Пагатоў, стараннямі арганізатараў фэсту з лэйблаў «Foundamental Network» і «Force Carriers» ды пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Мінск прыбыў адзін з карыфеяў стылю — Роберт Хэнке. Постаць разнапланавая: вядомы ён і дзякуючы свайму праекту «Monolake» (Мінск апынуўся ў яго канцэртным графіку недзе паміж Таронта і Осакай), і ў якасці распрацоўшчыка інавацыйных праграм і прыладаў, якія дазваляюць электронным музыкантам граць на сцэне «жыўцом», змешваючы гукі непасрэдна ў рэальным часе, і ў ролі выкладчыка Берлінскага ўніверсітэта мастацтваў.
Зрэшты, пры ўсіх сваіх рэгаліях, Хэнке зусім не выглядаў на «гуру» — ён уважліва слухаў іншых удзельнікаў фэсту і ахвотна камунікаваў з публікай. Як можна зразумець з нашай размовы, гэта не проста стыль паводзінаў, але папраўдзе жыццёвая філасофія нямецкага музыканта.
Перш-наперш — колькі словаў пра вашу сённяшнюю праграму. Азнаёміўшыся з дыскаграфіяй «Monolake», я зразумеў: чакаць ад вас можна ўсяго, што заўгодна...
— Гэтым разам я вырашыў спалучыць тое класічнае тэхна, якое граў на самым пачатку, з атрыманым цягам прамінулых гадоў досведам. Адпаведна, сёння я паспрабую выявіць новае бачанне старога добрага стылю.
Уласна, тэхна асацыюецца ў многіх з нейкай чыста дыскатэчнай музыкай. А чым яно з’яўляецца для вас?
— Адказ вельмі просты: гэта рытм і гук. Увогуле электронная музыка — лепшы пасрэднік, каб выявіць прыроду гуку. Я не выкарыстоўваю ні мелодый, ні гармоній, мне патрэбны толькі складаны біт. Важную ролю для мяне граюць таксама тэмбр і рэпетатыўнасць.
А ці мае такая музыка нейкую суадноснасць з рэчаіснасцю, альбо гэта «рэч у сабе», вольная ад эмоцый і праблем нашага свету?
— Я не выкарыстоўваю тэксты, не імкнуся данесці свае думкі наўпрост праз словы. Затое музыка дазваляе трансляваць эмоцыі — без «мэсэджу» або ўвогуле сэнсавага напаўнення. Адстароненая ад пачуццяў музыка будзе папросту нецікавай. Альбо і ўвогуле... не будзе музыкай. Калі задумацца, менавіта эмоцыя пераўтварае гук у музыку. Вы нешта чуеце — і вызначаеце, ці падабаецца вам пачутае, і ўжо на гэтай глебе адасабляеце музыку ад непрыемнага шуму. А «падабаецца» — акурат са сферы адчуванняў!
Прыгадваецца выпадак, калі радыкальнага японскага эксперыментатара Масамі Акіту спыталі, чым ён лічыць сваю творчасць: музыкай альбо шумам? І той адказаў: «Калі шум — гэта нешта непрыемнае для вуха, то ў дадзеную катэгорыю я найперш бы залучыў поп-музыку...»
— (Смяецца.) Згодны! Насамрэч адрозненні паміж шумам і музыкай досыць няпроста вызначыць — яны палягаюць у структуры гуку, але перадусім у ягоным успрыняцці. Калі я запішу мерны грукат цягніка метро і ўключу ў галерэі, слухачы будуць успрымаць яго зусім іначай, ніж у побыце, — бо зменіцца кантэкст. Адпаведна, звычайны шум становіцца музыкай.
Толькі дзякуючы кантэксту?
— Так. Я мяркую, што менавіта кантэкст, кампазіцыя і, вядома ж, мастацкая інтэнцыя — акурат тыя рэчы, якія, у сваім спалучэнні, і пераўтвараюць гукі ў музыку. Думаю, любыя гукі ў тых ці іншых варунках могуць стаць музыкай, прычым вартай увагі.
Цягам многіх стагоддзяў музыканты былі «кастай далучаных» — ужо хаця б таму, што для авалодвання майстэрствам ім даводзілася доўга вучыцца. Цяпер жа дастаткова набыць камп’ютар з адпаведным софтам альбо пару прыладаў...
— Ведаеце, нешта спяваць альбо дрынькаць на гітары таксама можна без шматлікіх навыкаў... Ды, пагадзіцеся, гэтага ўсё ж замала, каб стварыць нейкі вартасны мастацкі прадукт. Прычым «вартасны» зусім не абавязкова азначае «складаны». Прыгадайма знакамітага кампазітара пачатку ХХ стагоддзя Эрыка Саці. Ён пісаў надзвычай простую музыку, якую можа выканаць літаральна кожны, хто вучыўся граць на піяніна хаця б год. Але ж гэта папраўдзе цудоўныя творы. І тут няма нічога дзіўнага, бо жыццё — таксама вельмі простая рэч!
