Лаўрэат Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа». Штогод дае каля 300 канцэртаў у Сафійскім саборы, арганізатарка Міжнароднага фэсту арганнай музыкі «Званы Сафii» ў Полацку, удзельніца арганных форумаў у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, Даніі, Францыі, Украіне, Расіі. Займаецца педагагічнай дзейнасцю, запісала тры кампакт-дыскі з творамі арганнай класікі і сачыненнямі беларускіх кампазітараў. Ксенія Пагарэлая адзначана ганаровымі званнямі «Жанчына года Полацка» (1999), «Жанчына года Віцебшчыны» (2003), Ганаровага грамадзяніна Полацка (2009), медалём Францыска Скарыны (http://pogorelaya.museum.by).
Спадарыня Ксенія не згодная лічыць арган выключна мужчынскім інструментам і нагадвае, што першы арган быў вынайдзены грэкам Кцясібіем, а першым, хто на ім зайграў, была ягоная жонка. «Кожны музычны інструмент індывідуальны», — сцвярджае музыка. Наконт арганаў наогул, дык інструменты нават адной фірмы маюць свае адметнасці, на што ўплывае, апрача іншага, і акустыка таго ці іншага памяшкання, а сапраўдная аркестравая насычанасць арганаў дае ім шырокія гукавыя магчымасці. Салістка Сафійскага сабора не супраць электронных арганаў: памер дазваляе наладзіць працэс навучання, яны мабільныя, аднак для вялікіх залаў і канцэртнай практыкі не прыдатныя. «Лепш, канешне, каб быў адпаведны інструмент», — лічыць яна. Ксенія Пагарэлая — ці не першы музыкант з Беларусі, які нядаўна даў канцэрт у саборы Парыжскай Божай Маці, дзе, як распавяла арганістка, стаіць велізарны інструмент з 5-цю мануаламі і 121-м рэгістрам. Падчас таго канцэрта прагучалі класічныя творы для аргана, рамантычная музыка англійскіх і французскіх аўтараў, а таксама «Малітва» беларускага кампазітара Ганны Кароткінай з арганнага цыкла «Фрэскі».
10 пытанняў
Апошняя кніга, якую вы прачыталі.
— «Русская канарейка» Дзіны Рубінай.
Працы якога мастака заўсёды прыцягваюць вашу ўвагу?
— Бацічэлі.
Якую музыку слухаеце ў вольную хвіліну?
— Моцарта і Вівальдзі.
З кім з дзеячаў мастацтва вам хацелася б шчыра пагутарыць сам насам?
— На гэты момант мне вельмі хацелася б сустрэцца са Святланай Алексіевіч і павіншаваць яе з Нобелеўскай прэміяй.
Якія падзеі, рэчы, асобы паўплывалі на вашу творчасць?
— Думаю, што найбольш паўплывала музыка Баха.
Назавіце тры рэчы, якія вы абавязкова ўзялі б з сабой у падарожжа.
— Сябра, добрую песню і зручны абутак.
Любімы выраз ці афарызм, які дапамагае вам у працы.
— «Служенье муз не терпит суеты; прекрасное должно быть величаво...»
З якім акцёрам/актрысай вам хацелася б сфатаграфавацца?
— З Рычардам Гірам.
Які сайт адчыняецца першым, калі вы заходзіце ў Інтэрнэт?
— «Фэйсбук».
Назавіце тры свае жаданні залатой рыбцы.
— Ведаеце, яны ў мяне ёсць. Ды я чалавек не тое каб прымхлівы, але ўсе ўласныя жаданні трымаю пры сабе і не хацела б пра іх распавядаць нават залатой рыбцы.
Падрыхтаваў Дзмітрый Падбярэзскі. Фота Андрэя Марцінкевіча.