Выстава «Вымярэнні пустэчы» арганізаваная ў межах праекта «Арт-сац-лаб» мастацкай лабараторыяй «Радыус» пры «Еўрапейскім каледжы Liberal Arts у Беларусі» (ECLAB). Гэтая інстытуцыя адкрыла беларускай арт-суполцы новыя імёны ды праявіла шматгранныя бакі творчасці ўжо вядомых дзеячаў.
Вера Залуцкая, куратар «Вымярэнняў пустэчы», вызначае найбольш хвалюючую мэту праекта — зафіксаваць падсвядомае ці яўнае адчуванне недахопу, выбраны абсэнтэізм альбо неўсведамляльную спустошанасць. Тэма на паверхні, у розных праявах яна ўзнікае ў самых будзённых рэчах. Што прымушае прадукаваць артыкулы пра свет з паралельнай рэальнасці: «Якім быў бы горад, каб...», «Чаго не хапае сённяшняму Мінску?», «Што б вам хацелася бачыць у краіне?» і г.д. Сотні каментароў пад імі — сапраўдны генератар ідэй, не фантастычных альбо жартаўлівых, а рэальных, лёгка ажыццяўляльных, нават неабходных для свабоднага пачування годным удзельнікам жыцця ва ўсіх яго сферах.
Агучаная праблема навідавоку, але часам замоўчваецца, — нічога няма, а таму артыкуляваць бессэнсоўна. Мастакоў няма, бо яны не могуць зарабіць творчасцю, бо няма попыту, а попыту няма, бо ён не сфармаваны крытыкамі і адукацыяй, а крытыкаў няма, бо няма каго аналізаваць.
«Што ёсць, калі нічога няма?» — пытаецца куратарка. Рэфлексаваць над актуальнасцю праблемы ўзяліся Алена Гайдук, Алеся Жыткевіч, Аляксей Наумчык, Яўген Рамашоў, Антон Сарокiн, Вольга Сасноўская, Аляксей Талстоў, Сяргей Шабохін і Яўген Шадко.
Дадаткам да агучанага спіса мастакоў, а можа нават і ў якасці фундамента для гэтага маладога складу ўдзельнікаў, стаў фотаархіў прац беларускіх творцаў (пачынаючы з 1990-х), якія тэматычна або фармальна закранаюць праблему пустэчы. Архівацыя, фіксацыя карысныя для аналізу і ацэнкі вызначанага феномена.
Лакалізаваныя праявы пустэчы і пошук адказаў на пытанні пра тое, каму яна належыць, хто яе сфармаваў, чаму так адбылося і куды цяпер рухацца. І галоўнае — ці ёсць увогуле магчымасць быць жыццядзейным і скіраваным у сітуацыі вакууму? Ці не падобна гэта да боўтання ў бяздонным космасе, дзе без пэўных умоў не маеш шансаў ацалець ды застацца духоўна актыўным і жывым?
Здавалася б, канстатацыя адсутнасці жыццёва неабходных з’яў і рэчаў можна спарадзіць самашкадаванне. Але дазволім творчаму патэнцыялу маладога фронту ўзяць на сябе адказнасць за прамоўленае. Аляксей Навумчык выдатна праілюстраваў сітуацыю закрытасці: ідэальныя краткі шматпавярховікаў хаваюць «беспарадкі», што ствараюцца жаданнем перажываць кожны дзень з гарачым сэрцам і прагай поўнай свабоды. Свежую энергію складана класіфікаваць паводле рамак сістэмы і правілаў. Ці сапраўды ў СССР не было сэксу, а ў сучаснай Беларусі няма андэграўнднай і нефармальнай праслойкі? Аляксей Талстоў выказаўся пра марнасць запаўнення гарадской прасторы коўдрамі кветак, якія так беражліва і старанна высаджваюцца штосезонна людзьмі ў спецадзенні. Спробу ўпрыгожыць горад, дадаўшы яму дэкаратыўнай жыццёвасці, мастак прыпісаў да марнасці і бессэнсоўнасці і тым самым запытаўся: ці адчуваеце вы асалоду ад каляровых шэрагаў аксамітак і петуній, за якімі хаваецца няздольнасць прыняць горад у розных яго іпастасях — графіці-малюнках, стрыт-артавых праектах і вулічных выступленнях? Яўген Шадко праявіў немагчымасць выказвання творцы пры нястачы выставачных пляцовак для маладога мастацтва. Не хапае, бракуе. Няма? Алеся Жыткевіч паставіла гледачоў перад папераджальнымі шыльдачкамі пра немагчымасці ды забароны, што выконваюць ролю засцерагальных ад небяспекі, але і складаюць цэлы спектр відавочных межаў, пакідаючы па-за шыльдай незапоўненую, пустую прастору. Нікому не патрэбную?
