Сакральнае ў будзённым

№ 10 (391) 01.10.2015 - 31.10.2015 г

Андрусь Такінданг пра шчырасць і аўтэнтычнасць
Гэтая асоба ў нашай культурнай прасторы надзвычай каларытная. Музыка двух гуртоў — «RECHA» і «Гаротніцы», мастак, тэлевядучы (на працягу пяці гадоў вёў перадачу «Беларуская мова», дзе расказваў пра этымалогію беларускіх слоў). Пакручастая біяграфія: закончыў Гімназію-каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка, крыху павучыўся ў Акадэміі мастацтваў, пасля на рэстаўрацыі ва Універсітэце культуры і мастацтваў, працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту.

У Цэнтры сучасных мастац­тваў якраз падчас нашай размовы адбываецца твая выстава «Крыжовы шлях. Дошка, аловак, акрыл», якая і стала нагодай для гутаркі. У экспазіцыі я ўбачыла дастаткова нечаканую выяўленчую сістэму: з аднаго боку, творы можна разгля­даць як рэлігійны жывапіс, з інша­га — як шчырыя і сучасныя артыс­тычныя развагі на рэлігійныя тэмы. Увядзенне графічных арку­шаў з выявамі беларускіх гарадоў і мястэчак (ілюстрацыі да праекта «Магічная мапа») — яшчэ адзін да­волі нестандартны пластычны ход у выбудове экспазіцыйнай прасто­ры. Аднак я асабіста практычна не бачыла тваіх прац. Гэта першая пер­санальная выстава?

— Здаецца, трэцяя. А ў Мінску — так, першая. У сталіцы я доўга не рашаўся выстаўляцца, таму што тут узнікае вя­лікая колькасць складаных арганіза­цыйных момантаў. Зладзіць выставу ў Цэнтры сучасных мастацтваў прапа­навала Каміла Янушкевіч, яна і стала яе куратарам. Я пагадзіўся і пачаў ду­маць над канцэпцыяй.

Цыкл з чатырнаццаці карцін, выка­наны акрылам на дошцы (назва пра­екта намякае на тэхніку пра­цы), — вынік замовы?

— Так, насамрэч выстава складаецца з дзвюх замоваў. «Крыжовы шлях» — гэ­та чатырнаццаць дошак, распісаных для Лучайскага касцёла па просьбе ксяндза Мікалая Ліпскага. Пра вёску Лучаі я магу гаварыць бясконца: што­ месяц там адбываюцца фэсты, кан­цэрты, урачыстасці. Фактычна ксёндз стварае культурную прастору. І ён вы­рашыў размясціць сцэны Крыжовага шляху на вуліцы. Гэта традыцыйны сюжэт, які часта можна ўбачыць у кас­цёле...

Накшталт каплічак у вёсцы Мосар? Там з ініцыятывы ксяндза Юзафа Булькі за касцёлам былі размешча­ны каплічкі з таямніцамі святога Ружанца, а на могілках — каплічкі са стацыямі Крыжовага шляху.

— Так, і гэта той жа рэгіён, а ксёндз Мікалай пэўны час працаваў разам з ксяндзом Булькам у Мосары. Зараз ён актыўна займаецца добраўпарадка­ваннем старажытнага касцёла святога Тадэвуша ў Лучаях. Дык вось: «Кры­жовы шлях» будзе знаходзіцца не на тэрыторыі касцёла, а на вясковых могілках у каплічках, якія б служылі своеасаблівай аховай. Гэтыя капліч­кі пад 14 дошак з роспісамі робяцца адмыслова. У маёй серыі атрымаўся даволі пазітыўны, аптымістычны ка­ларыт — якраз вельмі прыдатны для дэманстравання на вуліцы.
Я доўга не згаджаўся працаваць над тэ­май Крыжовага шляху, але ўсё ж нава­жыўся. Не так даўно — акурат пад вы­ставу — яго і завяршыў.

Мяне ўвогуле цікавяць розныя ма­дэлі выяўленчасці... Ці былі нейкія знешнія ці ўнутраныя абмежаванні пры стварэнні рэлігійнага цыклу?

