Белкіналета

№ 8 (389) 01.08.2015 - 31.08.2015 г

Вечары маладога беларускага кіно ў Мінску
Мне здаецца, пры размове аб беларускім кі­не­матографе варта кіравацца прынцыпам прэзумп­­цыі існавання.

Пласты хоўм-відэа і дакумен­тацыі, спробаў і пробаў, кліпаў і студэнцкіх прац назапашваюцца, але рэдка трапляюць у поле наяў­насці, поле зроку гледача і крытыка. Гэтае поле трэба абагуліць, апрацаваць — і толькі тады атрымаеш плады, на­літыя часам. Мастацтва кіно нараджаецца як згушчэнне таго, што ёсць, у тое, што мае быць, у тое, што мы заўважылі, калі яго больш няма. Менавіта з прафетычна-фанатычных уяўленняў пра тое, як адбываецца ператварэнне кантэнту ў канон паўстала ідэя паказаў #Белкіналета. Праект міжнароднага фестывалю кароткага метра «Cinema Perpetuum Mobile» — частка вялікай махіны па ўтапічна бесперапыннай і бясконцай выпрацоўцы матэрыі кінематографа.

Што такое #Белкіналета? Гэта фармат, што дазваляе гледачу-і-крытыку правесці вечар пад зорным небам, сярод гісторый, сысці па каву, вярнуцца ў чарговы паралельны сусвет і непасрэдна задаць пытанне яго (вы)творцу. Гэта нечакана-жаданая сустрэча тых, хто робіць кіно і хто яго глядзіць, сапраўдны цяперашні час. #Белкіналета, якой хапіла на шэсць цёплых і не вельмі летніх пятніц, прэтэндуе на тое, каб не пераймацца, ці існуе беларускае кіно. Тры праграмы айчынных стужак, што былі паказаны ў межах фестывалю «Cinema Perpetuum Mobile» ў 2014 і 2015 гадах, і тры персанальныя рэтраспектывы маладых рэжысёраў сталі шасцю кропкамі збору кінематаграфічнай супольнасці ў працоўны механізм. З нявызначынасці і нетрываласці відэаматэрыялу паўстала паслядоўнасць і ўзаемадапаўняльнасць. Хранаметраж, фармат, месца вы­раб­ніцтва і рэжысёрскія погляды пераліваліся ўсімі шур­патымі бакамі беларускага погляду на свет — у праграмах бок у бок прысутнічалі і эксперыментальныя, і дакументальныя, і ігравыя стужкі, і анімацыя.

На жаль, фарматы былі прадстаўлены не прапарцыянальна, і ў #Белкіналета трапіла толькі адна эксперыментальная кароткаметражка. Гэты від амаль незапатрабаваны кінатворцамі, нягледзячы на тое, што ў яго даволі сціплыя тэхнічныя патрабаванні. «Рэканструкцыя бяссонніцы» Нэлы Васілеўскай здолела паказаць: руральная містыка туману і кола сумяшчальная з урбаністычнымі матывамі. Але і ў гэтым выпадку эксперыментальны фармат — не асноўны напрамак дзейнасці аўтаркі.

Анімацыя мае моцную школу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. «Савёнак» Вольгі Вахонінай —інтэрпрэтацыя «Пераўтварэння» Кафкі для дзяцей, «Выканаўца» Данііла Жугжды — філасофскі роздум пра адказнасць і абавязак людзей. Абедзве стужкі даводзяць, што школа будзе квітнець і надалей. Але падмуркам разнастайнасці становяцца аніматары, узніклыя з самаадукацыі, — Аляксандр Танана (адзін з прыкладаў — ягоная візуальная эксперыментальная музычнасць у замалёўцы «Мантропа») і Максім Лушчык («ОБНЦБНЧА» — настальгічная энцыклапедыя савецкага дзяцінства, якое прайшло ў адным з раёнаў Мінска). Таксама цікава, што трапляюцца праекты з больш шырокай, не ўласна кінематаграфічнай ініцыятывай. «Мульт пра вяселле» і «А што ў лузе?» Аляксандры Падкапаевай і Марысі Тульжанковай — ілюстрацыя да этнаграфічных даследаванняў народных спеваў Палесся. Псіхадэлічная кіберпанк-гісторыя «Аклепкі» Веры Дземянчук, якая навучалася, жыве і працуе ў Польшчы, з'яўляецца экзэмплярам яшчэ нераспаўсюджанай у Беларусі дызайн-анімацыі.

