Сцэна са спектакля. |
Трыццатыя гады дваццатага стагоддзя... У Еўропе пярэдадзень вялікай катастрофы. Адна ідэя змяняе іншую, і ўвесь кантэкст надзвычай трагічны. На гэтым фоне абвастраецца ўсё, і на інтымным узроўні -- таксама. Нейкі юнак прыходзіць у сям’ю -- і сям’я гіне. Яго наймаюць настаўнікам рускай мовы, але так яго ніхто не заве, проста кажуць: «Мы нанялі рускага».
І.Тургенеў баяўся быць шчаслівым у рэальным жыцці -- гэта выразна бачна нават па аўтабіяграфічных матывах «Месяца ў вёсцы». Яго звязвала пажыццёвае каханне да Паліны Віярдо: пісьменнік ні на крок ад яе не адыходзіў і без яе ўхвалення ніводнага рашэння не прымаў. Нават сваю дачку, якую прыжыў у Расіі з сялянкай, ён аддаў у сям’ю П.Віярдо на выхаванне. І.Тургенеў зведаў сапраўднае шчасце, але яно ператвараецца ў трагедыю.
Адчуванне гэтага ёсць і ў «Месяцы ў вёсцы». Жанчына не можа выбраць паміж разумным і багатым. Не можа зрабіць выбар паміж уласнай свабоднай воляй і адрэгуляваным, уладкаваным жыццём.
У нашым спектаклі дзеянне адбываецца ў дваццатым стагоддзі, хоць п’еса напісана ў сярэдзіне дзевятнаццатага. Мне падабаецца іграць у тэатры з часам. Дыстанцыя паміж нашай рэчаіснасцю і тэкстам -- гэта проста захапляльна! Узнаўленне эпохі самой п’есы, вядома ж, магчыма, але засталося б чыстай гістарычнай стылізацыяй. Мы, канешне, маглі б пашыць прыгожыя касцюмы ХІХ стагоддзя, але што б гэта нам дало? Мы ж гаворым пра сучаснасць, пра нашы праблемы.
Мы спыняем час, робім з аднаго пачуцця фотапавелічэнне. Спрабуем спыніць адно імгненне, усё больш і больш яго набліжаючы, каб злавіць яго буйным планам. Міхаіл МАКЕЕЎ