Ксенія Пагарэлая

№ 10 (391) 01.10.2015 - 31.10.2015 г

10 пытанняў
Ксенія Пагарэлая скончыла Маскоўскую кансерваторыю па класах фартэпіяна ў прафесара Маргарыты Фёдаравай і аргана ў прафесара Леаніда Ройзмана. З 1988 года — арганістка канцэртнай залы Сафійскага сабора ў Полацку.

Лаўрэат Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа». Штогод дае каля 300 канцэртаў у Сафійскім саборы, арганізатарка Міжнароднага фэсту арганнай музыкі «Званы Сафii» ў Полацку, удзельніца арганных форумаў у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, Даніі, Францыі, Украіне, Расіі. Займаецца педагагічнай дзейнасцю, запісала тры кампакт-дыскі з творамі арганнай класікі і сачыненнямі беларускіх кампазітараў. Ксенія Пагарэлая адзначана ганаровымі званнямі «Жанчына года Полацка» (1999), «Жанчына года Віцебшчыны» (2003), Ганаровага грамадзяніна Полацка (2009), медалём Францыска Скарыны (http://pogorelaya.museum.by).

Спадарыня Ксенія не згодная лічыць арган выключна мужчынскім інструментам і нагадвае, што першы арган быў вынайдзены грэкам Кцясібіем, а першым, хто на ім зайграў, была ягоная жонка. «Кожны музычны інструмент індывідуальны», — сцвярджае музыка. Наконт арганаў наогул, дык інструменты нават адной фірмы маюць свае ад­метнасці, на што ўплывае, апрача іншага, і акустыка таго ці іншага памяшкан­ня, а сапраўдная аркестравая насычанасць арганаў дае ім шырокія гукавыя маг­чымасці. Салістка Сафійскага сабора не супраць электронных арганаў: памер дазваляе наладзіць працэс навучання, яны мабільныя, аднак для вялікіх залаў і канцэртнай практыкі не прыдатныя. «Лепш, канешне, каб быў адпаведны інструмент», — лічыць яна. Ксенія Пагарэлая — ці не першы музыкант з Белару­сі, які нядаўна даў канцэрт у саборы Парыжскай Божай Маці, дзе, як распавя­ла арганістка, стаіць велізарны інструмент з 5­-цю мануаламі і 121-­м рэгістрам. Падчас таго канцэрта прагучалі класічныя творы для аргана, рамантычная му­зыка англійскіх і французскіх аўтараў, а таксама «Малітва» беларускага кампазітара Ганны Кароткінай з арганнага цыкла «Фрэскі».

 

10 пытанняў

Апошняя кніга, якую вы прачыталі.

— «Русская канарейка» Дзіны Рубінай.

Працы якога мастака заўсёды пры­цягваюць вашу ўвагу?

— Бацічэлі.

Якую музыку слухаеце ў вольную хвіліну?

— Моцарта і Вівальдзі.

З кім з дзеячаў мастацтва вам ха­целася б шчыра пагутарыць сам­ насам?

— На гэты момант мне вельмі хацела­ся б сустрэцца са Святланай Алексіе­віч і павіншаваць яе з Нобелеўскай прэміяй.

Якія падзеі, рэчы, асобы паўплывалі на вашу творчасць?

— Думаю, што найбольш паўплывала музыка Баха.

Назавіце тры рэчы, якія вы абавяз­кова ўзялі б з сабой у падарожжа.

— Сябра, добрую песню і зручны абу­так.

Любімы выраз ці афарызм, які да­памагае вам у працы.

— «Служенье муз не терпит суеты; пре­красное должно быть величаво...»

З якім акцёрам/актрысай вам хаце­лася б сфатаграфавацца?

— З Рычардам Гірам.

Які сайт адчыняецца першым, калі вы заходзіце ў Інтэрнэт?

— «Фэйсбук».

Назавіце тры свае жаданні залатой рыбцы.

— Ведаеце, яны ў мяне ёсць. Ды я ча­лавек не тое каб прымхлівы, але ўсе ўласныя жаданні трымаю пры сабе і не хацела б пра іх распавядаць нават залатой рыбцы.

Падрыхтаваў Дзмітрый Падбярэзскі. Фота Андрэя Марцінкевіча.