Сучасная гарадская скульптура

№ 8 (389) 01.08.2015 - 31.08.2015 г

У пошуках будучыні
Скульптуру вылучае ўзаемадзеянне з рэальнай прасторай. Прасторай, зразумела, архітэктурнай ці прыроднай — але таксама і сацыяльнай, бо без камунікацыі з чалавекам скульптура не мае сэнсу. Для сучаснай скульптуры неабходныя: адпаведнасць інтарэсам супольнасцяў, якім «належыць» месца, дзе яна ўстаноўлена, а не яе механічнае ўключэнне ў ландшафт; асэнсаванне, а не дэкарыраванне гэтага ландшафту; інтэрактыўнасць, а не адхіленае ад людзей мадзенне на высокім п'е­дэстале.

«Праект» у Палацы мастацтва

Выстава павінна была выклікаць цікавасць усіх заангажаваных у стварэнне сучасных гарадскіх прастораў: аснову экспазіцыі склалі новыя і ў большасці сваёй не рэалізаваныя прапановы нашых скульптараў для беларускіх гарадоў. Нечакана высветлілася, што айчынная скульптура — гэта не толькі звыклыя бронзавыя статуі на гранітных пастаментах, але і ўнікальныя пластычныя аб'екты, здольныя гарманізаваць з формамі і асяроддзем найноўшага дойлідства.

Экспанаты «Праекта» навочна прадэ­ман­стравалі, што скульптура — не прос­та ўпрыгожванне гарадскіх тэрыторый, а хутчэй напаўненне, асэнсаванне, вызначэнне акцэнтаў. Бо менавіта скульп­тура здатная злучыць архітэктурную, сацыяльную і гістарычную прасторы горада ў важныя пластычныя вузлы — месцы, дзе няўлоўны genius loci становіцца відочным, і з ім нават можна сфатаграфавацца.

Паводле задумы арганізатараў — акты­вістаў секцыі скульптуры саюза мастакоў — «Праект» праводзіў гледача ў творчую лабараторыю скульп­тара, дазваляючы ўбачыць, што пакуль стаіць на паліцах, але ўжо ў бліжэйшай будучыні (цалкам магчыма) знойдзе сваё месца на вуліцах і плошчах.

У выставе ўдзельнічалі Сяргей і Дзміт­рый Аганавы, Юрый Анушка, Ана­толь і Іван Арцімовічы, Андрэй Аста­шоў, Сяргей Більдзюк, Валянцін Борз­ды, Дзяніс Кандрацьеў, Павел Ля­во­наў, Уладзімір Ламейка, Валерый Малахаў, Вольга Нячай, Аляксандр Шапо, Уладзімір Церабун і іншыя. Акрамя таго, былі прадстаўлены дзве аўтаномныя экспазіцыі — «Сад ідэй» Полацкай мастацкай галерэі (у куратарстве якой я паўдзельнічаў разам з Ларысай Лысенка), што сабраў самыя нечаканыя нерэалізаваныя творы беларускіх аўтараў, і ўшчыльную набліжанае да ўвасаблення скульптурнае добраўпарадкаванне цэнтральна­га бульвара ва Уздзе, выкананае Інсты­тутам «Мінскграмадзянпраект» (калектыў архітэктараў Дызайн-цэнт-ра пад кіраўніцтвам Валянціны Цыёнскай).

Мастакі запрасілі архітэктараў, забу­доўшчыкаў, адміністратараў і ўсіх за­цікаўленых гараджан да актыўнага саўдзелу ў «Праекце». Прапанавалася абмеркаваць, як скульптура можа зрабіць нашыя гарады лепшымі, і паспрабаваць ператварыць сумесныя мары ў рэальнасць. Даўно вядуцца размовы пра тое, што Мінск павінен стаць турыстычным цэнтрам. Удзельнікі «Праекта» ўпэўненыя: скульптурныя творы, якія маркіруюць нашую гісторыю, славутасці і каштоўнасці — ключ да гэтага.

«Праект» стаў інтэрактыўнай прасторай для абмену ідэямі. Аўтары раскрылі сакрэты скульптурнай кухні — расказалі і паказалі, як ствараецца сучасная скульптура. І разлічвалі на зваротную сувязь ды прадметны пра­дуктыўны дыялог. Мы атрымалі шматлікія каментары і пазітыўныя водгукі мінскай архітэктурнай су­польнасці, якія не павінны застацца толькі словамі.

Было б выдатна, калі б «Праект» ініцыяваў тутэйшыя працэсы з'яў­лен­ня сучаснай гарадской скульптуры. Бо чамусьці атрымліваецца, што нашая найноўшая скульптура запатрабаваная найперш па-за межамі Беларусі. У якасці пераканальнага доказу гэтаму дзіўнаму факту «Праект» прад’явіў выявы твораў, усталяваных айчыннымі майстрамі ў розных гарадах і краінах.