— Я пісаў яго досыць доўга, бо рабіў перапынкі. Калі закончыў, задумаў­ся, што нечакана — разам з гэтым цыклам, прысвечаным Крыжоваму шляху, — уваходжу ва ўзрост Хрыс­та. Праца расцягнулася на некалькі гадоў. З іншага боку, яна і не мусіла быць хуткай. Так, ёсць абмежаванні, і найперш у маёй галаве, паколькі я заўсёды памятаў, што самае лепшае ў сакральным жывапісе даўно ўжо зроб­лена. Калі звярнуць увагу на нейкія сучасныя патугі ў рэлігійнай тэматы­цы, то часам гэта выглядае папсова, часам эстэтычна непрымальна для мяне. Пасля я знайшоў тэалагічнае абгрунтаванне свайго дазволу на пі­санне «Крыжовага шляху». Ёсць роз­ныя спосабы выяўлення — галоўнае знайсці адпаведны. І ёсць меркаванні, што майстэрства мастаку часта можа замінаць.
Гэта быў мой уласны бар’ер, я яго пе­раадолеў. І рушыў у гэты шлях.

Якім чынам, праз які пошук ты прыйшоў да выніковай формы па­дачы рэлігійнага сюжэта — без ка­нанічных рамак, з устаўкамі будзён­ных форм і сюжэтаў?

— Я люблю народны — уніяцкі — ікана­піс, меў магчымасць з ім пазнаёміцца падчас працы рэстаўратарам у Музеі архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Там былі добрыя калегі, выдатныя ўмовы працы і доступ да іканапісных сховішчаў. Гэтыя іконы — жыццяра­дасныя і непасрэдныя. Я ж ведаю свой характар і, пачынаючы працу над цыклам, разумеў, што не заўсёды зма­гу стрымаць і абмежаваць сябе нейкай строгай формай. То­бок на візантый­скі канон я амаль не арыентаваўся, толькі на народны іканапіс пазамі­нулага стагоддзя, пераважна ўніяцкі. Бо і краіна тады была ўніяцкая, а мас­ так — непасрэдны ў сваім выяўленні. Напрыклад, ён мог пабачыць гравюру з «Мадонны» Рафаэля, уразіцца і напі­саць ікону пад яе ўздзеяннем. Наколь­кі хапала майстэрства. І ў гэтым шчы­расць узаемаадносін паміж творцам і Богам — нібы паміж дзіцем і бацькам. Дзіця ў сям’і можа дазваляць сабе про­стыя словы. І я падумаў, што буду ра­біць так, як умею, размаўляць на мове, зразумелай людзям, якія жывуць у вёс­цы Лучаі. Каб не падманваць сябе.
Так я вырашаў мастацкія задачы «Крыжовага шляху».

А сам ты вернік?

— Каб не быў, то не ўзяўся б за замову. Ды і прапановы не ўзнікла б. З ксян­ дзом Мікалаем пазнаёміўся праз му­ зыку, і мы з гуртом «RECHA» аднойчы зладзілі ў Лучаях канцэрт. У тамтэй­шым касцёле вельмі часта выступаюць многія знакамітыя гурты розных кі­рункаў. Увогуле Лучаі — гэта паралель­ная рэчаіснасць. Невялікая вёсачка, даволі далёкая ад Мінску, і там штоме­сяц адбываецца рок­фэст. Тое мясціна Агінскага, і на замову айца Мікалая ў Лучаях зроблены помнік знакамітаму кампазітару, чакаецца дазвол, каб яго ўсталяваць. Гэта адна з замоваў, адна з частак выставы.
Другая нарадзілася з супрацоўніцтва з культурніцкай кампаніяй «Будзьма бе­ ларусамі». Я рабіў ілюстрацыі да літа­ратурнага праекта «Магічная мапа». У чым яго сутнасць? Самыя розныя людзі — нікому не вядомыя і вельмі знакамітыя паэты, пісьменнікі і мас­такі — дасылалі свае лісты на «Будзь­ма...» з аповедамі пра ўлюбёныя мясці­ны краіны. Вулкі, дамкі, нейкая лава, помнік ці камянічка. Мая задача — чы­таць гэтыя нарысы і рабіць замалёў­кі. Калі апісаны аб’ект знаходзіўся паблізу, то можна было пад’ехаць і замаляваць яго з натуры, калі гэта да­лёкая вёсачка, то даводзілася шукаць фотаздымкі ці заклікаць сваё ўяўлен­не. Такім чынам я павандраваў па ўсёй Беларусі. Зараз здараюцца сітуацыі, што прыязджаю ў нейкае мястэчка ці вёсачку і разумею, што я тут ужо быў. Бо чытаў пра гэтую вулку і маляваў яе. 