На пабытовым узроўні стан спусташэння вымушае бегчы ад рэальнасці, сістэмы, ад штодзённых пытанняў і нязручнасцей у зону камфорту, перажывання ўласных комплексаў без патрэбы дзейнічаць, у адмаўленне, у паралельную рэальнасць сваіх заняткаў, якія ніяк не звязаныя з вонкавым светам. Абыякавасць — як адзін з прыкладаў адмаўлення — паказальнік стомленасці ў барацьбе ці нежаданні паказваць свой страх. У вядомым рамане «Чапаеў і пустата» Віктара Пялевіна чытаем: «Страх заўсёды прыцягвае менавіта тое, чаго ты баішся. А калі ты нічога не баішся, ты становішся нябачны. Лепшая маскіроўка — гэта абыякавасць. Калі ты па-сапраўднаму абыякавы, ніхто з тых, хто можа прычыніць табе зло, пра цябе проста не ўспомніць і не падумае». Эмацыйная пустата, незацікаўленасць, абыякавасць становяцца абарончай сістэмай для любога праяўлення патрэбы камунікацыі, якую чалавек не ў стане ажыццявіць.
Пустата — шырокае фізічнае або філасофскае паняцце, што азначае адсутнасць зместу, запаўнення чаго-небудзь, таксама — няяснасць або адсутнасць разумення. У будызме пустата — шуньята, асноўны панятак, мэта; у касмалогіі — вобласць Сусвету, не запоўненая галактыкамі; у фізіцы — антыпод матэрыі; у матэматыцы — пустое мноства; у інфарматыцы — нулявы паказальнік або прабел. Пустата сапраўды здаецца месцам, у якім нічога няма. Прычына — перакананне, што ўсё існае ёсць цела, а там, дзе яно адсутнічае, — пустэча. Мы пакутуем з пустаты, бо ўяўляем хараство, якое магло б запоўніць прастору, вызначаем межы незапоўненасці і засяляем яе адно марамі і ідэямі. Моладзь у выставачнай зале галерэі «Ў» не паспела адказаць, што ўсё ж такі ёсць, але дакладна праартыкулявала факт знішчэння, указала на пустыя месцы (відаць, зарэзерваваныя для нечага больш важнага), выцягнула з нас станоўчае «Так, няма». Аднак ці пакінула надзею на тое, што пералік таго, што ў нас ёсць, будзе не менш уплывовы і пераканаўчы?
«Сапраўднае мастацтва тым і адрозніваецца ад падробак, што ўмее знайсці шлях да самага загрубелага сэрца і здольнае на секунду падняць у нябёсы, у свет поўнай і нічым не сціснутай свабоды самую безнадзейную з ахвяраў сусветнага інфернальнага трансу». Цытатай з таго ж, ужо амаль класічнага, рамана Пялевіна можна пафасна, але жыццёва падагульніць невялічкі выставачны бум, ініцыяваны праектам «Арт-сац-лаб». Магчыма, «Вымярэнне пустэчы» стала вырашальным крокам для скоку з вакууму ўспрыняцця, стэрыльнасці следаўтварэння і марнасці намаганняў ды сфармавала даволі неблагі выставачны сезон.