— У капэлу я прыйшоў праз год ці крыху болей пасля Людмілы Яфімавай. Яна — вопытны педагог, харавік — працавала ў Мінскай музычнай вучэльні, вяла хор. Прычым вельмі паспяхова. А я толькі студэнт... У той час, калі Людміла Барысаўна не першы год кіравала капэлай, у Мінску казалі пра супрацьстаянне… двух тытанаў. Нашага патрыярха Віктара Роўды, прадстаўніка маскоўскай школы, і Яфімавай, якая спавядала пецярбургскія традыцыі.
Такая не-тоеснасць назіраецца яшчэ з канца ХІХ стагоддзя ды цягам усяго ХХ і ў балетным, і ў драматычным тэатры...
— Відаць, Роўда адчуваў, што ў яго ценю вырастае яшчэ адзін буйны, маштабны харавы дырыжор. Яны, дарэчы, так і не зрабіліся сябрамі. Напэўна, гэта нармальна. Іншая справа — Яфімава заўжды ставілася да Роўды з павагай. І як да старэйшага калегі, і як да асобы заслужанай. Але за гэтым адчувалася нязгода з яго эстэтычнымі прынцыпамі. У выніку існавалі два цудоўныя, але непадобныя калектывы. Спецыялісты казалі: «У вас гук розны!»
Нават так?! Але лёгкія тыя ж, ноты — таксама...
— Маецца на ўвазе розная манера гуказдабыцця. Ёсць прыёмы — пра іх ведаў даўно, але доўга не верыў — калі галосныя можа вымаўляць не толькі вуснамі, але і гартанню. Артыст спявае, а рот не рухаецца. Глотачная артыкуляцыя. Вакалісты да такой з’явы бліжэй, чым усе астатнія. Калі ў спевака «ротавая школа» і гук нараджаецца ў роце, гэта не вельмі прыгожа. А вось глотачная артыкуляцыя забяспечвае аб’ём гучання, магутнасць. Высокі каэфіцыент карыснага дзеяння: пры меншым расходзе паветра болей гуку. У каго «ротавая школа», той прайграе. За выключэннем, зразумела, самых таленавітых.
Людміла Барысаўна заўжды казала: «Спявайце, як птушкі! Як Бог падказвае. Як вымаўляеце словы, так і спявайце! Як гаворым, так і будзем спяваць!» Гэта абвяргала вядомыя правілы вакаліста. Напрыклад, у слове «откройся!» спявак фактычна гучыць «откройса!». Яфімава гэтым заўсёды абуралася. Роўда прымушаў выканаўцаў гук «прыкрываць». Калі я выйшаў з хору Віктара Уладзіміравіча, здавалася — усё цудоўна! Ідэальна з пункту гледжання спеваў. А цяпер слухаю запісы і адчуваю: гук занадта «перакрыты». Затое Роўда быў фанатам слова, і гэта правільна. Людміла Барысаўна болей арыентуецца на музычную фразу. А слова амаль лішняе, хоць дыкцыі Яфімава надае дастатковую ўвагу.
Лічу, у тым іх галоўная адметнасць. У Яфімавай: «Усё — гэта Музыка!» У Роўды: «Усё — гэта Слова!» У яго артыстаў музыка мо і была крыху адсунута, але літары выляталі, скажам так, кожная ў індывідуальнай упакоўцы. Наш калектыў такім пахваліцца не здатны — захапляемся спевамі. Але задача спяваць «як Бог падказвае» ў дачыненні да хору не заўжды прымальная, бо тут не кожны паасобку, а ўсе разам.
З Людмілай Барысаўнай мы шмат спрачаліся наконт пабудовы пэўнага твора, вымаўлення асобных сказаў. Мяркую, Даргамыжскі меў рацыю, калі казаў: «Хачу, каб гук адлюстроўваў слова, хачу праўды. І крыўдую на спевакоў, якія захапляюцца ўласна гучаннем». Перш за ўсё распавядзі — пра што спевы! Таму няхай жыве слова! Тым больш у хоры, калі 80 чалавек адначасова вымаўляюць адзін і той жа сказ. Калі артыкуляцыі надаецца недастатковая ўвага, слухач нічога не зразумее. Гэтым трэба спецыяльна займацца.
