Багдан Ступка: творчыя іпастасі

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Гэты акцёр мае шмат прэстыжных званняў і ўзнагарод. Згадаю самыя галоўныя -- народны артыст Украіны, лаўрэат Нацыянальнай прэміі імя Т.Шаўчэнкі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Украіны. А яшчэ -- мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя І.Франко, папулярны артыст кіно. Ды толькі, калі адкінуць усе гэтыя гучныя тытулы і пасады, ягонае імя скажа само за сябе -- Багдан Ступка. Багдан Сільвестравіч любіць паўтараць, што тэатр для яго -- родны дом, таму акурат з гэтай сентэнцыі і пачалася наша гутарка.

/i/content/pi/mast/6/156/Stupka1.jpg 
Багдан Сільвестравіч, чаму вам уяўляецца тэатр родным домам?
-- Тут я праводжу нашмат больш часу, чым дома, нават лічыльнік ставіць не трэба. Тут -- мае партнёры, сябры, ворагі... Ёсць магчымасць прамаўляць словы, якія не гучаць дома, у кватэры. Гэта шэкспіраўскія словы, чэхаўскія, Івана Франко, Лесі Украінкі. Дома мяне часам могуць не зразумець, а ў тэатры зразумеюць абавязкова. Калі я быў звычайным акцёрам, зрэдчас нават уцякаў з дому, каб гадзінку-другую пасядзець у грымёрцы. А цяпер, калі ёсць уласны кабінет, магу тут і ролі вучыць, і новую п’есу прачытаць, са свежай прэсай азнаёміцца... Дома ўсё гэта рабіць не выпадае: то ўнук, то ўнучка, праблемы хатнія… Прыходжу ў тэатр -- усё тут, нават абедаць дамоў не хаджу.
Як вам здаецца, ва ўсіх акцёраў скамарохавая сутнасць?
-- І не толькі ў акцёраў. Памятаеце знакамітую фразу Шэкспіра: «Увесь свет тэатр, а людзі ў ім -- акцёры»? Праўда, мне яшчэ падабаецца мудры працяг гэтай фразы, што належыць Рыгору Скаварадзе: «…і кожны выконвае тую ролю, на якую яго прызначылі».
Пра што вы марылі ў дзяцінстве і калі з’явіліся думкі пра тэатр?
-- Я марыў быць урачом, прачытаў раман А.Кроніна «Цытадэль» і натхніўся гэтым. Ды потым, калі пасля аварыі ўбачыў у брата крывавую рану на плячы -- зрабілася млосна, і я зразумеў, што ўрачом быць не змагу.
Ваш родны горад -- Львоў, але ж вы столькі гадоў жывяце ў Кіеве... Перасталі адчуваць сябе львавянінам?
-- Так, мабыць.
А нейкія менавіта львоўскія ўласцівасці ў характары засталіся?
-- Яны ў асноўным праяўляюцца на сцэне. Прыкметы тых месцаў, львоўскія рысы прысутнічаюць у вобразе Фрэйда ў спектаклі «Істэрыя». Гэта парасон, з якім я ніколі не расстаюся, таму што ў Львове заўсёды падаюць дажджы...
Дарэчы, скарыстаны характэрны львоўскі выраз -- дождж падае.
-- Так, любіў з паднятым каўняром пад парасонам у дождж шпацыраваць па горадзе... Памятаю старых львоўскіх інтэлігентаў, якія віталі адзін аднаго, прыўзнімаючы капелюшы -- «Мое поваження! Як здоров’я? Вітаю вашу родіну! Цілую ручкі! Прошу, перепрошую, евентуально, автентічно...» Вядома, усё гэта з мінулых часоў, новае пакаленне размаўляе па-іншаму. Хоць ува мне ад маці, ад бацькі многае засталося. Памятаю знакаміты Львоўскі оперны. Менавіта там -- першыя спробы відачынства, калі мне было 14 гадоў. Прыязджалі на гастролі тэатры, я прымаў удзел у іх спектаклях і бачыў на сцэне лепшых маскоўскіх артыстаў. У «Днях Турбіных» ігралі Лілія Грыцэнка, малады, але ўжо лысы Яўген Ляонаў, малады Яўген Урбанскі хадзіў у масоўцы. Памятаю Фаіну Ранеўскую ў спектаклі «Дрэвы паміраюць стоячы», цудоўную ігру Георгія Віцына. Бачыў Алу Тарасаву, Ангеліну Сцяпанаву, Анатоля Папанава, Яўгена Весніка. Мой бацька спяваў у хоры опернага тэатра, таму я меў магчымасць трапіць у тэатр і ўсё блізка бачыць. Гэта была мая лепшая школа, тое, што пакінула след, адбілася ў падсвядомасці і пэўным чынам мяне адукавала. Я слухаў Лемешава, Казлоўскага, Лісіцыяна. Лемешаў гладзіў мяне па галаве. Памятаю, ён страшна пакрыўдзіўся, калі памочнік рэжысёра сказаў: «Таварыш Ленскі -- на сцэну!» Абураўся: маўляў, або спадар Ленскі, або -- таварыш Лемешаў… А кіеўскія тэатры! Я ж бачыў Амвросія Бучму ва «Украдзеным шчасці», Мар’яна Крушэльніцкага ў «Каралі Ліры», усіх нашых карыфеяў-франкоўцаў.
 /i/content/pi/mast/6/156/Stupka2.jpg

 "Тэўе-Тэвель" паводле Шолам-Алейхема. У ролі Тэўе.


