Спыніць імгненне

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Калі Эстонскі тэатр драмы прапанаваў мне паставіць спектакль, я выбраў з рускай драматургіі менавіта гэты матэрыял. Чаму? Цяжка сказаць, чаму ўлюбляюцца. Вось і мне цяжка сказаць, чаму я закахаўся менавіта ў гэтую п’есу. Раней Тургенева не ставіў. І выбраў менавіта «Месяц у вёсцы» не таму, што ў ім ёсць нейкая асаблівая сувязь з Эстоніяй, а таму, што, на мой погляд, у рускай літаратуры -- і ў рускай культуры! -- гэта геніяльная п’еса належыць да тых твораў, што найбольш дакладна адлюстроўваюць стан чалавека на мяжы розуму і пачуццяў.

 /i/content/pi/mast/6/158/Spynic imgnenne1.jpg
 Сцэна са спектакля.
Думаецца, што жывём мы ў эпоху штучнасці. Побач з намі прыгожыя, але аднастайныя і неадушаўлёныя рэчы. Як ежа ў супермаркетах мегаполіса. Тое ж самае адбываецца і з чалавечымі ўзаемаадносінамі. Мне здаецца, што ў п’есе І.Тургенева перад жанчынай стаіць выбар: або любімы -- прыгожы і штучны, або не такі яркі і ўражальны, але адухоўлены. Мяне гэтае пытанне і ў жыцці хвалюе не менш, бо на сацыяльным узроўні яно ўтрымлівае магутную выбухованебяспечнасць. Цудоўны тургенеўскі парадокс: сямейныя абставіны могуць гэтак шмат распавесці і пра грамадства.
Трыццатыя гады дваццатага стагоддзя... У Еўропе пярэдадзень вялікай катастрофы. Адна ідэя змяняе іншую, і ўвесь кантэкст надзвычай трагічны. На гэтым фоне абвастраецца ўсё, і на інтымным узроўні -- таксама. Нейкі юнак прыходзіць у сям’ю -- і сям’я гіне. Яго наймаюць настаўнікам рускай мовы, але так яго ніхто не заве, проста кажуць: «Мы нанялі рускага».
І.Тургенеў баяўся быць шчаслівым у рэальным жыцці -- гэта выразна бачна нават па аўтабіяграфічных матывах «Месяца ў вёсцы». Яго звязвала пажыццёвае каханне да Паліны Віярдо: пісьменнік ні на крок ад яе не адыходзіў і без яе ўхвалення ніводнага рашэння не прымаў. Нават сваю дачку, якую прыжыў у Расіі з сялянкай, ён аддаў у сям’ю П.Віярдо на выхаванне. І.Тургенеў зведаў сапраўднае шчасце, але яно ператвараецца ў трагедыю.
Адчуванне гэтага ёсць і ў «Месяцы ў вёсцы». Жанчына не можа выбраць паміж разумным і багатым. Не можа зрабіць выбар паміж уласнай свабоднай воляй і адрэгуляваным, уладкаваным жыццём.
У нашым спектаклі дзеянне адбываецца ў дваццатым стагоддзі, хоць п’еса напісана ў сярэдзіне дзевятнаццатага. Мне падабаецца іграць у тэатры з часам. Дыстанцыя паміж нашай рэчаіснасцю і тэкстам -- гэта проста захапляльна! Узнаўленне эпохі самой п’есы, вядома ж, магчыма, але засталося б чыстай гістарычнай стылізацыяй. Мы, канешне, маглі б пашыць прыгожыя касцюмы ХІХ стагоддзя, але што б гэта нам дало? Мы ж гаворым пра сучаснасць, пра нашы праблемы.
Мы спыняем час, робім з аднаго пачуцця фотапавелічэнне. Спрабуем спыніць адно імгненне, усё больш і больш яго набліжаючы, каб злавіць яго буйным планам. Міхаіл МАКЕЕЎ