Пра новую версію оперы гутараць Наталля Ганул і Алена Лісава.
Наталля Ганул: З часу прэм’еры «Кармэн» Бізэ мінула 140 гадоў. І гэты юбілей справакаваў серыю новых пастановак оперы па ўсім свеце — Сідней, Алматы, Баку, Казань. Цяпер у ліку фаварытак сусветнай оперы — Эліна Гаранча, якая стварыла інтымна-пачуццёвы, манкі вобраз Кармэн у «Метраполітэн-оперы» (пастаноўка Рычарда Эйра).
Алена Лісава: Што мне спадабалася ў новай мінскай версіі «Кармэн»? Спектакль зроблены ў класічнай манеры. Часам па сваіх мізансцэнах ён нават супадае з папярэдняй рэжысурай Ізворска-Елізар’евай. Бо мэта не ў тым, каб эпаціраваць, а ў тым, каб атрымаўся моцны цэнтральны вобраз. Шкада толькі сцэну ўцёкаў Кармэн: у Ізворскай эпізод выглядаў больш пераканаўчым, гэтаму спрыяла мноства «памагатых», сыпаліся апельсіны і верылася, што гэта сапраўды народная любіміца, гераіня простага люду.
Наталля Ганул: Так, восьмае ўвасабленне вечнага сюжэту на сцэне беларускага Вялікага тэатра было вырашана досыць традыцыйна. У спектаклі прыкметна актывізаваліся элементы вялікага пастановачнага стылю — Іспанія, карыда, фламенка — тры ключавыя сімвалы ўсяго дзейства. Артысты хору прайшлі складаны шлях асваення раскаваных імпульсіўных іспанскіх рытмаў (нумары фламенка), было відаць, што, танцуючы, яны самі атрымліваюць велізарнае задавальненне. Вельмі складаная харавая лінія гэтай оперы пабудаваная ўвогуле выразна і якасна. А вось нумар «Хор хлопчыкаў» выконваўся ў яме, ён агучваў гульню дзяцей у ваенны каравул на сцэне. Бо не хапае адпаведных па ўзросце і вонкавым выглядзе юных артыстаў.
Алена Лісава: Давайце закранем аркестравы складнік спектакля...
Наталля Ганул: Аркестр пад кіраўніцтвам Андрэя Галанава гучаў па-іспанску тэмпераментна, эфектна. Меліся лакальныя разыходжанні салістаў і музыкантаў, прарываліся валторнавыя «кіксы», але ў цэлым атрымаўся вельмі добры гукавы баланс.
Алена Лісава: Пагаджуся, аркестр выдатна працаваў, дырыжор літаральна лавіў кожную інтанацыю. Накцюрн перад 3-й дзеяй гучаў больш імкліва, чым звычайна, і мелодыя рухалася па паверхні, а не разгортвалася.
Наталля Ганул: Мне здаецца, што прапанаваная пастаноўшчыкамі версія оперы з раскрыццём некаторых купюр, звязаных з размоўнымі дыялогамі (а менавіта так напісаў Бізэ), аказалася досыць складанай для выканаўцаў, вымушаных хутка пераходзіць са спеваў на гаворку. Пры ўсёй велізарнай працы, якую салісты зрабілі з коўчарамі, сумнеўнай застаецца якасць «аголенай», без музыкі, французскай мовы. Як варыянт — спектакль мог быць двухмоўным.
Алена Лісава: А што вы скажаце пра сцэнаграфію?
Наталля Ганул: У візуальным вырашэнні пераканаўчая першая карціна, якая адкрывае глыбінную сімвалічную перспектыву — вузкая іспанская вулачка вядзе да храма. Крыху статычная па мізансцэнах і ўнутраным тэмпарытме трэцяя карціна.
Алена Лісава: Мала выкарыстоўваецца другі паверх у дэкарацыі...
Наталля Ганул: Пагаджуся. Праставата-эклектычным у агульнай стылістыцы бачыцца рашэнне плошчы перад цыркам у чацвёртай карціне — папяровыя гірлянды, шары, плакат з Тарэадорам.
Алена Лісава: Значнае месца ў новым спектаклі займаюць танцавальныя эпізоды. Сцэна ў таверне дынамічная, аднак складаецца ўражанне, што там у танцах — нейкі «правал». Здаецца, у фламенка ёсць пэўная недарэчнасць — яно павінна было прайсці скразной тэмай яшчэ па некалькіх эпізодах (для яго ж не трэба музыкі). Танцавальная сцэна з музыкай атрымалася нейкая сумбурная, не было бачна ліній, салістаў. Мабыць, так і было задумана, бо танцуюць простыя людзі.
Наталля Ганул: Мне здаецца, празмерны бляск і багацце танцаў на сцэне адцягвалі ўвагу ад глыбіні драмы, якая разгортвалася перад намі. Вонкава атрымалася яркая, прыгожая, але надта стэрыльная візуальная карцінка. Празмерна ахайныя работніцы тытунёвай фабрыкі, выгладжаныя салдаты з надраенымі чаравікамі, кантрабандысты, што нагадваюць «партызанаў на прывале», чаканыя чырвоныя сукенкі ў бобачку. Але «Кармэн» застаецца перш за ўсё інтымна-псіхалагічнай драмай...
