грунтоўны і надзейны кантэкст яго творчасці, што іншай канцэпцыі ўжо і не трэба. Прастора сама становіцца трохі «рэтра» і сама паведамляе ўсё, што трэба. Нават калі вы катэгарычна не ў захапленні ад савецкага мінулага.
Станіслаў Iгнацы Вiткевiч-Віткацы — адзін з найбольш неардынарных мастакоў, сапраўдны авангардыст, што апярэдзіў развіццё не толькі псіхалагічнага партрэта, але і візуальнай мовы фатаграфіі. Ён фізічна адчуваў будучую глабальную катастрофу, абсурднасць жыцця, прадбачыў дэканструкцыю ў сусветным мастацтве, самаразбурэнне ў творчасці. Драматург, мастак і філосаф, які шмат гадоў фатаграфаваў сябе. Прычым вы не адразу зразумееце, што ў экспазіцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва — адзін і той жа чалавек. Вядома толькі некалькі фатаграфій выбітнага піяніста Артура Рубінштэйна і антраполага Браніслава Маліноўскага, але Віткацы здымаў іх не таму, што тыя былі знакамітыя, а таму, што былі яго сябрамі.
Нельга не прызнаць: кірунак самадаследавання многіх таленавітых людзей прывёў да трагедыі і гібелі — так здарылася і з Віткацы. Дзіўна, што ён паспеў так шмат, а яго фатаграфіі былі зробленыя да эксперыментаў Баўхаўза і Родчанкі, але пасля Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі, жах якіх застаўся з ім назаўжды. Час, калі сацыяльныя катаклізмы разбуралі свет, зрабіў творчасць Станіслава глыбока дэпрэсіўнай і празорчай, а сам ён заставаўся чалавекам багемы і гратэску, аматарам тэатру і перформансаў. «Фотаздымкі» Віткацы (куратар Катажына Сагатоўска) дакладна must see фестывалю, і з адукацыйнай пункту гледжання — значны ўклад Польскага інстытута ў Мінску.
Беласток, Памежжа, Віленскі край... Гэтую тэму і сёння гісторыкі ды музейныя спецыялісты абмяркоўваюць як актуальную. Агульнасць гiсторыка-культурнай спадчыны, рознае прачытанне, дакументацыю і яе адсутнасць. Не паглыбляючыся ў перыпетыі тых спрэчак, адзначым яшчэ адзін вельмі характэрны праект: «Пачатак і канец эпохi». Юзэф Салавейчык — гэта канец XIX стагоддзя, яго фатаграфічны альбом з відамі Беластока 1897 года (29 кадраў) быў уручаны імператару Мікалаю II падчас візіту ў горад. Вуліцы, будынкі, фабрыкі і паркі горада атрымалі першыя фатаграфічныя сведчанні свайго існавання.
У работ Баляслава Аўгусцiса зусім іншы лёс. Толькі ў
2004-м былі знойдзеныя негатывы, і некалькі тысяч кадраў сталі прадметам вывучэння Фонда «Археалогія фатаграфіі» ў Варшаве (з якім мы ўжо знаёмыя па выставе Зоф’і Хамянтоўскай) і іншых інстытуцый. Як і Салавейчык, Аўгусціс працаваў у студыі, але, акрамя партрэтаў, здымаў жанравыя сцэны на вуліцы, шукаў новыя для свайго часу кампазіцыі і ракурсы. Ягоны Беласток — горад міжваенных 1930-х. Куратары Гжэгаж Дамброўскі і Анджэй Ляхоўскі сумясцілі дзве гэтыя гісторыі, персанальныя і гарадскія, польскую і беларускую.
«ЦЭХ» і сацыяльныя праекты
Самыя вялікія чаканні былі сканцэнтраваны ў гэтай прасторы. І самы шматгучны акорд таксама быў тут: дзясятак экспазіцый у ангары «ЦЭХа» плюс прэмія «Прафота». Па тэрмінах гледачу глядзець іх было зручна — у мінулы раз з тым была праблема, але цяпер арганізатары ўсё разлічылі правільна.
Аднак глыбокай поліфаніі не атрымалася. Уражанне, што праекты такога кшталту маюць на ўвазе нейкае клішэ: на першым месцы — канцэпцыя, на другім — інтэрпрэтацыя, прычым не заўсёды арыгінальная.
Нейкія серыі аказаліся больш цікавымі фатаграфічна («У калідорах памяцi» Данiэля Зайферта i Iветы Вайводэ, «Камуналка» Франсуазы Юг’е), але адзначыць я хачу «Аgro» Сяргея Лескеця.
Несумненна, праект з вялікім патэнцыялам, але ў чым гэты патэнцыял? Фатаграфічна выдатная тэма, у якой могуць быць і партрэты, і пейзажы, і жанравыя сцэны, і нацюрморты, і інтэр’еры. Калажы і аб’екты, калі аўтар вырашыць выйсці за межы фатаграфіі ў сферу сучаснага мастацтва.
Сацыяльна, раз ужо аўтар абраў працу ў тым кірунку, — шматпланавы, шматузроўневы кантэкст. Цікава было б пайсці па шляху знакаў і сімвалаў аграгарадкоў, бо гэта месцы без каранёў, у іх павінны быць свае маркіроўкі, сістэма пазнавання. Усё ў праекце ёсць, але як спроба, нібы асноўная работа яшчэ наперадзе. Думаю, Сяргею трэба абавязкова вярнуцца да «Аgro» з больш моцным вопытам, чалавечым і фатаграфічным. Зараз праект відавочна патрабуе дапрацоўкі.
