Дарогу крэатыву!

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

У фестывальнай праграме «Панарамы» прадукт праекта On-line -- невялікія тэатральныя мініяцюры, створаныя цягам фестывалю, -- заўсёды стаяў асобна. На фоне пастановак «маларухомых» стацыянарных тэатраў, галоўны клопат якіх -- рэпертуарная стабільнасць дзеля аншлагаў і касавых збораў, нараджэнне за некалькі дзён міні-спектакляў успрымалася як маленькі, але рэальны тэатральны цуд!

 /i/content/pi/mast/6/157/Darogu kreatyvu1.jpg
Нават не надта доўгая гісторыя фестывалю сведчыць, што сённяшні О
n-line адрозніваецца ад першапачатковай задумы-канструкцыі гэтак жа моцна, як нашы сучасныя ўяўленні пра дыназаўраў і іх колішні сапраўдны выгляд. Такая імклівая эвалюцыя Оn-line гаворыць не толькі пра гнуткасць дадзенага праекта ў дачыненні да тэатральных рэалій сучаснай Беларусі, але і пра дынамічную зменлівасць тых патрабаванняў, якія сёння прад’яўляюцца да творчых эксперыментаў.
Галоўнай цэментуючай ідэяй першага Оn-line, што праходзіў яшчэ ў межах фестывалю «Адкрыты фармат», быў пошук цікавых айчынных драматургаў і рэжысёраў -- маладых, энергічных, незадаволеных ціхаплыннасцю тэатральнага жыцця і здольных прапанаваць сябе ў якасці альтэрнатыўнага «рухавіка» для рэанімацыі нашага тэатра. Сілкавалася гэтая ідэя яшчэ і тым, што тэатральная прастора Беларусі напачатку ХХІ стагоддзя востра адчула дэфіцыт маладых рэжысёраў і драматургаў -- нягледзячы на тое, што яркага з’яўлення новых, цікавых асоб са сваім светаўспрыманнем і свежым падыходам да тэатральнай творчасці прагнулі ўсе.
Арганізатары фестывалю «паскрэблі па засеках», і вынікам эксперымента стаўся шэраг яркіх работ: «Хачу быць хамячком», «Адно нам адхланне: дружба ды каханне» і іншыя. Нягледзячы на тое, што пастаноўкі, прадстаўленыя ў межах Оn-line, не зазналі далейшага сцэнічнага лёсу (і невыпадкова, бо, створаныя «на нерве», яны прываблівалі, у першую чаргу, арыгінальнасцю і непаўторнасцю, але жыццё іх, як і ў показкі, пасля эннага пераказу становіцца плоскім і нясмешным), закладзены ў падтэкст дзеі эфект «творчай біржы» ўсё ж спрацаваў. Кацярына Агароднікава і Міхаіл Лашыцкі сталі ідэолагамі навастворанага Сучаснага мастацкага тэатра -- іх пастаноўкі склалі яго рэпертуарную афішу; Уладзімір Шчэрбань, развітаўшыся з Купалаўскім тэатрам, распачаў уласныя эксперыменты з сучаснай драматургіяй, прычым як з замежнай, так і з беларускай. Драматургам пашанцавала менш: з тых, хто дзякуючы ўдзелу ў Оn-line «выбіўся ў людзі» і чые творы з’явіліся на тэатральных падмостках, магу назваць хіба што Андрэя Карэліна з п’есай «Я веру ў гараскопы», што нядоўгі час была ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М.Горкага, ды Мікалая Сцешыка з Паўлам Пражко, якія зацікавілі, аднак, не беларускія тэатры, а расійскіх навадрамшчыкаў.
Поспех эксперымента -- відавочны, і ўжо другі Оn-line прапанаваў пашырыць поле тэатральных інтарэсаў -- у якасці адмысловых лабараторных умоў узнікла ідэя творчай супольнасці прадстаўнікоў розных тэатральных школ. Да працы па стварэнні чарговага Оn-line-прадукту былі запрошаны не толькі маладыя беларускія творцы, але і рэжысёры з Расіі, Украіны, Літвы, Германіі. Меркавалася, што менавіта скрыжаванне розных тэатральных школ і традыцый станецца грунтам, на якім забуяюць цікавыя і нешараговыя наватворы.
У выніку гэткага непрацяглага сімбіёзу больш за іншых выйгралі... акцёры. Яны не толькі атрымалі творчую асалоду, але і добра адчулі шырокія магчымасці тэатральнага шматаблічнага мастацтва.
Беларускім жа гледачам Оn-line падарыў монаспектакль «Нататкі вар’ята» з Анатолем Катом і нядаўнюю прэм’еру «Войцэка» Георга Бюхнера ў прадзюсерскім цэнтры «Мэджык». Абодва спектаклі пастаўлены ўлюбёнкай Оn-line, польска-нямецкім рэжысёрам Монікай Дабраўлянскай. Стылістыка яе лаканічнага, скупога на вонкавую выразнасць сцэнічнага аповеда, гранічная прастата ў выказванні рэжысёрскай думкі прывабілі акцёраў менавіта новым адчуваннем сябе ў прасторы спектакля. Да прыкладу, герой Анатоля Ката ў «Нататках вар’ята» -- чалавек-марыянетка, які трапляе ў палон да... бяздушных ксераксаў. А напярэдадні прэм’еры «Войцэка» акцёры-купалаўцы, занятыя ў праекце, зазначалі: гэты спектакль ім надзвычай дарагі, бо яны змаглі сыграць ролі, карэнным чынам адрозныя ад тых, якія іграюць на роднай сцэне.
 /i/content/pi/mast/6/157/Darogu kreatyvu2.jpg