Зрабіць нешта вельмі простае насамрэч складана. Асабліва калі ты імкнешся зрабіць менавіта нешта сваё... Камусьці для гэтага і сапраўды дастаткова засвоіць некалькі праграм альбо навучыцца трохі граць на піяніна, бо важныя не тэхнічныя навыкі, але твая аўтарская інтэнцыя. Хаця... добрых музыкантаў заўсёды вылучала імкненне самаўдасканальвацца.
Ці трэба недзе вучыцца рабіць электронную музыку, альбо лепшы шлях — гэта самаадукацыя?
— Па маім глыбокім перакананні, адзіная рэч, якая патрэбна, каб паспяхова ствараць электронную музыку, — гэта здольнасць да самакрытыкі. Ты мусіш быць здатны вызначаць, што добра, а што не зусім. Але, канешне, чым болей ты ведаеш, тым болей маеш магчымасцей цвяроза сябе ацаніць, маўляў, гэта я ўжо недзе чуў, а вось гэта паспела абрасці пэўным культурным кантэкстам... З іншага боку, часам заставацца ў няведанні нават лепей — іначай ёсць рызыка смяротна спужацца ды не рабіць наогул нічога, бо ўсё, вядома ж, ужо адбылося да цябе...
А няўжо не так — зважаючы на велізарны масіў матэрыялу, які быў назапашаны ў электроннай музыцы?
— Безумоўна, не так! Калі ты думаеш, нібы ўсё ўжо адбылося, раптам нехта ці нешта прымушае жыццё змяніцца — і адкрываюцца новыя далягляды. Такі сабе агульны прынцып: калі ты ўпэўнены — са стабільнасці, неспадзеўкі ўтвараецца хаос, калі ты пагрузнуў у збянтэжанасці — раптам надыходзіць прасвятленне. Тое самае і ў мастацтве, зразумела.
Дзесяць гадоў таму многія сцвярджалі, што тэхна памерла, бо гэтая ніва ўжо разараная ўздоўж і ўпоперак. Але раптам прыйшла цэлая хваля моладзі, якая стварае музыку, вельмі падобную да таго, што мы рабілі дваццаць гадоў таму, і яна здаецца папраўдзе новай. Зрэшты, я і цяпер выкарыстоўваю тыя самыя інструменты, як калісьці даўно, — але абсалютна іншым чынам. Тыя самыя інструменты і гукі ўспрымаюцца мною зусім іначай...
Ці магчыма ўявіць у наш час нейкую рэвалюцыю ў музыцы — і наогул у мастацтве?
— Яна заўсёды магчымая. Але сама прырода рэвалюцыі такая, што ты можаш распазнаць яе толькі тады, калі яна ўжо здарыцца, а ні ў якім разе не загадзя альбо нават непасрэдна падчас. Мо такая рэвалюцыя адбудзецца заўтра, хто ведае? Галоўнае — мець свежае вока і свежае вуха!
Вы адсочваеце музычныя навінкі, каб раптам не адстаць ад жыцця?
— Цяпер не слухаю шмат музыкі і, па шчырасці, не надта і хачу ведаць, што там робяць іншыя. Гэта такое наўмыснае памкненне да самаізаляцыі. Больш натхняе мяне візуальнае мастацтва: карціны альбо інсталяцыі. Дома, замест таго каб паставіць дыск, я лепей пачытаю кнігу. Але калі я ўдзельнічаю ў фестывалях, як сёння, дык з задавальненнем гляджу выступы іншых музыкантаў.
А ці ёсць розніца ва ўспрыняцці электроннай музыкі ў запісе і на канцэрце? Тут жа няма лёгкіх дотыкаў пальцаў да струнаў...
— Затое я магу бачыць абліччы стваральнікаў музыкі, і ў мяне складаюцца пэўныя ўяўленні пра іх асобы. Як ён рухаецца па сцэне, як сябе паводзіць... Аўтар нібы распавядае сваю гісторыю. І гэта здараецца нават калі выступоўца — інтраверт, што схаваўся за сваімі камп’ютарамі...
Нямецкая эксперыментальная сцэна мае багатую гісторыю. Ці спазналі вы на сабе яе ўплыў?