Пасля рэпетыцыі пэўнага твора вы абавязкова дырыжыруеце на сцэне гэтым сачыненнем? Ёсць метад, вядомы з драматычнага тэатра: асістэнт рэжысёра «размінае матэрыял», потым прыходзіць майстар, дадае асобныя штрыхі — і ўсё заззяла?
— Здаралася па-рознаму. Першыя гадоў пятнаццаць маёй працы ў капэле падзеі разгортваліся якраз па другой схеме. Здаецца, мы ўсё зрабілі як след. Людміла Барысаўна прыйдзе, сёе-тое памяняе. Мякка, але ўпэўнена настаіць на ўласным бачанні. На канцэртах, зразумела, ужо нічога не карэктуем. Навошта траўмаваць хор?! Думаю, мяне трэба было папраўляць. Апошнія гадоў пяць Яфімава дала мне поўны карт-бланш. Хоць мы вельмі розныя музыканты — па школе і па скіраванасці. Але яна не ставіцца раўніва да таго, што я раблю, дапускае іншыя трактоўкі.
Калі вы дырыжыруеце пэўным сачыненнем, агульную інтэрпрэтацыю абгаворваеце з мастацкім кіраўніком?
— Лічыцца, у нотах пазначана ўсё: тэмп, хуткасць, гучнасць. Дзе браць дыханне, а дзе не. Але ў кожнага з нас сваё адчуванне. Калі напісана «паскараючы», кожны са спевакоў зробіць гэта па-рознаму. Магчыма, мастацкаму кіраўніку не спадабаецца тая мера паскарэння, якую я прапанаваў, бо атрымліваецца мітусліва. Але тую ж рэмарку аўтара можна ажыццявіць стрымана і спакойна, узмацняючы гучнасць. Памятаю, Людміла Барысаўна неяк сказала: геніяльнасць ад упэўненага рамесніцтва адрозніваецца дробяззю, наяўнасцю таго, што называецца «чуть-чуть». Рамеснік усё зрабіў правільна, але прыйшоў майстар, штосьці дробнае змяніў — і атрымаўся шэдэўр. Здараецца, трактоўкі Яфімавай вельмі смелыя. Думаеш: «Нішто сабе! І так можна было зрабіць?!» Людміла Барысаўна — вельмі вопытны хормайстар у сэнсе пабудовы гуку, бо раней ёй даводзіла «ляпіць» гэты самы гук з чаго заўгодна. Той, хто навучаецца харавому дырыжыраванню, не абавязкова мае першакласны голас. Голас можа быць розны: і «школьна»-прымітыўны, і тэмбрава, спектральна багаты.
Ці існуе конкурс у капэлу? Нехта пераходзіць у іншы калектыў, сыходзіць у дэкрэт ці на пенсію...
— Конкурс ёсць заўсёды, у капэлу стаіць чарга. Больш доўгая жаночая, меншая — мужчынская. Увогуле на рынку працы жаночых галасоў болей. І ў самім калектыве жанчын-спявачак крыху болей. Звычайныя галасы цяпер не надта і бярэм. А што датычыць мяне, дык з першага дня і па сёння, калі не стаю ля пульта, сяджу ў хоры і спяваю. І так усе хормайстры, якія ў капэле працавалі. У мяне высокі бас. Ён чысты, але не моцны. Адзін і той жа голас у хоры можа быць вельмі розным.
Калі хор спявае, як вы вызначаеце (скурай? вухам?), што хтосьці, скажам так, крыху схалтурыў, вырашыў даць гук напалову патрэбнага?
