Жанр мюзікла застаецца «моцным арэшкам», але не ў Свярдлоўску! Тут да падобных спектакляў ставяцца з такім размахам, што гэта ўражвае нават заўзятых скептыкаў. І не старая добрая і дыхтоўна зробленая класічная аперэта, якую мы таксама пабачылі падчас сёлетніх гастролей екацярынбуржцаў у Мінску, а менавіта мюзікл з’яўляецца візітоўкай калектыву.
Прадуманым і дакладным з пункту гледжання піяру было рашэнне кіраўніцтва тэатра адкрыць гастролі ў Мінску брэндам — мюзіклам Сяргея Дрэзніна «Кацярына Вялікая. Музычныя хронікі часоў імперыі» ў пастаноўцы Ніны Чусавай (Масква). Вось дзе грандыёзнасць ва ўсім — ад уражальных сцэнаграфіі і касцюмаў, каласальных масавых сцэн з удзелам хору і балета — да буйных-галоўных і маленькіх-эпізадычных роляў у выкананні ледзь не ўсяго акцёрскага складу! Смелая дэкларацыя ў праграмцы спектакля — «сусветная прэм’ера адбылася 15 мая 2008 года ў Екацярынбургу» — пацвярджае мо не столькі эксклюзіўнасць пастаноўкі і амбітнасць стваральнікаў, а тое, якім магутным арсеналам творчых, тэхнічных і фінансавых магчымасцей валодае сёння трупа тэатра. Часам здаецца, што яны бязмежныя!
Пазначэнне «сусветная прэм’ера» (8 снежня 2013 года) знаходзім і на праграмцы другога ўзору творчага тандэма Дрэзнін-Чусава — мюзікле «Яма» паводле аповесці Аляксандра Купрына. Без перабольшання, менавіта гэтая пастаноўка стала найвялікшым узрушэннем для мінскіх тэатралаў. І няма нічога больш банальнага, чым сцвярджаць, што «Яма» — спектакль XXI стагоддзя. Яго трэба бачыць! Тут абжыты кожны сантыметр сцэны, асэнсавана і апраўдана кожная секунда. Акцёры існуюць ва ўмовах звышцікавай шматмернай сцэнаграфіі і ўвасабляюць драматычна напружаную музыку, каштоўнасць якой — менавіта ў структурнай арганізацыі, дзякуючы чаму яна робіцца асноўным драматургічным стрыжнем.
Мюзікл «Пунсовыя ветразі» Максіма Дунаеўскага паводле аповесці Аляксандра Грына з’явіўся ў рэпертуарнай афішы тэатра ў 2011 годзе. Яго пастаноўшчык — галоўны рэжысёр Свярдлоўскай музкамедыі Кірыл Стрэжнеў. Эксклюзіў: спецыяльна для прэм’еры ў Екацярынбургу кампазітар зрабіў новую рэдакцыю твора, які першапачаткова прызначаўся да драматычнага спектакля, а цяпер ператварыўся ў паўнавартасны мюзікл. І зноў мы бачым высокатэхналагічную пастаноўку, дзе, апроч якаснай ігры, спеваў і танцаў, абавязкова маюцца сучасныя «навароты» ў дэкарацыях і фірменная «падгучка» так званымі гарнітурнымі (завушнымі) мікрафонамі, якімі забяспечаны як салісты, так і ўсе без выключэння артысты хору (канцэпцыя гуку — Сяргей Мешчаракоў). Адначасова тактоўна падгучаны і сам аркестр, пры гэтым агульная гукавая маса не «цісне», усё выдатна працуе і, прабачце, нечакана не «вырубаецца»! Пра такі завоблачны ўзровень тэхнічнай узброенасці трупе нашага музычнага тэатра можна толькі марыць...
Сярод бясспрэчных фаварытаў у калектыве Свярдлоўскай музкамедыі — маладыя акцёры Марыя Вінянкова (лаўрэат «Залатой маскі») і Ігар Ладзейшчыкаў, яны выконваюць галоўныя ролі амаль ва ўсіх спектаклях сучасных аўтараў і абавязкова запомняцца мінскім гледачам. Мае сімпатыі аддадзены галоўнаму дырыжору тэатра Барысу Надэльману — тонкаму і чуйнаму музыканту, які трымае высокую планку акадэмічнага мастацтва ў лёгкім для ўспрыняцця, але складаным для музычна-сцэнічнага ўвасаблення жанры аперэты і мюзікла.
Вольга БРЫЛОН