Каталы праз дваццаць гадоў

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Спектакль «Гульцы» С.Жэнавача ў Студыі тэатральнага мастацтва стаўся дзіўным адбіткам пастаноўкі дваццацігадовай даўніны.

/i/content/pi/mast/6/160/Kataly1.jpg 
На праграмцы напісана: «Прысвячаецца Р.Сіраце і П.Фаменку». Не кожны ведае, чаму з’явілася гэтае прысвячэнне: усё пачалося больш чым дваццаць гадоў таму, калі мы былі студэнтамі ГІТІСа. С.Жэнавач вучыўся рэжысуры на курсе Пятра Фаменкі, і да іх у майстэрню запрасілі выкладаць выдатнага тэатральнага педагога Розу Сірату, знакамітую тым, што «зрабіла ролі» ўсім зоркам БДТ, пачынаючы са Смактуноўскага-Мышкіна. Яна была ленінградкай, блакадніцай. Нехта са старых піцерскіх людзей тэатра нават запэўніваў, што ўсе глыбіні спектакляў Г.Таўстаногава належаць Р.Сіраце, а «Гога -- толькі ўпакоўшчык». В.Лебедзеў са сваім грандыёзным Халстамерам, С.Юрскі, А.Басілашвілі, потым, ужо ў Маскве, А.Калягін, Л.Максакава многім абавязаны ёй. Дык вось, было вырашана, што на акцёрска-рэжысёрскім курсе Р.Сірата з групай студэнтаў-рэжысёраў паставіць гогалеўскіх «Гульцоў», і гэта стане для будучых пастаноўшчыкаў школай работы з акцёрам.
Рэпеціраваць пачалі яшчэ на другім курсе: развівалі шулерскую спрытнасць рук, назіральнасць, здольнасць да містыфікацый. Атрымалі заданне паддурваць незнаёмых людзей на вуліцы. «Паспрабуйце ўбачыць, як крадуць, як трымаюцца пры гэтым, -- вучыла Р.Сірата. -- Як шантажыруюць. Як бароняцца ад шантажу».Студэнты прыглядаліся да ўсяго ў метро, у сталовай, у чэргах -- лавілі кожны дэмагагічны выбух, ілжывае слова, прыхаваную ўхмылку і неслі на рэпетыцыі. Што значыць падмануць або быць падманутым, шантажыраваць або ліслівай хлуснёй увайсці ў давер? Ну і, нарэшце, лавілі ў сабе любыя праявы азартнасці, п’еса ж пра гэта, а сапраўдных гульцоў сярод студэнтаў-рэжысёраў не было. Раскатурхвалі сябе, заводзілі, сядаючы за карцёжны стол. «Пакуль ты не збялееш, як твой персанаж, усё не мае сэнсу», -- казала Р.Сірата. Гатовыя ўрыўкі паказвалі на экзамене.
Пасля экзамена М.Захараў сказаў: «Неяк не па сабе было сядзець у першым радзе. Здавалася, вось-вось абакрадуць або яшчэ што-небудзь здарыцца».
 /i/content/pi/mast/6/160/Kataly2.jpg