— На канцэрце дырыжор — своеасаблівы суфлёр. На рэпетыцыі ўсё зроблена, патлумачана. А ў час выступлення могуць эмоцыі захлістваць. Як разам з хорам настрою паддамся, дык перастану каардынаваць. Таму дырыжор стаіць не ў хоры і не ў аркестры, а перад ім. Напрыклад, мой вядучы цэнтральны бас захапіўся. Раблю яму знак: «Не перасольвай!» Або ў пэўны момант асноўная тэма ідзе ў альтоў, а яны расхваляваліся, у дадатак тэкст замежны, дык іх падтрымаю: «Давайце, дзяўчаты! Я з вамі!»
Дарэчы, пра дапамогу. Памятаю, Роўда казаў: «Калі сказ пачынаецца з выбухнога гука “п”, для дырыжора гэта небяспека!» Сапраўды, цяжка адначасова нават двум чалавекам вымавіць «п», каб супасці. А тут 60-80 чалавек! Роўда ў такіх выпадках ледзь не клаўся на пульт, жэст рук — знізу ўверх, які абазначаў: «Мы разам! Я вам дапамагу! Мы стрэлім гэтай д’ябальскай літарай “п”!» А калі нявопытны хормайстар пачынае такім творам дырыжыраваць, калектыў не ведае, калі яму «ўступаць», і будзе маўчаць — гэта, па сутнасці, правал!
Калі працуеце над творам, па запісах ведаеце, якое гучанне опуса ідэальнае?
— У апошнім сезоне ў мяне было 6 ці 7 сусветных прэм’ер. Усё, што спявалі, раней запісана іншымі калектывамі, а ўжывую выконвалася ўпершыню. Некаторыя версіі прыняў да ведама, з некаторымі не пагадзіўся. Ёсць сачыненні, у інтэрпрэтацыі якіх ідзеш ад таго, як ты пачуў. З Людмілай Барысаўнай спрачаліся наконт адной з песень юбілейнай праграмы. Я: «У хора Свешнікава з гэтага твора атрымаўся шэдэўр! Чаму б не паўтарыць?!» Яфімава: «У Свешнікава — ягоны стыль, у нас — свой!» Цікава, што яна ніколі не слухае ранейшыя інтэрпрэтацыі да таго, як выканае сама. Каб нічога не адцягвала ўвагу. Я мыслю іначай: навошта вынаходзіць ровар і шукаць знойдзенае?! Часам здараецца і так: працуючы над опусам жывога айчыннага кампазітара, адмаўляешся ад яго пазнак. І будуеш іншую драматургію. Расчулены аўтар кажа: «Як цікава я напісаў!» А гэта не ён так напісаў — гэта мы цікава выканалі!
Наяўнасць харавой капэлы прадугледжвае найперш працу над буйнымі жанрамі: араторыямі, кантатамі, канцэртнымі версіямі опер; вымагае шмат рэпетыцый і клопатаў. Але пракатваць і тыражаваць падобныя праграмы нялёгка, гэта ж не эстрада! Як шукаеце свайго слухача і ці знаходзіце?
— Нашы планы і перспектывы вызначае агульная эканамічная сітуацыя ў краіне. Некалі маглі спяваць усё, што хацелі. І былі ўпэўнены: нам падрыхтуюць пляцоўкі. Цяпер усё іначай. Хочаш спяваць — паклапаціся, каб атрымалася эфектыўна ў грашовым сэнсе.
Удакладню: ці могуць стасавацца паміж сабой адметнасць вашага калектыву і рынкавыя адносіны?
