Гэта цэнтр айчыннага выканальніцкага мастацтва, музыказнаўства і педагогікі. З гісторыяй Акадэміі непарыўна звязана ўся гісторыя музычнай культуры Беларусі ХХ і ХХІ стагоддзяў.
У склад Акадэміі сёння ўваходзяць пяць факультэтаў, дваццаць дзве кафедры, оперная студыя. Усе вядомыя айчынныя кампазітары і вакалісты, піяністы і струннікі, «духавікі» і «народнікі» ўзгадаваныя менавіта тут. Буйнейшыя спецыялісты ва ўсіх галінах музычнага выканальніцтва выкладаюць і дзеляцца сваім неацэнным вопытам менавіта тут.
Пра набыткі і праблемы вышэйшай музычнай адукацыі — гутарка з рэктарам Беларускай акадэміі музыкі, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам
Кацярынай Дулавай.
Кацярына Мікалаеўна, ведаю, што адразу пасля нашай размовы вы накіроўваецеся ў Шатландыю. Вас вядуць туды навуковыя клопаты або міжнародны конкурс?
— У Глазга адбудзецца штогадовы кангрэс Асацыяцыі еўрапейскіх кансерваторый і вышэйшых школ музыкі, які аб’ядноўвае больш за 300 навучальных устаноў з многіх краін Еўропы. У якасці запрошаных гасцей прысутнічаюць таксама прадстаўнікі амерыканскіх, японскіх, кітайскіх, аўстралійскіх ВНУ. Членства ў такой арганізацыі для нас пачэснае. Важнае і для статусу, і для прыцягнення патэнцыяльных студэнтаў. Я двойчы прэзентавала на кангрэсах нашу Акадэмію музыкі, заўжды вязу з сабой шмат рэкламнай прадукцыі.
Кожны год кангрэсы адбываюцца ў розных краінах і гарадах. Былі ў Будапешце, Варшаве, Пецярбургу. Штораз прэзентуюцца дасягненні пэўнай музычнай установы, праводзяцца канцэрты, ёсць магчымасць кантактаваць са студэнтамі, бачыць стан музычных інструментаў і тэхнічную ўзброенасць. Кангрэс доўжыцца некалькі дзён, мова кантактаў англійская. Звычайна рэктары абмяркоўваюць агульныя праблемы сучаснай музычнай адукацыі. У выніку ад Асацыяцыі мы атрымліваем інфармацыю аб найноўшых тэндэнцыях, важнейшыя дакументы, якія рэгламентуюць навучанне.
Самае актуальнае пытанне — стандарты менеджменту якасці адукацыі. У Еўропе яна цалкам пабудавана ў адпаведнасці з Балонскім працэсам, які ў нас толькі пачынае набіраць абароты. Паколькі там адзіная сістэма вышэйшай музычнай адукацыі, студэнт можа перамяшчацца з адной ВНУ ў іншую.
У Еўропе, на жаль, мала ведаюць пра вопыт краін СНД, пра тое, як у нас педагогі працуюць з юнымі выканаўцамі. Такой сістэмы, якая некалі склалася ў дарэвалюцыйнай Расіі, а потым развівалася СССР, нідзе няма.
На кангрэсах вылучаюцца блокі краін былога Савецкага Саюза і краін былога сацыялістычнага лагера. Яны блізкія нам па сістэме адукацыі. Планую, што будзем праходзіць міжнародную акрэдытацыю асобных спецыяльнасцей у нашай Акадэміі музыкі, каб прыцягваць замежных студэнтаў на навучанне. Па гэтай тэме і буду выступаць, каб даць уяўленне пра адпаведнасць нашага навучання сістэме падрыхтоўкі прафесійных музыкантаў у іншых краінах. Цяпер у нас пераважаюць студэнты з Кітая, а еўрапейцаў пакуль мала цікавіць наш рэгіён.
