Паміж «быць» і «здавацца»

№ 9 (390) 01.09.2015 - 01.01.2005 г

«Прастора дыфузіі» ў Балтыйскім філіяле Дзяржаўнага цэнтра сучаснага мастацтва. (Калінінград)
Праект дэманструе найноўшае мастацтва з Беларусі і з'яўляецца адказам нашых аўтараў на выставу «Next Door. Зроблена ў Калінінградзе», якая ладзілася ўвосень 2013 года ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

Паводле задумы куратара Міхаіла Гуліна, «Прастора дыфузіі» распавядае пра культуру, што развіваецца ва ўмовах недастатковай публічнасці, пра звязаныя з гэтым ірытацыі, розначытанні і самае галоўнае — пра «акуляры сацыяльнага», скрозь якія мы бачым большасць падзей і з'яў, што адбываюцца ў мастацтве. Зрэз беларускай рэальнасці куратар спрабуе ўзнавіць у псеўдадакументальных матэрыялах, а таксама праз працы, якія былі недакладна зразуметы і вытлумачаны публікай. Чым у рэальнасці ёсць паказаныя на выставе «дакументальныя матэрыялы»? Пра якую культурную ідэнтычнасць сігналізуюць тыя ці іншыя выказванні? Знакамі якіх мастацкіх і сацыяльных працэсаў яны з'яўляюцца? У беларускай культуры гэтыя знакі далёка не відавочныя, а калі відавочныя і літаральныя, то часта падманлівыя.

Напярэдадні адкрыцця выставы я пагутарыла з Міхаілам Гуліным.

Якая ідэя ляжыць у аснове праекта?

— Калі сцісла, то: «Не ўсё так проста, як здаецца!». Мне хацелася пагаварыць пра сваю краіну так, каб гэта было цікава іншым, і па магчымасці пазбегнуць відавочных клішэ. Падняць пытанне пра самаідэнтыфікацыю і «праўдзівасць». Ці здольны глядач без адмысловага куратарскага фокуса ўбачыць складанасць многіх працэсаў?

Праект распавядае расійскім гледачам пра Беларусь. Пра што ў большай ступені – пра актуальную мастацкую культуру ці пра сацыяльную прастору?

— Хутчэй пра сацыяльную прастору. Калі казаць пра актуальную мастацкую культуру, то склад удзельнікаў павінен быць іншым. Напрыклад, можна прывезці ў Калінінград выставу пад назвай «Зямля пад белымі крыламі» ці штосьці падобнае. Але гэта была б іранічная рэпліка, «для сваіх».

Ты вызначаеш дыскурсіўную прастору беларускай культуры як «прастору дыфузіі», гэта значыць — прастору змешвання. Што з чым змешваецца?

— Змешванне адбываецца ў дзвюх плоскасцях: узаемадзеянне паміж удзельнікамі выставы (наўрад ці мы ў гэтым складзе ў бліжэйшы час сустрэнемся ў Мінску) і паміж двума кантэкстамі. Я знаходжу, што калінінградская і беларуская сітуацыі падобныя.

Выстава створана з гатовых прац, ніводны з мастакоў не рабіў іх адмыслова. Многія ўжо экспанаваліся. У чым навізна праекта?

— Найперш трэба разумець, што наўрад ці калінінградскі глядач знаёмы хоць з адным прадстаўленым праектам. Нават я як куратар, які ведае кожную работу, у матэрыяле бачыў не ўсё. Вядома, у розных камбінацыях гэтыя аб’екты ствараюць зусім розныя сэнсы. Менавіта пра гэта і гаворка ў «Прасторы дыфузіі».

Нечаканае сацыяльнае гучанне прац Максіма Тымінько, Алега Юшко і Ганны Сакаловай заглушае іх першапачатковы сэнс. Гэта значыць, пазіцыя аўтараў, скіраванасць іх пошуку ў праекце знікаюць і сціраюцца. Як ты можаш пракаментаваць такую «разбуральную» куратарскую стратэгію?

