З антычнасці да «чорных дзірак»

№ 10 (391) 01.10.2015 - 31.10.2015 г

«Ікар на краі часу» ў Белдзяржфілармоніі
Аляксандр Анісімаў умее здзіў­ляць. Разнастайнасцю і экс­клюзіўнасцю праграм сімфа­нічнай музыкі. Канцэртным выкананнем опер. Увагай і павагай да опусаў айчынных аўтараў. Але сёлета Анісімаў здзівіў асабліва. Незвычайным праектам, паказаным на адкрыцці сезона. Сімфанічны ма­рафон складаўся з двух канцэртаў. Першы, у 18.00, належаў да цыклу аду­кацыйных праграм для дзяцей і юнац­тва, другі — у 19.30 — запрашаў на больш традыцыйную, але адметную праграму з сачыненнямі Міхала Клеафаса Агін­скага, Фрэдэрыка Шапэна і кантатай «Карміна Бурана».

Здавалася, і што тут асаблівага? Вядо­ма, заўсёднікаў імпрэз сімфанічнай музыкі можна падзяліць на дзве катэ­горыі. Прафесійныя ці будучыя му­зыканты і людзі сталага веку, для якіх філармонія — традыцыя, частка ладу жыцця. А дзяцей складана завабіць на такія праекты. Візуальныя мастацтвы правяць баль апошнія два дзесяцігод­дзі. Здольнасць зацікавіць новых слу­хачоў, што праз 5-­10 гадоў зробяцца сталымі наведнікамі філармоніі, — за­дача складаная. Але высакародная і доўгатэрміновая. На адкрыцці сезона яна была выканана з бляскам!
Што прыдумаў Анісімаў? Мультыме­дыйны спектакль «Ікар на краі часу» створаны па матывах аднайменнай кнігі Браяна Грына і музыкі Філіпа Гласа. У ім выкарыстаны фрагменты фільма рэжысёраў Ала Холмса і Ала Тэйлара. Праект зроблены з густам і разуменнем псіхалогіі. Не надта доў­гі, працягласцю 50 хвілін, ён ішоў без перапынку. У якасці эпіграфа -- «Юпіцер» з сюіты «Планеты» Густава Холста. Праз фанфарныя гукі, воклі­чы труб, агульную музычную плынь паўставаў вобраз таямнічага, веліч­нага, загадкавага космасу. Дасціпным успрымалася выступленне перад «Іка­рам» славутага беларускага фізіка Льва Тамільчыка. Ён папулярна патлумачыў аўдыторыі, якімі бываюць касмічныя хуткасці, што такое нейтронныя зор­кі, «чорныя дзіркі» і замаруджванне ча­су ў іхняй прасторы. Вучоны дакладна акрэсліў жанр спектакля — навукова­лі­ таратурна­музычна­-фантастычны. Прастора і час — катэгорыі філасоф­скія і абстрактныя. Напоўніць іх сэн­сам, асацыяцыямі, зрабіць відавоч­нымі не надта лёгкая задача. Тут яна ажыццёўлена шмат у чым дзякуючы літаратурнай аснове, якую ўзнаўляў — дарэчы, па-­беларуску! — чытальнік Дзмітрый Кахно. Кніга Браяна Грына дае сучаснае і актуальнае пераасэнса­ванне міфа пра Дзядала і Ікара. Баць­ка героя — камандзір міжпланетнага карабля «Проксіма». А сам хлопчык жыве на зоркалёце, дзе і нарадзіўся. Калі экспедыцыя набліжаецца да «чор­най дзіркі», Ікар, які вынайшаў апарат, здатны пераадолець яе прыцягненне, вырашае даследаваць малавядомую з’яву. Нягледзячы на забароны ка­мандзіра. Так крылы антычнага Ікара зрабіліся крыламі карабля зоркалёта. Найноўшы Ікар — сучасны хлопчык з тварам юнага інтэлектуала. Драма­тызм сітуацыі ў тым, што наступствы эксперымента загадзя ніхто не здатны пралічыць. Ёсць верагоднасць знік­нуць і згубіцца ў Сусвеце. Трапіўшы ў іншую рэальнасць, Ікар размінуўся ў часе з бацькам і насельнікамі караб­ля. Ягонае адкрыццё назаўсёды разлу­чыла яго з блізкімі і роднымі людзьмі. Для чалавецтва ён — герой, але невера­годна адзінокі ў Сусвеце.

Падчас падобных праектаў вельмі важнае суладдзе частак. Іх глыбокая ўнутраная адпаведнасць. Тут яна бы­ла дасягнутая. У тым, як аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Анісімава ўва­сабляў вострасучасную партытуру Філіпа Гласа. Калі рытм ударных, пе­разовы струнных стваралі пачуццё трывогі і невядомасці. У тым, як ві­зуальныя эфекты і фрагменты стуж­кі Ала Холмса і Ала Тэйлара рабілі зрокава дакладнымі вобразы музыкі. Атрымалася займальная пастаноўка, што правакуе непадробны інтарэс да навукі. Захапленне інтэлектам і яго­нымі бязмежнымі магчымасцямі. Сам праект успрымаецца як гімн навуцы і фундаментальным адкрыццям.

Праз аўдыявізуальныя складнікі спек­такль увасабляе тую ашаламляльную рэальнасць, што здольная разгарнуцца перад чалавекам праз засваенне прас­тораў космасу. Ён — пра геніяў, якія апярэджваюць свой час. Але і плацяць за тое надта вялікую цану. Мультыме­дыйныя пастаноўкі такога ўзроўню ба­чыць і слухаць не стомішся. Гэтыя па­казы застаюцца ў памяці. Як мастацкая з’ява, што адкрывае новыя жанры, не­чаканыя прынцыпы прэзентацыі філа­софскіх ідэй і музычных твораў. «Ікар» пераконвае: мастацтва бязмежнае. Як, дарэчы, і космас.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі