Неўзабаве пасля гэтага я сустрэўся са сваяком. Уладзімір — выпускнік аднаго з мінскіх інстытутаў, паспяховы бізнэсмэн у Канадзе, а самае цікавае — калекцыянер сучаснага беларускага мастацтва. Я тут жа зняў Жораў альбом з паліцы. Гэта быў сюрпрыз: Уладзімір ніколі не чуў пра мастака Скрыпнічэнку. Зрэшты, і пра мяне як пра творцу таксама.
Прыйшлося пажартаваць: мы, мастакі падполля (савецкага андэграўнду), магчыма, і дажылі да сваіх гадоў адно дзякуючы таму, што існавалі гранічна непрыкметна. Канспірацыя была нашым ладам жыцця, стала рысай характару, як вынік — нават беларускія калекцыянеры і сваякі нас не ведаюць.
Я пазнаёміўся з Жорам у канцы 1960-х. Час задушлівай савецкай простасці. Рэальнасць была абсурднай… Так званы сацыялістычны рэалізм. На сцэнах — даяркі і партызаны. На выставах — партызаны і даяркі. Сюррэалізм савецкага жыцця, заснаваны на скажоных прычынна-выніковых сувязях, негатыўных каштоўнасцях і селекцыі. На вуліцах грубыя, непрыветлівыя твары. Падазронасць.
І вось з’яўляецца Жора. Сімпатычны, высокі, элегантна-стыльны. З неверагодным і парадаксальным пачуццём гумару. Гратэск. Гульня словаў. Любая выпіўка з яго ўдзелам ператваралася ў раскошны калейдаскоп хохмаў. Любоў да сюррэалізму. Філігранная тэхніка жывапісу. Лібіда, адпаведнае творчасці. У армянскай мове слова «цывілізацыя» азначае «гарадская адукацыя». У той пасляваенны час у асобе стыляг, бітнікаў і аматараў чытання адраджаўся Горад. Жора быў каталізатарам гарадскога жыцця ў Мінску. У яго было чаму павучыцца. Асабліва — татальнай адданасці Мастацтву. У Жоравай майстэрні маглі разважаць на забароненыя ў той час тэмы. У яго я навучыўся аддзяляць мастацтва ад халтуры…
Дзесьці ў Маскве праходзілі «Бульдозерная» і кватэрныя выставы. Там былі дыпламаты, калекцыянеры, замежныя журналісты, скандалы вакол мастацтва, аблічальныя артыкулы. Творцаў расійскага сталічнага андэграўнду ведалі. Часам набывалі. Працы везлі на Захад. Сёння савецкі андэграўнд у свеце прадстаўлены ў асноўным работамі масквічоў.
Нічога вышэйпералічанага ў Мінску не было і блізка. Толькі адчувалася, што эліта працоўнага класа ў асобе тайнай паліцыі пільна сочыць за кожным мазком мастака і за кожным радком паэта.
Жора быў віртуозам мімікрыі. Гэтакі хлопец зух. Хахмач і балагур. У кампаніях мастацтва ніколі сур’ёзна не абмяркоўвалася. Ды і палітыка таксама. Гэта было няпісанае табу. Праўда, адзін раз я ўбачыў Жору гнеўным — пасля таго, як я па дурасці пахваліў Саветы за спрытнае ўварванне ў Чэхаславакію. Ён мяне прысароміў і адчытаў, за што я яму ўдзячны.
Не было з кім абмяркоўваць праблемы сучаснага мастацтва ў той час. Большасць нашых калег цалкам камфортна існавалі ў фармаце савецкага мастацтва. Іншыя — сям’я Гаўрына, Валера Баброў, Саша Пруднік. Ужо значна пазней я даведаўся, што дзейнічалі розныя нефармальныя групоўкі, але мы проста не ведалі адзін пра аднаго.
Варта згадаць: Жора служыў мостам паміж намі ды маскоўскімі і піцерскімі падпольнымі мастакамі… Ад яго я пачуў пра выставачную залу на Малой Грузінскай, дзе часам выстаўлялі «праблемнае мастацтва». У сярэдзіне 1970-х мы наведалі ў Маскве майстэрні Уладзіміра Янкелеўскага, Аскара Рабіна і Алега Цалкова — вядучых дзеячаў савецкага андэграўнду. Дзякуючы Жоравым кантактам неяк у падмаскоўным Доме творчасці мы былі на вечарыне разам са спеваком Яўгенам Бачурыным, акцёрамі Ліяй Ахеджакавай, Аляксандрам Кайданоўскім... Незабыўна.
Сюррэалізму савецкага жыцця Георгій Скрыпнічэнка супрацьпаставіў магічны рэалізм свайго мастацтва. Мы, вядома, цудоўна ведаем, што сюррэалізм як кірунак адбыўся задоўга да нараджэння Скрыпнічэнкі, але такія катэгорыі, як загадкавасць, фантазія, таямніца і прыгажосць, — пазачасавыя. Палотны Жоры — гэтак жа як і палотны старых майстроў — вокны. І таксама, як у старых майстроў, скрозь тыя вокны мы бачым іншы свет, часам чароўны, часам трывожны. Свет уцёкаў у прыгажосць.
Наконт стылю. Першае, што прыходзіць на розум, — малыя галандцы. Думаю, кожны мастак, дый, зрэшты, кожны чалавек нараджаецца з пэўнай генетычнай праграмай. І рэалізацыя гэтай праграмы — мэта жыцця. Мяркуючы па колькасці і якасці работ, апублікаваных у альбоме, Скрыпнічэнка са сваёй задачай справіўся. Быў добрым, бесканфліктным чалавекам. Цудоўным мастаком. Майстрам. Успамінаць можна бясконца. Дарэчы, на англійскіх пахаваннях выступоўцы звычайна згадваюць смешныя выпадкі з жыцця нябожчыка, і памінкі ператвараюцца ў даволі вясёлае мерапрыемства. Аб смешным з жыцця Скрыпнічэнкі можна было б выдаць асобны альбом ці распавядаць за сталом, у кампаніі добрых напояў і старых сяброў.
На шчасце, я з тых, хто цалкам сур’ёзна верыць у замагільнае жыццё. Так што... Да непазбежнай сустрэчы, Жора! Рыхтуй застолле, рыхтуй нектар і амброзію.
Валерый МАРТЫНЧЫК