Алена Лісава: Сапраўды, вырашэнне вобраза галоўнай гераіні — ці не галоўная творчая задача. На прэс-канферэнцыі Галіна Галкоўская распавяла, што вобразу Кармэн яна імкнулася дадаць рысы годнасці. Прычым падалося: Галкоўская мела намер гераіню апраўдаць — яна ацэньвала гэты вобраз як не надта прывабны з пункту гледжання маралі. Інакш кажучы, звычайна рэжысёры акцэнтуюць «беспароднасць» цыганкі, а Галіна Галкоўская — яе высакароднасць. Мы не бачым сваркі на фабрыцы, а тое, што вынесена на сцэну, пераконвае — сяброўка нападае на Кармэн, якая сабе такога не дазволіць.
Наталля Ганул: Кармэн — жанчына, што прыцягвае, адштурхоўвае і перамагае мужчын уласнай энергетыкай. У гэтым ключы не дастаткова выпукла прачыталася заяўленая рэжысёрам ідэя — гісторыя смерці Кармэн. Скразная музычная тэма фатальнага прадвызначэння гучыць ужо ва ўверцюры, аднак не візуалізуецца на сцэне.
Алена Лісава: У вонкавай інтэрпрэтацыі вобраза Кармэн Аксанай Якушэвіч годнасць, пра якую я згадвала, чытаецца. Вельмі прыгожая, высокая, яна заўжды бачная, нават у гушчыні хору ў сцэне ля фабрыкі. Калі раней Кармэн часта трактавалі як «дзікую котку», пазбаўленую ўсялякіх манер, дык Якушэвіч (з падказкі рэжысёркі) падавала сябе амаль арыстакратычна. Рухалася павольна, грацыёзна, як жанчына не з простага саслоўя. Яна не прагне мужчынскай увагі — але дзе яна ні прысядзе, яны самі літаральна ліпнуць да яе. Цудоўная дэталь — Кармэн падыходзіць да фантанчыка і хоча астудзіць твар, робіць тое настолькі вытанчана, што ў гэтым і выяўляецца эратызм (а не ў тым, каб спадніцу ўзняць).
Наталля Ганул: Другая выканаўца партыі Кармэн, Крыскенція Стасенка, пластычная, тэмпераментная, артыстычная, паказвае высокі ўзровень танцавальнага майстэрства. Мецца Стасенка момантамі прывабліва-пякучае, голас мабільны на віртуозных пасажах, але ўсё ж пакуль надта акуратны для ўвасаблення вобраза Кармэн. Не хапала драматычнага напалу і таямнічасці, а менавіта яны вылучаюць гераіню з натоўпу.
Алена Лісава: Якія ўражанні ад іншых спевакоў?
Наталля Ганул: У выкананні Аленай Бундзелевай партыі Мікаэлы адчувалася перепрацаванасць голасу. Роля Хазэ вельмі пасуе Эдуарду Мартынюку. З несумнеўных плюсаў артыста — моцныя вярхі і гнуткая фразіроўка.
Алена Лісава: Мяне таксама ўразіў Хазэ. У вакальным плане проста шыкоўнай атрымалася арыя з кветкай. Усё астатняе — таксама. Па мізансцэнах роля даволі рухомая, пры гэтым рухі эканомныя. Па-рэжысёрску вельмі ўдалае месца, калі раніцай Хазэ стаіць у адзіноце і глядзіць удалечыню, сумуе па сваёй радзіме і спакойным жыцці. Ён разумее, што страціў усё і хутка страціць каханую...
На прэм’еры сябровак галоўнай гераіні ігралі Ганна Гур’ева і Наталля Акініна, а кантрабандыстаў — Юрый Балацько, Сяргей Лазарэвіч. Спявалі выдатна, але крыху хутчэй за аркестр.
Наталля Ганул: Тарэадор Уладзіміра Громава прывабны і моцны характарам, спявак добра адчувае фанетыку французскай мовы. Калі вярнуцца да інтэрпрэтацыі пастаноўшчыцай вобраза галоўнай гераіні... Надзвычай трапны рэжысёрскі ход — шлюбная сукенка на Кармэн у фінальнай карціне. Так узнікае вобраз ахвяры, гераіня свядома ідзе на смерць у імя кахання, здатнага ачысціць яе. Кармэнсіта, абыякавая да малення Хазэ, пазбаўляе яго нават ілюзіі. І ён, прызнаючы ўласнае бяссілле, наносіць ёй смяротны ўдар.
Алена Лісава: Кармэн вельмі натуральна выглядала ў фінале. Яна з павагай ставіцца да свайго абранніка Тарэадора. Ёй шкада Хазэ...
Увогуле опера Бізэ звышскладаная для ўвасаблення. Амаль паўтара стагоддзя яна захоўвае ў сабе таямніцы, якія імкнуцца разгадаць новыя пакаленні рэжысёраў; спевакоў. А гледачу, каб мець уласнае меркаванне, лепей за ўсё выправіцца на наступны паказ «Кармэн». І вырашыць, чые думкі — вашы ці мае — яму бліжэй...