— Ведаеце, на мяне паўплывала так шмат розных рэчаў, што іх нават цяжка пералічыць. Родам я з сям’і інжынераў, і таму ў свеце машын заўсёды пачуваўся камфортна. З іншага боку, уплыў класічнай музыкі... Далей — кіно. «Сталкер» Таркоўскага — адзін з тых фільмаў, якія рэальна змянілі мой свет. Асабліва ўразіў гук у гэтай стужцы і яго спалучэнне з візуальнымі вобразамі. «Касмічная адысея 2001» Кубрыка... Тут можна доўга пералічваць.
Вы былі адным з распрацоўшчыкаў праграмнага абсталявання «Ableton Live», якое сёння выкарыстоўваюць тысячы электронных музыкантаў — як зорак, гэтак і пачаткоўцаў...
— …хоць мы рабілі гэты софт перадусім для сябе, каб задаволіць уласныя патрэбы. Хто тады мог ведаць, што нашу справу чакае такая будучыня! Запатрабаванасць «Лайва» выклікала ў нас шчырае здзіўленне. Вось і сёння я прыехаў сюды і ўбачыў: ці не кожны з удзельнікаў гэтага фэсту мае ў сваім ноўтбуку наш прадукт. І так не раўнуючы па ўсім свеце... Прычым многія выкарыстоўваюць нашую праграму вельмі па-свойму — прынамсі я б да такога ніколі не даўмеўся... Адпаведна, на ёй ствараецца тая музыка, якую б я сам не стварыў ніколі. Нават рок-гуртам яна таксама спатрэбілася. І мяне радуе, што цяпер плён нашай працы жыве сваім паўнавартасным жыццём, незалежным ад сваіх «бацькоў».
А ці няма крыўды, што ваша вынаходка выкарыстоўваецца для стварэння і дрэннай музыкі? Скажам, мэйнстрымавай банальшчыны.
— Я ніколі не падзяляў музыку на мэйнстрым і незалежную. Усе мы прадаем свае запісы, дык ці ёсць вялікая розніца, колькі разыдзецца копій — сотня альбо мільён? Як па мне, адзіны вызначальны фактар у дадзеным выпадку — паводзіны музыканта. Скажам, на тых жа фэстах. Ці лічыш ты патрэбным слухаць іншых удзельнікаў ды камунікаваць з публікай, альбо прыходзіш непасрэдна на свой выступ з высока задзёртым носам і ў кампаніі ўласных целаахоўнікаў...
Але музыка, асабліва электронная, стала ўтылітарным складнікам індустрыі забаваў. Людзі ідуць на рэйвы зусім не дзеля таго, каб папоўніць уласны культурны багаж, — ім трэба «адрыў»...
— Калі людзей гэта робіць шчаслівымі, дык, уласна, чаму не? Вядома, тое не маё ўяўленне пра шчасце, але... Не бачу нічога трагічнага ў тым, што нехта выкарыстоўвае музыку ўтылітарна. Урэшце, музыка спрадвеку мела мноства розных функцый. І калі мая творчасць дапаможа камусьці мыць посуд, я буду з гэтага толькі задаволены.
Відэа тут і цяпер
Разам з праектам «Monolake» ў Мінску выступіў таксама і вядомы нідэрландскі віджэй Тарык Бары. Я папрасіў яго выказаць сваё бачанне гэтай пакуль яшчэ не надта звыклай для нас «творчай прафесіі».
— Імкнуся, каб музыка і выява нібы ўтваралі адзінае цэлае, прычым каб гэта адбывалася тут і цяпер, непасрэдна на сцэне. Мне важна выбраць правільную карцінку і дакладна адлюстраваць пачуццё. Хачу дасягнуць той спантаннасці, якую адчуваеш, калі чуеш жывы гук. Стоячы на сцэне, я ўяўляю, як музыка транслюецца праз мой мозг, выклікаючы візуальныя вобразы, якія мне важна ўвасобіць у жыццё літаральна ў тую самую секунду.
Менавіта таму я выкарыстоўваю ўласнаручна вынайдзенае праграмнае абсталяванне. Вядома, яно вельмі нягеглае і часам паводзіць сябе па-ідыёцку (Роберт Хэнке, што знаходзіцца побач, кідае рэпліку: «Ён хлусіць!» —І.С.). Але мне не патрэбныя тыя прыгожыя і эфектныя карцінкі, якімі можа ў дастатку забяспечыць стандартны прафесійны софт. У мяне зусім іншая задача — ствараць выявы ў поўнай адпаведнасці з тым, што я чую, і мець максімальна шырокія магчымасці для іх трансфармацыі. Думаю, аўдыторыя таксама адчувае: я дэманструю не падрыхтаваны загадзя відэашэраг — усё робіцца менавіта тут і цяпер.
Ілля Сін