Арт-фатаграфiя: праекты Музея сучаснага выяўленчага мастацтва
Праекты музея сапраўды адрозніваліся ад іншых, і гэта ўжо арт-фатаграфiя. Акрамя Віткацы, адзначым «Вiдзежы» Густавы Сагорскі і «Fashion is my passion. Модная індустрыя 1970—90-х гадоў: беларускi фармат».
У першым выпадку аўтар звяртаецца да таго, што можа быць аб’ектам фатаграфіі. Пантофля, куст туі, камень, слімак. Гэта своеасаблівы погляд на чалавека праз прадмет, ускосную дэталь, тое, што не галоўнае і ніколі галоўным не стане.
Але мастак бачыць у прадмеце адлюстраванае святло чалавека, ягоныя ўчынкі, эмоцыі, падзеі. Калі гледачу гэты код не зразумелы, застаецца атрымліваць асалоду ад якаснай фатаграфіі, чаго ў аўтара дакладна не адбярэш.
«Fashion» пабудаваны на трох знакавых імёнах: Віктар Ганчарэнка (з архіваў фотаклуба «Мінск»), Рыгор Ліўшыц і Андрэй Шчукін. Фэшн-фатаграфiя, толькі нарадзіўшыся, ужо імкнулася да арту. І вокладкі модных часопісаў заўсёды лічыліся дасягненнямі фатографаў, уключаючы Хельмута Ньютана і Хорста П. Хорста. У гэтым сэнсе Віктар Ганчарэнка быў сапраўдным эксперыментатарам, першым у сваім родзе. Не ведаю, як ягоны прарыў успрымалі ў гады стагнацыі, але зараз халодныя мадэлі Ганчарэнкі хутчэй фэшн-фантастыка, у тэхніцы калажаў эпохі «Фотаграфікі». І яго працы рэдка можна ўбачыць! Так што рэспект куратарам.
Рыгор Ліўшыц, напэўна, лепшы сучасны рэкламны фатограф і не прэтэндуе на мастацкую «ацэнку» сваіх работ. Але яго вокладкі 1990-х (беларускі глянец «Золотая орхидея», «Евростиль»), фотасесіі і перамогі на прафесійных конкурсах і зараз выглядаюць пераканаўча. А вось Андрэй Шчукін у суаўтарстве з Дзянісам Нядзельскім заўсёды актыўна імкнуўся да арт-фатаграфіі, ён вядомы як аўтар, што звязвае дызайн (часам цалкам канкрэтныя калекцыі) і мастацкую форму. Шырокі глядач напэўна ведае ягоную серыю «Кінэстэтыка» на Маскоўскім біенале сучаснага мастацтва ў 2013 годзе. У экспазіцыі прадстаўлены і вокладкі часопісаў, і ўласна фатаграфіі, і відэа, і дызайнерскія касцюмы з прыватных калекцый.
Цікавыя рабочыя здымкі мадэляў студыі «Тамара», сумесныя праекты з дызайнерам Аленай Міт «Лялечныя хронікі» і «Утопія» дадаюць яшчэ адну фарбу ў разуменні не столькі творчасці, колькі аўтара. Ну, а Ганна Самарская і Вольга Рыбчынская не былі б самімі сабой, калі б упусцілі магчымасць паказаць лайтбокс са слайдамі і кантрольную шкалу колераў «Kodak» — і ўсё гэта з 1990-х. Зусім нядаўняе рэтра...
ЦСМ верны строгай канцэптуальнасці, або Паэзія дэпрэсіі для бетону з аркестрам
Нямецкі фатограф Мануэль Шродэр прадставіў у Цэнтры сучасных мастацтваў два праекты: «У апошні момант» і «У стадыі будаўніцтва». Яшчэ адна тэма, у якой правільная канцэптуалізацыя, але тое, што мы бачым на фотаздымках, так прадказальна, так знаёма. І па жыцці, і па мове: святло, ракурсы, перспектыва. Безжыццёвыя прасторы, пазбаўленыя даўняй ідэалагічнай місіі, але на справе недагледжаныя, непрыбраныя. Вобраз постсавецкай беднасці і заняпаду, так, ёсць, але колькі такога мы ўжо бачылі. І настальгіі, вядома, няма, мо ў гэтым звышзадача аўтара. Тады яна выканана, але...
Як вопытны педагог і куратар, Шродэр правёў у Мінску трохдзённы варкшоп «Парадак як сацыяльная форма», што, безумоўна, было цікава таму, хто захапляецца ўрбаністычнай фатаграфіяй. З улікам таго факту, што ў мінулагодняй праграме ён паказаў відэа «Пайсці па-англійску» і цяпер займаецца гэтым кірункам, стасункі са спадаром Мануэлем, вядома, карысныя.
P.S. ...Што нам рабіць з гэтым «Месяцам...»? Як яго глядзець, каб атрымаць больш цэльнае ўяўленне, супаставіць розныя крытэрыі ацэнкі прац? Ведаю фатографаў, якія аддаюць перавагу майстар-класам, а на выставы зазіраюць ад выпадку да выпадку, — гэта таксама варыянт. Чакаць кожны раз сенсацый, такіх як Марцін Пар або Рымальдас Вікшрайціс? Як наогул вымераць ККД, аддачу такіх буйных падзей для беларускай фотасупольнасці? Цяпер мне здаецца, што стратэгія «Месяца...» павінна яшчэ развівацца. А гледачы ў нас удзячныя, яны падцягнуцца, калі фестывалю будзе што сказаць.
Любоў ГАЎРЫЛЮК