— Сацыяльнае гучанне хутчэй адчуваецца ў Ганны Сакаловай і Максіма Тымінько. У Алега Юшко сацыяльны пасыл быў першапачатковым, проста крыху іншага характару, не прывязаны да нашага кантэксту. А тое, што адбываецца з творам у праекце, — гэта і ёсць куратарская праца. Бо дзейнасць куратара складаецца ў канструяванні сэнсаў, а не проста ў канстатаванні факту, што, маўляў, маюцца ў нас вось такія мастакі!

Фарс у працы «Таямніцы дзясятай планеты», сентыментальны і кранальны патрыятызм Сяргея Гудзіліна і, можа быць, Сяргея Бабарэкі, містычнае, амаль лінчаўскае гучанне працы Антаніны Слабодчыкавай... Што злучае гэтыя творы, акрамя вонкавай рамкі «сацыяльнага», якую ты на іх накладаеш?

— Ну, гэта мая гісторыя! Не наратыўная і паслядоўная, дзе кожная работа бярэ на сябе кавалак апавядання, а хутчэй асацыятыўная. Вару свой боршч: трохі іроніі, драбок сентыментальнасці...

Калі верыць канцэпцыі, праект паказвае, што ўся культура ў Беларусі бачыцца яе ўдзельнікамі толькі праз «акуляры сацыяльнага». Ці сапраўды беларускія мастакі, якія жывуць за мяжой, пазбаўлены гэтых акуляраў? Ці ёсць у мастакоў, што атрымалі адукацыю і працуюць у Германіі ды Галандыі, нейкія іншыя абмежаванні ў бачанні ці якія-небудзь клішэ?

— У адсутнасці рынку лепш за ўсё прадаецца сацыяльнае. Але ў Беларусі цяжка захоўваць ад яго дыстанцыю. Мастакі, якім гэта ўдаецца, выглядаюць недарэчнымі і дэкаратыўнымі. Але я б не рамантызаваў аўтараў, якія жывуць за мяжой нашай краіны. Хоць, вядома, ім лягчэй трымацца гэтай адлегласці і не выглядаць пры гэтым недарэчна.

Ці з'яўляецца праект спробай канфрантацыі, абвінавачання, або гэта штосьці іншае?

— На жаль (і ў праекце пра гэта гаворыцца), любая спроба сумленна і без купюр прадставіць і паказаць тое, што ў нас адбываецца, успрымаецца як нейкі выклік. Гэта рэакцыя ў тым ліку і пэўных культурных супольнасцяў, што маюць сваю ўласную інтэрпрэтацыю падзей і заяўляюць на тое манапольнае права. Я не ладжу конкурс і не пазіцыяную свае праекты як нейкі іерархічны і аб'ектыўны адбор, але ўсё адно — кожны раз сутыкаюся з канфрантацыяй.

Распавядзі крыху пра свой вопыт працы з расійскімі галерэямі. Што можна сказаць пра асаблівасці куратарства, пра дасведчанасць і чаканні расійскіх гледачоў?

— Пачнем з таго, што прапанова зрабіць выставу паступіла ад кіраўніцтва Балтыйскага філіяла ЦСМ на адкрыцці праекта «Next Door. Зроблена ў Калінінградзе» ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. Сам я пазнаёміўся з калінінградскім калектывам Цэнтра сучаснага мастацтва падчас праекта «Going public» у 2012-м. Выдатныя людзі, суперкалектыў, у яго актыве некалькі інавацый і гучных міжнародных паказаў. Звярнуцца да куратара-адзіночкі, за якім няма інстытуцыі, — пэўная рызыка. Тым не менш яны дапамаглі мне прайсці ўсе бюракратычныя працэдуры і давесці праект да адкрыцця. Крыху дапамагла маскоўская галерэя «OSNOVA», бо ў Маскве ці Піцеры існуе даволі распаўсюджаная практыка спрыяння свайму мастаку ў яго пачынаннях, не кажучы ўжо пра фінансаванне вытворчасці дарагіх і складаных праектаў пад выставу ў галерэі.

Чым можа быць цікавы наш спецыфічны лакальны кантэкст гледачам у Калінінградзе?

— Падабенствам! Чалавек схільны траціць адчувальнасць да месца, у якім жыве ўвесь час. Абудзіць гэтую адчувальнасць — мая задача. Паказаць праз беларускую сітуацыю складанасць і глыбіню нашага і іх кантэксту.

Таццяна КАНДРАЦЕНКА