Творчасць, заробкі, час
Адна з самых галоўных праблем, якія стаяць перад выпускнікамі Акадэміі мастацтваў, на жаль, матэрыяльная. Малады творца, безумоўна, мае магчымасці сябе забяспечыць, але зарабляць даводзіцца зусім не тым, чаму нас вучылі цягам доўгага часу. Часта тое, чым мы займаемся дзеля заробку, і мастацтвам назваць цяжка. Спажывец звычайна жадае бачыць рэчы даволі банальныя, калі не сказаць кічавыя, прапанаваныя сюжэты вагаюцца ад мілых бярозак да экзатычных жывёл, і ты не заўсёды да гэтага гатовы. Кожны з маіх калег сам для сябе вырашае: або зарабляць грошы і выдаткоўваць на гэта шмат часу, або працаваць творча, але галоўным чынам для сябе, для рэалізацыі сваіх мастакоўскіх амбіцый. Мне ўдаецца знайсці кампраміс: я выкладаю (праўда, таго заробку хапае толькі на тое, каб здымаць частку кватэры), паралельна вучуся ў аспірантуры і мушу выконваць нейкія замовы, таму на тое, каб пісаць у майстэрні, ужо даводзіцца ашчаджаць вольны час. Большасць з нас, маладых аўтараў, можна назваць мастакамі выхаднога дня.
Для мяне было б ідэальна — выкладаць і атрымліваць за гэта годны заробак. Ці знайсці галерыста і займацца творчасцю. Аднак я не ведаю ніводнага чалавека, які б жыў выключна за кошт мастацтва. Маю на ўвазе — сапраўднага мастацтва, а не выканання партрэтаў і шаржаў па фатаграфіях. Дасягнуць кансэнсусу з замоўцамі даволі цяжка, акрамя таго — рэальны кошт працы ў нас не асабліва жадаюць улічваць пры разліках.
У мяне не было ілюзій і вялікіх спадзяванняў яшчэ напачатку, калі сабралася паступаць у каледж мастацтваў, мае блізкія былі не ў захапленні. Але я лічу, што, прынамсі пакуль у мяне ўсё ў парадку, я б не выбрала іншы шлях.
Маладзёжная секцыя
Сябры нашай секцыі актыўнасцю не вылучаюцца, нават кворум сабраць праблема. У параўнанні з іншымі аддзеламі адчуваецца абыякавасць да працы творчага саюза. Агульнае ўражанне — няма жадання нешта мяняць, запалу... І да выстаў таксама падобнае стаўленне. Мяркую, асноўная функцыя нашай секцыі — арганізаваць маладзёжную экспазіцыю, якую мы запланавалі сёлета на лістапад. Мы распрацавалі канцэпцыю, інфармуем аўтараў, будзем адбіраць работы.
Вырашылі назваць праект «Сэлфі». Сутнасць у тым, што любы твор можна лічыць аўтапартрэтам мастака. Таксама дарэчныя тут будуць рэфлексіі наконт самапрэзентацыі, пра тое, як аўтар хоча сябе паказаць. Аднак заўважыла адну акалічнасць: калі паведамляю тэму, многія расчароўваюцца і шкадуюць, што нельга прынесці любую працу, а трэба выконваць работу адмыслова.
Чаму так адбываецца? Малады творца на ўласным досведзе ўсвядоміў — удзел у выставе не дае яму ніякіх дывідэндаў. Не бывае такога, каб проста ў экспазіцыі аўтара заўважылі і гэта дало яму нейкія новыя магчымасці: купілі карціну, прапанавалі супрацоўніцтва. Атрымліваецца так, што ты ў вольны час малюеш, сам прывозіш работу (таму, натуральна, лепш, каб яна была невялікай па памеры), яна крыху павісіць у сценах Палаца мастацтва — і ўсё, забірай назад.