Пры ўсіх «плюсах» Балонскага працэсу, ён таксама варты крытычнага стаўлення. Не ўпэўнена, што сістэму, якая існуе ў кансерваторыях Заходняй Еўропы, нам трэба слепа пераймаць. Напрыклад, за мяжой няма сістэмы ранняй прафесіяналізацыі. Адмоўны бок мае і заходнееўрапейская мабільнасць: віяланчэліст навучаўся ў каледжы 4 гады, далей паступае на гукарэжысуру ў вышэйшую ўстанову, дзе вучыцца 2 гады. Можа, гукарэжысёр ён будзе і някепскі, але наўрад ці высокапрафесійны віяланчэліст.
На мой погляд, у справе выхавання выканаўцаў магчымасць перамяшчацца па свеце не з’яўляецца вырашальнай. Набыццё прафесійных навыкаў — усё-такі не адукацыйнае «падарожжа» і не працяглы ў часе майстар-клас у розных педагогаў. Так, нам трэба сачыць за стратэгіямі еўрапейскай музычнай адукацыі, але важна не страціць уласны назапашаны педагагічны вопыт.
У нас студэнт, як правіла, паступае ў клас да майстра, прафесара. Традыцыі мяняць педагога няма. За канкрэтным выкладчыкам стаіць выканальніцкая школа, да якой малады выканаўца мае гонар далучыцца. Пераемнасць у навучанні, трываласць звязаных паміж сабой звёнаў «школа — каледж — Акадэмія музыкі» забяспечваюць паэтапнасць засваення прыступак майстэрства. Пяць гадоў навучання ў Акадэміі — класічная сістэма, якая склалася яшчэ ў Савецкім Саюзе. Я лічу яе аптымальнай і ніхто не пераканае мяне ў адваротным. Арганізатары Асацыяцыі самі кажуць, што з павагай ставяцца да традыцый падрыхтоўкі музыкантаў, якія склаліся ў былым СССР.
Вынік нашай прысутнасці ў Асацыяцыі еўрапейскіх кансерваторый — дамова з Будапешцкай акадэміяй музыкі імя Ліста, адной з найбольш аўтарытэтных музычных устаноў Еўропы. Адбылася сустрэча з рэктарам Шанхайскай кансерваторыі, з якім у Мінску таксама была падпісана падобная дамова. У планах — дамова з Нацыянальным універсітэтам музыкі Бухарэста, супрацоўніцтва з кансерваторыямі краін Балтыі.
З убачанага ў розных сталіцах якія з’явы ўразілі? Што з гэтага вы хацелі б перанесці на беларускую глебу?
— Што варта пераймаць у тамтэйшым навучальным працэсе? Разнастайнасць вучэбных праграм, асабліва магістарскіх, у сферы рэжысуры, музычнай псіхалогіі. Выклікае захапленне стан будынкаў, у якіх навучаюцца студэнты.
І аснашчанасць музычнымі інструментамі — на ўзроўні. Мы ашчадна ставімся да сваёй маёмасці, але сёння большасць інструментаў зношана. Асабліва гэта тычыцца піяніна і раяляў, калі мець на ўвазе тэрмін службы. Мы таксама купляем новыя інструменты, але кропкава. Пры іх набыцці пераважаюць дзяржаўныя закупкі. Набылі кантрабас, некалькі кларнетаў, тубу, акардэоны, баяны. Размова ідзе пра інструменты высакаякасныя і, адпаведна, дарагія. Сярод нашых самых каштоўных набыткаў — скрыпка Гварнэры. Акадэміі музыкі вельмі патрэбны канцэртны раяль «Steinway», які каштуе ад 120 да 150 тысяч еўра. Сума сур’ёзная, але інструмент падобнага класу мае іншы гук. Наяўнасць такіх інструментаў нараджае ў выканаўцаў матывацыю вучыцца, выхоўвае культуру інтанавання, слых, густ. Выдатны інструмент — гэта 85 працэнтаў таго, што выканаўца адбудзецца. Залішне казаць, што без якаснага інструментарыя немагчыма сур’ёзнае прадстаўніцтва на сусветных конкурсных і канцэртных пляцоўках.
