Задачы арт-тэрапіі паспяхова вырашыліся ў 2003 годзе — са з’яўленнем рэжысёра і сацыяльнага педагога Вольгі Прохаравай. Ад творчых вечарын, складзеных з асобных сцэнак і нумароў мастацкай самадзейнасці, тэатр рушыў да паўнавартасных спектакляў з адметнай рэжысурай і выразнай драматургічнай лініяй.
Першай сур’ёзнай працай «Мімозы» стала сацыяльна-філасофская «Лаўка». У пэўным сэнсе прыпавесць, гэтая пастаноўка распавяла пра з’яўленне «сонечнага зайчыка» — анёлападобнага персанажа (Андрэй Суднік), які спусціўся з нябёсаў, каб узняць незадаволеных жыццём людзей над іх дробязнымі супярэчнасцямі.
Асаблівы рэжысёрскі падыход да асаблівага тэатра Вольга Прохарава выпрацавала акурат падчас работы над гэтым спектаклем. Ён палягае ў падборы роляў індывідуальна, пад кожнага з выканаўцаў. Якасці артыстаў вызначаюць адпаведныя мастацкія вобразы і ўплываюць на характар рэпертуару, а Вольга кіруецца імкненнем паказаць моцныя бакі і здольнасці чалавека.
У добрым сэнсе на станаўленне «Мімозы» паўплываў асабісты досвед Вольгі Прохаравай: дзяўчына пабралася шлюбам з удзельнікам калектыву — невідушчым музыкам Аляксеем Крэчатам, і з гэтага часу ўсе пастаноўкі тэатра працяў матыў кахання, што пераадольвае любыя перашкоды.
У 2009 годзе «Мімозе» давялося перажыць цяжкае выпрабаванне — на бестэрміновы рамонт закрылі памяшканне тэатра «Інвацэнтр», дзе знаходзіліся рэпетыцыйная база і сцэна. Артысты засталіся без даху ў літараль-
ным сэнсе слова, але захавалі калектыў, здолеўшы падняцца на якасна новы ўзровень. У 2011-м мімозаўцы ўвасобілі мюзікл «Дыхай са мной», які прайшоўся па вялікіх сталічных пляцоўках, а праз год трапіў на міжнародныя фестывалі ў Брэст і Яраслаўль. «Дыхай са мной» нагадвае славуты «Нотр-Дам дэ Пары», распавядаючы пра каханне прыгожай дзяўчыны Лагорды і ганарлівага юнака Фэба. Праз гісторыю кахання ўздымаюцца такія злабадзённыя тэмы, як залежнасць ад наркотыкаў і, шырэй, чалавечая апантанасць. Адным з самых запамінальных зрабіўся вобраз царкоўнага званара Дрогана ў выкананні Аляксандра Разанцава: Дроган ахвяруе сваёй душой, каб выратаваць Фэба. Ігру Аляксандра адзначыў драматург Аляксей Дудараў, калі, дзелячыся ўражаннямі ад прагляду, казаў пра надзвычайную моц нямых сцэн у спектаклі.
Практычны досвед мімозаўцаў падмацаваны ўдзелам у фестывалі перформансу «Эндарфін», у калядных імпрэзах Тэатра юнага гледача, у суправаджэнні канцэртаў рок-музыкі Аляксея Крэчата, у выступах на пешаходнай вуліцы Карла Маркса ў Мінску. Акрамя таго, на базе тэатра дзейнічае каманда інтэграванага КВЗ «Батлейка», якая прадстаўляла Беларусь на спецыялізаваных фестывалях у Маскве (2009), Адэсе (2010, 2011) і Кастраме (2012).