Разабраную да самых дробных дэталяў п’есу на апошнім годзе навучання ўзяў П.Фаменка і зрабіў дыпломны спектакль, які нават ішоў на сцэне філіяла Тэатра імя У.Маякоўскага, пакуль іграючыя ў ім рэжысёры не раз’ехаліся на ўласныя дыпломныя пастаноўкі. Там пад ліслівы раманс «Не падмані» шулер-ас Іхараў -- прыбраны, у светлым касцюме -- з’яўляўся ў цёмнай бруднай гасцінічцы, дзе яго абводзіла вакол пальца каманда напаўгалодных, абадраных шулераў. Р.Сірата ролі ў бандзе размеркавала так: «Уцяшыцельны -- палкаводзец, ён ацэньвае становішча, намацвае слабыя месцы і наносіць удар. Швохнеў -- хлус-імправізатар, адцягвае ўвагу. Кругель -- адзіны сярод іх прымальны карцёжнік -- гуляе». С.Жэнавач, тады доўгавалосы і вельмі падобны да Гогаля, іграў Кругеля.Р.Сірата памерла ў 1995 годзе, П.Фаменка, дзякаваць Богу, жывы і працягвае ставіць. Пераняўшы ў яго гітісаўскі курс, С.Жэнавач роўна праз дваццаць гадоў са сваімі вучнямі ставіць «Гульцоў» і прысвячае спектакль настаўнікам. Але спектакль гэты не мае нічога агульнага з той, старой гісторыяй.
А.Бароўскі пабудаваў на сцэне Цэнтра імя У.Меерхольда вялікую залу з тоўстымі чорнымі калонамі і мноствам карцёжчных сталоў, абабітых зялёным сукном. Менавіта сюды, у гэтую дарагую ігральную залу, прыходзяць усе персанажы п’есы: шулеры, служкі, дробныя злодзеі, якія прыкідваюцца чыноўнікамі, бацькамі сямейства, юнакамі, што мараць пра гусарства. І ўсе яны амаль не адрозніваюцца адзін ад аднаго: доўгія чорныя паліто, насунутыя на лоб капелюшы. Чорныя гарнітуры, беласнежныя кашулі, акуратныя праборы. Не дробныя шулеры -- бяры вышэй, мафія з «Хроснага бацькі». Дваццаць гадоў таму ў спектаклі ўсе гульцы былі дарослымі (у рэжысёры звычайна ідуць людзі, якія ўжо маюць адну адукацыю). Сённяшнія гульцы -- хлопчыкі. Колішнія былі з розных гарадоў, краін, сацыяльных пластоў. Іхараў, якога іграў студэнт-іспанец Хасэ Луіс Чэка Понсэ, са сваім светлым касцюмам і моцным акцэнтам увогуле не мог мець нічога агульнага з астатняй шушарай.
 /i/content/pi/mast/6/160/Kataly3.jpg
Сённяшнія гульцы выглядаюць аднолькавымі -- хлапчукамі з аднаго асяродку, аднолькавага выхавання. Ну, магчыма, адзін з іх больш таленавіты, хутчэй рэагуе і падладжваецца (Уцяшыцельнага іграе Аляксей Вярткоў), затое іншыя адразу могуць падхапіць ягоныя ідэі (Швохнеў -- Аляксандр Абласаў, Кругель -- Рыгор Служыцель). Ім лёгка разам дурэць, падманваць некага, з задавальненнем піць віно пад смачную закуску (гледачы глытаюць сліну, назіраючы, як хлопцы апетытна жуюць, нахвальваючы ікорку і балычок пад бульбачку, пасыпаную кропам). А далей -- стоп, ідзе іншая ігра.
У «Гульцах» восемдзесят сёмага года падман быў віртуозным, тэатральным і празмерным. Тады Сяргей Качанаў іграў Швохнева як генія хлусні, які ў параксізме творчасці прыводзіў у захапленне залу, літаральна ўзлятаў і сядаў на сцэну, як муха. У спектаклі 2007 года былы педагог курса С.Жэнавача Сяргей Качанаў зноў бярэ ўдзел, ён іграе старога Глова -- без усялякіх фантасмагорый, але з такой шчырасцю, з такой душэўнасцю, што адразу зразумела: хлусіць. Як, уласна кажучы, і ўсе злодзеі тут: усе глядзяць так проста, а гавораць так сумленна, што паверыць ім можа толькі наіўны. І спектакль атрымаўся пра тое, як жылі-былі хлопцы з адной кампаніі: здавалася, ніхто не быў чыстым, але потым раптам адзін аказаўся падманутым, а іншыя -- у выйгрышы. Увогуле, гісторыя кшталту «Аднойчы ў Амерыцы», але са спецыфічнымі рускімі абертонамі. І гэты рускі, прычым відавочна сённяшні, выяўляецца ў першую чаргу ў Іхараве. Ролю шулера-віртуоза, паэта і фанатыка картачнага падману іграе дваццацідвухгадовы Андрэй Шыбаршын, іграе шчыра, амаль апантана, расказваючы пра высокае сваё шулерскае прызначэнне са страсцю і нейкім камсамольскім бляскам у ясных вачах: «Вось называюць гэта жульніцтвам і рознымі падобнымі імёнамі, а гэта тонкасць розуму, развіццё».
Робіцца нават жудасна ад таго, як пераканальна гэты хлопчык з адкрытым тварам прапаведуе ашуканства.
Але менавіта ў гэтай шчырасці і веры (якім бы несумленным ні падаваўся сам яе прадмет) і аказваецца слабое месца героя. Верыць нельга ні ў што -- таварышы па партыі імгненна здадуць.
У колішнім спектаклі каманда гульцоў у фінале знікала амаль сумуючы ад таго, што прыйшоў канец захапляльнаму святу махлярства. У новым справа была скончана без глупстваў -- дакладна і сур’ёзна. Ёсць такая праца -- шулерства. Дэмагогія, шантаж, перабольшанні, падтасоўкі. Якія ўжо тут гульні!

 Дзіна ГОДЭР
Gazeta.ru