Адукацыя
Я скончыла манументальнае аддзяленне Беларускай акадэміі мастацтваў. Працэс нашага навучання быў пабудаваны даволі вольна — хто што ўзяў. Некага цікавіла мазаіка — больш актыўна займаўся ёю, некага іншага тэхнікі. Многія яшчэ падчас студэнцтва пачыналі працаваць у розных вітражных ці мазаічных майстэрнях. Вынік, у рэшце рэшт, залежаў ад студэнта, бо мы ж ведаем, якія заробкі ў выкладчыкаў, ім даводзіцца шукаць іншыя падпрацоўкі, таму поўнай самааддачы чакаць не выпадала.
Зазначу яшчэ агульнае паніжэнне ўзроўню акадэмічнага малявання. Мяркую, што гэта звязана з адсутнасцю попыту на сур’ёзныя рэалістычныя творы. Напрыклад, на шматфігурныя кампазіцыі. Па сутнасці, умець маляваць чалавека з натуры цяпер не абавязковая задача для выпускніка і мастака. Таму ў Акадэміі больш увагі надаецца крэатыўным падыходам, пошукам нестандартных кампазіцыйных хадоў (што само па сабе, напэўна, добра), стылістычным эксперыментам, чым уласна працы з формай у жывапісе. Як вынік — мы, здаецца, вельмі крэатыўныя, але малюем значна горш, чым савецкія мастакі.
Праблема кожнага маладога творцы — знайсці сябе, форму свайго выказвання, тое, што ён хоча данесці да іншых. Гэтаму не навучыць ніводная акадэмія. Напэўна, у СССР было прасцей: ты або працаваў на сістэму, або рухаўся насуперак ёй.
Не навучыць акадэмія і супрацоўнічаць з сучасным замоўцам. Манументалка сёння — салоннае, надзвычай салоннае мастацтва. Густы спажыўца неразвітыя, а грамадскіх заказаў практычна няма, тым больш не патрапіць туды пачаткоўцу. Значная колькасць выпускнікоў кафедры манументальнага жывапісу працуе ў Навінках, у Свята-Елісавецінскім манастыры: у мазаічнай, вітражнай, сценапіснай майстэрнях. Многія падпрацоўваюць там яшчэ падчас вучобы: вялікія грошы не заробіш, але затое можна атрымаць сур’ёзны досвед у рабоце з рознымі манументальнымі тэхнікамі. Царкоўнае мастацтва традыцыйна займае значнае месца ў манументальным жывапісе. Напрыклад, мой аднакурснік Антон Бельскі распісаў плафон у жаночым манастыры ў Баркалабава, а пасля заканчэння Акадэміі працягваў роспіс сцен у тым жа манастыры. Іншыя выпускнікі супрацоўнічаюць з прыватнымі вітражнымі і мазаічнымі майстэрнямі ці шукаюць замовы самастойна. Многія ўвогуле не звязваюць жыццё з манументальным мастацтвам: рэалізуюцца як жывапісцы ці графікі.
Перспектывы
Зусім невялікі працэнт выпускнікоў стала займаецца мастацтвам. На мой погляд, даволі актыўныя прадстаўнікі кафедры скульптуры: Алесь Сакалоў, Арцём Мядзведзеў, Паліна Пірагова. На колькі хопіць іх запалу — паглядзім. Часта ў выпускніка ўсе амбіцыі сыходзяць на дыплом. Пасля хочацца адпачыць і неяк уладкаваць свой быт. На мой погляд, самае цяжкае — рабіць нешта, калі няма ніякіх зададзеных тэм і праз пару месяцаў цябе не чакае прагляд. І ніякія вонкавыя фактары не падштурхоўваюць да працы, наадварот: трэба здымаць жытло, шукаць майстэрню, зарабляць грошы...
Мастацтва — важная частка нашага сацыяльнага жыцця, і надзвычай істотна, каб для маладога чалавека — на пачатку яго шляху — існавалі разнастайныя формы падтрымкі. Сёння ж выбар ёсць: творцы могуць займацца і традыцыйнымі кірункамі, і актуальнымі, а могуць арыентавацца на спажыўца і рабіць тое, што будзе набывацца…
Дар'я БУНЕЕВА