У трупе размаітых талентаў «Мімозы» — прафесійны вакаліст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Крэчат, кабарэ-спявачка Арын Мармылёва, артыст размоўнага жанру Андрэй Суднік... Ва ўсіх ўдзельнікаў розныя формы і ступені інваліднасці: найбольш цяжкай можна лічыць ДЦП, у астатніх выпадках інваліднасць не ўроджаная, а набытая (амаль усе нарадзіліся здаровымі). Але заўважных праяў хваробаў ні ў кога няма, усе артысты маюць захаваны інтэлект — а гэта, як лічыць Вольга Прохарава, найважная ўмова, каб займацца сцэнічнай творчасцю.
Ад пачатку ў пастаноўках нароўні з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі бралі ўдзел і звычайныя выканаўцы. З цягам часу мяжа паміж імі сціралася, а калі ў тэатр прыйшлі дзеці, знікла зусім: пасля шэрагу спектакляў на сацыяльныя тэмы тэатр «Мімоза» звярнуўся да дзіцячага рэпертуару, паставіўшы калядную казку «Чароўныя запалкі» паводле «Дзяўчынкі з запалкамі» Ханса Крысціяна Андэрсена. Малая сіраціна атрымлівае незвычайны калядны падарунак — чароўныя запалкі, з якімі можна вандраваць па казках. Адначасова на падарунак палююць Кашчэй і Кікімара — іх павыганялі з усіх казак і яны засталіся без справы. Асаблівай прыцягальнасці імпрэзе надалі яркія музычныя нумары, створаныя Аляксеем Крэчатам на матывы вядомых сучасных песень.
Узяць пад увагу малодшую аўдыторыю падказаў педагагічны досвед Вольгі Прохаравай, набыты ў Тэатры юнага гледача і ва ўласнай тэатральнай студыі. Выйсці да дзетак было вельмі рызыкоўным рашэннем, але насамрэч для дзяцей больш істотна, каб на падмостках панавала атмасфера шчырасці і дабрыні, таму маленькі глядач шчыра прыняў «Мімозу» ў свой далікатны свет.
Жыхары музычнага спектакля «Кузюрачка ў Краіне складанай жамяры», прэм’ера якога адбылася вясной 2015 года, — Цвыркун, Жужулік, Мадам Батэрфляй, Мадэмуазэль Кузюрачка, міліцыянт Муравей Мураўевіч Мураўёў, дырэктарка школы Мальвіна Мольдэнштэйн. У пастаноўцы ўдзельнічаюць шмат дзетак, але цэнтральныя вобразы замацаваны за сталымі мімозаўцамі. Сваёй здольнасцю да пераўвасаблення найбольш уражвае Андрэй Суднік у ролі Мальвіны, школьнай дырэктаркі. Андрэя асабліва вылучаюць яскравае прамоўніцкае майстэрства і драматызм стварэння вобразаў. Супрацьлегласцю Мальвіны выступае Мадэмуазэль Кузюрачка (Вольга Прохарава), маладая летуценная настаўніца, што прыязжае працаваць у Краіну складанай жамяры да дзяцей-неслухаў. Але настаўніца здольная перайначыць мясцовы лад жыцця. Кузюрачка даводзіць: праблема насельнікаў гэтай краіны ў тым, што яны самі сябе лічаць складанымі. Калі ж яны павераць, што яны самыя лепшыя, — усё зменіцца. І Краіна складанай жамяры ператворыцца ў чароўны Васільковы край!
Вядома, у цэнтры ўвагі спектакля — тэма складаных дзяцей, вырашаная ненавязлівым гульнёвым чынам. Актыўны тэмпарытм дзеяння трымаецца на гумарыстычных эпізодах, песеньках, танцах. Але самае «смачнае» — правакатыўнасць задумы. Найбольш цяжкай праблемай казачнай краіны выяўляецца... звышадказная і дысцыплінаваная Мальвіна Мольдэнштэйн, бо яна не прыахвоціла дзятву да добрых спраў! Так «Мімоза» сцвярджае, што праблему складаных дзяцей стварылі дарослыя, і выразна акрэслівае сваю грамадскую пазіцыю — спрыяць талерантным адносінам між людзьмі, нягледзячы на любыя чалавечыя асаблівасці.
Алесь СУХАДОЛАЎ