Існаваць і ўплываць!

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Сярод тэатральных падзей пачатку ХХІ стагоддзя праект «Тэатр On-line» -- прыкметная, уплывовая і цалкам самастойная з'ява. Падаецца дзіўным параўноўваць мініяцюры, паказаныя ў рамках гэтых праектаў у 2003 -- 2004 гадах, з паўнавартаснымі рэпертуарнымі спектаклямі. Але «анлайны» занялі сваё месца ў тэатральным працэсе, таму што месца гэтае было вольным.

 /i/content/pi/mast/6/159/Isnavac1.jpg
Феномен поспеху гэтых праектаў цяжка абгрунтаваць. Настолькі моцным быў эмацыйны зарад тых часін, што нават праз некалькі гадоў складана вытлумачыць, чаму гэтая простая, амаль прымітыўная па форме свайго ўвасаблення ідэя выклікала такую зацікаўленасць у прафесіяналаў і публікі, дала такі плён. Кірунак развіцця нашага тэатра сёння, як мне здаецца, вызначаецца ідэяй, цалкам адрознай ад той, што была закладзена ў падмурак гэтага праекта.
Найбольш паказальнымі мне падаюцца гады, у якія «анлайнаў» не праводзілася. Па сутнасці, апошнія чатыры гады кожную восень у сталіцы былі тэатральныя фестывалі, але без гэтага самадзейнага праекта яны нібы адразу станавіліся менш «беларускімі», прынамсі па эмацыйнай напоўненасці.
Нельга лічыць «анлайн» нейкай унікальнай з'явай. Спробы правядзення бліц-пастановак, чыткі сучаснай (у тым ліку айчыннай) драматургіі, іншыя эксперыменты з дыскусійнымі формамі абмеркавання драматургіі на сцэне РТБД (нядаўні вопыт драматургічнага рынгу), а таксама капуснікі, канцэрты -- усё гэта частка тэатральнага жыцця краіны, і ўвесь гэты досвед арганічна ўліваецца ў тое, што ў выніку сталася анлайнам. Але нішто з пералічанага не набыло такога безумоўнага аўтарытэту сярод выканаўцаў і рэжысёраў, не заслужыла такой цікаўнасці глядацкай аўдыторыі, як «Тэатр On-line». Імправізацыйная, эксперыментальная прырода ўсіх гэтых з'яў увасобілася ў непаўторным фестывальным духу і «Адкрытага фармату-2003», і «Панарамы-2004».
Паказальным з’яўляецца пытанне пра назву, якое мне, напрыклад, падаецца абсалютна нелагічным. On-line -- акрамя іншага значыць «прысутны», «даступны», «інтэрактыўны». Такім ён сапраўды быў для ўдзельнікаў і стваральнікаў праекта, але для многіх гледачоў ён быў такой самай імпрэзай сярод іншых фестывальных паказаў. Назва аказваецца цалкам слушнай, калі разумець гэтае інтэрнетнае слоўца сімвалам нечага «нетэатральнага», «неакадэмічнага», вынесенага за рамкі паўсядзённасці, запланаванасці, размеранасці, класічнасці. Гэта не значыць, што «анлайн» немагчымы на грунце класічнага матэрыялу (найбольшы поспех мелі абразкі, выкананыя ў традыцыйнай, «без выкрутасаў», форме), але ці патрэбны ён такі? Бліц-пастаноўкі на падставе вядомага матэрыялу пазбаўляюць дзею галоўных адметнасцей -- раптоўнасці, рызыкі, якія аднолькавыя па абодва бакі рампы.
Тую акалічнасць, што асноўным фактарам крэатыўнасці праекта быў, як мне падаецца, цэйтнот і драматычныя абразкі збольшага выглядалі сырымі, недаробленымі, публіка вельмі лёгка даравала. Таму што шчырасць, эмацыянальная непасрэднасць, жарсць струменілі нават з самых «халодных», «неэмацыянальных» па сваёй форме, па рэжысёрскай структуры імпрэз.
 /i/content/pi/mast/6/159/Isnavac2.jpg

