Па вулічных правілах

№ 9 (390) 01.09.2015 - 01.01.2005 г

Фестываль стрыт-арту «Vulica Brasil II»
Другая частка беларуска-бразільскага праекта, у якім у верасні паўдзельнічалі сусветныя зоркі, адбылася ў цэнтры Мінска. Розніца з першай версіяй па «вулічных правілах» істотная: ужо не было аніякай выставы, як год назад, на ўвесь Цэнтр сучасных мастацтваў, бо змяніліся меркаванні самога куратара: наколькі ўвогуле магчыма, а калі і магчыма, то навошта пераносіць вуліцу ў рамкі класічнага квадрата і прамавугольніка, калі ў горадзе можна па-сапраўднаму разгарнуцца.

Так, велічэзныя муры, аддадзеныя аўтарам, цалкам задаволяць любое эга. Вось: рабі, твары, здзіўляй! І колькасць гледачоў у разы павялічваецца, бо гэта пабачаць і прафесар, і ўрач, і бабуля з рабочым, і тынэйджар, які яшчэ верыць у цуды жыцця. А як іначай назваць той факт, калі ў сталінскім ампіры з’яўляецца нешта каласальна іншае, улічваючы, што кожны другі будынак у цэнтры (калі не ўсе) у нас — «культурная спадчына» і нельга нават лушчыць семкі, праходзячы каля яго. А калі яшчэ згадаць падзел меркаванняў пра пашкоджанне сцяны на Кастрычніцкай... Да мінулагодняга гусляра Яўгена Cowek, да Ван Гога і Фрыды Кало Ражэрыа Фернандэса ды сюррэалістычнага тандэма Вальтэра Tinho Намура і Яўгена Mutus дадалося яшчэ пяць мураляў. І не толькі. Але пра ўсё па парадку.

Браты-блізняты «Os Gemeos» — Атавіа і Густаў Пандольфа — першыя тытаны стрыт-арт хвалі з Паўднёвай Амерыкі. Браты пачалі маляваць у далёкім 1987 годзе, паступова заваёўваючы ўплыў на лакальнай графіці-сцэне і дапамагаючы Бразіліі набыць нацыянальны стыль. А гэта найперш спалучэнне пікача (бразільскага палітычна-сацыяльнага руху пратэсту) і, вядома ж, хіп-хоп культуры, якая пранікла ў Бразілію ў канцы 1980-х і захапіла многіх падлеткаў. Працы Атавіа і Густава адкрываюць нам новыя грані светапогляду і дазваляюць сузіраць містычны свет аўтараў, якія часам самі становяцца правобразамі сваіх персанажаў. У іх выкананні можна сустрэць як тэгі (стылізаваныя подпісы, адкуль і пайшло само графіці), так і складаныя роспісы з фальклорнымі аповедамі. Разам з Бэнксі браты з'яўля­юцца рэкардсменамі па выставах: Германія, Куба, Чы­лі, Данiя, Іспанія, ЗША, Італія, Вялікабрытанія, Літва і Японія прадстаўляюць незлічонае мноства іх індыві­дуальных і сумесных твораў. У Мінску «Os Gemeos» пакінулі свайго фірмовага жоўтага гіганта і шматлікія каларыстычныя акцэнты — усмешкі беларускіх дзяўчат.