Што-небудзь з юнацкіх уражанняў перанеслі ў свайго Мыколу з «Украдзенага шчасця»?
-- Пазней, калі вучыўся ў дзесятым класе, паглядзеў яшчэ і аднайменны фільм-спектакль у кінатэатры «Зірка», уражанне было надзвычайнае. Мне так гэты вуйко спадабаўся, ён быў такім сапраўдным, размаўляў на такім своеасаблівым дыялекце, што я зачыняўся ў сваім пакоі і пераймаў ягоны голас, манеру. Канешне, тады не ўяўляў, што змагу сам сыграць гэтую ролю. Але ж у памяці захаваліся мелодыка ягонай гаворкі, адносіны да Ганны, ягоная сіла і слабасць.
Вы столькі гадоў іграеце ў гэтым спектаклі, ды й іншыя вашы вобразы існуюць дзесяцігоддзі. Не надакучвае? Здаецца, ужо столькі сыграна-перайграна…
-- Нават калі ўсё вядома, знаходзіш штосьці новае, разам са сваімі вобразамі становішся старэйшым, змяняешся, таму з’яўляюцца іншыя фарбы, іншыя матывы і псіхалогія. Добрая драматургія мае бязмежныя нюансы, і гэта баль творчасці для акцёра!
Што такое натхненне? Вы здатны растлумачыць ягоную прыроду? Натхненне даводзіцца чакаць, выклікаць або яно само прыходзіць у адпаведны момант?
-- Натхненне -- рэч падсвядомая, яго можна схапіць або не схапіць. Вось канкрэтны прыклад. Лета. Закрыццё сезона. Я быў запрошаны на Маскоўскі кінафестываль, але не змог паехаць. Сяджу, грыміруюся на Тэўе... Раптам званок з Масквы, і мне па мабільніку з фестывальнай залы расказваюць, што там адбываецца: «Багдан Сільвестравіч, аб’явілі, што вы атрымалі прыз за лепшую мужчынскую ролю, фільм «Свае». Месхіеў выйшаў на сцэну, побач стаіць Алан Паркер. Мэрыл Стрып уручае прыз. Паркер сказаў, што за апошнія сем гадоў гэта лепшае кіно, якое ён бачыў». Я слухаю і думаю: «Ну чаму я не там?..» Але ж як я пасля гэтага сыграў спектакль! Мабыць, ён быў лепшым за ўвесь час яго існавання. Вось гэта было натхненне! Адкуль яно ўзнікла? Відаць, з радасці, што майстры так ацанілі маю работу.
У вас шмат прэстыжных узнагарод. А верагоднасць атрымаць «Оскара» адчувалі?
-- Адчуваў. Цяпер думаю, што наўрад ці гэта рэальна. А можа, няхай застанецца марай? Хоць, канешне, добра было б атрымаць «Оскара».
А што далей?
-- Наступны «Оскар», і яшчэ, і яшчэ...
Што вам неабходна, каб увайсці ў патрэбны стан перад выхадам на сцэну?
-- Калі іграю драматычныя ролі: Мыколу з «Украдзенага шчасця», Тэўе, цара Эдыпа, караля Ліра, Зігмунда Фрэйда з «Істэрыі», -- вельмі сябе шкадую. Калі моцна сябе пашкадую як чалавека, атрымліваецца цудоўны вынік. Сяджу і думаю: «Ой, які я няшчасны, якая фізічная нагрузка! Лепей адпачываў бы дома або падарожнічаў па свеце, але ж вымушаны зарабляць кавалак хлеба гэтай прафесіяй, матляюся па здымках, у цягніках сплю, стаміўся, як сабака, сяджу во ў грымёрцы...» Вось так сябе пашкадуеш -- і штосьці на сцэне атрымаецца.
У сувязі з тым, што змянілі свой статус і сталі мастацкім кіраўніком тэатра, ці даводзіцца мяняць узаемаадносіны з калегамі? Трымаеце дыстанцыю або існуе ўласцівы творчаму калектыву дэмакратызм?
-- Нейкая дыстанцыя неабходна, ды толькі як яе спецыяльна прыдумаць? Калі б я прыйшоў аднекуль збоку і калектыў мяне не ведаў, можна было б паставіць сябе ў пэўную пазіцыю. А так проста смешна. Памятаю, стаў міністрам культуры, прыйшоў на спектакль, загрыміраваўся, акцёры ходзяць вакол кругамі. Я пытаюся: «Што здарылася?» «Сільвестаравіч, не ведаем, як цяпер да цябе падыходзіць...» Гэта хутчэй яны пачалі змяняцца, хоць урэшце ўсё стала на свае месцы. У гэтым статусе трэба знайсці разумны баланс: добранькім быць -- адразу сядуць на галаву, цэрберам станавіцца -- які сэнс? Мы ж адна сям’я. Стараюся быць гранічна аб’ектыўным.