Тры гады, што прайшлі з часу папярэдняй «Панарамы» і папярэдняга Оn-line, пэўным чынам аддалілі ўсе тыя «хатнія радасці», якімі цешыў нас праект, і змусілі арганізатараў па-новаму асэнсаваць ідэю ў прасторы сучаснай канцэпцыі «Панарамы».
Прагназаваць сёлетні поспех праекта дазваляе не толькі той факт, што падчас леташніх справаздачных паказаў Оn-line-работ у зале Купалаўскага тэатра былі не проста аншлагі -- народ літаральна «звісаў» з усіх ярусаў. Як ні дзіўна, «на руку» арганізатарам сёлетняга Оn-line мусяць сыграць і шматлікія тэлевізійныя шоу, што абуджаюць інтарэс шараговага, так званага сярэднестатыстычнага гледача да спасціжэння сакрэтаў творчай кухні. Маю на ўвазе не толькі кулінарныя перадачы літаральна на кожным тэлеканале, але і большай ступені) тэлешоу кшталту «Зорак на лёдзе» ці «Танцаў з зоркамі», якія віртуозна даказваюць, што варта толькі моцна захацець чагосьці, прыкласці да гэтага пэўныя намаганні -- і справа зроблена.
Праўда, для таго, каб лёгкасць атрымання канчатковага выніку не выклікала сумненняў, неабходна мець надзейныя, адмыслова падрыхтаваныя і высокапрафесійныя «тылы» -- пра гэта вам скажа любы прафесіянал. Таму сёлета арганізатары Оn-line пастараліся пралічыць літаральна ўсе магчымыя «зачэпкі» і звесці да мінімуму эфект нечаканасці падчас канчатковай прэзентацыі Оn-line-работ. Дзеля гэтага яны адмовіліся ад традыцыйнай жараб’ёўкі, згодна з якой фарміраваліся драматургічна-рэжысёрскія тандэмы. Сёлета пастановачны матэрыял, неабавязкова беларускі, прапануюць самі рэжысёры-ўдзельнікі. Яны, дарэчы, таксама ўжо далёка не каты ў мяшку -- кожны мае за плячыма не па адной пастаноўцы і пэўнае імя ў тэатральнай прасторы.
 /i/content/pi/mast/6/157/Darogu kreatyvu3.jpg
Галоўнай арганізуючай ідэяй сёлетняга
Оn-line становіцца рэжысёрская крэатыўнасць -- здольнасць прапанаваць яркую і захапляльную ідэю, своеасаблівую «адмычку», якая дазволіць не тое што заглыбіцца ў нетры драматургіі, а выгадна, эфектна падаць яе, каб зацікавіць гледача і матэрыялам, і сваёй творчай асобай.
Суіснаванне прафесійных рэжысёрска-пастановачных навыкаў і крэатыўнага мыслення -- гэта на сённяшні дзень, безумоўна, спалучэнне не толькі прывабнае, але і карыснае як для тэатра, так і для рэжысёра. Якім атрымаецца эфект ад такога паяднання ў лабараторных умовах, дзе час спрасаваны ў некалькі дзён, мы ўбачым на фестывалі. Адно ўжо сёння бачыцца пэўна -- тэатральныя эксперыменты, у якіх «на гледача» выносіцца не толькі вынік, але і сам працэс (не сакрэт, што канчатковае аблічча Оn-line-работ вельмі часта «афармляецца» непасрэдна цягам публічнага паказу), правакуюць айчынных тэатральных дзеячаў на «адкрыццё» яшчэ мала асвоенага ў нас жанру відовішча, дзе аснову складаюць менавіта пошук і ўвасабленне крэатыўнай ідэі, здольнай давесці гледачоў да спажывецкага экстазу.

                                                                                                                Таццяна КОМАНАВА