Алег Жугжда

№ 7 (388) 01.07.2015 - 31.07.2015 г

10 пы­тан­няў
Сёлета па вясне чакалі «Лялек над Нёманам», адметнага фестывалю, распачатага Алегам Жугждам у Гродне. Але замест лялечнай сустрэчы абралі «Чалавека года» — Алега Алегавіча Жугжду, галоўнага рэжысёра Гродзенскага абласнога тэатра лялек. «Пікавая дама» (лепшая па рэжысуры на ІІ Нацыянальнай прэміі) на чарговым міжнародным фэсце атрымала ці не дваццатую сваю ўзнагароду. Дзясятай пастаноўкай Жугжды за сезон(!) зрабіўся «Стойкі алавянны салдацік» паводле Ханса Крысціяна Андэрсена. «Жывым нацыянальным здабыткам» (наследуючы японцам) называюць Алега Жугжду беларускія крытыкі.

Даведка.

Нарадзіўся 13 верасня 1961 года ў Літве. Тэатральную кар’еру распачаў у Вільнюскім рускім драматычным тэатры — манціраваў дэкарацыі. У 1983 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «артыст тэатра лялек». Працаваў акцёрам Магілёўскага абласнога тэатра лялек. У 1986-м дэбютаваў самастойнай творчай работай як рэжысёр — спектаклем «Маленькі прынц» паводле Антуана дэ Сент-Эзюперы; атрымаў прыз Ленінскага камсамола Беларусі «За творчы дэбют». Рэжысёрам тэатра лялек працуе з 1987-га. У 1990 годзе скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематографа імя М.Чаркасава (аддзяленне рэжысуры тэатра лялек). Як рэжысёр драматычнага тэатра дэбютаваў у 1995-м, працуе гэтаксама як сцэнограф і драматург. Лаўрэат міжнародных тэатральных фестываляў тэатраў лялек у Мінску, Разані, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Белгарадзе (Расія), Ужгарадзе, Вінніцы (Украіна), Каўнасе, Алітусе (Літва), Вероне (Італія), Плоўдзіве (Балгарыя), Бергене (Нарвегія), Торуні, Гданьску, Ломжы (Польшча), Заграбе (Харватыя), Печы (Венгрыя), Празе, Остраве (Чэхія). Тройчы лаўрэат Рэспубліканскай тэатральнай прэміі імя Любові Мазалеўскай (1994, 2003, 2008 гады) «За лепшы спектакль для дзяцей». Лаўрэат тэатральнай прэміі Закарпацця імя братоў Шарэгіевых (Украіна) за лепшую рэжысуру (1998 і 2013 гады). Лаўрэат прэміі «Лепшы рэжысёр» (фестываль Нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску, 2001 год, фестываль «Маладзечанская сакавіца», 2001 год). Тройчы лаўрэат прэміі Гродзенскага абл-
выканкама (2001, 2006, 2011 гады). Лаўрэат прэміі мэрыі Каўнаса «Фартуна» за лепшы спектакль для дзяцей (2003, 2011 гады). Уладальнік «Крыштальнага кубка» Пражскага сусветнага фестывалю лялечнага мастацтва за лепшую рэжысуру (2004 год). Лаўрэат прэміі «Крыштальны анёл» Беларускага саюза тэатральных дзеячаў за ўнёсак у развіццё беларускага тэатра лялек (2007 год). Узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны (2011 год). Лаўрэат ІІ Нацыянальнай прэміі Беларусі «Лепшая работа рэжысёра» (2013 год). Двойчы намінаваўся на расійскую тэатральную прэмію «Залатая маска» як лепшы рэжысёр тэатра лялек (2008, 2014 гады).

 

10 пы­тан­няў

Апошняя кніга, якую вы прачыталі.

— «Жыццё Антона Чэхава» Дональда Рэйфілда, не лічачы рознай белетрыстыкі.

Працы якога мастака заўсёды прыцягваюць вашу ўвагу?

— У розныя жыццёвыя перыяды па-рознаму: калісьці быў Ван Гог, потым Шагал, цяпер… Мне ўвогуле падабаецца жывапіс!

Якую музыку вы часцей за ўсё слухаеце ў вольную хвіліну?

— Гэта значыцца, калі еду ў машыне. Альбо Моцарт, альбо «АВВА».

З кім з дзеячаў мастацтва вам хацелася б шчыра пагутарыць сам-насам?

— Цяжкае пытанне. Мне здавалася, што ў майстроў не так шмат часу на гутаркі. Гэта вельмі стамляе. Прынамсі мяне. Лепш памаўчаць разам.

Якія падзеі, рэчы, асобы паўплывалі на вашу творчасць?

— Жыццё, сустрэчы з рознымі людзьмі. Іх было вельмі шмат. Калісьці хацеў пайсці ў кіно, але пасля Таркоўскага… Што было там рабіць? А па сваім першым фестывалі ў Таліне ў 1982 годзе я канчаткова закахаўся ў тэатр лялек. Абодва Ляляўскія сталі маімі настаўнікамі (Аляксей -- яшчэ і першым рэжысёрам). А потым быў Някрошус.

Назавіце тры рэчы, якія вы абавязкова ўзялі б з сабой у падарожжа.

— Планшэт, грошы і каханую. Спадзяюся, усе зразумелі, пра каго ідзе гаворка.

Любімы выраз, афарызм, які дапамагае вам у працы.

— «Дзве рэчы прыводзяць мяне ў захапленне: гэта зорнае неба нада мною і маральны закон ува мне» (Імануіл Кант).

З якім акцёрам/актрысай вам хацелася б сфатаграфавацца?

— На жаль, калісьці не атрымалася. З Лі-
ляй Давідовіч. Адна з найпрыгажэйшых беларускіх актрыс. І таксама мой педагог па сцэнічнай мове.

Які сайт адчыняецца першым, калі вы заходзіце ў Інтэрнэт?

— Гэта залежыць ад таго, з якога камп'ютара выходжу. У кожным разе на рабочым стале інсталявана фота дачкі Аглаі.

Казачнае пытанне: назавіце тры свае жаданні залатой рыбцы.

— Тры – гэта вельмі многа. Каб усе мае родныя, сябры і знаёмыя былі здаровыя!