Банкі дапамагаюць нам у ажыццяўленні творчых праектаў, гастрольных вандровак. Адзін з банкаў дапамог набыць каштоўнае выданне — англамоўны «Новы музычны слоўнік Гроўва» ў 29 тамах. Ён каштуе каля 3 тысяч долараў.
За мяжой актыўна развіваюцца кірункі, звязаныя са старадаўняй і ультрасучаснай музыкай. У Парыжы, а таксама дацкім горадзе Орхус назірала лабараторыі, што вырабляюць старадаўнія інструменты. Там адчуваецца бум цікавасці да выканання твораў эпох барока і Адраджэння на аўтэнтычных ці стылізаваных інструментах. Тое ж датычыць і сучаснай музыкі. У еўрапейскіх кансерваторыях ёсць каштоўная магчымасць запісаць урок і адразу праслухаць і паглядзець аўдыя- і відэаматэрыял. Тое не асобная студыя, а звычайная аўдыторыя. Вабіць аснашчанасць аркестраў, якасць пультаў, крэслаў, якой бы дробяззю гэта ні здавалася.
Шчыра зайздрошчу наяўнасці лабараторый, аснашчаных камп’ютарамі і сінтэзатарамі, дзе будучыя кампазітары, гукааператары, гукарэжысёры могуць эксперыментаваць з гукам. Кошт такой лабараторыі ў Эстонскай акадэміі музыкі 100 тысяч долараў. Хутчэй за ўсё на яе абсталяванне «пад ключ» быў выдзелены грант Еўрасаюза. Стала нормай, калі ў кансерваторыі ёсць студыя, якая можа запісваць дыскі. У Таліне нам падаравалі дыскі праз два дні пасля нашага канцэрта.
На працягу пяці апошніх гадоў вы — рэктар Акадэміі музыкі. Што за гэты час істотна змянілася? У чым выяўляюцца новыя павевы часу?
— Еўрапейскі вопыт, скажам так, паскораннага навучання пазбаўляе нас многіх важкіх аргументаў.
У навучальным працэсе сёння важна захаваць тое, што ў нас ёсць, не трапіўшы неабачліва ў вір аптымізацыі. Найпершыя прыярытэты для нас — захаванне індывідуальных заняткаў, патрэбных аб’ёмаў вучэбных гадзін, адэкватнага стаўлення да адметнасці мастацкай творчасці. Калі мець на ўвазе музычныя ВНУ былога СССР, дык на рэйкі Балонскага працэсу перайшлі Украіна, Грузія, Арменія, Казахстан. Як і многія кансерваторыі ў самой Расіі. Балонскі працэс не паўплываў толькі на Маскоўскую кансерваторыю. Там няма бакалаўраў і магістраў, кансерваторыя трымае сістэму спецыялітэта. Але Маскоўская кансерваторыя — брэнд, яна можа сабе такое дазволіць. У той жа час Акадэмія імя Гнесіных працуе па дзвюх сістэмах — спецыялітэт і бакалаўрыят плюс магістратура.
Мы не можам не ўлічваць правілы і стандарты Балонскага працэсу, але нават калі нашы студэнты будуць вучыцца па іх, усё роўна для атрымання вышэйшай кваліфікацыі ім спатрэбіцца шэсць гадоў (раней былі тыя ж шэсць, якія складаліся з пяці гадоў асноўнага курса і аднаго года асістэнтуры-стажыроўкі). Калі спецыяльнасць набывае чалавек з вышэйшай адукацыяй, навучанне можа быць карацейшым (напрыклад, па спецыяльнасці «рэжысура музычнага тэатра»). Думаю, мы здолеем захаваць спецыфіку музычнай адукацыі...
Гутарыла Таццяна Мушынская.