Яўген Карняг паспеў набыць славу скандальнага рэжысёра, і ягонае імя спрацоўвала за цэлую рэкламную кампанію. Ішлі рэпетыцыі, а ў шматлікіх медыя адно за адным — інтэрв’ю з пастаноўшчыкам. Яшчэ складаўся вобраз спектакля, а журналісты ды крытыкі тытулавалі яго «самым чаканым у новым сезоне». Грамадская цікаўнасць пільнавала кожны крок і магла перакінуцца па-вядзьмарску злым жартам…
Тое, што з казак даўно ўведалі дарослыя, што абмяркоўвалі на кухнях, пасля таго як дзеці засыналі ў ложках, цяпер модна выносіць на шырокую публіку. Нездарма з’яўленне «Інтэрв’ю...» супала з выхадам у пракат гатычнай стужкі Матэа Гаронэ «Страшныя казкі», дзе фатальная прыгажуня Сальма Хаек са сталёвым замілаваннем есць цмокава сэрца, якое на буйным плане сцякае крывёю. Жорсткі рэалізм лунае ў творчым паветры.
Накіды сённяшняй прэм’еры шчасліўчыкі бачылі чатыры гады таму на Міжнародным фестывалі «М.art.кантакт» у Магілёве. Эскіз ператварыўся ў хвосткі хорар, чыя прысутнасць адчуваецца ці не ў кожнай казцы братоў Грым. Згадайце, як у адной жанчына цяжкім векам куфра адсекла галаву пасынку, у другой — пабралася шлюбам з удаўцом, бацькам дванаццаці сыноў, ды ўгаварыла шчаслівага мужа зрабіць тузін дзіцячых дамавін, у трэцяй ад радасці ўсяго толькі... памерла. Ад гэтых гісторый, хоць і прызначаных да друку, часам валасы дыбарам уздымаюцца, а з неапрацаванымі версіямі дык і выдумляць нічога не трэба — папросту пільнуйся тэксту...
Але заснавальнік «KorniagTHEATRE» не шукае простых шляхоў. Растыражаваныя сюжэты братоў Грым ён прыпраўляе шалёнымі жарсцямі «Збівання немаўлятаў» Марыса Метэрлінка, звязвае аўтарскае з біблейскім і раптоўна сячэ па міфалагічным вузле рэальнымі гісторыямі вязняў Асвенціма. Адсылкі да дакументальнага тэатра лагічна кладуцца ў казачную глебу. Тры ведзьмы вокамгненна перакідаюцца ў лагерных наглядчыц, якія вартуюць апошні чалавечы шлях да крэматорыяў і спакойна чакаюць смерці тысячаў. «Ці павінны мы апраўдвацца, што хочам жыць? Мы маладыя! К чорту!» — цвіком забіваецца выкрык у глядацкае ўсведамленне. Як мала трэба, каб страціць чалавечае аблічча: усяго толькі збочыць са зручнай каляіны...
Такога трэшу, згатаванага на булёне жартаў, падмосткі традыцыйнага рэпертуарнага тэатра яшчэ не бачылі. Гэтак жа лёгка, як спалучае шматлікія тэксты розных эпох, аўтараў і спецыфікі ўжывання, пастаноўшчык змешвае ў вядзьмарскім катле жанры і тэатральныя кірункі. Гуляць з гледачом пачынаюць яшчэ да ўзняцця заслоны. Шыкоўны замагільны голас патрабуе вымкнуць тэлефоны, ён, маўляў, «усё бачыць»… Малаверагодна, што за пачварным абліччам людзі захочуць разгледзець жаночую роспач. Шматлікія комплексы, зайздрасць, гордасць спакваля нараджаюць ведзьму: грамадства вабіць усмешлівы твар, а рэальныя гісторыі мацуюць жаданне пазбягаць дыскамфорту. Відовішчнасць слаёнага тэатральнага пірага дазваляе адным узірацца і не тлуміць галавы, іншым — думаць, секчы развагамі містычныя мярэжы і чорны гумар.
У лялечным тэатры Карняга замест лялек — тэлевізійнае ток-шоу з мюзіклам і пластычнай інтэрмедыяй. Гісторыі, ад якіх стыне кроў, перапыняюцца гараскопамі, разгадваннем красвордаў, моднымі відэаінсталяцыямі...
Сучаснага чалавека нялёгка растармасіць. Даводзіцца біць па аголеных нервах, ускрываць пачуцці; цалкам мяняе ўспрыманне публікі шчыльны кантакт з артыстам. Гледача пазбаўляюць звыклай пазіцыі, робяць нязручным яго знаходжанне ў тэатральным крэсле, знішчаюць бяспечную адлегласць іншага боку рампы, змушаюць да ўдзелу ў дзеянні. Калі падчас маналогу ў выкананні Святланы Цімохінай глядач паўставаў дэкарацыяй, дык ведзьма Ганны Гаспадарык з натуральным нажом-цесаком непрыемна халадзіла нервы тых, чые месцы апынуліся побач. Гледачы не паспелі апратацца ад нечаканасці, як актрысы запатрабавалі даць святло ў залу, каб запрасіць падзяліцца крывёю цнатлівых дзяўчат... Драйвам і раз’ятраным тэмпарытмам пастаноўка нагадала брутальнага юнака з неверагоднай гісторыяй і бязмежным жаданнем паразумення.
