Багата хто эстраду раўняе з папсой. Папса — гэта афіцыйна прызнаныя, усталяваныя, узаконеныя стэрэатыпы. А эстрада — гэта што? І спевы, і танец, і карнавал, і пляцавае свята, і драматычны спектакль... Калі (шмат гадоў таму) я прыйшоў у Маладзёжны, дык заспеў трох спевакоў-салістаў і трох танцораў. Якое тут свята? Які карнавал? Трэба аддаць належнае Васілю Раінчыку, былому мастацкаму кіраўніку тэатра, — ён не замінаў да іх імкнуцца, а потым — і ствараць. Самае галоўнае — прыняць на працу мой акцёрскі курс! Усіх дзесяцёх! Як я гэтага дамогся? Сам не ўсведамляю. На кожнае «няможна» я прашу паказаць мне, дзе тое «няможна» прапісана ў законе, пра мастацкія законы і казаць няма чаго. Як толькі з’яўляецца догма — тэатр гіне.
Бальшыня маіх выпускнікоў жыла па-за Мінскам. Давялося не адзін раз схадзіць у гарвыканкам і высветліць, адкуль жа пачынаюцца прыгарады сталіцы, бо ў тагачаснай пастанове фігуравалі гэтыя славутыя прыгарады, якія кожны адлічваў па-свойму. Дзіўная фармулёўка? І яе змянілі! І, паводле змененай пастановы, працаваць у тэатры маглі ўсе, хто штодня патрапляў дабрацца своечасова — так проста і дасціпна.
Маіх студэнтаў набіралі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў як рэжысёраў масавых святаў (цяпер ва ўніверсітэце ўтворана кафедра рэжысёраў эстрады). Я прыйшоў да іх на трэці курс. Іх — дваццаць пяць чалавек. Вар’яцтва! Хіба дваццаць пяць рэжысёраў можна навучыць? Цяпер шэсць набіраем.
...Я прыйшоў. Яны сядзяць. Прашу каротка ахарактарызаваць сістэму Станіслаўскага (паводле яго самога). Пачынаюць расказваць пра звышзадачу і скразное дзеянне. А вось і не! «Лягчэй, прасцей, весялей!» — настойваў калісьці сам Канстанцін Сяргеевіч. Гэтак, паводле Станіслаўскага, мы і пачалі займацца.
Мне прасцей усё перакульваць дагары нагамі. Я ў Маскве вучыўся, у Дзяржаўным інстытуце культуры. Неяк падлічыў, што за чатыры гады сыграў у ста сямнаццаці ўрыўках! Мы выпусцілі тры паўнавартасныя дыпломныя спектаклі! Масква колішняя мела выключнае творчае асяроддзе. Я паступіў у 1965-м і студэнтам (што вельмі важна!) апынаўся на адных сцэнах, у адных кулісах, за адным сталом з выбітнымі людзьмі: Высоцкі, Шырвінт, Яфрэмаў; Захава запрашаў да сябе ў аспірантуру... За чатыры шчаслівыя гады я пабачыў ці не ўвесь варты сусветны тэатр: Алену Вайгель, Марсэля Марсо, Жана Вілара, Ражэ Планшона, Лоўрэнса Аліўе... Пекінскую оперу і Шанхайскую оперу, тэатр Кабукі...
«Мастацтва тлумачэння» — вялікая кніга Пятра Яршова. Частка першая, «Рэжысура як практычная псіхалогія», — як табліца памнажэння. Паводле яе на трэцім курсе я пачаў вучыць студэнтаў простым рэчам: тры на пяць, сем на восем... Асновы рэжысуры і майстэрства акцёра збольшага даюць уяўленне пра канфлікт узаемадачыненняў (як будуецца, як развіваецца), а сродкі выяўлення мы цяпер выкладаем асобнай дысцыплінай, «рэжысура эстраднага відовішча». Першы семестр — анімацыя на шырме. Накруці на руку анучу і ажыві яе. Потым — анімацыя на планшэце сцэны; прастора, уяўленне... Каб яго абудзіць, стымуляваць, карыстаюся эўрыстычнай методыкай актывацыі творчага мыслення, а яно дае 400 адсоткаў выніку! Гэтую методыку адкрыў Генрых Альтшулер яшчэ да вайны і выклаў у кнізе «Творчасць як дакладная навука». Метад не гарантуе, што студэнты прыдумаюць нешта велічнае. Але яны навучацца дзейнічаць свабодна. Першыя правілы эўрыстыкі: падчас творчага працэсу ўсялякая крытыка забаронена; важная не якасць ідэй, а іхняя колькасць; любое глупства, якое прыйшло ў галаву, трэба агучыць. Няможна крытыкаваць нават самога сябе.