Падчас выставы адбылася сустрэча-прэзентацыя з беларускімі скульп­тарамі, сталымі ўдзельнікамі замежных пленэраў і сімпозіумаў. Віктар Копач, Аляксей Сарокін і Ігар Засімовіч распавялі пра інтэрнацыянальны сім­позіумны рух, дзе нашыя аўтары адыгрываюць далёка не апошнія ро­лі. Хочацца спадзя­вацца, што свабодныя фармальныя творы, па якіх суайчыннікаў ведаюць ва ўсім свеце, нарэшце з'явяцца і ў самой Беларусі.

Мы зрабілі бачнымі свае памкненні і надзеі — справа за іх рэалізацыяй.

І мы ўпэўненыя, што сярод наведнікаў выставы ці тых, хто зараз чытаюць гэтыя радкі, знойдуцца нашыя аднадумцы, здольныя падтрымаць будучую беларускую скульптуру.

«Сад ідэй» у Полацку: працяг будзе?

Гэтая структурная частка «Праекта» перасунулася ў Мінск пасля першага паказу ў Полацку. Бо культурная сталіца Беларусі чарговым разам запачаткавала новую тэндэнцыю, як і крыху больш за дзесяцігоддзе таму, калі ў Полацкай мастацкай галерэі адбылася прэм’ера выставы «Новае пакаленне ў беларускай скульптуры», што сабрала самыя цікавыя станковыя працы маладых аўтараў. Тыя ж сцены былога Езуіцкага калегіума, дзе зараз месціцца галерэя, зноў пабачылі навачасную скульптурную пластыку. Гэтым разам — прызначаную для гарадскога асяроддзя.

Дарэчы, і сярод аўтараў «Саду» большасць прымала ўдзел у тым самым «Новым пакаленні», якое — ізноў жа! — пасля пераезду з Полацка ў Мінск склала годную канкурэнцыю Усебеларускай выставе скульптуры Саюза мастакоў. Як паказаў час — небеспадстаўна. Бо ўсе тагачасныя ўдзельнікі скульптурнага «пакалення next» занялі вядучыя пазіцыі ў айчынным мастацтве. Напрыклад, Канстанцін Касцючэнка паспеў паў­дзельнічаць у Венецыянскім біе­нале і стварыць самы вялікі ў краіне бронзавы помнік — дзесяціметровую «Браму Памяці» для мемарыяльнага комплексу «Трасцянец»; Віктар Копач усталяваў больш за пяцьдзясят прац у шматлікіх краінах свету, наведаўшы адпаведную колькасць міжнародных сімпозіумаў; Канстанцін Мужаў стаў «жывым класікам» беларускага перформансу, а Павел Лявонаў зрабіў — і працягвае рабіць — не менш важнае: як выкладчык Гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка рыхтуе выдатныя творчыя кадры для нашага скульптурнага цэху. Ягоныя выпускнікі — сярод удзельнікаў «Саду ідэй».

Першапачатковая задума куратаркі праекта, па сумяшчальніцтве — дырэк­таркі полацкай галерэі Ларысы Лысенка, была значна шырэйшая за вы­ключна скульптуру. «Сад ідэй» — спро­ба ла­ка­лізаваць па­­тэнцыял творчай су­польнасці ў рамках аднаго з відаў мастацтва на пляцоўцы Полацкай мастацкай галерэі. Праект скіраваны на вырошчванне прагрэсіўных ідэй і іх уваходжанне ў сучасную культурную прастору. Таму — і «Сад», у якім кожны год плануецца песціць усходы новых дысцыплін. Магчыма, відэа-арту, ці медыя-арту, ці...

Усё гэта ў будучыні. А пакуль, у 2015-м, полацкі «Сад ідэй» цалкам прысвечаны эксперыментальнай скульп­­­туры, ён прадэманстраваў зрэз актуальнай творчай думкі. Да ўдзелу запрошаны аўтары з нерэалізаванымі праектамі, эскізамі праектаў, выка­на­нымі ў матэрыяле, а таксама не­традыцыйнымі ідэямі, якія былі б пададзеныя ў тэкставым, накідным або відэа фарматах.

«Сад ідэй» пераканаўча паказвае наяў­насць новых падыходаў у беларускай скульптуры, што непазбежна павінны змяніць застарэлыя наступствы пост­сацрэалізму — пакуль паноўныя.

Скульптуру вылучае ўзаемадзеянне з рэальнай прасторай. Прасторай, зразумела, архітэктурнай ці прыроднай — але таксама і сацыяльнай, бо без камунікацыі з чалавекам скульптура не мае сэнсу. Для сучаснай скульптуры неабходныя: адпаведнасць інтарэсам супольнасцяў, якім «належыць» месца, дзе яна ўстаноўлена, а не яе механічнае ўключэнне ў ландшафт; асэнсаванне, а не дэкарыраванне гэтага ландшафту; інтэрактыўнасць, а не адхіленае ад людзей мадзенне на высокім п'е­дэстале.

У полацкім «Садзе ідэй» і мінскім «Праекце» мы бачым скульптурныя творы, што ў бу­дучым трансфармуюць нашыя грамадскія прасторы. Гэтыя творы патрэбныя гораду і яго жыхарам не толькі як арнаментальна-забаўляльныя элементы ўрбаністычнай штодзённасці.