Так бы мовіць, у поўнай меры адчуваеце, якая цяжкая «шапка Манамаха»?
-- Так... Тэатр -- гэта круцей за міністэрства культуры, там на міністра працуе цэлы штат, а ў тэатры мне даводзіцца вырашаць самыя дробныя пытанні. Кожнага акцёра трэба выслухаць, з рэжысёра праблемы зняць... Добра, што яшчэ сам спектаклі не стаўлю.
 /i/content/pi/mast/6/156/Stupka3.jpg
 "Цар Эдып" Сафокла. У ролі Эдыпа.
Якія творчыя мэты ставіце перад Ступкам -- мастацкім кіраўніком?
-- Тут на сцэне павінен ісці лепшы сусветны рэпертуар. Хачу зрабіць еўрапейскі ўкраінскі тэатр.
Як адносіцеся да вызначэння «артыст адмоўнага абаяння» -- не крыўдна?
-- Наадварот, гэта дазваляла мне пазбегнуць многіх нецікавых роляў. Асабліва ў савецкі перыяд, калі існавалі п’есы-аднадзёнкі са станоўчымі перадавікамі вытворчасці. Адмоўныя вобразы -- насычаныя, там ёсць што іграць. І столькі ў мяне было цікавых ліхадзеяў: Рычард ІІІ, Эдмунд у «Каралі Ліры». Усе паўтаралі -- адмоўнае, адмоўнае абаянне. А калі Данчанка ўзяў мяне на ролю Мыколы з «Украдзенага шчасця», раптам загаварылі пра станоўчае абаянне. Таму не ўсё так проста з гэтым абаяннем.
Адмоўнае -- станоўчае, усё змяняецца... Затое проста абаяння ў вас не адабраць.
-- Ну, так, штосьці ёсць...
Гумар -- жыць і любіць дапамагае?
-- Мне заўсёды казалі: ты такі вясёлы, кантактны, як тваёй жонцы пашанцавала, ты ж яе пастаянна забаўляеш… Гумар гумарам, але калі дадому прыходжу, я ўжо завершаны «ісык-куль», выпатрашаны цалкам. Атрымліваецца, фантан гумару -- гэта ў асноўным не дома. Хоць часам і жонку магу рассмяшыць. Быць заўсёды ў добрым настроі -- неабходна і кіраўніку, і акцёру. Акцёры -- людзі датклівыя, а я нікога не хачу пакрыўдзіць і не дазваляю сабе прыходзіць у калектыў у кепскім настроі.Калі настрой кепскі, я яго хаваю і... усміхаюся.
Сябе жартаўліва называеце Багдан Сільвестравіч Сталоне?
-- Сільвестр Сталонавіч.
Як мастацкі кіраўнік тэатра, калега, бацька -- вы задаволены працай акцёра Астапа Ступкі?
-- За апошнія два гады ён вельмі вырас як акцёр, зрабіў цікавыя ролі Хлестакова ў «Рэвізоры», Смердзякова ў «Братах Карамазавых», Сальвадора Далі ў «Істэрыі». У мяне да яго ўжо няма ніякіх прэтэнзій. На сцэне назіраю, як ён працуе, і часам зайздрасць бярэ. Бывае, заслухаюся -- нават рэпліку забуду падаць, а ён падыходзіць і падказвае мне. Такі мой стан -- самая лепшая пахвала для Астапа.
Што яшчэ хацелася б вам сыграць?
-- Ролю без слоў. Ужо столькі сказана, што стаміўся ад слоў, хочацца, каб без іх было ўсё зразумела.
На вашку думку, што самае важнае ў жыцці?
-- Самае важнае -- розум, адукаванасць і талент. Гэта фраза з п’есы Карпенкі-Карага «Мітусня». Я цалкам з ім згодны.
Вам ваша папулярнасць падабаецца?
-- Акцёр для таго і працуе, каб мець папулярнасць, каб яго пазнавалі, любілі. Я да гэтага імкнуўся. Памятаю, калі вучыўся ў студыі, мне наш акцёр Уладзімір Аркушэнка сказаў: «Паглядзі фільм “Шлях у вышэйшы свет”, там акцёр вельмі да цябе падобны». І сапраўды. Я на гэты фільм хадзіў па тры разы запар, выходзіў з залы першым і стаяў у фае, спадзеючыся, што гледачы заўважаць гэтае падабенства, а яны ішлі міма, ніхто на мяне ўвагі не звяртаў. Падлетак быў, зразумела. Але ўжо тады адчуваў нястрымнае жаданне славы, вядомасці. І потым на сцэне і ў кіно дамагаўся, каб слава да мяне прыйшла.
Ну, а цяпер задавальненне ёсць?
-- А гэтае пачуццё ніколі не бывае абсалютным.

Гутарыла Ала ПАДЛУЖНАЯ