Вучань Ляляўскага звычайна імкнецца пазбывацца штампаў, але ў гэтым спектаклі з задавальненнем грувасціць адзін на адзін: заліты крывавым святлом заднік, некалькі тон тэатраль-
нага дыму, попел, што дываном укрывае сцэну. А яшчэ кармінавыя сляды на беласнежным покрыве, містычны чорны дыск месяца, з якога пачынаецца «прэс-канферэнцыя», люстэрка замест дадатковага задніка, якое часам ператвараецца ў века труны, а часам дапамагае падгледзець, што там робіцца ў ведзьмаў на стале. Можна «выпадкова» разглядзець малюнкі ў містычных кнігах, прасачыць за рытуалам з лялькай вуду ці ўбачыць, як спявае памерлая гераіня.
Мастачка-пастаноўшчыца, лаўрэатка Нацыянальнай тэатральнай прэміі Таццяна Нерсісян падхоплівае гульню рэжысёра, перамешваючы ў сцэнаграфіі стылістыку розных эпох і сучасныя знаходкі. Стол прэс-канферэнцыі, аздоблены шкілетамі ды містычнымі выявамі Сярэднявечча, трансфармуецца то ў труну, то ў шафу, дзе хаваюцца нясцерпныя тайны: тут і памерлае ва ўлонні немаўля, і дзіцячыя жахі, што даводзяць да вар’яцтва дарослага чалавека, і комплексы, якія правакуюць смяротную зайздрасць...
У спектаклі дэбютаваў кампазітар Мікіта Залатар, які спрабуе высмеяць музычныя штампы: для стварэння атмасферы па-кіношнаму гучыць трывожная музыка, а бетховенская «Да Элізы» ў папсовай апрацоўцы абі-
раецца фонам да смяротнага нумару, спевы перамяжаюцца з дыскатэчнымі рытмамі, гатычныя гмахі сугуччаў парушаюцца дэцыбеламі тэхнамузыкі. Аднак не трэба забывацца на меру, бо некаторыя моманты падаюцца зацягнутымі і манатоннымі.
Самы просты спосаб бунтарства — адмовіцца ад старых правілаў, законаў і патрабаванняў. Карняг ідзе па лязе, спалучае сучасны тэатр з лепшымі праявамі класічнага. Таму найбольш цікавым мне падалося ўключэнне ў новую сістэму існавання дасведчаных артыстак Наталлі Кот-Кузьмы і Святланы Цімохінай. Карняг імкнецца абстаўляць спектакль гэгамі, але жарты адкідаюцца ўбок, як толькі паветра працінае галашэнне над ненароджаным сынам: «Мама! Гэта было маё дзіця! Гэта быў мой хлопчык». Наталля Кот-Кузьма напаўняе яго бяздонным болем і са скурай здзірае бесклапотнасць з жыццярадаснай ведзьмы, агаліўшы асабістае гора і абыякавасць наваколля, якое атруціла душу нянавісцю да людзей.
Пагарда да маці, натуральная для част-
кі моладзі, спачатку бянтэжыць: гераіня Святланы Цімохінай нават наскоквае на мацярынскі шкілет з бітай. Але... Зазірніце ў чароўнае люстэрка (што сучаснікам хутчэй нагадае планшэт ці айпад) — і пабачыце, як няпроста любіць бацькоў, якія ачарнілі бязвіннае дзяцінства. Зрэшты, спагадзя ведзьма просіць прабачэння ля трупа. Пафасна? Несучасна? Але па-біблейску ачышчальна, нібыта запушчаны ў зваротным руху механізм выяўляе псіхалагічныя вытокі вядзьмарства. Напрыканцы разухабістыя містычныя дамы на некалькі хвілін паўстаюць даведзенымі да краю жанчынамі з агеньчыкамі сапраўднага жыцця ў вачах. Спалучэнне актрыс розных школ і рознага досведу забяспечыла незвычайны вынік. Насычаны букет аскомістага віна, змяшанага з маладой крывёю.
Дарэчы, як прызнаваўся сам рэжысёр, далучыць да дуэта вядучых актрыс тэатра лялек трэцюю выканаўцу было няпроста. Але не знаёмая з грузам сцэнічнага «так трэба» артыстка прыўнесла ў пастаноўку новыя творчыя хады. Добра парушаць правілы, калі не ведаеш, што яны існуюць! Гераіня Ганны Гаспадарык адзіная мяняла строі амаль да кожнага выхаду. То замест манаскага ўбрання прымярала сэксуальную сукенку, амаль не прыкрываючую прывабныя формы цела. Ці выходзіла ў аляпістым леапардавым камбінезоне, на вогненных абцасах неймавернай вышыні. Гэтыя модныя паказы ў духу сучасных мегазорак і сэкс-ідалаў новага пакалення хавалі за гісторыямі, што пераварочвалі свядомасць, звычайны комплекс нелюбові да сябе і сапраўдную параною: боязь быць такой, як усе...
За колькі тыдняў да прэм’еры адбыўся «круглы стол», на якім самым дыскусійным пытаннем вылучылі брак магчымасцей рэжысёрам-экперыментатарам трапіць да гледача. Не кожны рэпертуарны тытан адважыцца пусціць нефарматны спектакль маладога талента на сваю пляцоўку. Карнягу бясспрэчна пашанцавала: тэатр лялек, на чыю сцэну колькі год таму ён выходзіў акцёр
Настасся ПАНКРАТАВА