Чаму ў адным выставачным пра­екце ты вырашыў спалучыць такія розныя цыклы?

— Ілюстрацыі да «Магічнай мапы» вельмі маленькага фармату, і я выра­шыў проста абклеіць імі сцены — як шпалерамі. Каб яны сталі такім жы­вым фонам да Крыжовага шляху. І ў мяне атрымалася нясенне крыжа па мястэчках, вулках, завулках. Я паду­маў — чаму б і не? Крыжовы шлях дае водгук, адбіваецца і ў мастацтве, і ў жыцці чалавецтва. Гэтыя законы па­вінны функцыянаваць і на нашых вул­ках. Тут і бібліятэка, і помнік Леніну, і праспект — а пасярод гэтага крыж. Прынамсі, калі я расклаў працы двух цыклаў, ніякіх супярэчнасцей не ўба­чыў. І так узнікла выстава з дзвюх за­моваў.

Памятаю цябе з часоў гімназіі­-кале­джа і бачыла твой жывапіс на пра­глядах — ён выразна вылучаўся. Раптам становішся рэстаўратарам, гэта вельмі пакручасты шлях.

— З аднаго боку — шукаў сваё месца, з іншага — усё часта адбывалася выпад­кова. У Акадэміі мастацтваў я праву­чыўся каля года. І мяне, дзякуй богу, выгналі. Тады мне было цяжка аца­ніць вартасць гэтай падзеі. У Акадэміі я працаваў літаральна начамі, і чым больш маляваў, тым горш атрымліва­лася. Дужа пераймаўся ўсім гэтым. Бо кафедра манументальна­-дэкаратыўна­га мастацтва вельмі мне падабалася. І я за час, што там правучыўся, засво­іў шмат розных тэхналогій і прыёмаў, якімі дасюль карыстаюся. Затым я вы­ рашыў завязаць з мастацтвам наогул, стаць шафёрам ці працоўным на за­водзе. Аднак акурат тады пачаўся дру­гі набор на кафедру рэстаўрацыі ва Універсітэце культуры і мастацтваў. Падаў дакументы і паступіў. Падчас навучання рэстаўрацыі пазнаёміўся з цікавымі рэчамі ў мастацтве. Пасля заканчэння папрацаваў у Музеі архі­тэктуры і побыту ў Строчыцах.

Там ты працаваў як мастак-­рэстаўра­ тар. Але маляваць і пісаць карціны не кінуў?

— Так, шмат маляваў, нават браў пры­ватныя ўрокі. І вось толькі тады я па­чаў атрымліваць асалоду ад малюнка з натуры, які за час вучобы стаў для мяне пакутай. Напэўна, у мастакоў без крызісаў не бывае, але пасля іх па­чынаецца іншы этап. І я здолеў увесь свой эмацыйны багаж пераплавіць у творчасць. Стаў ездзіць на польскія пленэры, дзе вучыўся ў мастакоў з розных краін. Там я пакаштаваў сапраўднага мастацкага хлеба, калі не думаеш ні аб чым, толь­кі займаешся жывапісам ці графікай. У той вёсцы быў моцны рух супраціў­лення падчас вайны, у які ўваходзіў святар, усіх іх знішчылі. І я падумаў, што гэта быў іх крыжовы шлях, і выка­наў невялікую графічную працу. Таму «Крыжовы шлях» для вёскі Лучаі — не першы.