Дакументалістыка ў нас заўсёды знаходзілася на высокім узроўні, але, магчыма, гэта не заслуга кінематаграфічнага асяродку — паміж беларускімі дакументалістамі няма пе­раемнасці. Айчынны дакументаліст вызначаецца звычкай засяроджанага сузірання скорамінучай плыні падзей, ён хутчэй робіць мастацтва, чым займаецца публіцыстыкай. Таксама тэндэнцыяй беларускага дакументу застаецца цэнтральная роля галоўнага персанажа. Часам яго гераічнасць будуецца на культурнай дзейнасці — расповед пра мастака-музыканта «Такінданг: спынюся ў сярэдзіне» Ігара Чышчэні, візіт да скульптара-эмігранта Ігара Кашкурэвіча ў Берлін («Арт-рэпатрыяцыя» Ягора Сурскага) і вандроўкі шараговай музычнай групы з Барысава па абласных рэстаранах і сталічных рэпетыцыйных кропках («Шлях да сонца» Яўгена Лыткіна і Максіма Малахава). Рэжысёры не забываюцца адлюстроўваць і жыццё звычаных-незвычайных людзей — клаўнэсы («Пра каханне: Іра», Любоў Зямцова), інтэрнацыянальнага бамжа, што не шукае прытулку («Бадзяжка Юрык», Дар'я Андрыянава), хлопчыка з асаблівасцямі развіцця, які пайшоў у школу ў клас з інтэграваным навучаннем («І шчасце», Максім Швед). Можа, не заўсёды хапае пярчынкі сацыяльнай актуальнасці на фоне вялікага палатна часу і за эстэтычнымі рашэннямі ды асобамі. Чакаем новых творцаў і новую плынь дакументалістыкі на наступным фестывалі.

Кароткі метр абраны «Cinema Perpetuum Mobile» для папулярызацыі, таму што дае магчымасць адраджэння ігравога кіно — невялікі бюджэт, дакументальная выразнасць і зварот да беларускай тэматыкі могуць выратаваць ад браку фінансавання, тэхнічных недахопаў карцінкі і непрафесійнасці акцёраў. «Вартаўнік» Віктара Красоўскага — вяртанне да гісторыі 1990-х, вельмі абяцальная эпоха для кінематаграфічных фантазій, «Невядомы мужчына» Дзмітрыя Дзядка — напаўдакументальны фільм пра мастака А.Р.Ч., які працуе ў моргу і сустракае Новы год за працоўнымі абавязкамі, «Шчаслівыя дні» Марыі Манаковай і Дзмітрыя Ляўкоўскага — гісторыя кахання з хэпі-эндам, «Шлюб» Іллі Бажко — аўтабіяграфічны нарыс пра вясельнага аператара, «Дзень нараджэння ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага — самы трагічны, па-старажытнагрэчаску трагічны фільм пра аднаго звычайнага мінскага падлетка. Гэтыя стужкі заслугоўваюць таго, каб заняць месца першага фільма ў далейшай паспяховай творчасці рэжысёраў, кароткі метр абяцае ва ўсіх выпадках стаць прыступкай да поўнага.

У арганізатараў #Белкіналета атрымалася паказаць рэтраспектывы рэжысёраў, якіх можна называць маладымі (што ўказвае толькі на ўзрост, але не тычыцца іх дасведчанасці). Ігар Чышчэня, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Сяргей Каласоўскі, навучэнец Варшаўскай кінашколы, і Мікіта Лаўрэцкі, аматар у самым лепшым сэнсе гэтага слова. Лета з беларускім кіно дае надзею на тое, што ў наступным годзе сустрэчы будуць адбывацца не праз два, а кожны тыдзень — і гледачы атрымаюць доступ да яшчэ больш разнастайных праграм і рэтраспектыў.

Ліна МЯДЗВЕДЗЕВА