...Вядома, з універсітэта выпусціліся ўсе дваццаць пяць чалавек — рэжысёраў масавых святаў. Каб справаздачу не парушаць. Але я працаваў з дзесяццю. Яны ў Маладзёжны і прыйшлі (менавіта з іх я зрабіў комік-шоу-гурт «Доктор Ю.М.О.Р.»). А засталіся... Андрэй Баравы, Маша Траццякова, сямейная пара Мікалаевых, Наташа Лісняк. Працуюць дванаццаць гадоў. Маша Траццякова з артысткі вырасла ў галоўнага рэжысёра тэатра... Калі чалавек нешта з сябе ўяўляе, яго не трэба ацэньваць. Ён непаўторны, а гэта вышэй за любую ацэнку. Мастацтва ўзнікае толькі з адной умовай: ніхто нікому не роўны.
У мяне на занятках — свята. На рэпетыцыях — гоман. Ну і вэрхал, вядома. Творчы. Эстрадны карнавал ад рання да змяркання. Першы спектакль з новаспечанымі артыстамі — учорашнімі выпускнікамі — мы рабілі пяць (!) дзён: у пятніцу я задаў тэму, абвясціў пра пачатак — і адказныя за квіткі пачалі іх прадаваць на наступную суботу, а ў панядзелак адбылася першая рэпетыцыя. Сцэнару — няма. Тэкстаў — няма. Ці трэба ўдакладняць, што твор грунтаваўся на імправізацыі? Натуральна, не на той, якую падрабязна распрацоўваюць і рыхтуюць, як прынята ў нашых тэатрах, а на сапраўднай, паводле «бачу, адчуваю, адказваю». Спектакль — гэта жывое. Хочаце адпаведнасці п’есе? Бярыце, чытайце. А недасканалы чалавек на сцэне няхай памыляецца! У гэтым — самы цымус жывога тэатра.
Летась бралі ў работу «Мікітаў лапаць» Міхася Чарота. Прачыталі п’есу. Пытаюся, ці ўсё зразумелі. Адказваюць без энтузіязму — зразумелі. Кажу — пачынайце. Пачынаюць... Самае галоўнае — скончыць рэпетыцыю на пад’ёме, калі ўсё атрымалася. Наступны раз усе прыходзяць у гуморы, рупліва нясуць свае загатоўкі — з імі я стараюся асаблівай волі не даваць, бо калі артысты адчуюць смак матэрыялу і панясуць сваё, так і ад аўтара нічога не застанецца. Мае артысты не ў стане схлусіць, не ў стане імітаваць. Як толькі з’яўляецца імітаванне, хлусня, яны спыняюць дзеянне...
Атрымалася ў нас эстраднае шоу. Назва — «Мікітаў лапаць — рукамі не лапаць».
У тэатр прыходзім раніцай. Балабонім. Гамонім. Мянцім. Гэта — рэпетыцыя. Калі ў іншых тэатрах рэжысёр рэпеціруе, у залу зайсці няможна. У нас можна. У нас жа вэрхал. Усе заходзяць. Жартуюць. Раюць. Разумеюць мяне на мігі. З арганізацыі дзяржаўнага падначалення мы зрабілі родны дом.
Я ніколі не раблю крытычных заўваг — ну, дрэнна, ну і што? Але ж вось тое і тое — добра! Я толькі ўхваляю. А чалавек сам параўнае, сам выснуе. У нас рэпетыцыйны працэс — жыццё. Рэпеціруем — жывем, не рэпеціруем — жывем. Тэатрам. І ўвесь час адзін аднаго падначваем. Мне 70 гадоў, са мной усе на «ты». Мы не карыстаемся адно адным, у нас няма зорак, у нас ёсць добрыя акцёры і рэжысёры. Яны — маладыя, яны — памыляюцца, але ж і выпраўляюцца хутка.
Я — макаўка айсберга. Калі б не было маіх артыстаў — патануў бы. А я ўжо ў такім узросце... Хутка сустрэнуся з усімі вялікімі, і яны самі мне ўсё падрабязна растлумачаць. Як лягчэй, прасцей, весялей...
Вячаслаў ПАНІН