Цьяга Тоэс — прыхільнік навуковага, матэматычнага стылю ў графіці. На «Космас» ён натхняўся савецкім мастацтвам, якое вельмі паважае. Цікава, ці хадзіў твор­ца на экскурсію ў Нацыянальны мастацкі музей і ці знаёмы са спадчынай Фердынанда Рушчыца. Бо дзіў­на назіраць падабенства з апошнім. Выява Цьяга арга­нічна ўпісваецца ў не такі ўжо і яркі беларускі урбан-пейзаж і адначасова дэманструе мікракосмас і яго па­вялічаную версію. Хлапец на муры — насамрэч кожны з нас. Спалучаючы розныя тэмы, Цьяга Тоэс запрашае нас паразважаць пра стэрэатыпы сучаснага грамадства. Аўтар з Ліды Яўген Сowek працягваў і сёлета развіваць ідэі самабытнасці ды ўнікальнасці беларускага мастацтва праз міфалогію, народныя вобразы і прыродныя матывы. Ён аўтар знакамітага дзеда-барадзеда на Кастрычніцкай, выява якога, мабыць, пабіла ўсе магчымыя рэкорды папулярнасці ў «Інстаграме». Той гусляр, сімвал мінуўшчыны, раскручвае віхор ведаў. Каля яго дрэвы — пазнака моцы і мудрасці, што ўбіраюць гэтую інфармацыю. Жар-птушка — пасярэднік між духоўным і матэрыяльным светам, цяперашнім і будучыняй. Га­лоўны вобраз — народны карагод, любы ахвочы можа стаць яго часткай. Камень — сімвал страчаных ведаў. Здабыць жар-птушку — складаная задача, калі не ведаеш, што тая сілкуецца залатымі яблыкамі. Пасярэдзіне стаіць чалавек, адкрыты душой і сэрцам, ён цягнецца да птушкі — нібы цягнецца да ісціны.

Мастак Сяргей IZUM у тым жа самым будынку на Кас­трычніцкай увасобіў вобраз графа Чапскага. У Караля Чапскага, які быў мэрам Мінска ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і дзякуючы якому ў горадзе з’явіліся конка, тэатр, электра- і тэлефонная станцыі, новыя навучальныя ўстановы, сёлета юбілей.

Берасцейскі маршалак стрыт-арту Алесь Kontra аздобіў сцяну жылога дома з крамай «Тысяча дробязей» на Калініна выявай знікаючай савы-сіпухі. Па словах арнітолагаў, іх засталася толькі адна пара. Звонку птушка падаецца шэрай, але грудка яе каляровая — увасабленне душы беларусаў. Пень таксама ў колеры, бо зрэзаны кімсьці дуб усё ж такі некалі пусціць парасткі. Гэта вера мастака ў тое, што знешне нардычная глыбіня лесу можа нараджаць надзвычай прыгожых нас, птушак. Ахоўная стужка з элементамі сонечнага пачатку — беларуская гісторыя, моц і гонар. Ткучы яе, захаваем сябе.

На супрацьлеглай сцяне будынка выканаў сваю працу — бразільскі вобраз жанчыны ці душы — Рыман Гімараес. Мастак хутка ўвайшоў у лік прадстаўнікоў сусветнага сучаснага арту. Яго работы — адлюстраванне жыццёвага досведу, адаптаванага да гарадскога асяроддзя. У Мінску ў аўтара з бразільскай Курытыбы атрымалася сапраўдная мультыкультурная рэч: чалавек свету ў японскім галаўным уборы, з намёкам на афрыканскія рысы, з бразільскімі знакамі і з беларускім катом.

Можна параўнаць «Vulica Brasil» з другім праектам па стрыт-арце ў Беларусі — «Must Act — Must Art», дзе замест «ахоўваецца законам» былі спальныя раёны, але не Мінска — адважней: Баранавіч, Рагачова, Магілёва, Гомеля, Гродна (самы вялікі фасад у Беларусі), для якіх вулічнае мастацтва — гэта простыя і бессэнсоўныя тэгі ў пад’ездах. Але цяпер там партрэт Уладзіміра Каратке­віча на пяць паверхаў, аблічча Гедыміна на дзіцячай пля­цоўцы і сюррэалістычныя працы, што дэманструюць мастацтва «тут і цяпер». Бо яна такая насамрэч, гэтая вуліца без правілаў, — няважна, ці ты ўладальнік лесвіцы і прафесійнай фарбы, ці ўзброены адно маркерам і трэніраванымі хуткімі нагамі.

Каміла ЯНУШКЕВІЧ