— Ніяк не могуць. Часам ратуе наш даўні сябра — сімфанічны аркестр з маэстра Анісімавым. Калі абіраем творы цалкам харавыя, дык залу забяспечыць цяжка, а то і немагчыма. А яна павінна быць запоўнена на тры чвэрці. Канцэрты філарманічнага кшталту, г. зн. аднаразовыя (напрыклад, аўтарскага вечарына), не могуць ладзіцца часта. Таму ратаванне тапельцаў — справа іх саміх. Кампазітар цяпер павінен сабраць аўдыторыю. Іншая справа, калі робіш праект для шырокай публікі. Тады патрэбна шмат рэкламы і адпаведная пабудова праекта. У капэлы ёсць шэраг праграм, на якіх, як казала Фаіна Ранеўская, «публика неистовствовала». Падчас падрыхтоўкі канцэрта «Мы спяём вам танец...» узялі менавіта танцавальную музыку, я распавядаў пра яе паміж нумарамі. Пачалі вядомым «Паланэзам» Агінскага, далей «Італьянскага полька» Рахманінава. «Амурскія хвалі» нават «бісіравалі». Акрамя філармоніі, паказалі праграму ў Зялёным бары, гэта ля Жодзіна, потым у Пружанах. Пасля такога праекта глядач выходзіць з думкамі: «Хор — гэта крута! У філармонію можна хадзіць!»
Цікава даведацца пра вашы планы на будучы сезон.
— У філармоніі пройдуць аўтарскія вечарыны айчынных кампазітараў, якія актыўна працуюць у жанрах харавой музыкі. Гэта Эміль Наско і Сяргей Бугасаў. Трэцім праектам займаецца мой калега Павел Сопат. У чэрвені на два месяцы з’язджаем у Аўстрыю. Занятыя ў паказе двух опер. Па-нямецку будзем спяваць «Нюрнбергскія майстарзінгеры», удзельнічаем і ў выкананні «Гібелі багоў», апошняй часткі «Пярсцёнка нібелунга».
У літаратуры траплялася думка: Вагнер не надта любіў хор...
— Не! Якраз любіў. Але ў тэтралогіі яму адведзена няшмат месца. Затое Вагнер напоўніцу «адарваўся» ў «Тангейзеры», «Парсіфалі», «Лаэнгрыне». Дарэчы, харавыя сцэны з гэтых опер капэла таксама выконвала. Яшчэ адзін праект, у якім удзельнічаем у Аўстрыі, — «Мужчынскія хоры Рыхарда Штрауса». Усё гэта адбудзецца ў Ціролі, у межах «Цірольфэстшпіль» («Tiroler festspiele Erl»). Там працуе сапраўды геніяльны дырыжор Густаў Кун, адзін з апошніх вучняў Караяна. Кун — і дырыжор, і рэжысёр, і мастак па святле. Фестываль ладзіцца двойчы на год, зімой і летам. Нас не ўпершыню запрашаюць. Увесь год рыхтуемся.
З прэстыжнымі гастролямі дапамог Яго Вялікасць Выпадак. Аднойчы ў калектыве з’явіўся прадзюсар з Масквы: «Тэрмінова! Для пастаноўкі патрэбен хор! Давайце паслухаем вас!» А разам з ім — сусветна вядомы арганіст Леа Крэмер, які ў дадатак дырыжыруе аркестрамі. Дзякуючы яму мы мелі выдатныя гастрольныя праекты. Добра ведаем заходнюю частку Германіі ды ўвесь Пірынейскі паўвостраў. Потым супрацоўнічалі з Раланда Саадам. Па адукацыі гітарыст, ён у большай ступені імпрэсарыа. На працягу года Раланда арганізоўваў больш за 370 канцэртаў. Калектывы, чые гастролі ён ладзіў, з Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Нарвегіі. Так у нас узнікалі творчыя вандроўкі ў Іспанію, Фінляндыю. Увогуле прасцей пералічыць краіны, у якіх мы не былі, — гэта Грэцыя, Албанія і Брытанія. Такім чынам, капэлу імя Рыгора Шырмы ведаюць і з радасцю сустракаюць у многіх краінах Еўропы...
Калі ў краіне існуе і паспяхова працуе харавая капэла, адно гэтае — сведчанне сталасці вакальнай школы. Бо капэла — у адрозненне ад іншых харавых калектываў — апрыёры арыентавана на выкананне маштабных музычных твораў: араторый, кантат, канцэртаў a capella, фрагментаў з опер.