Мяне ўсё ж не перастае цікавіць пы­танне, чаму ты не ўпісаўся ў акадэ­мічную сістэму навучання?

— Выкладчыкі зразумелі, што, можа, лепш даць чалавеку адстаўку. На ад­крыццё гэтай выставы прыйшла мая настаўніца Раіса Паўлаўна Сіплевіч і расказала публіцы, маўляў, калі яна першы раз паставіла нацюрморт для паступіўшых дзяцей, то яны сталі вы­біраць сабе лепшыя месцы. Прыйшоў Андрусь, узяў планшэт, сеў спінай да нацюрморта і пачаў маляваць.

У цябе даволі экзатычная біягра­фія: выхоўваўся ў вёсцы...

— Так, мой дзядуля — выкладчык фізі­кі, бабуля — рускай мовы і літаратуры. Да 5 класа, да «Парната» я сапраўды жыў у вёсцы, там хадзіў у школу. Дзяду­ля меў свой музычны гурт у маладосці, іграў на мандаліне, баяне, гармоніку, спяваў. І бабуля мая спявае. Праўда, народныя песні яна не любіць, толь­кі ваенна­-патрыятычныя. Дзядуля ма­ляваў таксама, і не так, як я, а больш ахайна і строга, Акадэмію мастацтваў ён дакладна скончыў бы. Ён мяне пад­рыхтаваў да паступлення ў мастацкі каледж. Да таго часу ў дзяцінстве я ма­ляваў абстрактныя карцінкі. Маці мя­не заахвочвала.

Захапленне музыкай адтуль — з дзя­цінства?

— Не, калі я быў малы, мяне аддалі ў музычную школу, я яе кінуў і перай­шоў у мастацкую. 

Паводле якога графіку будуецца твой дзень?

— Канцэрты, рэпетыцыі. Гэта ўсё з’ядае шмат часу, аднак мне падаба­ецца мой расклад: хочацца больш кан­цэртаў, больш выставаў і больш часу. Творчасць — мой спосаб жыцця, так я і жыву — праз музыку, праз жывапіс. Не часта экспануюся, але не ведаю, кім я буду, калі перастану маляваць. Ёсць розныя сферы мастацкай дзей­насці. Калі робіш нейкую замову, то ў гэтых межах знаходзішся, калі твор­чая праца... вядома, малюеш з разлі­кам на гледача, ты больш вольны... Калі я максімальна шчыры, то і гле­дачу гэта цікава. Адукацыя дазваляе апранаць розныя маскі і рабіць твор любога кшталту. Удала атрымліваецца тады, калі з’яўляешся сам сабой. На­туральна, ёсць пэўны баланс паміж мастацкай мовай, шчырасцю і пэўнай жывапіснай дысцыплінай. Каб праца выглядала ахайна, больш-­менш гарма­нічна, падпарадкоўвалася пэўным за­ конам. Але гэтаму нас добра навучылі, і рух той амаль падсвядомы — яго не кантралюеш.
Для мяне самае каштоўнае ў мастац­тве — гэта сам працэс стварэння, я часта імкнуся да эскізнасці. Мне пада­баецца, калі можна прасачыць струк­туру работы ад алоўкавага накіда, ад пачатку працы да канца. Бачыць усю схему выбудоўвання кампазіцыі. Я імкнуся пакінуць след голай думкі, ці гэта будзе алоўкавая рыса, ці нават адарваны край аркуша. Мяне цікавіць аўтэнтычнасць...

Якія бліжэйшыя творчыя планы?

— Хацелася б гэтую выставу пакатаць, звазіць, напрыклад, у Германію, бо ёсць час да ўсталявання каплічак на Лучайскіх могілках.

...А далей будуць звычайныя лучай­скія гледачы, а мастацтва зноў ста­не выконваць сваю непасрэдную функцыю — тлумачыць, натхняць і суцяшаць...

 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва