Архівы
22 аўтары і мастацкія калектывы з Беларусi, Польшчы, Чэхii, Швецыi, Латвii, Балгарыі i Аўcтрыi — размах уражвае. Класік польскай фатаграфіі Збігнеў Длубак, уладальнік «Sony World Photography Awards» Рэйніс Хофманіс (Латвія), рэтраспектыўная выстава галерэі візуальных мастацтваў «NOVA» «Цела, якое гаворыць» — праект злучыў розныя вопыты даследавання фізічнай абалонкі чалавека, занураючыся і ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя.
Цікава параўнаць архіўную калекцыю галерэі «NOVA» і фрагменты «Жэстыкуляцыі» Збігнева Длубака. Працуючы з серыйнасцю выявы, польскі фотакласік па сутнасці ператварае цела ў прастору, першааснову, абсалют, пазбаўляючы яго культурных кодаў. Яно нібыта вызваляецца ад свайго значэння, адкрываючыся для іншых трактовак.
Беларуская арт-фатаграфія тых жа 1990-х — іншы досвед, якому ўласціва хутчэй выкрыванне плоці як правадніка сацыяльных пераўтварэнняў. Вядома, агулам казаць пра каштоўную ню-калекцыю галерэі нельга, фатаграфіі ў экспазіцыі прадстаўлены розныя і розных гадоў. Тым не менш, нароўні з трактаваннем цела як «ідэальнай эратычнай паверхні», у экспазіцыі звяртаюць на сябе ўвагу работы, дзе аголеная абалонка ўжо не столькі аб’ект ці ландшафт; яе дэманстрацыя — прага выйсці з загону дазволеных тэм на тэрыторыю асабістай свабоды ці праўды. Часам падобнае фота з’яўляецца правакацыйным жэстам, а часам — аўтарскай неабходнасцю сказаць тое, пра што не прынята (было) гаварыць, увогуле пазначыць цела як форму экзістэнцыі. Дзіўная рэч, але ў многіх работах яно выступае метафарай пратэсту, выкліку, неабходным ды нават хваравітым працэсам самаідэнтыфікацыі.
Гэта яшчэ эпоха фатаграфіі, аналагавых рукатворных тэхнік, калі фотаадбітак вымяраўся дакладнасцю і выразнасцю надрукаванага ўвасаблення, таму многія працы калекцыі можна смела назваць класікай.
Арт-фатаграфія
Што ж прапаноўваюць сучасныя аўтары? У экспазіцыі прысутнічаюць праекты фатографаў, якім яшчэ цікава працаваць з фатаграфіяй у класічным разуменні, і тыя, якім ужо бліжэй яе канцэптуальны складнік.
Андрэй Карачун у сваёй серыі «Некаторыя практыкі асэнсавання цела» адносіцца да першай групы: яго хвалююць якасці святла, а цела як аб’ект — адзін са спосабаў вымярэння фатаграфічнага. Гэта менавіта практыкі фатаграфіі як святлапісу, не больш, не менш.
Працуе з кінестэтыкай фатаграфіі і Маша Святагор у праекце «Жывая і мёртвая вада». Спалучаючы абліччы жанчын і пейзажы, аўтарка спрабуе справакаваць пэўныя асацыяцыі: магчыма, паралель паміж жаночым і прыродным трывіяльная, але серыя прыкметная сваёй інтанацыяй, атмасферай, работай з візуальным. Ставіцца да падобных твораў можна па-рознаму, але нельга адмовіць аўтарам у чуласці да медыума і пошуку ўласнага стылю. Праца з чыстай візуальнасцю для беларускай фатаграфічнай прасторы даволі часта хварэе на «прыгожасць», але арт-фатаграфія — такая ж правамерная практыка, як і іншыя яе віды.
Сучасныя праекты
Да работ, якія прадстаўлялі акурат сучасны падыход да фатаграфіі, можна далучыць праекты Алены Пратасевіч, Сяргея Кажамякіна, Ігара Саўчанкі, Сяргея Ждановіча, Таццяны Лісоўскай, Ірыны Ануфрыевай.
Безумоўная ўдача Алены Пратасевіч — «Perfect body», дзе аўтарка выступае не фатографам, а калекцыянерам. На працягу некалькіх месяцаў Алена збірала архіў фота, што выстаўляліся на рэсурсе Ebay з хэштэгам «ідэальнае цела». Рэпрэзентатыўная выбарка гэтай калекцыі і была прадстаўлена ў экспазіцыі. Інсталяцыя ўяўляла з сябе мазаічную развеску здымкаў — адсылка да фрэймавасці інтэрнэт-прасторы, яе падмацоўваў невялічкі чамаданчык з архівам. Маракі, бодзібілдэры, пышнагрудыя актрысы, гнуткія дзяўчаты — уладальнікі ідэальных целаў аказаліся персанажамі даволі знаёмымі. Прычым той самы чамаданчык хоцькі-няхоцькі нагадвае пра багаж медыйных выяваў, якія мы «цягаем» з сабой. Выходзіць, трэнд апошніх часоў — цела здаровае, моцнае, скажам так, рэпрадуктыўнае, што абяцае доўгае жыццё і атрыманне ад яго, жыцця, задавальнення.
Рэцэпты дасягнення гэтага «інструмента» шчасця — побач, у рабоце Сяргея Кажамякіна «У пошуках ideal body». Дасціпны тэкст, які збірае тыя самыя загалоўкі-тэгі пра тузін спосабаў стаць самым прывабным, выкрывае хваравітую апантанасць сучаснага грамадства ў пагоні за дасканалым. Фатограф прапаноўвае адмовіцца ад бачнага і паспрабаваць іншы спосаб успрыняцця рэальнасці. Напрыклад, тактыльны — праз шрыфт Луі Брайля, створаны для людзей з абмежаванымі зрокавымі магчымасцямі. На мой погляд, гэтая трапная думка, увасобленая ў тэксце і адмысловым аб’екце з набранай шрыфтам Брайля фразай «ідэальнае цела», нават не мела патрэбы ў візуальным фатаграфічным шэрагу, правакуючы менавіта на той самы тактыльны вопыт: «прачытаць» пальцамі словазлучэнне — і ўявіць свой ідэал.
Мяркую, менавіта ў гэтую залу прасілася і работа Таццяны Лісоўскай «Як мы. Dolce i vita», дзе на фатаграфіях ужо цалкам пазбаўленыя праблем і фобій Барбі і Кен атрымоўваюць задавальненне ад салодкага жыцця. Цыкл завершаны. Вось яны — запаветныя карцінкі поспеху і шчасця, тыя, што так ахвотна транслююць карыстальнікі сацыяльных сетак, — толькі ў цацачнай версіі. Аднак надзіва нявінныя гульні ў лялькі Таццяны Лісоўскай выкрываюць усю штучнасць растыражаваных мараў. Хто тут Dolce, а хто — vita? Дзе — ты, а дзе — я?
Ад інсталяцыі да відэа
Насамрэч на выставе было шмат іранічных праектаў: Таццяна Радзівілка дэманструе матэрыяльнасць мёртвага цела, загортваючы яго ў тканіну са штампамі брэндаў (інсталяцыя «Без назвы»), Сяргей Ждановіч выяўляе анатомію рэчаў (фотапраект «Метаморфінг»). Ігар Саўчанка стварае фатаграфію пэўнага канцэпту — у сваёй новай рабоце «Дапушчэнне Кшыжаноўскага» ён прапаноўвае метафару аптычнага-фатаграфічнага метаду набліжэння да ідэальнага цела...
Ды нават вядомы праект 2008 года Юліі Канаплёў-Лейдзік «Ідэал», які ўдала ўраўнаважвае серыя Яўгена Атцецкага «Гісторыі», зроблены на сутыку іроніі і смутку.
У адноснай апазіцыі да гэтых работ — «Мадэль» Рэйніса Хофманіса. Латышскі аўтар, зрабіўшы серыю партрэтаў натуршчыкаў Латвійскай акадэміі мастацтваў у асяроддзі майстэрні, спрабуе паказаць вітальнасць акурат гэткіх неідэальных, але натуральных целаў непрафесійных мадэляў, якія пазіруюць мастакам. За спінамі ці побач з мадэлямі — фігуры антычных скульптур, але фон толькі падкрэслівае зыходную чароўную недасканаласць чалавека.
Адна з самых моцных работ выставы — відэа аўстрыйскай мастачкі Ганны Сіх «Mother_Phrenia», дзе сутыкаюцца выявы маршыруючых армій і жаночых грудзей, з якіх выціскаецца малако. Тое дзіўны кругазварот — інтымны вопыт, што гэтаксама спалучаецца з механічным, і машынерыя армій, якая з асобных людзей стварае вялікае цела. «Фрэнія» — суфікс, што адсылае да стану розуму; прачытаць пасланне можна па-рознаму, але ў кантэксце тэмы — гэта цела-зброя, агучаная яшчэ Стэнлі Кубрыкам «суцэльнаметалічная абалонка», у якую па нечым загадзе ператвараюцца чыесьці дзеці.
***
Што маем у выніку? Паволі асэнсоўваючы залы экспазіцыі, прыходзіш да высновы: зрух «Аnatomіі» здзейсніўся не на поўную. Нягледзячы на тэматычны кірунак ды разнастайнасць праектаў, якія ўдалося сабраць куратару, не пакідае адчуванне, што сэнсавыя вузлы выстаўкі пляліся спехам. Больш за тое — мне асабіста не хапіла яшчэ двух-трох моцных праектаў, якія зрабілі б сёлетнюю выставу больш збалансаванай і суцэльнай. Вядома, вытрымкай і воляй Дзіны Даніловіч можна толькі захапіцца, бо пытанне цэнзуры — а яно да гэтай пары актуальнае ў музейнай прасторы — не дае мастакам і куратарам працаваць напоўніцу (тая ж Дзіна ў сваёй рабоце «Блізкасць» была вымушана прапанаваць пурытанскаму гледачу фатаграфію лагоднага пейзажу на небяспечным адрэзку выявы мужчынскага цела; яе прыклад, мяркую, не адзіны). Тым не менш, пры ўсёй павазе, выстава атрымалася з аглядкай у мінулае. Цікава, што менавіта на гэтым праекце найбольш яскрава выкрываюцца і праблемы беларускага грамадства, арт-асяродку, аднак...
Howevere, як любяць казаць англічане, «Аnatomіa» мае істотную ды ў большасці выпадкаў адрозную ад іншых выставаў якасць: гэта праект, ад якога не ведаеш, чаго чакаць, і які, нягледзячы на ўсе «але», развіваецца ды інтрыгуе. Спадзяюся, яго эвалюцыя будзе адбывацца і надалей.
Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