Нягледзячы на тое, што міні-спектаклі былі рознымі, яны заўсёды ўкладваліся ў пэўную тэндэнцыю. Да прыкладу, у першым «анлайне» гледачу было прадстаўлена шэсць розных поглядаў на праблему ўзаемаадносінаў полаў. Героі бегалі, крычалі, кідаліся нечым, танчылі, плавалі, разыходзіліся, сыходзіліся -- а калі адным словам, дык кахалі. Здавалася б, беларускаму тэатру заўсёды хапала спектакляў пра каханне -- толькі на іх і трымаецца каса. Але такога спектакля, як «Усё, што нам трэба, каханне і сяброўства» не было ніколі. Маленькая дзяўчынка з псеўданімам Вера Паўлікава радкамі з буквара пераказала нам арыфметыку кахання, у рэжысёра Кацярыны Агароднікавай хапіла таленту рэалізаваць гэта на сцэне ў лёгкай эстэтыцы неарэалізму -- і тое, што мы прывыклі бясконца ўскладняць з вышыні свайго бясконцага нешчаслівага досведу, падалося зноў свежым і прывабным. Актуальнасць гэтага пацвердзіў жывы глядацкі водгук. З таго спектакля паўстаў цэлы Сучасны мастацкі тэатр, які нават сёння, змяніўшыся за апошнія гады, працягвае спавядаць прастату і наіўнасць. Той факт, што простыя (спрошчаныя?) спектаклі працягваюць з'яўляцца ў тэатры, сведчыць, што гэты канцэпт не столькі зыходзіў ад юнага аўтара ці рэжысёра, колькі лунаў у паветры.
Што да другога «анлайну», дык там усе персанажы крыкам крычалі пра сваю адзіноту, кожны па-свойму. Па-іншаму я не магу ўспрымаць доўгі, вынаходлівы, бескампрамісны маналог Алега Гарбуза ў «Вярні афіцыянта з нябёсаў». Гэты артыст умее яскрава, прыгожа быць на сцэне, але ў тым абразку ад ягонай весялосці патыхала нечым сапраўды дэманічным, адчайным. Я не ўпэўнены, што ў папярэднім «анлайне» адчуванне адзіноты, створанае ім на сцэне, было больш пераканаўчым. Гарбуз тады выйшаў на сцэну з рэдкімі пранізлівымі рэплікамі, з доўгімі-доўгімі паўзамі, калі ў тэатры ўсталёўвалася сапраўды «звонкая» цішыня. З бельэтажа спыталі: «Вы шукаеце дыялога з залай?» Гарбуз адказаў: «Мы яго нязмушана праводзім». І гэты маўклівы дыялог прадоўжыўся.«Анлайны» акрэсліліся галоўным чынам менавіта як акцёрскія праекты. Прынамсі, менавіта ад акцёраў патрабавалася найбольш ахвяр, і яны на іх ішлі. Згадаю, што на першым «анлайне» Святлана Анікей удзельнічала ў трох абразках з шасці (і выдатна ўдзельнічала); што да «Вячэрняй размовы» на тым жа «анлайне» ў Ганны Хітрык амаль не было галоўных роляў, што праз год у «Падары мне квіток» і Малчанаў, і Зелянкоўская нібыта наноў з'явіліся ў нашым тэатры. Нават у спектаклі «Апошняе каханне Нарцыса», пра які было сказана шмат адмоўнага, прыезджы рэжысёр Прыходзька стварыў з невядомымі беларускімі акцёрамі нейкую дзіўную фантасмагарычную карціну. На жаль, нічога з напрацовак «анлайнаў» не знайшло сабе месца ў рэпертуарах тэатраў. Шкада перш за ўсё менавіта акцёраў, для якіх надзвычай важна «ганяць кроў» на такіх праектах.
Можна зрабіць выснову, што, маўляў, «анлайн» яшчэ раз засведчыў: у Беларусі пераважае акцёрская рэжысура -- хоць тое было відавочна даўно. Але асабіста мне менавіта на «анлайнах» стала зразумела, што справа тут не ў рэжысёрах. Паказальна, што правальнай усім здалася адзіная беларуская менавіта рэжысёрская мініяцюра «СІП» (ставіў яе Міхаіл Лашыцкі, а на сцэне сярод іншых была Кацярына Агароднікава).
Мажліва, гэта толькі асаблівасць нашай акцёрскай школы, мажліва, тэатра ўвогуле, але аб'ектыўна імправізацыйная манера ігры акцёраў-купалаўцаў дасягала найбольшага эмацыянальнага ўсплеску менавіта ў сціплай па форме рэжысуры, акуратнай і пільнай пры выбудоўванні стасункаў. Цікава, што найбольш удалыя міні-спектаклі ў выкананні рэжысёраў-гасцей былі зроблены ў такой самай аскетычнай акцёрскай манеры. Моніка Дабраўлянская, якая і «Нататкамі вар'ята», і «Войцэкам», дзвюма паўнавартаснымі пастаноўкамі, якія мы бачылі, даказала, што валодае прыёмамі сцэнічнай выразнасці, падчас інсцэніроўкі «Падары мне квіток» П.Пражко пакінула на сцэне толькі двух акцёраў, лаканічнае афармленне -- і ўсё. Лірычны дыялог герояў міні-п'есы А.Курэйчыка можна было б аздобіць неяк больш выразна, але для А.Мысінай было дастаткова акцёрскіх здольнасцей Гладкага і Хітрык -- і ў выніку атрымалася ці не самае выразнае ўвасабленне твора гэтага аўтара на Беларусі. «Не перамудрыць» -- магчыма, асноўны рэжысёрскі запавет такіх бліц-праектаў. Але ён толькі падаецца простым.
Адзіныя, хто падаліся мне на «анлайне» пасіўнымі назіральнікамі, -- драматургі, нягледзячы на тое, што адпачатку ў «Тэатры On-line» драматургу наканавана вялікая роля: ён дае зыходны матэрыял, ён задае тэму. Але, у адрозненне ад іншых, драматург часцей за ўсё няздольны кардынальна перарабіць сваю працу, той самы цэйтнот, які змушае выкладвацца акцёраў, рэжысёраў, іншых стваральнікаў спектакляў, праходзіць міма яго. Ужо толькі па выніках ён можа зрабіць выснову, як адгукнулася яго думка, што ён зрабіў не так. Зрэшты, існуюць паўнавартасныя драматургічныя лабараторыі, конкурсы, з якімі мае сэнс супрацоўнічаць у рамках праектаў, падобных да «Тэатра On-line». Навошта вынаходзіць веласіпед, калі ёсць напрацаваныя схемы, напісаныя тэксты, нарэшце -- зладжаныя каманды...
Прыйшоў час падсумаваць. «Тэатр On-line» -- гэта адзін з найбольш цікавых і запамінальных эксперыментаў найноўшай тэатральнай гісторыі Беларусі. Але яму пагражае так і застацца цікавосткай мінскіх тэатральных фестываляў, што ніякім чынам не ўплывае на рэальны тэатральны працэс.

Алесь СТРЭЛ